ЭЎРА

 

Афіцыйны знак эўра — літара “e”, перакрэсьленая дзьвюма паралельнымі гарызантальнымі рысамі, — нагадвае грэцкую літару “эпсылён”, зь якой пачынаецца слова “Эўропа”. Паралельныя лініі сымбалізуюць стабільнасьць эўра. Ягоныя стваральнікі спадзяюцца, што гэты знак неўзабаве набудзе гэткую ж вядомасьць, як і знак даляра. Дызайнэр банкнотаў эўра Робэрт Каліна з Аўстрыйскага цэнтрабанку кажа, што выявы вокнаў, арак, брамаў розных стыляў эўрапейскае архітэктуры на пярэднім баку банкноты сымбалізуюць дух адкрытасьці й супрацоўніцтва ў Эўразьвязе. На адваротным баку эўра — выявы мастоў, якія зьяўляюцца мэтафарай камунікацыі паміж народамі Эўропы, а таксама між Эўропай і астатнім сьветам.

 

Дызайн манэтаў эўра распрацоўваў бэльгіец Люк Люйкс. Манэты эўра, у адрозьненьне ад банкнотаў, маюць на адваротным баку нацыянальныя сымбалі. На пярэднім баку манэты эўра зьмешчаная выява мапы Эўразьвязу на фоне паралельных лініяў, да канцоў якіх прычэпленыя зоркі эўрапейскага сьцягу.

На сёньня нацыянальныя валюты захавалі толькі тры краіны Эўразьвязу — Вялікая Брытанія, Данія й Швэцыя. Апошняя папросту яшчэ не адпавядае так званым “крытэрам падабенства”, якія даюць права ўдзельнічаць у ЭГЗ (стабільнасьць цэнаў, устойлівая фінансавая пазыцыя дзяржавы, стабільны абменны курс ды нізкі ўзровень працэнтных ставак). А Вялікая Брытанія й Данія ня хочуць адмаўляцца ад нацыянальнай валюты як часткі нацыянальнага сувэрэнітэту.

Згаданыя тры краіны маюць права далучыцца да ЭГЗ у любы момант, а вось магчымасьці выхаду з Грашовага Зьвязу Маастрыхцкае пагадненьне не прадугледжвае. Яшчэ згодна з гэтым дакумэнтам краіна мусіць плаціць штраф, калі ейны дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту вышэйшы за 3% валавога ўнутранага прадукту.

Паводле аптымістычных прагнозаў, з увядзеньнем эўра ва ўсім Эўразьвязе выраўняюцца цэны, бо прадпрымальнікі ня змогуць нажывацца на рэгіянальных адрозьненьнях. Гэта ўніфікуе эўрапейскі рынак, а таксама выкліча рост канкурэнцыі. Апанэнты гэтае тэорыі сьцьвярджаюць, што ўвядзеньне эўра наадварот падвысіць цэны, а калі дзе і заўважаная карысная для спажыўцоў уніфікацыя, дык пакуль нішто ня сьведчыць пра тое, што гэтая зьява набудзе ў найбліжэйшы час вялікія памеры. Скептыкі кажуць пра выкліканую рознай падатковай палітыкай у розных краінах (якая надалей застаецца ў нацыянальнай кампэтэнцыі) розьніцу цэнаў. Яна падмацоўваецца цэнавай палітыкай вытворцаў, што зважаюць на розьніцу пакупніцкіх здольнасьцяў “небагатых” партугальцаў і самых заможных (па паказьніку ВУП на чалавека) ва ўсім ЭЗ люксэмбуржцаў ды нацыянальна-культурныя асаблівасьці. Па зьвестках Эўракамісіі, у розных краінах Зьвязу розьніца цэнаў, напрыклад, на бытавую электроніку дасягае 30—50%, на аўтамабілі да 40%, а ў сярэднім цэны вагаюцца недзе каля 20%. На Поўначы Эўропы цэны высокія, на Поўдні — нізкія.

Гандляры, пераводзячы цэны ў эўра, цішком падвышаюць іх. Брытанская фірма “McKinsey”, што аказвае юрыдычна-дарадніцкія паслугі, прааналізавала гэта на прыкладзе нямецкіх крамаў. Ейныя аналітыкі зьвярнулі ўвагу на тое, што цэны маюць гэтак званыя “зманлівыя” канцоўкі, якія прывабліваюць спажыўцоў — у выпадку дробных тавараў гэта найчасьцей 1,49 маркі, 0,99 маркі i 2,99 мaркі. Калі пералічыць 1,49 маркі на эўра, атрымаецца нязручная з пункту гледжаньня маркетынгу цана ў 0,76 эўра, якую лепш павялічыць да 0,79 эўра альбо панізіць да 0,70. “McKinsey” палічыла, што калі гандляры будуць паніжаць цэны, то будуць губляць каля 1,2 млрд. марак штогод (пры агульным аб’ёме рынку ў прыкладна 116 млрд. марак на год). Брусэль загадаў краінам ЭЗ праводзіць маніторынг цэнаў, але сквапныя прадпрымальнікі адшукалі выйсьце і з гэтай сытуацыі, падвысіўшы цэны за пару месяцаў да часу ўвядзеньня эўра. Пра многія падобныя сытуацыі пісаў нямецкі друк — напрыклад, у кастрычніку з-за пераводу цэнаў з марак у эўра кошт спажывецкага кошыка павялічыўся на 0,2—0,4%. Францускі часопіс для спажыўцоў Que Choisir падлічыў, што з-за пераводу ў эўра цэны розных тавараў і паслугаў у Францыі вырасьлі на 2—8%. Напрыклад, цэны на выраб крэдытнай карткі, квіткі на праезд у грамадзкім транспарце, газэтную падпіску і рагалікі, якія французы купляюць штодня.

Эўракамісія ня можа даць рады падаражаньню ўжо хаця б таму, што цэны на свае тавары й паслугі ўздымаюць ня толькі прыватнікі, але і дзяржаўныя ўстановы й прадпрыемствы, дарма што ўсе краіны падпісалі своеасаблівы пакт пра нязьменнасьць цэнаў на грамадзкія паслугі. Часта акругленьне цэнаў на карысьць спажыўцоў азначае для грамадзкіх прадпрыемстваў вялізныя страты, якія ўсё адно трэба кампэнсаваць з кішэні падаткаплатніка. Ірляндзкія ўлады апынуліся перад дылемай — альбо дазволіць транспартным прадпрыемствам у сувязі зь пераходам на эўра падвысіць цэны, альбо паставіць гэтыя фірмы перад пэрспэктывай мільённых стратаў.

Раз-пораз паўстаюць і праблемы з-за тых жа памылак машыны, праграмнага забесьпячэньня альбо памылак супрацоўнікаў банку. Колькі тыдняў таму Irish Independent пісала, як адзін ірляндзец паспрабаваў перавесьці суму ў пэсэтах, адпаведную 1,5 тыс. ірляндзкіх фунтаў, на свой гішпанскі рахунак. Але з-за кампутарнага збою замест належных 300 тыс. пэсэтаў на рахунак ірляндца трапіла 300 тыс. эўра. Той ня стаў рабіць гвалту дый ціхенька згадзіўся з вынікам гэтае апэрацыі. Але праз пару дзён да яго прыйшлі паліцыянты, і небарака трапіў у турму. Эўрагрошы — гэта вам ня жартачкі.

Янка Крывіч, Язапат Змысла


 

апытаньне “НН”

Калі Беларусь увойдзе
ў зону эўра?

Міністар фінансаў Мікалай Корбут:

Гэта зарана абмяркоўваць, бо спачатку трэба мець сваю моцную валюту. На сёньня ж думка — перайсьці да 2005 г. на адзіную валюту з расейскім рублём.

Колішні старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч:

Спачатку трэба ўступіць у Эўразьвяз, але зараз мы адстаем ад яго на гадоў 15—20. Што да прывязкі беларускага рубля да эўра, як, напрыклад, прывязваюць свае нацыянальныя валюты да амэрыканскага даляра дзеля іх умацаваньня краіны Лацінскай Амэрыкі, то на гэта трэба гадоў 5.

Экс-сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч:

Гэта доўгі тэрмін, бо дужа далёка мы адкаціліся назад, больш, чым калі адкатваліся. Адзінае, што мы маем адпаведнае зоне эўра цяпер, — гэта адукаванасьць, дысцыплінаванасьць і працавітасьць. Каб рэальна наблізіць пытаньне аб эўра, Беларусі трэба вярнуцца на ўзровень 91-га, 92-га гадоў. Тады да эўра нам будзе столькі ж, колькі прыбалтам.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

Калі АГП ды ейныя саюзьнікі прыдуць да ўлады ў Беларусі. Калі ж пачаць рэфармаваньне беларускай эканомікі ужо зараз, то, каб у нас было эўра, спатрэбіцца 10—15 гадоў.

Актор Купалаўскага тэатру Віктар Манаеў:

Увойдзе — нікуды не падзенецца. Цывілізаваны сьвет інтэгруецца. Але спачатку мы мусім стаць цывілізаванымі. Мне здаецца, пераход Беларусі на эўра можа быць мажлівым гадоў празь дзесяць. Я ня зь неба гэтую лічбу бяру, а з разважаньняў, пры якім пакаленьні такое можа адбыцца.

Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч:

То блакітная мара. Поўная нерэальнасьць. Эўра ў Беларусі ўявіць цяжка, бо Лукашэнка — гэта яшчэ не адзін тэрмін.

Славамір Адамовіч, паэт:

Ускосна Беларусь ужо знаходзіцца ў гэтай самай зоне, бо замест франкаў, марак ды іншых тугрыкаў і на нашай тэрыторыі з 1 студзеня пачалі хадзіць эўрыкі. Зь іншага боку, я за тое, каб Беларусь змагла калі-небудзь увесьці ў абарот сваю ўласную канвэрсоўную валюту, пазьбегнуўшы аргентынскага варыянту.

Анатоль Драздоў, начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Беларусі:

Яно, вядома, добра і прыгожа было б увайсьці ў зону эўра, але давайце разважаць цьвяроза: Польшча й Чэхія вось ужо дзесяць год імкнуцца далучыцца да аб’яднанай Эўропы — і што? Яны пакуль ня трапілі ні ў Эўразьвяз ні, тым больш, у зону эўра. Уявіце, колькі часу трэба нам, каб дасягнуць патрэбных для гэтага эканамічных паказьнікаў. Мая прыватная думка — калі і ўвойдзем (а ўвайсьці было б пажадана, усё-такі мы эўрапейская дзяржава), дык не раней, чым празь дзесяць год. Зрэшты, такія пэрспэктывы пакуль нават не разглядаюцца.

 


Новыя эўрапейскія грошы

Новы 2002 год для эўрапейскай інтэграцыі адзначыўся ўвядзеньнем адзінай наяўнай валюты Эўрапейскага грашовага зьвязу (ЭГЗ) — эўра. Гэта найвялікшая падзея ў жыцьці Эўразьвязу ад часу ягонага стварэньня ў 1991 г. у Маастрыхце. Сёньня ў ЭГЗ уваходзяць 12 дзяржаваў: Бэльгія, Нямеччына, Гішпанія, Францыя, Ірляндыя, Італія, Люксэмбург, Галяндыя, Аўстрыя, Партугалія, Фінляндыя, Грэцыя. Гэтыя краіны каардынуюць сваю эканамічную палітыку, а таксама маюць супольную Эўрапейскую сыстэму цэнтральных банкаў.

Дагэтуль Эўразьвяз быў збольшага справай палітычна-бюракратычных ды фінансава-эканамічных элітаў, але з увядзеньнем агульнаэўрапейскіх грошай ён надзвычай блізка падышоў да шараговых грамадзянаў Эўразьвязу, якія дагэтуль лічылі сябе больш грамадзянамі асобных краінаў, чым эўрапейцамі.

Эўрапейскую валюту ўводзілі ў 3 этапы. За 1991—93 гады ліквідавалі бар’еры для свабоднага перамяшчэньня капіталу паміж краінамі. З 1994 да 1998 г. стварылі Эўрапейскі цэнтральны банк у Франкфурце-на-Майне. Толькі ён мае права друкаваць эўра. З 1999 г. зьявіліся безнаяўныя эўра ды пачалася падрыхтоўка да ўвядзеньня эўрагатоўкі. Супольная валюта мела спачатку называцца “экю” (“ecu”), як і ранейшая разьліковая адзінка ў трансакцыях паміж дзяржавамі ЭЗ. Але гэтая назва асацыявалася ў адных зь сярэднявечнай францускай манэтай, у іншых — з партугальскім эскуда. Таму ў 1995 г. пастанавілі, што эўрапейскія грошы будуць называцца эўра.

Ужо гэтай восеньню доля міждзяржаўных трансакцыяў, якія праводзіліся ў эўра, напрыклад, у Нямеччыне ці Францыі дасягала 40%. Многія магутныя фірмы, накшталт “Фіяту” цi “Сымэнзу”, даўно перавялі сваю справаздачнасьць на эўра.

І вось з 1 студзеня 2002 г. адзінкі нацыянальных валютаў краінаў ЭГЗ выкарыстоўваюцца ўжо ня толькі ў безнаяўнай форме. Манэты і банкноты нацыянальных валютаў страцяць сваю вартасьць пры канцы лютага, але іх можна будзе абменьваць у банках большасьці краінаў Эўразьвязу да канца году, а пасьля абмен будзе ажыцьцяўляцца на нявыгадных умовах.

Амэрыканцы ня радыя зьяўленьню эўра, яны справядліва бачаць у ім канкурэнта. Прэзыдэнт Амэрыканскага фэдэральнага рэзэрву (установа кшталту Эўрапейскага цэнтральнага банку) Алэн Грынспэн зазначыў, што новай эўрапейскай валюце шкодзіць нягнуткасьць рынку працы: нягледзячы на адкрытыя межы, працоўныя ў краінах Эўразьвязу не мігруюць з рэгіёнаў, закранутых беспрацоўем, як у ЗША. Гэта тлумачыцца культурна-псыхалягічнымі асаблівасьцямі эўрапейцаў і бытавымі цяжкасьцямі (прадаць ці набыць жытло, узяць банкаўскі крэдыт у Злучаных Штатах нашмат прасьцей, чым у Эўропе). Нельга забывацца й на тое, што ў ЗША ўсё-такі адна мова. А ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне эканомікі, стэнфардзкі прафэсар Мілтан Фрыдман лічыць увядзеньне эўра вялікай памылкай: “Эўра мае на мэце стварэньне ўніфікаванай эканамічнай і палітычнай сыстэмы, у той час як Зьвяз перапоўнены супярэчнасьцямі. Прыклад? Ірляндыя і Італія. У той час як Зялёны востраў пільнуецца суворай грашовай палітыкі, Італіі патрэбная большая элястычнасьць у гэтай галіне. Калі немцы зараз паслабяць сваю манэтарную палітыку, гэта немінуча прывядзе да ўнутраных канфліктаў”.

Гэта слушна, бо цяпер цэнтральныя банкі больш ня могуць мяняць працэнтных ставак дзеля прадухіленьня эканамічнага спаду альбо “перагрэву” эканомікі. Так, у Ірляндыі эканоміка разьвіваецца хутчэй, чым у іншых краінах Эўропы. Дубліну варта было б павялічыць працэнтныя стаўкі, тады як іншым краінам трэба іх зьніжаць, каб паскорыць эканамічны рост, але цяпер яны павінны праводзіць адзін курс.

Эканамісты нямецкага “Бундэсбанку” схіляюцца да думкі, што ўвядзеньне эўра ня выкліча інфляцыі. Цікавую тэорыю вылучылі аналітыкі аднаго з эўрапейскіх аддзелаў Daiwa Securities. Паводле іх, нэгатыўна на эканоміку можа паўплываць сам псыхалягічны дыскамфорт спажыўцоў і ўласьцівае “простаму чалавеку” перакананьне, што яго ашукваюць. Страх перад інфляцыяй можа выліцца ў прафсаюзную атаку на працадаўцаў з мэтай падвышэньня заробкаў. Але пачнецца інфляцыя якраз у тым выпадку, калі працадаўцы саступяць і падвысяць заробкі.

Урады асобных краінаў тармозяць працэс уніфікацыі сыстэмаў падаткаў, працоўнага права і фінансавай рэгуляцыі. Пакуль што, па падліках The Wall Street Journal, з 41 пастановаў, прыняцьце якіх абсалютна неабходнае для стварэньня сапраўднага супольнаэўрапейскага рынку, прынятыя толькі 16.

Што ж даюць эўрапейскія грошы паспалітаму народу? Для падарожнікаў увядзеньне эўра азначае ашчаджэньні й зручнасьць, бо больш няма патрэбы мяняць грошы ў кожнай краіне, плаціць за гэта працэнты і прывозіць дахаты жменю непатрэбных манэтаў. Прадпрымальнікі краінаў Зьвязу больш ня будуць мець стратаў з-за ваганьняў валютных курсаў, гандлюючы сваім таварам у іншых краінах ЭЗ. Напрыклад, партугальскі экспарцёр віна больш ня мусіць турбавацца, што партугальскі эскуда вырасьце ў дачыненьні да маркі і гэта зьменшыць ягоныя прыбыткі.

Наколькі пасьпяховым і карысным станецца праект агульнаэўрапейскіх грошай? Эўра ў любым разе ўжо прынесла карысьць задзіночанай Эўропе, бо, рыхтуючыся да ўвядзеньня супольнай валюты, краіны ЭЗ мусілі правесьці аздараўленьне сваёй эканомікі. Адным з галоўных закідаў на адрас эўра зьяўляецца ягоная слабасьць. Насамрэч, 1 студзеня 1999 г. адно эўра каштавала 1,17 даляра, а зараз — каля 90 цэнтаў. Зрэшты, пасьля пасьпяховага ўвядзеньня эўра ягоны курс ў дачыненьні да даляра можа вырасьці дзякуючы таму, што многія нацыянальныя банкі краінаў сьвету вырашылі перавесьці ў эўра свае валютныя запасы. Напрыклад, цэнтральны банк Кітаю абвесьціў, што зьбіраецца большую частку валютных рэзэрваў трымаць у эўра.

Моц валюты вызначаецца ейным прапанаваньнем і попытам. Попыт на тую ці іншую валюту фармуюць галоўным чынам інвэстары. Слабасьць эўра абумоўленая верай інвэстараў у тое, што ўкладаць грошы ў эканоміку ЗША, выгадней, чым у эканоміку краінаў Эўразьвязу. Попыт на інвэстыцыі, паводле сучаснай эканамічнай тэорыі, вызначаецца пяцьцю фактарамі.

Першы фактар прыцягальнасьці для інвэстараў — гэта супольная палітычная, эканамічная і падатковая стабільнасьць. Эўразьвязу ўласьцівыя дзьве небясьпечныя рысы: высокі ўзровень беспрацоўя і нізкі эканамічны рост. Гэта тлумачыцца тым, што ў Эўропу пакуль яшчэ не завітала “новая эканоміка”, сутнасьць якой — у здатнасьці атрымліваць прыбытак ад выкарыстаньня інфармацыйных тэхналёгіяў, біятэхналёгіяў ды новых матэрыялаў, якія на сёньня зьяўляюцца абавязковай умовай эканамічнага росту і стварэньня новых працоўных месцаў. Эканамічныя дасягненьні ЗША тлумачацца якраз пасьпяховым выкарыстаньнем “новай эканомікі”. Яшчэ Злучаныя Штаты прыцягваюць да сябе інвэстараў лібэральнейшым за эўрапейскае эканамічным заканадаўствам.

Другі фактар, на які зьвяртаюць увагу інвэстары, — гэта пазыцыя ў замежным гандлі. Тут эўрапейская эканоміка выглядае нават лепш за амэрыканскую. Балянс бягучых плацяжоў Эўразьвязу станоўчы. Тым часам у ЗША ён ужо больш за 16 гадоў адмоўны.

Трэці фактар — адсотак інфляцыі, які залежыць ад манэтарнай палітыкі цэнтральнага банку (ад таго, колькі грошай выпускаецца ў абарот). Манэтарная палітыка, у сваю чаргу, абумоўленая ступеньню незалежнасьці цэнтральнага банку ад нацыянальнага ўраду, які можа запатрабаваць ад банку фінансаваць бюджэтны дэфіцыт. Эўрапейскі цэнтральны банк быў змадэляваны зь нямецкага “Бундэсбанку”, вядомага сваёй незалежнасьцю ад ураду. Эўрапейскі цэнтральны банк, не падпарадкаваны аніякаму нацыянальнаму ўраду, дагэтуль паспяхова змагаўся з інфляцыяй у ЭГЗ. На жаль, выкарыстаньне абмежавальных мераў у барацьбе з інфляцыяй запавольвае эканамічны рост і падвышае адсотак беспрацоўя.

Чацьверты фактар. Рашэньні інвэстараў вызначаюцца чаканьнямі працэнтнай стаўкі. Эўрапейскі цэнтральны банк падвышаў працэнтную стаўку, каб пазьбегнуць магчымага “перагрэву” эўрапейскай эканомікі, але гэтыя страхі былі дарэмныя. Высокія працэнтныя стаўкі ў ЭГЗ прыцягнулі б інвэстараў, якія шукаюць высокія прыбыткі.

Нарэшце, пяты фактар прыцягальнасьці для інвэстараў — статус сусьветнай валюты, які мае амэрыканскі даляр. Нягледзячы на тое, што Эўразьвяз зьяўляецца другой па аб’ёме эканомікай у сьвеце, а ягоная доля ў сусьветным гандлі найбуйнейшая, вельмі мала шанцаў, што эўра адразу здолее замяніць даляр. Статус сусьветнай валюты рэзэрву залежыць ня толькі ад удзелу ў сусьветным гандлі, але й ад велічыні нацыянальнага рынку капіталу ды доўгатэрміновых гарантыяў, што агульны фіскальны і эканамічны дабрабыт не пагоршацца.

Амэрыканскі фэдэральны рэзэрв зьяўляецца пакуль больш эфэктыўнай установай, чым Эўрапейскі цэнтральны банк, бо там лепш пастаўленая сыстэма кіраваньня, чым у падзеленым па “нацыянальным прадстаўніцтве” Эўрапейскім цэнтрабанку. Дый барацьба з інфляцыяй не зьяўляецца першачарговай мэтай Амэрыканскага фэдэральнага рэзэрву, бо стабільнасьць цэнаў — не адзіны фактар, які ўзьдзейнічае на моц ці слабасьць валюты.

Я.К., Я.З.

 

Данія сказала “не”

Данія на эўра не перайшла. Для датчанаў тут справа нават ня столькі ў фінансавым сувэрэнітэце, колькі ў захаваньні нацыянальнай самабытнасьці. Датчане баяцца, што, адмовіўшыся сёньня ад кроны — манэты з 800-гадовай традыцыяй — заўтра будуць вымушаныя пагадзіцца і з выцясьненьнем дацкае культуры, і, магчыма, зь перадачай дацкай каралевай сваіх функцыяў нейкай цьмянай “эўракамісіі”.

У любым разе, мяркуе большасьць датчанаў, да такой невялікай краіны, як іхная, ніхто ў “адзінай Эўропе” вельмі прыслухоўвацца ня будзе. “Данія або Злучаныя Штаты Эўропы — выбар за вамі”, — пад такім стрыманым лёзунгам ішла на рэфэрэндум аб далучэньні краіны да зоны эўра Дацкая Народная Партыя, праціўнік далучэньня. І гэтага лёзунгу было дастаткова, каб на тым рэфэрэндуме эўраскептыкі перамаглі. Гэта была ўжо ня першая іхная перамога ў гісторыі краіны.

Праціўнікаў скасаваньня нацыянальных валютаў хапае і ў Вялікай Брытаніі, якая традыцыйна аберагае сваю астраўную самабытнасьць, і ў Польшчы, дзе заходні капітал паклаў на лапаткі польскі, і нават у традыцыйна прыхільных да інтэграцыі Нямеччыне ці Гішпаніі. Эўрапейскім інстытутам ня вераць, за будучыню нацыянальных культураў баяцца.

Данія ўдвая меншая за Беларусь. Жыве ў Даніі 5 мільёнаў чалавек. Клімат, а таксама характар жыхароў у нечым падобныя да нашага. Данія слынная ў сьвеце казкамі Андэрсэна, малочнымі прадуктамі, Гамлетам, ціхаю і зычлівай каралевай, а таксама разьвітай сыстэмай сацыяльнай абароны.

Зусім не далучылася да Эўразьвязу суседняя з Даніяй Нарвэгія. Нарвэжцамі, як і датчанамі, кіруюць ня столькі пачуцьці нацыянальнай выключнасьці, колькі боязь згубіцца ў будучай фэдэрацыі — а ўвядзеньне адзінае валюты непазьбежна прывядзе да яе ўтварэньня ў будучыні, хай і далёкай. Енс-Пэтэр Бондэ, адзін зь лідэраў дацкага левага “Чэрвеньскага руху”, кажа: “Эўразьвяз нашмат больш цэнтралізаваная структура, чым ЗША. У Амэрыцы кожны штат вольны вырашаць, напрыклад, пытаньні экалягічнага рэгуляваньня самастойна. А ў Эўропе Брусэль бярэцца камандаваць ва ўсім. На рэфэрэндуме Данія прагаласавала за свабоду. Гэта быў не эканамічны, а палітычны выбар. Хай крона каштуе толькі 13 цэнтаў, а эўра — 90, але ейная сымбалічная вартасьць нам каштоўная. Калі немцы і французы ня супраць разьвітацца са сваімі маркамі і франкамі, мы лепей пачакаем і пабачым, што з тае “зоны эўра” стане”.

Рэзкае (да 30%) падзеньне эўра ў адносінах да даляра пахіснула прэстыж адзінай эўрапейскай валюты. Маленькая Данія распачала схізму, да якой далучыліся Швэцыя і Брытанія. Час пакажа, хто будзе жыць шчасьлівей: тыя, хто гоніцца за эканамічнай эфэктыўнасьцю (а эўра несумненна дасьць штуршок эканамічнаму разьвіцьцю), ці тыя, хто найбольш думае пра захаваньне культурнае традыцыі і нацыянальнае непаўторнасьці як неабходных перадумоваў чалавечага шчасьця і высокай якасьці жыцьця.

Дацкае “не”, сказанае эўравалюце, азначае, што побач зь вялікімі ЗШЭ — Злучанымі Штатамі Эўропы — змогуць захавацца і маленькія сувэрэнныя краіны. Калі схочуць.

Мікола Бугай


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0