Доля

 

У люстэрку самагубстваў

А ці добра мы жывем? “Сьмешнае пытаньне”— скажуць пэсымісты. “Вядома, добра!”— скажа БТ. “А вунь тыя — яшчэ горш”, — знойдуцца аптымісты. Але ёсьць рэчы, якія сьведчаць пра нашае жыцьцё лепш за эканамічныя разьлікі ды суб’ектыўныя назіраньні. Гэта звычайная сьмерць і асабліва сьмерць па ўласнай волі, ці па-навуковаму — суіцыд. Узровень самагубстваў залежыць ад нацыянальных, кліматычных і біялягічных асаблівасьцяў. Рэкардсмэны тут вугорцы, даволі высокі ўзровень і ў краінах Скандынавіі. Сярод многіх прычынаў, што ўплываюць на рост колькасьці суіцыдаў, на першым месцы стаяць сацыяльныя.

Статыстыка самагубстваў у Беларусі паказвае, што найбольш іх было ў 1987—88 г., а пасьля — у сярэдзіне 90-х. Цяпер захоўваецца стабільна высокі паказьнік — 35 выпадкаў на 100 тыс. чалавек. За 1987—96 г. колькасьць суіцыдаў вырасла амаль у два разы, што можна патлумачыць станам грамадзтва: з аднаго боку вялікія надзеі, энтузіязм і нават эўфарыя канца 80-х, а з другога — расчараваньне і дэпрэсія сярэдзіны 90-х, вяршыняй якой быў другі рэфэрэндум. Калі ўлічыць, што эканамічны спад пасьля 96-га быў пераадолены, пік той тлумачыцца, бадай, толькі палітычнымі падзеямі. Сьведчыць пра гэта і найбольшы ўзровень суіцыдаў у той год сярод мужчын, бо менавіта яны, а не жанчыны, мацней заангажаваныя ў палітыку. Увогуле, беларускія мужчыны робяць сабе сьмерць у 6 разоў часьцей за жанчынаў, на што ёсьць розныя прычыны. Па-першае, мужчыны менш інтэграваныя ў грамадзтва, менш абцяжараныя дзецьмі, бацькамі ды іншымі сваяцкімі абавязкамі, лягчэй зьмяняюць працу й месца жыхарства, хутчэй могуць згубіць сацыяльны статус. Па-другое, яны часьцей злоўжываюць алькаголем, а гэта вельмі істотны фактар суіцыдальнай актыўнасьці. Па-трэцяе, мужчыны — больш рухомая і агрэсіўная частка грамадзтва, а паколькі сярод беларусаў распаўсюджаны інтравэртыўны тып, то часта гэтая агрэсія скіроўваецца ня вонкі, а на сябе. Залежыць узровень самагубстваў і ад веку: сярод мужчынаў найбольш самагубцаў у веку 50—59 гадоў, сярод жанчынаў — у асяродзьдзі тых, каму за 70. Апошняе сьведчыць пра большы прагматызм нашых жанчынаў, для якіх суіцыд часта замяняе сабой эўтаназію — выратаваньне ад такой невылечнай “хваробы”, як самотная старасьць.

Рознымі спосабамі сыходзяць з жыцьця: моцны пол часьцей вешаецца, страляецца, рэжацца, слабы — аддае перавагу атручваньню і падзеньню з вышыні. Вядома, вялікая частка самагубстваў зьдзяйсьняецца псыхічна хворымі, аднак спэцыялісты лічаць, што ў Беларусі прыкметнага росту псыхічных захворваньняў у 90-х не адбылося. Назіраўся толькі пад’ём наркаманіі і алькагалізацыя, што ў значнай меры і паўплывала на суіцыдальную актыўнасьць.

Яшчэ ў мінулым стагодзьдзі было даказана, што эканамічная і псыхапаталягічная дэпрэсіі (а разам з тым і рост суіцыдаў) у любым грамадзтве ўзаемазьвязаныя. Выклікаюць суіцыды і такія зьявы, як пачуцьцё безнадзейнасьці, бездапаможнасьці і няшчасьця, імпульсіўнасьць, накапленьне агрэсіі і зварот яе супраць сябе (па схеме “пачуцьцё віны — самапакараньне”), зьбядненьне міжасабовых адносінаў і сьвету каштоўнасьцяў, а таксама раньняя страта бацькоў, выхаваньне ва ўмовах маральнага гнёту, фізычнага і сэксуальнага гвалту. Сёньня ў Беларусі ўсё гэта мае тэндэнцыю да пашырэньня, што таксама не дазваляе будаваць задужа аптымістычных прагнозаў.

Самагубствы — бяда ня толькі беларуская. Па іх колькасьці сярод краінаў былога СССР мы стаім (зьвесткі 1998 г.) на пятым месцы пасьля Расеі і краінаў Балтыі.

На пытаньне “Як мы жывем?” тыя тры з паловай тысячы чалавек, што добраахвотна сышлі з жыцьця за мінулы год, ужо адказалі. Але ў 10 разоў больш людзей, якія спрабавалі зрабіць гэты фатальны крок (на шчасьце, пакуль няўдала), могуць яшчэ нешта зьмяніць і паправіць у сваім жыцьці. Нехта зь іх, напэўна, ёсьць і побач з вамі. Будзьце ўважлівыя, цярплівыя і добразычлівыя, ня дайце парвацца той апошняй нітачцы, што трымае іх у гэтым сьвеце і, магчыма, знаходзіцца ў вашых руках.

Васіль Аўраменка, Магілёў

 

Дзевяцёх зь дзесяці ратуюць

Беларусь разам з Вугоршчынай, Прыбалтыкай, Скандынавіяй ды Расеяй уваходзіць у групу краінаў са звышвысокай колькасьцю суіцыдаў. Штогод у нас спрабуюць самахоць пайсьці з жыцьця каля 30 тыс. чалавек. Атрымліваецца не ва ўсіх — на адзін завершаны суіцыд прыпадае 8—9 незавершаных. Мэдыкі называюць няўдалыя спробы загубіць сябе парасуіцыдамі. Кожны сёмы выратаваны самагубца зноўку паўтарае тое самае. Як сьведчыць статыстыка, штогод у нас зьдзяйсьняецца прыкладна на 200 спробаў самагубства болей. У беларускай структуры сьмяротнасьці гібель ад самазабойстваў знаходзіцца ўжо на трэцім месцы, пасьля сардэчна-сасудзістых і ракавых захворваньняў. Кожны трэці з тых, хто ляжыць у беларускіх больніцах пасьля сур’ёзных атручэньняў — няўдалы самагубца. Нават калі ахвотных у гэткі спосаб разьвітацца з жыцьцём адкачваюць, шмат хто зь іх застаецца інвалідам — зь язвай страўніка ці цырозам пячонкі. Найбольш схільныя да парасуіцыдаў людзі да 30 гадоў. Часта гэта дэманстрацыйнае эпатажнае самазабойства — у адказ на адмову бацькоў купіць матацыкл ці магнітафон або з-за нешчасьлівага каханьня. Паводле статыстыкі, жанчыны чыняць парасуіцыды ўдвая часьцей, чым мужчыны. Больш за ўсё парасуіцыднікаў сярод рабочых, навучэнцаў ПТВ і тэхнікумаў, а таксама сярод беспрацоўных, найменш — сярод асобаў з вышэйшай адукацыяй і інвалідаў.

Ігнат Чакацкі

 

Гісторыя самагубстваў

Чарвякоў, Жылуновіч, Адамовіч, Галадзед, Ігнатоўскі — усе бацькі БССР скончылі жыцьцё самагубствам

У Беларусі XVII—XIX ст. людзі баяліся суіцыду, баяліся граху, баяліся быць пахаваным за могілкамі, не як усе. Трэ было мець грамадзянскі запал Ігната Грынявіцкага, які ведаў, на што ішоў, кідаючы бомбу ў цара Аляксандра ў адплату за Кастуся Каліноўскага.

 

20 красавіка 1910 г. зрабіў сабе сьмерць беларускі публіцыст, крытык, “нашанівец” Сяргей Палуян. Яму не было і 20-ці.

У пачатку 20-х добраахвотна разьвітаўся з жыцьцём адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня Юльлян Сасноўскі. Змучыла яго нішчымнае жыцьцё ў Заходняй Беларусі.

Забівалі сябе нават сьвятары. У 1928 г. за прапаганду беларускай мовы ў касьцёле пазбавілі парафіі кс.Францішка Рамейку, які служыў у Шарашове (Дзісеншчына). Тры гады ксёндз безвынікова спрабаваў аднавіцца, аднак кіраўніцтва Віленскай дыяцэзіі было непахіснае. 16 чэрвеня 1931 г. Рамейка прыехаў у Вільню, у госьці да а.Адама Станкевіча. Таго не было ў хаце, і гаспадыня прапанавала пачакаць яго ў кабінэце. Рамейка знайшоў там рэвальвэр і застрэліўся. Пахавалі 46-гадовага ксяндза на віленскіх Бэрнардынскіх могілках.

У савецкай Беларусі самагубстваў было больш, бо ў Бога тут ня верылі. 7 траўня 1925 г. у менскай турме зрабіў сабе сьмерць тэрарыст-эсэр Барыс Савінкаў.

У 1929 г. спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам Янка Купала, якому “шылі” кіраўніцтва “Саюзам вызваленьня Беларусі”. Паэта адратавалі. Усевалад Ігнатоўскі тады казаў Купалу: “Табе Янка, трэба жыць, ты ў нас адзін”. Сам Ігнатоўскі застрэліўся 4 лютага 1931 г. у сябе ў хаце пасьля чарговага допыту ў НКВД. Сьледам за ім зрабілі сабе сьмерць амаль усе бацькі БССР. 11 красавіка 1937 г. у Магілёўскай псыхіятрычнай лякарні скончыў жыцьцё самагубствам рэпрэсаваны Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч). 16 чэрвеня 1937 г. падчас 16-га зьезду КП(б)Б першы сакратар Васіль Шаранговіч абвінаваціў старшыню ЦВК БССР Алеся Чарвякова ў шкодніцтве. Чарвякоў пайшоў у свой кабінэт, сеў за рабочы стол і застрэліўся. У цягніку Ўладзівасток—Масква 22 красавіка 1937 г. застрэліўся былы старшыня СНК БССР Язэп Адамовіч, дырэктар цукразаводу на Камчатцы. Адамовіча нечакана выклікалі ў Маскву. Ён цудоўна разумеў, што выклік азначае расстрэл.

Ня вытрымаўшы допытаў, 21 чэрвеня 1937 г. выкінуўся з акна 5-га паверху будынку НКВД Мікалай Галадзед, старшыня СНК БССР у 1927—1937 г.

У 1946 г. у менскай турме скончыў жыцьцё самагубствам доктар філязофіі Францішак Грышкевіч, апошні дырэктар Віленскай беларускай гімназіі.

У жніўні 1955 г. на хутары пад Паставамі застрэліўся апошні беларускі партызан Аўген Жыхар, каб ня здацца чэкістам.

У 1981 г. студэнты-філёзафы БДУ зьбіралі подпісы за акадэмічныя свабоды ва ўнівэрсытэце. Пад лістом падпісаліся каля 50 чалавек. Кіраўніцтва факультэту расцаніла гэта як нефармальны бунт. Арганізатараў акцыі выключылі з унівэрсытэту. Студэнт А.Малашчук пасьля няўдалых спробаў узнавіцца скончыў жыцьцё самагубствам, выкінуўшыся з вакна 6-га паверху галоўнага корпусу БДУ. На акт суіцыду ён паклікаў знаёмых і сяброў.

28 жніўня 1961 г. у францускім горадзе Кане выкінуўся з вакна 5 паверху пісьменьнік і рэдактар часопісу “Бярозка” Ўсевалад Краўчанка, які быў у Францыі ў складзе дэлегацыі беларускіх пісьменьнікаў. Прычыны ягонага самагубства невядомыя.

24 студзеня 1952 г. у Мэльбурне (Аўстралія) пайшоў з жыцьця Сьцяпан Шнэк (псэўд. Янка Нясьцерпны), палкоўнік БКА. Перад гэтым ён зьбіў жонку, якая ў цяжкім стане трапіла ў шпіталь. Ад сораму, відаць, Сьцяпан Шнэк павесіўся.

Шмат якія сьмерці ахутаныя таямніцай. Ці па сваёй волі зваліўся ў лесьвічны пралёт Янка Купала? Самахоць ці выпадкова забіўся паэт Рыгор Семашкевіч, якога знайшлі ўранку пад уласным бальконам (1982)? Ці была самагубствам сьмерць паэткі Яўгеніі Янішчыц (1988)? А літаратуразнаўцу Міколу Прашковіча (1982), мастака Лявона Баразну (1972) зьнішчыла КДБ ці няшчасныя выпадкі? На гэтыя пытаньні цяжка адказаць адназначна. Адказы некалі знойдуцца ў архівах сакрэтных службаў.

Э.Л.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0