Прэміі Клешчуку й Баразьне

камэнтар рэдакцыі

Сярод ляўрэатаў прэзыдэнцкай прэміі за 2001 год — даўнія аўтары “НН” фатограф Анатоль Кляшчук і мастацтвазнаўца Міхал Баразна. Ня ведаем, віншаваць іх з такім прызам ці шкадаваць.

Ад прэміі ніхто зь ляўрэатаў не адмовіўся. А то ж — мільён рублёў, шасьцьсот даляраў. Гэта ж болей за дзяржаўную прэмію. Прэміі недзяржаўныя звычайна ўвогуле сымбалічныя. А тут грошы, за якія можна добра жыць — а значыць, і працаваць — з паўгоду.

Улада фліртуе з інтэлігенцыяй. Дударава, леташняга ляўрэата прэміі лукашэнкаўскай, сёлета вылучылі на прэмію саюзнае дзяржавы. Відаць, ён ізноў не адмовіцца. Раз дзеячы культуры прымаюць прэміі з рук Лукашэнкі, значыць, прызнаюць яго прэзыдэнтам. Лукашэнку можна павіншаваць. Дабіўся! Калі Дудараў прыме прэмію ад саюзнай дзяржавы, значыць, прызнае саюзную дзяржаву. Кожны выбірае сам.

Пішучы пра леташнюю выставу Клешчука, “НН” раіла дзяржаве даць фатографу дзяржаўную прэмію — гелікоптэр для перамяшчэньня па рэспубліцы. Далі 600 даляраў. Гэта цана дзьвюх гадзінаў палёту на гелікоптэры.

А ў прынцыпе, гэта Лукашэнкава дробная пыха — рабіць свае прэміі большымі за купалаўскія. Пагатоў што грошы на “прэзыдэнцкія прэміі” заробленыя рукамі кожнага з нас.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0