Сьвінастратэгія

Разбор з талібанамі мне не падабаецца. Просты мардабой тут не дапаможа, бо аўганцы ня з тых хлопцаў, што дазваляюць сесьці сабе на хвост. Але існуе танны і бяскроўны спосаб падчысьціць сьвятую зямлю Аўганістану ад тэрарызму. Ён такі.

Наша Міністэрства абароны распрацоўвае адмысловую апэрацыю. Галоўная зброя – сьвіньні. Вядома, што талібаны баяцца сьвініны, як нячысьцік ладану, лічачы яе нячыстай стравай. Наш урад мусіць падчысьціць дзяржаўныя сьвінарнікі, то бок аўгіевы хлявы (у грэцкім арыгінале пра стайні ані слова), а калі трэба, дык рэквізаваць і сьвінарэсурсы насельніцтва – усё роўна ўраджай картопляў кепскі, – загрузіць у адмыслова збудаваныя на МАЗе аўтасьвінушнікі і рушыць да варожай аўганскай айчыны. У гэтай выправе павінны ўзяць удзел найлепшыя сьвінары Беларусі, узначаленыя Першым Сьвінаром.

Адначасова на заводах Беларусі праектуюцца адмысловыя пнэўматычна-рэактыўныя ўстаноўкі залпавага сьвінакіданьня. Апэрацыя па перагоне сьвіней да таджыцка-аўганскай мяжы ладзіцца ў найстражэйшым сакрэце. Дзеля прыкрыцьця абвяшчаецца, што Сапурмурад Назарбаеў папрасіў нас дапамагчы ўбраць нечуваны ўраджай пшаніцы, а сьвіньні ўзятыя для харчаваньня. Нарсултан Карымаў і Абдала Ніязаў таксама папросяць нас дапамагчы прыбраць і падмесьці што-небудзь.

Пераадольваючы па дарозе шматлікія спробы маскалёў прымазацца да нашай перамогі над талібанамі, караван дасягае Аўганістану. Газавая атака сьвінячым духам змушае талібанаў западозрыць нядобрае, і яны зьбіраюцца ў гурт, каб адбіць “няверных”. Нам гэта толькі і трэба. Першы ж залп усяго толькі адной сьвінафэрмай парасят змусіць талібанаў пабегчы. Буйнакалібэрныя “Секачы” даробяць справу.

Урэшце, сам Усам Ладан, ратуючыся ад віску някормленых сьвіней, уцячэ ў дзікую пячору. Мы яе аточым. Нашыя ваяры выкураць Усама ладанам і парасячым водарам. Ён нам здасца ў белых пальчатках і зялёнай чалме й будзе за-лічаны на дзяржаўную службу.

Пасаромленыя амэрыканскія генэралы зробяць сабе харакіры пад кіраўніцтвам найлепшых японскіх інструктараў-тэрарыстаў, вядома, з “Чырвонай Арміі”, – але пра гэта яны ўжо не дазнаюцца. Белы Дом перафарбуюць у Чырвоны. Лукаш абвесьціць сябе Бабурам і зробіць абразаньне. Лукашу павераць і яго палюбяць. Такім чынам і тамака, як і тутака, стане непа-трэбнай будучыня, бо час спыніцца. Надыдзе доўгачаканы канец гісторыі па Фухіморы ці Ханаяні. Пачнецца нірвана, дзе няма месца тэрарызму і мэтэмпсыхозу.

Мікола Бусел, Дуброва


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0