418 гадоў са зьмены календара

Новы год па-праваслаўнаму

У 7207 г. ад стварэньня сьвету расейскі цар Пётар І выдаў загад лічыць наступны год 1700-м ад Нараджэньня Хрыстовага. Расея перайшла на юліянскі каляндар у 1700 г., а на грыгарыянскі толькі ў 1918 г. Беларусы апярэдзілі ўсходняга суседа на некалькі стагодзьдзяў.

Вялікае Княства, як і Карона Польская, ужо ў Сярэднявеччы карысталася юліянскім календаром, створаным пры Юлію Цэзару. Але той каляндар быў недакладны, і ў 1582 г. ягонае адставаньне ад астранамічнага склала 10 дзён. Папа Рымскі Грыгор ХІІІ у лютым 1582 г. “дадаў” гэтыя 10 дзён і адмысловай булай загадаў каталікам карыстацца новым — грыгарыянскім — календаром. Каталікі Рэчы Паспалітай перайшлі на новы каляндар каля 1584 г., пры каралю і вялікім князю Сьцяпану Батуру. Супраць новаўвядзеньня выступілі праваслаўныя, і Батура сваімі прывілеямі ад 1584 г., 1585 г., 1586 г. дазволіў ім і надалей карыстацца старым календаром: ВКЛ толькі адбілася ад маскоўскай навалы і кароль шукаў нацыянальнага адзінства перадусім. А пры Жыгімонту IV Вазу ў 1592 г. быў выдадзены загад, які забараняў сьвецкім уладам Рэчы Паспалітай умешвацца ў справы праваслаўных. Апошніх не пакідалі ў спакоі толькі езуіты: два стагодзьдзі паміж езуітамі і праваслаўнымі трывала зацятая палеміка, які каляндар правільны.

Пасьля далучэньня беларускіх земляў да Расеі афіцыйна быў вернуты юліянскі стыль, але каталікі працягвалі жыць па сваім календары. Таму можна па-рознаму вызначаць тую ці іншую дату: пачатак вайны 1812 г. (12 ці 24 чэрвеня), пакараньне сьмерцю Каліноўскага (10 ці 22 сакавіка), нараджэньне Купалы (25 чэрвеня ці 7 ліпеня). Тая ж “Наша Ніва” падавала ў выходных дадзеных дзьве лічбы. Вось № 2 за 1912 г.: 13 (26) студзеня 1912 г.

У 1918 г. Ленін скіраваў савецкую дзяржаву на грыгарыянскі стыль. Праваслаўная царква дагэтуль карыстаецца юліянскім. Цікава назіраць, як у строгі пост шырока адзначаецца Новы год (1 студзеня), праз шэсьць дзён — Раство, а пасьля яшчэ і “стары новы год”.

Эдвард Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0