Сучасныя сагі

Станцыя

Станцыя наша ня надта вялікая. Аднак на ёй спыняліся ўсе чыста пасажырскія цягнікі. Браць яны нікагуські ня бралі, ды ўсё ж зь некаторых вагонаў высоўваліся правадніцы зь ліхтарыкамі. З гэтае аказіі сталі карыстаць тутэйшыя заблудоны. Ледзьве правадніца выткнецца з вагону, яе мітулем хапалі ды цягнулі ў найбліжэйшую пякелку (дом распусты ў нас называлі словам, якое фіксуе і слоўнік Насовіча). З жанчынак багата згаворлівых ставала, усе былі задаволеныя й нікуды ня жаліліся. Ды аднойчы ўсяму курвельству гэтаму канец прыйшоў. Мужыкі нарваліся на чэсную дзевушку, якая заявіла ў міліцыю ды засадзіла колькі валачашчых за краты. Дый ці ня тым самым часам цягнікі ў нас перасталі спыняцца зусім. Але ж весела бывала на станцыі.

 

Заходзьце...

Стрэў я раз файную дзяўчынку, і мы адно аднаму спадабаліся. Пасьля кавярні пратусаваліся да яе дадому. Сямейка ейная кудысьці матлянулася на ўік-энд, і кватэра была цалкам у нашым распараджэньні. То ж мы не прамінулі зможнасьці нацешыцца сытуацыяй — кулдыкаліся ўсю ночку, толькі зорачкі ўваччу зіхацелі. Раным-рана я, як быў безь нічога, пайшоў у прыбіральню. Аж чую — званок у дзьверы, кватэра напаўняецца галасамі. Сяджу 5 хвілінаў. 10... 15... Галасы ня зьніклі. Я здолеў разабраць, што вярнуліся ня толькі бацькі дзяўчыны, а яшчэ бабуля зь дзядулькам і малодшая сястра. Надчэкваць далей не было клёпу, і я, незважаючы на сваю галізну, выйшаў да ўсёй сям’і, якая пачала высьвятляць прысутнасьць у доме чужых мужчынскіх рэчаў. Выйшаў я моўчкі з годна ўзьнятай галавою. Узяў найперш гадзіньнік і пачаў доўга й нудна яго надзяваць на руку. Сямейка анямела, і толькі тады, калі я завязаў шнуркі і пасунуўся да выхаду, мама маёй каханкі прамовіла: “Заходзьце яшчэ, малады чалавек, будзем вельмі радыя”.

 

Крыўда

Варачаўся я неяк поначы дахаты. Іду пустою вуліцай, аж чую: паклаў мне хтосьці руку на плячо. Я абярнуўся й адразу атрымаў у морду, не пасьпеўшы разгледзець, ад каго. Ачомаўся толькі на сьвітаньні без абутку й яшчэ колькіх нятанных шмотак. Ды ня гэта мяне пакрыўдзіла, а тое, што паскуда гэная зрабіла свой удар негабляванай дошкаю. Мала што ўся пыса ў сіняччы была, дык яшчэ й стрэмкі зь яе выцягваць давялося. Гіцаль...

 

Адлятаю-таю

Калі я служыў пад Менскам, былі ў мяне два “дзяды” цікавыя. Як надаралася жаданьне пакінуць рэчаіснасьць, а гарэлкі “духі” дастаць не маглі, яны гатавалі адмысловыя бутэрбродзікі. Скібкі батону мазалі крэмам для абутку, сушылі на сонейку, страсалі чарнату й спажывалі. “Адляталі” “дзяды” ад такога ласунку ўмэнт, а нам даводзілася бегчы ў Менск па “дагонку”, бо нашыя праблемы іх пераставалі турбаваць.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0