Пошта рэдакцыі

водгук

Вечныя “рэформы”, мовы, права на паліва

Кожны савецкі рэжым любіў пацешыць сябе школьнай рэформай. Я ўжо цягам прынамсі сарака год зьяўляюся ахвяраю гэтай пэрманэнтнай паўзучай зьявы – сьпярша як школьнік, потым як настаўнік.

Рэжым хоча расьцягнуць навучаньне на яшчэ адзін год з мэтай захаваньня свайго ідэалягічнага кантролю над моладзьдзю на ўвесь пэрыяд таго, што называецца пэрыядам фармаваньня асобы.

Пра тое, якім пойлам паіцьмуць маладое пакаленьне, пачытайце ў “Праграме патрыятычнага выхаваньня”. Там жа ў кожным разьдзеле тырчыць слова “ваенны”. А для маскаваньня гэтай ідэалягічнай акцыі прыдумалі клопат пра вучня, як яму цяжка вучыцца. Тут бы патрэсьці зьмест адукацыі і праграмы ды нечытэльныя падручнікі.

Настаўніцтву адведзеная роля цівуна пры ўжо згаданай “Праграме”. У сваёй бальшыні яно – сацыяльна рахманы, лёгка кіроўны жаночы натоўп, зь якім няма асаблівых праблемаў. Укладаць у яго грошы было б недапушчальным марнатраўствам. Пакуль што старыя кадры задавальняюць ідэолягаў рэформы. Але кадры старэюць, хварэюць, канаюць. Моладзь на жабрачы заробак не клюе. Пакуль што ў школу неяк запіхваюць выпускнікоў каледжаў, але гэта сурагатная зьява. Узровень адукацыі непазьбежна зьнізіцца.

Нашая школа застаецца махлярскай – ацэньваем на “два”, ставім “тры” – менавіта з-за надзычай нізкага сацыяльнага рангу настаўніка. З аднаго боку, гэта чорны вол адукацыі, з другога – сацыяльны мул. Таму ўсе заклікі да настаўнікаў стаць грамадзянамі і прадукаваць вучняў-грамадзянаў бессэнсоўныя: зь бяспраўных вучняў і бяспраўных студэнтаў вылупляецца бяспраўны адукатар.

Данія аддае 20% бюджэту на адукацыю, адрывае ад родных паліцыянтаў…

* * *

Сяджу я надоечы ля прыймача, вандрую па кароткіх хвалях, раптам чую нейкую галяндзкую станцыю. Расказваюць яны пра вайну з талібамі і тут жа ўлучаюць выступ Тоні Блэра. Галяндзкі дыктар не перакладаў яго з ангельскай на галяндзкую! Аўдыторыя – уся! – разумела па-ангельску! Паводле нейкай статыстыкі, толькі 5% беларусаў ведаюць замежныя мовы.

Катэгарычна сьцьвярджаць, што беларусам патрэбны толькі ангельская, нямецкая ды польская, як зрабіла “НН”, – гэта экстрэмізм. Я глыбока перакананы, што нашыя вучні мусяць вывучаць дзьве эўрапейскія мовы, хто якую, але зусім адмовіцца ад вывучэньня францускай ды гішпанскай было б неразумна з культурнага і палітычнага гледзішча. Наадварот, трэба пашыраць набор моваў, можа, на правах факультатыву, але з высокім узроўнем навучаньня. Трэба, каб людзі збольшага ведалі італійскую мову, попыт на яе даволі значны, мо швэдзкую, славянскія, галяндзкую, турэцкую, трэ мець некалькі добрых вучэльняў з грунтоўным вывучэньнем старагрэцкай, лаціны, санскрыту, шэрагу ўсходніх – арабскай, пэрсідзкай. Бо ў рэальнасьці мы маем пажыцьцёвы спосаб вывучэньня замежных моваў – усюды ўсё жыцьцё іх вывучаюць і нічога ня ведаюць.

* * *

Ад вясковых настаўнікаў адабралі важнае права на паліва, на кватэру і на сьвятло; соткі нам даюць абы-якія, сей іх як хочаш, сена даюць у апошнюю чаргу і абы-якое. Да школы стаўленьне як да паразыта, хоць паразыт – калгас: бяз школкі калгас нават не пералетаваў бы, бо ўся працаздольная сіла зьнікла б. А чаго варты падзел настаўнікаў на разрады – менскім далі па 30 і болей тысяч проста так, каб да 100 даляраў дацягнуць, зь нейкага таямнічага фонду, вясковым жа ды правінцыйным шкрабам – дулю.

* * *

Асабіста маё, дый калегаў, стаўленьне да рэформы адмоўнае. Веды пасьпяхова можна засвойваць і за цяперашнія 11 год, толькі ня трэба штогод пхаць у прагараму па новым незразумелым прадмеце, трэба навучыцца сьпярша пісаць зразумелыя хаця б самім падручнікі, пісьменна перакладаць падручнікі з расейскай мовы, трэба падціснуць расейскую мову. Трэба перш, чым правяраць гатоўнасьць школаў да навучальнага году, праверыць гатоўнасьць Мінадукацыі, якое ўмудраецца запускаць навучальны год без праграмаў і без падручнікаў.

Я заклікаю бацькоў сказаць “не” дванаццацігадоваму навучаньню.

Мікола Бусел, настаўнік, в.Дуброва (Сьветлагоршчына)

 

паштовая скрынка апазыцыі

Пераможам статыстыкай і модай

Першае, што трэба зрабіць апазыцыі, гэта вылезьці зь Менску. Менск ужо і так супраць цяперашняй улады. Трэба выпаўзаць ва ўсе астатнія гарады і адваёўваць іх ва ўлады. Праўда, падыход да розных групаў насельніцтва павінен быць дыфэрэнцыяваны. З выбаршчыкамі сярэдніх гадоў трэба гаварыць прагматычна. Гэта людзі сямейныя і занятыя, іх раздражняюць мітынгі, дэманстрацыі, палымяныя прамовы і г.д. Тут будзе вельмі эфэктыўнай статыстыка. Трэба скласьці вельмі падрабязныя й дакладныя табліцы па рэальных прыбытках насельніцтва і магчымасьцях набыцьця самых розных тавараў пачынаючы з 1994 г. Параўнаць гэтыя паказьнікі з паказьнікамі ў суседніх дзяржавах. Паказаць розьніцу і зьмены прапорцыяў за гэтыя гады, каб кожны рабочы і служачы любога гораду Беларусі мог азнаёміцца з тым, як ён жыў раней і як ён жыве зараз, і падумаў, ці варта давяраць цяперашняй уладзе.

Да моладзі патрэбны іншы падыход. Для пачатку апазыцыя павінна стварыць шэраг рэгіянальных арганізацыяў, якія б ахапілі ўсю моладзь, пачынаючы ад цяперашніх 13-гадовых, якім праз 5 год споўніцца 18. Гэтыя арганізацыі павінны быць практычна нефармальныя. Сучасная моладзь ня любіць афіцыёзу, усялякіх там зьездаў, паседжаньняў і г.д. Моладзь любіць музыку, піва, кампутары, відзікі, “тачкі” і ўсякае такое. Вось гэта ўсё і трэба выкарыстоўваць у працы з моладзьдзю. Прычым камунікацыя зь ёй павінна быць абавязкова на беларускай мове. Апроч таго, усе гэтыя “сродкі” павінны мець ненавязьлівую нацыянальную форму, каб аскоміну не набіла. Галоўная мэта – давесьці маладым людзям, што ўсё самае новае й моднае – гэта беларускае, і наадварот.

Вадзім Шышко, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0