З усёй краіны

 

навіны гаспадарскія

Тры новыя станцыі мэтро — “Каменную горку”, “Кунцаўшчыну” і “Ракаўскую” — плянуюць адкрыць на захадзе Менску ў 2003 г. Адпаведна, уздымецца кошт кватэраў у тых раёнах. А сёлета да цягнікоў мэтро дададуць яшчэ па адным вагоне.

Падвысіліся камандзіровачныя ў межах Беларусі. Кампэнсацыя за кожныя суткі павялічылася з 2500 да 3500 руб., за аднадзённую камандзіроўку — з 1250 да 1750 руб., за ноч на прыватнай кватэры — з 750 да 1050 руб.

Ільготныя крэдыты на мэблю і бытавую тэхніку могуць атрымаць выпускнікі дзяржаўных навучальных установаў, што самахоць паедуць працаваць у чарнобыльскія раёны. Раней крэдыты давалі толькі тым, хто ехаў туды па адмысловым разьмеркаваньні.

Нямецкія маркі на эўра беларускія камэрцыйныя банкі будуць мяняць толькі да 15 лютага. “Беларусбанк” хоча скончыць гэтыя апэрацыі ўжо да 15 студзеня — на 10 дзён раней, чым плянаваў. Прысьпешваньне банкі тлумачаць тым, што трэба да сакавіка адвезьці маркі ў Нямеччыну ды памяняць.

Падвысіцца мыта на ўвоз у Беларусь шкла. Зараз збольшага шкло вязуць з Польшчы, з-за чаго за апошнія два гады цана на яго зьнізілася на 40%. Ад гэтага пацярпелі беларускія вытворцы.

Мінфін стане гарантам крэдытаў, што бяруць беларускія прадпрыемствы ў Сусьветным валютным фондзе. Гэтак разьлічваюць прыцягнуць у краіну новыя інвэстыцыі.

Каля 3,5 тыс. фірмаў у Беларусі створаныя з удзелам замежнага капіталу. Іхны абвешчаны статутны фонд каля 800 млн. даляраў, а доля замежнага інвэстара ў ім — каля 500 млн. даляраў. Большая частка прадпрыемстваў (55,4%) месьціцца ў сталіцы. На Менскую вобласьць прыпадае 12,4%, на Гомельскую — 10,7%, на Віцебскую — 7,1%, на Берасьцейскую — 5,4%, на Магілёўскую — 5,1%, на Гарадзенскую — 3,9%. Самымі буйнымі краінамі-інвэстарамі зьяўляюцца ЗША (17,1%), Нямеччына (16,2%), Нідэрлянды (13,4%), Вялікая Брытанія (6,6%), Кіпр (6,1%), Аўстрыя (3,8%).

Найбольшыя сумесныя прадпрыемствы займаюцца будаўніцтвам, вытворчасьцю электраізалятараў, выдавецкай справай і паліграфічнымі паслугамі, дрэваапрацоўкай і вытворчасьцю прадуктаў харчаваньня.

З прыбытку прадпрыемстваў у бюджэт Менскай вобласьці цяпер будуць адлічаць 1,5% на рамонт грамадзкага транспарту і 3,5% на разьвіцьцё сацыяльнай сфэры.

Падаражэлі на 4% цыгарэты Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі. А менскі “Тытунь-Інвэст” падвысіў цэны на 6%. Так што “Карона” будзе каштаваць ня менш за 464 рублі.

Беларускі энэргаблёк на расейскай АЭС — пад Смаленскам, Курскам або Цьвер’ю — хочуць збудаваць нашыя ўрадоўцы. Грошы яны спадзяюцца ўзяць з супольнага бюджэту Беларусі й Расеі. Але паколькі апошні збольшага сымбалічны, далей за няпэўныя пляны справа пакуль не ідзе. Між тым доля імпартовай электрычнасьці застаецца вялікай. Летась Беларусь купляла 25,3% ад усіх энэрганосьбітаў: 19,2% у Расеі і 6,1% у Літве. Запазычанасьць за іх цягам 2001 г. вырасла з 23,5 да 27 млн. даляраў.

З крадзяжом паліва ў саўгасах і калгасах Берасьцейшчыны змагаюцца арыгінальна. Аблвыканкам патрабуе, каб гаспадары, што маюць трактары ды грузавікі, бралі квітанцыі на аўтазапраўках, дзе набываюць бэнзын ці салярку.

Кіраўнік Нацбанку Пракаповіч паабяцаў, што пры канцы 2002 г. даляр не перакрочыць мяжы 1860 рублёў.

Сяржук Іваноўскі

Пяцідзёнкі ня будзе

Не пасьпелі школы Берасьцейшчыны перайсьці на пяцідзёнку, пра якую пісала “НН” у мінулым нумары, як зь Міністэрства адукацыі прыйшоў загад прыпыніць экспэрымэнт да пачатку новага навучальнага году.

Зьбіраюць подпісы
за Рахманька

Больш за тысячу подпісаў сабралі на Баранавіцкай філіі Беларускай чыгункі ў абарону былога міністра Віктара Рахманька. Цяпер падпісныя лісты накіруюць ці прэзыдэнту асабіста, ці прэм’ер-міністру. Падпісаліся нават манахі Жыровіцкага мужчынскага кляштару.

Руслан Равяка, Баранавічы

Крычаву вернуты герб

Крычаўскі райвыканкам зацьвердзіў герб Крычава, падораны яму яшчэ ў 1653 г. каралём Янам Казімірам: у чырвоным полі залаты каталіцкі крыж і срэбны меч. У першай палове 80-х у якасьці герба была зацьвержаная выява комінаў мясцовага цэмэнтнага заводу. Пры канцы 80-х іх зьмяніў палац князя Пацёмкіна, якому падаравала Крычаў у канцы XVIII ст. расейская імпэратрыца Кацярына ІІ. Зараз справядлівасьць адноўленая. Новы герб ужо зьявіўся на першай старонцы раёнкі “Ленінскі кліч”.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Мамы розныя бываюць

Жудасны выпадак адбыўся ў Астравецкай раённай больніцы. 23-гадовая мясцовая жыхарка знаходзілася на лячэньні з двума дзеткамі. Яна не паведаміла лекарам, што цяжарная трэцім, а тыя і не заўважылі. Жанчына нарадзіла неданошанае дзіця і, як непатрэбную рэч, выкінула на сьметнік. Міліцыя разьбірае гэты факт. Але людзкая дэградацыя відавочная і бязь сьледзтва.

Таварняком у Літву

Незвычайны спосаб трапіць у Літву выбраў 14-гадовы жыхар Украіны і ягоная 19-гадовая сяброўка. Яны паехалі туды са станцыі Маладэчна на счапным прыстасаваньні таварнага цягніка. У Гудагаі “салодкую парачку” заўважылі памежнікі. Юны турыст з абмаражэньнямі рук і ног апынуўся ў больніцы, ягоная сяброўка — у судзе.

М.В., Астравец

Самазванец у рызе

Суд Кастрычніцкага раёну Менску даў Аляксандру Сяргейчыку, жыхару Івацэвіччыны, 7,5 гадоў турмы за “махлярства ў асабліва вялікіх памерах”. Сяргейчык зьявіўся неяк у менскім НДІ траўматалёгіі і артапэдыі ў сьвятарскай рызе і прапанаваў паслугі па выгнаньні духаў з кабінэтаў супрацоўнікаў. Пасыпаліся замовы. Сьвятар лячыў ад суроку, выганяў з кватэраў чартоў, нават грашовыя банкноты ачышчаў ад “злога”. Зь цягам часу супрацоўнікі НДІ заўважылі, што малітвы не дапамагаюць, і зьвярнуліся ў пракуратуру.

Паводле Белорусской газеты

На “Гомсельмашы” загінуў рабочы

Пазаўчора ў досьледным цэху спэцыялізаванага канструктарскага бюро “Гомсельмашу” загінуў 40-гадовы рабочы. Крысо верхняй вопраткі (на прадпрыемстве вельмі халодна) трапіла ў барабан апрацоўчага станка і пацягнула за сабой чалавека.

Гомель уводзіць мыта

Шэсьць памежных з Украінай раёнаў Гомельшчыны ўводзяць мытны збор. Пераехаць беларускую мяжу на легкавіку будзе каштаваць 5 даляраў, на грузавіку — 10 даляраў. Мыт дасьць дадатковыя грошы раённым бюджэтам. А старшыня Гомельскага аблсавету Валеры Сяліцкі расцаніў увядзеньне мыту адмоўна: “Гэта не па-эўрапейску, не па-сучаснаму”.

Э.Л.

 

Машкевіч прыняў жонак зьніклых

Учора пасол Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч прыняў жонак зьніклых беларускіх палітыкаў. Яны перадалі ліст да Аляксандра Квасьнеўскага, у якім просяць польскага прэзыдэнта ўзьняць на сустрэчы з Пуціным пытаньне пра зьнікненьне ў Беларусі вядомых людзей.

Паводле “Ю.С.ньюс”

Менскага карэспандэнта НТВ могуць пазбавіць акрэдытацыі

Беларусь перадала ноту пратэсту расейскаму МЗС у сувязі з асьвятленьнем на НТВ арышту Міхаіла Лявонава. Карэспандэнт Павал Селін быў выкліканы ў МЗС, дзе яму былі выказаныя прэтэнзіі. Супрацоўнік прэсавай службы запатрабаваў ад карэспандэнта прабачэньняў “за зьнявагу народу Беларусі і ейнага прэзыдэнта”. Селін параўнаў арышты бізнэсоўцаў у Беларусі з фабуляй дэтэктыву Агаты Крысьці “Дзесяць негрыцянятаў”. Маўляў, усе 15 дэкляраваных прэзыдэнтам арыштаў ідуць па сьпісе.

Хвастоў ляціць да Кадафі

Дэлегацыя МЗС на чале зь міністрам Міхаілам Хвастовым 15—19 студзеня наведае Лібію, дзе адбудзецца першае пасяджэньне беларуска-лібійскай камісіі па эканамічным, гандлёвым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Уніяцкі сьвятар наведаў дысыдэнтаў

Пазаўчора Генадзя Самойленку і Ўладзімера Малея, што адбываюць 15 сутак арышту ў ізалятары Ленінскага РУУС Берасьця за ўдзел у “ланцугу неабыякавых людзей”, наведаў грэка-каталіцкі сьвятар — перадаў ім духоўную і сьвецкую літаратуру, а таксама калядны пірог. У камэры ён разам са зьняволенымі памаліўся.

Філарэт піша па-беларуску

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт папрасіў, каб ягоныя пасланьні нават у расейскамоўных газэтах друкаваліся выключна па-беларуску. Вось “Народная воля” надрукавала “Каляднае пасланьне”, а Советская Белоруссия “Ражджэственскае пасланьне”. А нібыта дзьвюхмоўная “Рэспубліка” не паслухалася Філарэта і зграшыла — надрукавала ягонае віншаваньне па-расейску.

Э.Л.

пацярпелыя за Беларусь

Завочна аштрафаваныя на 50 мінімальных заробкаў (за хуліганства) чатыры ўдзельнікі Маршу Свабоды 17 кастрычніка 1999 году – Герман Сушкевіч, Глеб Догіль, Андрэй Валабуеў, Антон Лазараў, якія зараз знаходзяцца ў Польшчы, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў. У Берасьці пазбаўлены пасады кіраўнік дзяржаўнай насеннай iнспэкцыі ў Берасьцейскiм раёне Георгі Руцкі, які зьяўляецца старшынём гарадзкой арганізацыі БСДП “Народная Грамада”. Гомельскі суд вырашыў сканфіскаваць на карысьць дзяржавы кампутарную тэхніку незалежнай арганізацыі “Гарт”, на якую не было належных дакумэнтаў. Кіраўнік арганізацыі Сяргей Адзінец аштрафаваны на мільён рублёў. Яны зьбіраюцца падаваць апэляцыю ў суд. За ўдзел у акцыі “ланцуг неабыякавых людзей”, што прайшла 9 сьнежня ў Берасьці, Сяргей Алексяевiч, Раiса Антанюк, Васiль Барболiн, Мiкалай Казiмiрчык, Сяргей Казлоў, Альжбэта Карпюк, Марыя Клiмовiч, Мiхаiл Мiкалаюк, Паліна Панасюк пакараныя штрафам 20 мiнiмальных заробкаў. Уладзімер Малей і Генадзь Самойленка атрымалi 15 сутак адмiнiстрацыйнага арышту. Магілёўскі суд пастанавіў сканфіскаваць на карысьць дзяржавы аргтэхніку абласной філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Віктар Шанцаў аштрафаваны на 100 мінімалак.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0