Славамiр Адамовiч пiў у Гораднi “Нябёсныя кроплi”

22 кастрычнiка ў штаб-кватэры Гарадзенскага БНФ прайшла вечарына экстрэмальнай паэзii, зладжаная мясцовым Маладым Фронтам i Гарадзенскiм клюбам паэтаў. У якасьцi “зоркi экстрэмальнага жанру” выступiў паэт Славамiр Адамовiч. Арганізатары не чакалi, што ахвотных пачуць экстрэмальныя вершы зьбярэцца ўдвая больш, чым магла зьмясьцiць заля.

У Беларусi экстрэмальная паэзiя нарадзiлася пры канцы 80-х як адна з формаў сацыяльнага i эстэтычнага пратэсту супраць пануючага ладу. Асаблiвага росквiту яна дасягнула ў творчасьцi Славамiра Адамовiча, Лявона Вольскага, Юр’я Гуменюка, Андрэя Пяткевiча або рок-гуртоў кшталту Deviation.

Галоўнае ў экстрэмальнай паэзii — непрыняцьце навакольнай рэчаiснасьцi, iгнараваньне ўлады i дзяржавы, нонканфармiзм, “новы байранiзм” — супрацьпастаўленьне творчай iндывiдуальнасьці натоўпу. Асаблiвае месца яшчэ з часоў гарбачоўскай перабудовы ў творчасьцi паэтаў-экстрэмалаў займае “прэзыдэнцкая тэматыка”.

На вечарыне чыталі вершы Юры Гумянюк, Анатоль Брусевiч, Эдзiк Мазько, Павал Мутны і, зразумела, Славамiр Адамовiч, які прэзэнтаваў свой “Турэмны дзёньнiк”. Не абышлося й бязь лiрыкi ды сьпеваў, якiя разбавiлi жорсткiя пасажы экстрэмальных паэтаў. Лiрычны настрой стварылi барды Валеры Руселiк, Вольга Хвашчынская i Валеры Жамойцiн.

Задаволены посьпехам iмпрэзы, Славамiр Адамовiч прабавiў у горадзе над Нёманам тры днi.

— Мне ня хочацца зьязджаць з Гораднi, бо тут цяплей, чым у Менску, а галоўнае — шмат прыгожых жанчын! — казаў паэт. — З адной вельмi стылёвай паняй мне давялося пазнаёмiцца ў кавярнi, выпiць па келiху чырвонага вiна “Нябёсныя кроплi” ды пашпацыраваць у парку Жылiбэра!

Iгар Гандлеўскi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0