Новыя падручнікі: ёсьць зьмены?

Сёлета беларускія вучні атрымалі падручнікі, распрацаваныя ў адпаведнасьці з новымі праграмамі. Дызайн вучэбных дапаможнікаў палепшаў: тэксты напісаныя буйным шрыфтам, асноўныя рэчы выдзеленыя курсывам, у новых падручніках шмат табліцаў і каляровых схемаў.

 

Зьмяніўся і зьмест. Гэтак, з новай хрэстаматыі па беларускай літаратуры для 4-е клясы зьніклі многія творы, у тым ліку ўрыўкі зь Бібліі і адзінае апавяданьне Васіля Быкава — “Сваякі”. Значна скараціўся ў параўнаньні з хрэстаматыяй 96-га году выданьня аб’ём літаратуразнаўчых паняткаў, але на старонках зьявілася больш словаў-зносак. Вучням тлумачыцца, хто такія мэцэнаты і Радзівілы, што такое сьвіран і золак, што значыць пабязуліць і паджгаць. Шмат у хрэстаматыі творчых заданьняў: прыдумаць казку, растлумачыць выслоўе, намаляваць ілюстрацыю да эпізоду, падрыхтаваць вусную характарыстыку героя. У адрозьненьне ад старога выданьня хрэстаматыя аздобленая малюнкамі, рэпрадукцыямі карцінаў Пушкова, Бялыніцкага-Бірулі, Сулкоўскага, Савіча. Усе рэпрадукцыі выкарыстоўваюцца ў сыстэме пытаньняў і заданьняў.

Новы падручнік па гісторыі для 4-й клясы падпарадкаваны прынцыпу максымальнае спрошчанасьці і сьцісласьці. Аб’ём матэрыялу застаўся прыкладна той самы, але тэксты ўспрымаюцца значна лягчэй, бо нагадваюць разьбітае на часткі апавяданьне пра старажытныя часы. Аўтары прапануюць дзецям творчыя заданьні, якія прыцягваюць сваёй нестандартнасьцю. Ну хіба не цікава чацьвертаклясьніку паспрабаваць сябе ў ролі пісьменьніка і напісаць апавяданьне пра адзін дзень з жыцьця свайго аднагодка ў старажытныя часы? Або ўзяць удзел ва ўяўным сходзе племя ці пацікавіцца старадаўнімі звычаямі, якія захаваліся ў той ці іншай мясцовасьці. У новым выданьні цалкам адсутнічае матэрыял для арганізацыі пазакляснай працы. Зрэшты, падручнік няшмат ад гэтага страціў, бо тыя тэксты былі мала адаптаваныя для чытаньня, перанасычаныя датамі й фактычнымі зьвесткамі, што ня вельмі заахвочвала вучняў іх чытаць.

Безумоўная перавага новых падручнікаў — акцэнт на фармаваньне ў школьнікаў моўнай культуры, на разьвіцьцё эстэтычнага густу і кругагляду. Так, у падручніку па беларускай мове для 4-е клясы зьявіліся тэксты пра Скарыну, Багушэвіча, Багрыма, пра гісторыю Беларусі й Менску ў прыватнасьці. З дапамогай тэкстаў Васіля Віткі й Хведара Янкоўскага аўтары тлумачаць, як узьнікла слова “дзьмухавец” і чаму па-беларуску трэба казаць “клубніцы”. Вітка распавядае пра “дзівосны мяккі знак” і пра “родных сёстраў-блізьнятаў” — літару “дз”. Многа заданьняў рэпрадукцыйна-вытворчага характару — пераказаць тэкст, прыдумаць загаловак, скласьці апавяданьне, растлумачыць значэньне слова.

Але падручнік прызначаны для выкарыстаньня ў грамадзтве з прыярытэтам расейскай, а не беларускай мовы. Так, словы, якія могуць быць незразумелыя па-беларуску, тлумачацца расейскім эквівалентам: “алей — подсолнечное масло, бусьлянка — гнездо аиста, кнігарня — книжный магазин”.

У аналягічным падручніку для 7-е клясы словы тлумачацца па-беларуску, а ня шляхам перакладу: апал — дровы; дбаньне — стараньне, руплівасьць; замчышча — месца, дзе стаяў замак. У падручніку ёсьць артаграфічны слоўнік, а таксама расейска-беларускі і беларуска-расейскі слоўнікі. Аўтары прапануюць вучням распавесьці пра Нясьвіскі замак, напісаць сачыненьне па карцінах Марачкіна і Шчаснай, скласьці мініятуру пра беларускі пэйзаж.

Кардынальна зьмяніўся падручнік па расейскай мове. Стары дапаможнік выклікаў шмат пытаньняў у дзяцей, настаўнікаў і бацькоў. Вучні зь цяжкасьцю спасьцігалі прапанаваныя для вывучэньня мовазнаўчыя паняткі, а настаўнікі ламалі галовы, як даходлівей выкладаць складаны матэрыял. У сёлетнім выданьні тлумачэньні мовазнаўчых паняцьцяў скарочаныя да мінімуму і падаюцца ў традыцыйным выглядзе правілаў, а не ў дыялёгах Дзеда-Ўсёведа і Лінгварыка. Распрацаваныя практыкаваньні для фармаваньня моўнага этыкету.

Зьмяніўся і падручнік па матэматыцы для 4-е клясы. Вучні будуць рашаць задачкі не пра Волгу, Маскву і Харкаў, як у ранейшых дапаможніках, а пра Бесядзь, Менск, Нарачанскія азёры, Вушаччыну. У новым падручніку шмат задач, якія пашыраюць кругагляд школьнікаў: нават ня кожны дарослы ведае, якія віды дыназаўраў жылі ў старажытныя часы або якія птушкі самыя вялікія. Ёсьць задачы гістарычнага зьместу. Ужо на занятках па матэматыцы дзеці дазнаюцца пра Грунвальд, пра бітву ля возера Дурбэ, пра паўстаньне Касьцюшкі.

З падручнікаў па беларускай літаратуры для 9-е клясы зьніклі творы Шамякіна, Сяднёва, Камю і Цвэйга, затое зьявіліся Навуменка і Рэмарк. Зьмест крытычных артыкулаў застаўся дакладна такі самы, з мноствам агульных, яшчэ савецкіх штампаў. У 10-й клясе аб’ём матэрыялаў па беларускай літаратуры павялічыўся. Новы падручнік дапоўнены агляднымі артыкуламі пра Ядвігіна Ш., Зьмітрака Бядулю і Цішку Гартнага. Зрэшты, артыкулы гэтыя невялікія.

Пакуль ідзе толькі апрабацыя новых падручнікаў, самі настаўнікі вучацца выкладаць па іх матэрыял. Тым ня менш, ёсьць ужо першыя скаргі. Настаўнікі кажуць, што новыя падручнікі часам не супадаюць з праграмамі, і “рэзаць ды надточваць” матэрыял даводзіцца непасрэдна перад урокам. А гэта яшчэ больш ускладняе і без таго нялёгкую працу сёньняшняга настаўніка.

Такім чынам, Міністэрства адукацыі зрабіла вучням падарунак: кожнаму прыемна карыстацца новымі падручнікамі ў глянцавых вокладках. А любое дзіця да таго ж будзе радае мноству малюнкаў і цікавых заданьняў. Тое, што іх шмат, — безумоўны крок наперад. Прагрэсам можна лічыць і кардынальна зьмененыя падручнікі па матэматыцы і расейскай мове. Іншая справа, наколькі хутка прыстасуюцца да новых выданьняў і вучні, і настаўнікі. Гэта, відаць, і будзе асноўным крытэрам ацэнкі працы Міністэрства адукацыі.

 

Людміла Гулюк


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0