Індыкатар дзяржаўнае палітыкі

Пры канцы 80-х, калі падручнікі па савецкай і сусьветнай гісторыі пачалі пакрысе пазбаўляцца ідэалягічнага друзу, айчынную гісторыю беларускія школьнікі працягвалі вучыць па дапаможніку Н.Баранавай і Э.Загарульскага (ад старажытнасьці да канца ХІХ ст.) — і вымушаныя былі сьледам за аўтарамі захапляцца старажытнарускай дзяржавай і ненавідзець літоўскіх ды польскіх фэадалаў.

Першым дзяржаўніцкім дапаможнікам быў падручнік У.Сідарцова, В.Фаміна і С.Панова для 10—11 клясаў (1992). Аўтары згадвалі пра БНР, масавыя рэпрэсіі 30—50-х і Курапаты.

З 1993 г. пачалі выходзіць падручнікі з характэрнай бел-чырвона-белай вокладкай. Зь іх можна было даведацца і пра незалежны Полацак, і пра беларускі характар Вялікага Княства, і пра генацыд беларусаў у часе вайны Расеі з Рэччу Паспалітай у 1654—67 г. Аднак тыя кніжкі з-за браку часу і сродкаў мелі шэраг тэхнічных недапрацовак: былі надрукаваныя на шэрай паперы без малюнкаў і фатаздымкаў, параграфы ў іх былі дрэнна структураваныя — ні схемаў, ні табліцаў.

Сёньняшнія падручнікі па гісторыі збольшага добра ілюстраваныя, зь цьвёрдай вокладкай, мноствам каляровых здымкаў, дадатковых схемаў, табліцаў, “галасоў мінулага”, цікавых цытатаў — проста ў рукі прыемна ўзяць. Але што ж там усярэдзіне, пра што яны пішуць?

Для 6 клясы (ад сярэдзіны І тыс. — да сярэдзіны XVI ст.) Міністэрства адукацыі рэкамэндуе падручнік Э.Загарульскага (1999), беларускага гісторыка і археоляга, аўтара манаграфіі “Заходняя Русь”. З падручніка вучні маюць магчымасьць дазнацца пра адзіную магутную старажытнарускую дзяржаву і пра тое, што ў ВКЛ рэй вялі літоўскія фэадалы, якія, нягледзячы на дзяржаўны статус старажытнабеларускай мовы, размаўлялі міжсобку па-літоўску. Аўтар толькі аднойчы тлумачыць, што “рускія” ў тагачасным ВКЛ — адзін з назоваў беларусаў. Але ці запомняць гэта дзеці? Бо ў наступных параграфах мы чытаем пра “рускую знаць”, якая падтрымлівала Сьвідрыгайлу, пра літоўска-польска-рускае войска, што на Грунвальдзкім полі разьбіла тэўтонаў, пра гераічных літоўцаў, якія ў 1514 г. разграмілі маскоўцаў пад Воршай. Беларусы ж згадваюцца як мясцовае насельніцтва, якое ў часе Лівонскае вайны падтрымлівала Івана Грознага.

Альтэрнатыўным (экспэрымэнтальным) лічыцца падручнік Г.Штыхава і В.Ракуця (выданьні 1998, 1999). Аўтары адназначна сьцьвярджаюць, што Полацкае княства было незалежным, а ВКЛ мела беларускі характар. Няма ў іх сумневаў і што да ўдзелу беларусаў у бітвах пад Грунвальдам і Воршай. Адно што гэты дапаможнік саступае кніжцы Э.Загарульскага ў афармленьні: мяккая вокладка, дрэнна падабраныя шрыфты і чорна-белыя ілюстрацыі.

У 7 клясе (сярэдзіна XVI — канец XVIII ст.) выкарыстоўваецца падручнік П.Лойкі пад агульнай рэдакцыяй Г.Галенчанкі (2000). Учорашні шасьціклясьнік, які спасьцігаў навуку па кніжцы Э.Загарульскага, зьдзіўлена даведаецца пра пастаянную агрэсію з боку Расеі, пра генацыд беларускага народу ў часе “патопу” (1654—1667) і Паўночнай вайны і пра нелюбоў мясцовага жыхарства да ўсходніх братоў. Падзелы Рэчы Паспалітай трактуюцца не як спрадвечная мара беларускага народу, а як нахабнае ўмяшаньне ў справы незалежнай дзяржавы.

Г. Штыхаў, П. Лойка й Г.Галенчанка склалі й падручнік для 10 клясы (ад пачатку 1 тыс. і да канца XVIII ст.), у якім паўтараюцца тэзы падручнікаў пачатку 90-х, таму няма патрэбы яго абмяркоўваць.

Для 8 клясы (пэрыяд 1795—1917 г.) Міністэрства адукацыі рэкамэндуе падручнік М.Біча. Адшукаць нешта заганнае і недарэчнае ў ім вельмі цяжка, настолькі ўсё ўзважана і навукова.

А вось у альтэрнатыўным падручніку В.Мілаванава можна знайсьці ня толькі нелюбоў да беларусаў, але й клясавы падыход.

Дапаможнік для 9 клясы, напісаны У.Сідарцовым, В.Фаміным і С.Пановым, нагадвае падручнік узору 1992 г., толькі аздоблены каляровымі ілюстрацыямі, цікавымі дакумэнтамі, схемамі і г.д. Акцэнты засталіся тыя самыя — беларускія, з прыязным расповедам пра БНР, падрабязным артыкулам пра масавыя рэпрэсіі, моцнай крытыкай заганаў савецкай сыстэмы.

Аднак вучэбны дапаможнік для 11 клясы (канец XVIII — канец ХХ ст.) пад рэдакцыяй Я.Новіка прымушае чытача вярнуцца гадкоў гэтак на дваццаць у сьветлае мінулае. Ужо ва ўступным слове пішацца, што ў XVIII ст. Расея нам была бліжэйшай, чым Польшча, таму народ прыхільна сустрэў аб’яданьне зь ёй у 1795 г. Пры пераліку “ўзьяднанага” насельніцтва на другое месца па колькасьці аўтары паставілі расейцаў. Магчыма, маюцца на ўвазе салдаты расейскіх войскаў, што на той момант ужо стаялі ў Беларусі. Натуральна, чакаць асобнага параграфа пра БНР ад такога падручніка не выпадае. Яна згадваецца адным пункцікам у параграфе пра нямецкую акупацыю 1918 г.

Разьдзел пра калектывізацыю, відаць, узяты з падручніка пачатку 80-х. Дзяцей, у прыватнасьці, вучаць, што кулакі арганізоўваліся ў бандыцкія групы й шкодзілі калгасам, а “беззаконьне і фізычнае зьнішчэньне часткі заможных сялянаў не зьяўлялася афіцыйнай дзяржаўнай партыйнай палітыкай”. Карацей, перагібы на месцах.

Рэпрэсіі, выяўляецца, былі барацьбой супраць прыхільнікаў рэстаўрацыі капіталізму, якія адкрыта шкодзілі рэжыму. Што праўда, аўтары падручніка пагаджаюцца — былі і неабгрунтавана рэпрэсаваныя. Нічога не напісана пра нацдэмаў, Курапаты, Саюз Вызваленьня Беларусі, сотні рэпрэсаваных пісьменьнікаў, сацрэалізм. Затое шмат увагі аўтары надаюць “фашысцкім памагатым” у Беларусі: “Галоўнай іх мэтай было стварэньне з дапамогай захопнікаў “самастойнай Беларусі” пад эгідай фашысцкай Германіі. У якасьці сымболікі беларускія памагатыя выкарыстоўвалі герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг, віталі адзін другога клічам “Жыве Беларусь!” з выкідваньнем па-фашысцку рукі наперад”. Насамрэч, горшае злачынства прыдумаць цяжка. Варта было б яшчэ напісаць, што гэтыя вылюдкі – во паскуды – яшчэ й размаўлялі міжсобку па-беларуску, а не на самай прагрэсіўнай мове плянэты.

Падзеі 1991 г. і дэмакратычныя зьмены характарызуюцца адмоўна: пагадненьне ў Віскулях — супраць волі народу, першая палова 90-х — эканамічны і палітычны хаос. Сапраўднае шчасьце спаткала беларусаў у 1994 г., калі народ абраў прэзыдэнтам Лукашэнку. Праўда, у 1996 г. цёмныя сілы каламуцілі беларускія воды, але наш народ разабраўся ў сытуацыі і адмовіў палітычным банкрутам у крэдыце даверу, а на рэфэрэндуме яшчэ раз пацьвердзіў свае летуценьні і мары…

Вось з такімі ведамі выпускнікі школаў мусяць ісьці ў самастойнае жыцьцё. Сёньня адно, заўтра другое. Маладая дзяржава часта мяняе сваю палітыку.

Эдвард Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0