Лісты ў рэдакцыю

Калядны падарунак

Незвычайны падарунак беларускім хрысьціянам вырашылі зрабіць улады пад сьвята Божага Нараджэньня — зачынілі “Голас душы”. Белтэлерадыёкампанія пазбаўляе наш народ такой патрэбнай духоўнай падтрымкі. Карысьць радыёперадачы відавочная — гэта клопат аб хворых і тых, хто знаходзіцца ў зьняволеньні й фізычна ня можа наведваць храмы. Апошні этэр “Голасу душы” мы пачулі 30 сьнежня. Трэба, каб яе аднавілі!

Аляксей Каляда, Кунцаўшчына

Дапамажыце, добрыя людзі!

Я – інвалід зь дзяцінства. Маці й бацька памерлі. У мяне няма сродкаў на пакупку самага неабходнага: ежы, вопраткі, лекаў. Хаця й сорамна пра гэта прасіць, але прашу: дапамажыце мне, добрыя людзі, і вышліце для мяне паношаную вопратку й абутак (памер вопраткі 52, абутку летняга 42—43, зімовага 44, шапак – 59).

Мелюх Антон, вул.Камсамольская, дом 7. в.Багданаўка, Лунінецкі раён, Берасьцейская вобласьць, 225658.

На асобнай старонцы

Калі ўсё ж такі друкуеце праграму, то зрабіце, як “Пагоня” рабіла, на асобнай старонцы, каб можна было без шкадаваньня выкінуць, бо я зьбіраю “НН” у падшыўку. На халеру мне ў падшыўцы тая праграма? Беларусь зьмяняецца – няхай і “Наша Ніва” зьмяняецца, але ў лепшы бок.

Творчых посьпехаў Вам, шчасьця, здароўя і ўсяго найлепшага.

Пятро Дырында, Вялікае Сяло (Сьвіслаччына)

Ніякіх праграмаў!

Я катэгарычна супраць разьмяшчэньня праграмы тэлебачаньня ў Вашай газэце. Навошта? Цяперака ў кожнай газэце ёсьць гэтая праграма. Таму калі яна камусьці патрэбная, ён яе знойдзе. “НН” не таго кшталту газэта, каб выкідаць цэлы аркуш на гэтую справу. Лепш разьмясьціць тамака якую-небудзь размову з чалавекам, надрукаваць цікавыя лісты чытачоў. Будзе больш карысьці ўсім. Таму, калі ў Вас ёсьць магчымасьць, улічыце і мой голас. Ніякіх праграмаў!

Сяржук, Менск

Каляднае пасланьне айца Івана (Спасюка)

Паважаныя браты, сёстры, любыя сэрцу беларусы!

Напярэдадні Вялікага сьвята Нараджэньня Хрыстовага дазвольце павіншаваць вас і вашых блізкіх з гэтым сьвятам.

Сёньня нашыя малітвы радасныя і перадсьвяточныя. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква моліцца, каб Госпад сагрэў цяплом нашыя дамы, умацаваў нашае здароўе, вылячыў нашыя спустошаныя душы. Няхай з Нараджэньнем Хрыстовым у душы кожнага з нас народзіцца любоў і мір — царкоўны, нацыянальны й сямейны. Сапраўды, хто мае ў душы любоў, той сам робіцца чалавекам праўды і справядлівасьці. На жаль, у наш час людзі зьбіраюць матэрыяльныя багацьці, а не духоўныя спажыткі. Нават хрысьціянін, што прыняў сьвяты хрост і даў зарок жыць па запаветах Божых, часта не выконвае свайго прызначэньня. Нараджэньне Хрыстова дае магчымасьць бачыць Бога ў сьвятле дабрыні, мудрасьці і вечнасьці. Няхай Госпад схіліць нас да хрысьціянскай любові, еднасьці й міру. На гэтым шляху няхай Бэтлеемская зорка асьветліць наш розум. У гэтыя перадсьвяточныя дні Нараджэньня Хрыстова сардэчна вітаю Вас, дарагія браты й сёстры, зь Вялікім сьвятам і Новым 2002 годам.

Віншую са сьвятам усіх нашых землякоў-беларусаў, па ўсім сьвеце раскіданых. Ад шчырага сэрца вітаю з Нараджэньнем Хрыстовым нашага прэзыдэнта Аляксандра Лукашенку і малітоўна прашу ў Бога яму дапамогі, каб ён апраўдаў давер беларускага народу й вывеў беларускую дзяржаву на эўрапейскі шлях разьвіцьця. Віншую са сьвятам урад, усіх правіцеляў нашых і Беларускае войска.

Праслаўляючы Нараджэньне Хрыстова, дзякуйма Яму за ўсе ягоныя добрыя дзеі, за радасьць і смутак. Няхай Госпад будзе літасьцівы да нас у выпрабаваньнях нашай веры і любові і пранясе міма нас чашу гневу Свайго за грахі і беззаконьні нашыя.

Няхай дабраславеньне Божае перабывае зь Беларусяй і народам яе.

Ласка Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з усімі намі.

Хрыстос нарадзіўся!

Слаўма яго!

Пратаярэй Ян Спасюк


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0