Арышт Лявонава: афіцыйная вэрсія

“Справай Лявонава” праваахоўныя органы краіны займаюцца ўжо каля году. Спачатку расьсьледаваньне вёў 9-ы аддзел УКДБ па Менску і Менскай вобласьці, што адказвае за бясьпеку на транспарце. Пытаньні ўзьніклі зь перавозчыкамі, якія транспартавалі беларускія трактары за мяжу.

МТЗ экспартуе сваю прадукцыю ў дзясяткі краінаў, таму пытаньне зь перавозчыкамі для прадпрыемства — першачарговае. Фірмы-перавозчыкі ўсяго сьвету, у тым ліку чыгуначныя, аўтамабільныя і марскія, таксама ня супраць заключыць кантракты з найбуйнейшым прадпрыемствам краіны. Таму на МТЗ быў праведзены тэндэр на гэтыя кантракты. На думку праваахоўных органаў, перамаглі ня тыя фірмы, якія прапаноўвалі найбольш выгадныя для МТЗ умовы, а тыя, што пагадзіліся плаціць штомесячна хабар кіраўніцтву заводу. Пра гэта і стала вядома КДБ. І трактарны завод “узялі ў распрацоўку”.

У пракуратуры сьцьвярджаюць, нібыта на заводзе настолькі набраліся нахабства, што зьбіралі даніну амаль афіцыйна. Кожны месяц некалькі супрацоўнікаў аддзелу, што займаецца кантрактамі зь перавозчыкамі, бралі камандзіроўку і з валізкамі аб’яжджалі ўсіх-усенькіх дзелавых партнэраў. У канцы вандроўкі ў іх набіралася вялікая сума грошай. Колькі зь іх атрымліваў і ці атрымліваў увогуле непасрэдна Лявонаў, сьледзтва пакуль ня ведае.

Пасьля таго як супрацоўнікі 9-га аддзелу УКДБ па Менску і Менскай вобласьці раскрылі гэтую схему, справай занялася пракуратура Беларусі. Новыя эпізоды пачалі зьяўляцца так хутка, што нават спатрэбілася ўзмацніць сьледчую групу супрацоўнікамі ніжэйшых падразьдзяленьняў пракуратуры. Што канкрэтна маюць зараз на руках сьледчыя, у пракуратуры ня кажуць, але адназначна сьцьвярджаюць, што Лявонаў можа трапіць у турму. Па нашых зьвестках, зараз у справе налічваецца каля 15 эпізодаў, дзе фігуруюць сумы ў сотні тысячаў даляраў. Камітэт дзяржкантролю ўвогуле налічыў шкоды на 4 млн. даляраў, але яны, фігуральна кажучы, не дайшлі яшчэ да крымінальнай справы. Найбліжэйшым часам, паводле зьвестак з пракуратуры, пачнуцца чарговыя арышты па “справе Лявонава”. Іх будзе ня менш за пяць. Галоўнае для супрацоўнікаў КДБ — не ўпусьціць сваіх “кліентаў”. Бо ўцёкі Лявонава амаль атрымаліся. Уцёкамі яны называюць ягоную паездку ў Маскву.

За Лявонавым было ўсталяванае патаемнае вонкавае назіраньне. Яго “вялі” некалькі месяцаў, выяўлялі, з кім і калі ён сустракаецца й ці не зьбіраецца ўцячы за мяжу. На Каляды Міхаіл Лявонаў з чалавекам моцнага целаскладу, нібыта грамадзянінам Ізраілю, раптам паехаў на чыгуначны вакзал і сеў у маскоўскі цягнік. З той прычыны, што пра такую паездку дырэктара МТЗ супрацоўнікі КДБ ня ведалі, яны западозрылі, што Лявонаў з Масквы ў Беларусь болей ня вернецца. Але цяжкасьць была ў тым, што спэцслужбы не маглі арыштаваць дырэктара МТЗ бяз санкцыі пракурора. Пакуль санкцыю на арышт падпісаў адзін з намесьнікаў Шэймана, Лявонаў ужо пасьпеў пад’ехаць да Воршы.

У Воршы Лявонава затрымалі супрацоўнікі аддзелу транспартнай міліцыі, і толькі пасьля прыбылі прадстаўнікі КДБ. Транспартная міліцыя, звыклая лавіць толькі “зайцоў” ды дэбашыраў, быццам бы аказалася практычна не гатовая да затрыманьня такога важнага чалавека. Калі Лявонаў расправіў свае плечы і ў моцных выразах даў зразумець міліцыянтам, каго яны затрымалі, тыя ўвогуле перапалохаліся. Аднак затрыманых не адпусьцілі. Як расказваюць міліцыянты, калі камітэтчыкі паказалі дырэктару МТЗ свае пасьведчаньні і санкцыю на арышт, той адразу зьвяў, зьбялеў бялей сьнегу. Супрацоўнікі пракуратуры сьцьвярджаюць, што ў Лявонава знайшлі пашпарт зь ягоным фотаздымкам, але зусім іншымі імем і прозьвішчам. Менавіта гэты дакумэнт дае супрацоўнікам КДБ падставу думаць, што дырэктар заводу імкнуўся нелегальна пакінуць краіну.

Пакуль незразмела, хто той чалавек, які суправаджаў Лявонава падчас уцёкаў. Паводле адной інфармацыі, гэта ягоны асабісты целаахоўнік, якога дырэктар наняў пасьля няўдалага кантракту з чачэнцамі. Паводле другой — гісторыю з чачэнцамі прыдумаў сам Лявонаў, каб патлумачыць прысутнасьць пры ім ахоўніка. А той быў зусім не ахоўнікам, а правадніком, які павінен быў забясьпечыць выезд апальнага дырэктара за мяжу. Міхаілу Лявонаву можа быць прад’яўлена абвінавачаньне па арт.428 (“Службовая халатнасьць”) і арт.424 (“Злоўжываньне ўладай ці службовым становішчам”) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Паводле Белорусской деловой газеты

Арышт: вэрсія сям’і

Генэральны дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў, як паведамлялася, быў затрыманы 8 студзеня. У той самы дзень супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрусы ў ягонай кватэры, гаражы і на лецішчы. А 10 студзеня апісалі маёмасьць. Пры гэтым абвінавачаньне затрыманаму дагэтуль не прад’яўлена.

Жонка і адвакат М.Лявонава ў інтэрвію “Народнай волі” тлумачаць ад’езд Лявонава ў Маскву неабходнасьцю кансультацыі ў дактароў. Паводле іхных словаў, нібыта “падробныя дакумэнты”, зь якімі яго затрымалі, гэта ўсяго толькі білет на іншае імя, паколькі купляў яго ня сам Лявонаў, а шафёр ягонага сябра.

Алена Лявонава, жонка былога дырэктара, упэўненая ў невінаватасьці мужа. Паводле ейных словаў, Лявонаў, забываючы пра сям’ю, аддаваў працы ўвесь свой час, рабіў усё, каб сытуацыя на заводзе была спрыяльнай і людзям своечасова выплачваўся заробак. Завод няспынна правяралі розныя інстанцыі. Аднаго разу Лявонаў сказаў жонцы: “У гэтай краіне мне толькі дзьве дарогі — або ў турму, або на могілкі”.

Асабліва часта прыдзірацца пачалі пасьля таго, як перад выбарамі Міхаіла Лявонава згадалі ў ліку верагодных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі — людзей, якія сваім розумам і працай здолелі шмат чаго дасягнуць. Хоць, як сьцьвярджае Алена Лявонава, яе муж ніколі на гэтую пасаду не прэтэндаваў.

10 студзеня Лявонаву адмовілі ў вызваленьні пад падпіску аб нявыезьдзе. Намесьнік генпракурора паабяцаў паўторна разгледзець гэтае пытаньне празь сем дзён.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0