у Міністэрстве замежных справаў

Drang nach Osten

Дзяржава не стамляецца рэфармаваць Міністэрства замежных справаў. Указам прэзыдэнта ад 26 верасьня частка функцыяў МЗС у галіне замежнаэканамічнай дзейнасьці перададзеная міністэрствам эканомікі й гандлю. Туды ж перавялі і частку пэрсаналу МЗС, што займалася гэтымі пытаньнямі. У выніку пераводу ў іншыя міністэрствы і скарачэньня ў цэнтральным апараце МЗС стала на 61 супрацоўніка меней – цяпер там працуюць 349 чалавек.

 

Значна зьменшыліся дэпартамэнты, адказныя за эўрапейскія справы. Супрацоўнікаў адтуль “перакінулі” на Азію, Афрыку, СНД альбо скарацілі. Зьменшылі і колькасьць структурных частак міністэрства — іх стала 25 замест ранейшых 34. Праўда, утварыліся тры новыя дэпартамэнты: Каардынацыі замежнааэканамічнай дзейнасьці, Эўропы і эўрапейскай інтэграцыі, Арганізацыйнай работы і дакумэнтацыі. Менш стала і намесьнікаў у Хвастова — чатыры замест колішніх сямі.

Мінулы год быў ня дужа ўдалы для Міністэрства замежных справаў. Замежнагандлёвы абарот істотна скараціўся. Менавіта гэта падштурхоўвала да зьменаў. Чамусьці палічылі, што найбольш пэрспэктываў для росту мае афрыканскі і азіяцкі кірунак.

За 9 месяцаў 2001 г. таваразварот з краінамі Азіі і Афрыкі склаў толькі 566 млн. даляраў ЗША (гэта на 104 млн. даляраў, або на 16%, менш, чым у 2000 г.). Наш экспарт на гэтыя два кантынэнты склаў 403 млн. даляраў і паменшыўся ў параўнаньні з 2000 г. на 43 млн. (або на 10%), а імпарт паменшыўся на 61 млн. (27%) і склаў 163 млн. даляраў.

У той самы час станоўчае сальда замежнага гандлю з усходнімі краінамі склала 240 млн. даляраў, павялічыўшыся ў параўнаньні з 2000 г. на 18 млн. (або 8%). Доля краінаў Азіі (безь дзяржаваў СНД і Турэччыны) і Афрыкі ў таваразвароце Беларусі з замежжам складае 11,7%: 14,5% у экспарце й 7,7% — у імпарце. Зьніжэньне паказьнікаў беларускага тавараабароту з Усходам спрычыненае шэрагам чыньнікаў. Па-першае, зьмяншэньнем экспарту калійных угнаеньняў у Кітай, Віетнам, Японію і ПАР. Па-другое, зьніжэньнем попыту на аўтадарожную тэхніку і прадукцыю буйнога машынабудаваньня ў Віетнаме. Па-трэцяе, ростам канкурэнцыі з боку мясцовых вытворцаў, буйных заходніх кампаніяў і транснацыянальных карпарацыяў.

Зь іншага боку, значна ажывіўся наш экспарт у ААЭ, Індыю, Ірак, Эгіпэт і Іран, пашырыўся гандаль з Ізраілем і ПАР. Беларусы арганізоўваюць супольную вытворчасьць колавых цягачоў у Кітаі, ствараюць зборачныя лініі па вытворчасьці матацыклаў у Віетнаме (хутка, відаць, і ў Віетнаме, як цяпер у Паўночнай Карэі, слова “Мінск” будзе сынонімам слова “матацыкл”), будуюць супольныя прадпрыемствы па вытворчасьці “МАЗаў” і “МТЗ” у Эгіпце. У краіны Азіі і Афрыкі мы можам прадаваць грузавікі, абсталяваньне для нафтаздабыўной і перапрацоўчай прамысловасьці, трактары, іншую сельскагаспадарчую тэхніку, высокадакладныя прыборы, радыётэхніку й электроніку, оптыку, лядоўні, будматэрыялы і прадукты дрэваапрацоўкі.

У МЗС аптымістычна ацэньваюць пэрспэктывы беларускіх стасункаў з Усходам ды абяцаюць разьвіваць супрацоўніцтва з краінамі Азіі і Афрыкі — як праз кантакты з пэўнымі краінамі, так і ў рамках міжнародных арганізацыяў. Дасягненьні ўжо ёсьць — у 2001 г. Беларусь атрымала статус назіральніка ў Лізе арабскіх дзяржаў.

У афраазіяцкім рэгіёне 91 дзяржава. Беларусь мае зараз дыпляматычныя стасункі з 59-цю. Каб гандаль ішоў байчэй, трэба мець больш прадстаўніцтваў у розных краінах, лічаць у беларускім МЗС. Летась нашая краіна ўсталявала дыпляматычныя стасункі з Маляві, Бэнінам, Чадам, Наўру, Сан-Тамэ і Прынсыпі ды Сэйшэльскімі астравамі. Сёлета беларускі МЗС плянуе наладзіць дыпляматычныя стасункі з Тога, Лібэрыяй, Сэнэгалам, Самалі, Руандай, Гамбіяй, Маўрытаніяй, Сіера-Леонэ і Рэспублікай Конга. У рэгіёне 13 беларускіх пасольстваў: у Кітаі, Віетнаме, Эгіпце, Ізраілі, Індыі, Іраку, Іране, Паўднёвай Карэі, Лібіі, ААЭ, Сырыі, ПАР, Японіі. У Менску ёсьць пасольствы КНР, Індыі, Іраку, Ірану, Японіі, гандлёвае прадстаўніцтва КНДР.

Нашае МЗС шукае партнэраў і ў Лацінскай Амэрыцы. Аб’ём нашага таваразвароту зь ёй за 10 месяцаў мінулага году склаў 245 млн. даляраў. Усьлед за пасольствамі ў Аргентыне і на Кубе месяц таму адчынілася Генэральнае консульства Беларусі ў Рыё-дэ-Жанэйра. Аб’ём гандлю паміж Беларусяй і Бразыліяй за 10 месяцаў 2001 г. перавысіў 130 мільёнаў даляраў (53% ад агульнага таваразвароту з Лацінскай Амэрыкай). У параўнаньні зь мінулым годам ён павялічыўся на 32%, прычым вырас як экспарт, так і імпарт.

Язапат Змысла


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0