будучыня беларускай апазыцыі

За нашу і вашу чарку і скварку!

Калі я надоечы патэлефанаваў знаёмаму і, між іншым, даведаўся, што ён зьбіраецца на чарговы сэмінар па выбарах, я толькі з павагі да кадэбістаў, якія маўкліва прысутнічалі пры размове, стрымаўся, каб не мацюкнуцца. Я сказаў яму, што сёньня мара пра выбары ў Беларусі — гэта мара акварыюмнай рыбкі пра свабоду, якую яна бачыць праз шкло. Калі не лічыць прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г., беларусы цэлае ХХ ст. ніводнага разу ня бачылі нармалёвых выбараў. Ці ж гэта не трагедыя народу?! Ці ж выпадкова слова “выбары” стала выцясьняцца словам “галасаваньне” — зьнікала само разуменьне выбараў як “выбару”.

Ні пра якія “чэсныя” выбары нам, беларускім нацыяналістам, марыць не даводзіцца. Рэжым нас не дапусьціць на гарматны стрэл ня тое што да дэпутацтва, нават да просьценькіх выбарчых камісіяў. Ужо ў 1995 г. апазыцыянэраў вышчыпалі як дзеўка бровы — каму не хапіла да перамогі 10 галасоў, каму 15. Пра якія “выбары” можна казаць, калі мясцовая ўлада сваёю пасадаю — чытай сваім кашальком — адказвае за тое, каб ніводзін чужы не прайшоў.

Сёньня кожны начальнік, юрыдычна ня маючы прыватнай уласнасьці, мае ў няпоснае кармленьне хто завод, хто кантору, хто пасаду. Ім перадзел улады абсалютна не патрэбны. Яны згадзіліся б на тое, што завецца “дэмакратычная гульня”, але як прайграюць, з чаго карміцца? Таму найлепшы варыянт — акапацца жалезабэтонным бункерам і нікога не падпускаць. Рэжыму гэта гарантуе пажыцьцёвае існаваньне праз салідарызацыю клану агульнай кармавой базай. Як толькі хтосьці зь іхняга клану нашкодзіць, адразу дэманстрацыйна адхіляецца часова ці назусім ад магчымасьці дарма эксплюатаваць народ — хто ад заводу, хто ад чыгункі, хто ад пасады. Ня думаю, што кожны, хто сёньня слугуе рэжыму з-за магчымасьці карміцца з агульных ночваў, і слугуе, і корміцца з задавальненьнем. Але што і як тамака? Бункер…

Бачачы маразм нашага існаваньня, апазыцыянэры як сьлед ня выведалі, як і што, хутчэй памчалі насустрач сьветлай будучыні, думаючы, што і народ папрэцца за імі. Дый атрымалі адзіноту бегуна-маратонца і ў лыч. Нам найперш трэба дасьледаваць Беларусь, тады і можна нешта плянаваць. Апазыцыя робіць усё хаатычна, хапаецца. Прыкладна гэтак я сказаў майму знаёмаму. Ён параіў мне пачытаць арыкул Алеся Чобата ў “НН”.

Я прачытаў. Карысны артыкул. Дзякуй хоць палякам, што яны нас вывучаюць. Хоць найлепей, каб гэтым займаліся мы самі. На маё вялікае перакананьне, беларускую фармальную апазыцыю трэба паважаць і падказваць ёй, а не рабіць зь яе хлопчыка для біцьця. У нас на ўсіх адзін лупцоўшчык — Лукаш.

Беларускую фармальную апазыцыю вінавацяць у слабасьці і неэфэктыўнасьці. Згодны. Але, спадарове, пакажыце мне “правільную” апазыцыю на абшарах былой імпэрыі ліха. (Пакінем убаку балтыйскія краіны, гэта асобнае пытаньне.) Усюды пры ўладзе кадэбісцка-дыктатарскія рэжымы. Дзе больш жорсткія, дзе менш.

Дый скуль было ўзяцца “правільнай” апазыцыі, правільным палітычным лідэрам, калі ў нас наагул не было аніякага палітычнага жыцьця? Я сам, прадукт каляніяльнай савецкай школы, спазнаў гісторыю Бацькаўшчыны толькі ў сорак гадоў і быў шакаваны яе багацьцем і трагізмам. У 70-я мяне цягалі на гутаркі ў КГБ толькі за тое, што я быў сынам баптыстаў і настаўнікам замежнай мовы. Проста так, як яны казалі, для прафіляктыкі. На мяне траціліся грошы і высілкі сэксотаў — яны самі мне прызнаваліся. І на каго? На простага бяскрыўднага настаўніка. Што казаць пра магчымасьці нейкай аганізаванай апазыцыі! Зараз мы амаль у тым самым стане. Існаваньне апазыцыі сёньня — гэта несумненнае дасягненьне нашай нацыі, як бы мы ні характарызавалі яе. З царства рабства адразу скочыць у царства свабоды не ўдалося нікому. Я разумею адчай добрага нацыяналіста, які бачыць, як электрычка часу сыходзіць, а мы так і засталіся з клункамі праблемаў на пэроне.

Дык што ж рабіць? У якім месцы рваць заганнае кола? На маю думку, трэба грунутоўна cognoscere se ipsum, знайсьці моцныя бакі ў сябе і слабыя ў рэжыму і працягваць бурыць. А тое, што час і абставіны на нашым баку, не падлягае сумненьню. Трэба апазыцыйна размнажацца.

Трэба дасьледаваць рэжым, ягоны апарат, дасьледаваць розныя пласты грамадзтва (уяўляеце кнігу кшталту “Жыцьцё на мінным полі. Таямніцы шклоўска-менскага двара”!), трэба, урэшце, мець нейкі фармальны плян дзеяньняў на паўгоду, на год.

Расказваў мне прыяцель, які служыў у войску ў Горадні, хлопцы-летувісы, пазнаўшы ў ім свайго, антыкамуніста, запрашалі да сябе: “Прыяжджай, Саша, мы камуністам кожны тыдзень гадасьці робім”. Прыйшоў час — і гэты штодзённы трэнінг прывёў летувісаў да волі. Нам ёсьць дзе трэніравацца, халера на яго!

Не адмаўляючыся ад выбарчай барацьбы, трэба актыўней падымаць ральлю на новых лядах. Улетку на канікулах не павінна быць безнаглядных падлеткаў у гаражох. Падрастаючаму пакаленьню — асаблівую партыйную ўвагу. І тады мы скуем чалавека новага тыпу, Himmeldonnerwetter!

Я пагаджуся са сп.Чобатам: “Скажы мне, якая ў цябе апазыцыя, і я скажу, які ты”.

Калі ёсьць грошы, дык мо ня варта цалкам марнаваць іх на перадвыбарную макулятуру дзеля віртуальных выбараў? Лепей пусьціць іх на стварэньне й падтрымку якаснай прэсы, пераклад і друк разумных кніжак, складаньне і выданьне слоўнікаў — нічога ж няма! — напісаньне і выданьне праўдзівай гісторыі Бацькаўшчыны, друкаваньне вынікаў сацыяльных дасьледаваньняў, стварэньне беларускіх фільмаў, набыцьцё бяскрыўдных балёнчыкаў з фарбаю. Усё для маладога пакаленьня! Чым бы дзіця ні цешылася, абы для дэмакратыі. Вось тады і будзе ў нас файная апазыцыя.

Niccolo Insegnante-Contadino


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0