Памёр Алег Янчанка

Чалавек, які наноў адкрыў нам арган

Кампазытар, арганіст, пэдагог. Калярытная асоба, якую згадваюць у кожнай гутарцы пра музычны Менск 60-х.

13 красавіка 1963 г. урачыста адчынілася Канцэртная заля філярмоніі. У ёй усталявалі вялізны чэскі арган. Для менчукоў гэты інструмэнт быў дзівам: бальшавіцкая ўлада даўно ўжо паразьбівала арганы ў большасьці касьцёлаў. У Беларускай кансэрваторыі арганістаў тады не вучылі (дый цяпер ня вучаць). Таму напярэдадні першага канцэртнага сэзону, які распачаўся 21 верасьня 1963 г., прыбыў у Менск 24-гадовы пяцікурсьнік Маскоўскай кансэрваторыі Алег Янчанка. Малады арганіст зьдзіўляў навакольных сваімі музычнымі здольнасьцямі: ён лёгка чытаў зь ліста партытуру любой складанасьці — нават перакуленую дагары нагамі, музычныя ідэі нараджаліся ў ягонай галаве з імклівасьцю гейзэру.

У наступным 1964 г. Янчанка здабыў ганаровы дыплём на Міжнародным конкурсе арганістаў імя Баха ў Ляйпцыгу. Гэтую ўзнагароду ён атрымаў за сваю імправізацыю. Журы адзначыла відавочны талент канкурсанта і адначасова — недахоп прафэсіяналізму. Пры Саветах не было сапраўднай школы выкананьня барочнае музыкі. Самое барока лічылася “безыдэйным”, бо было прасякнутае інтымным адчуваньнем Бога. Тыя нямногія артысты, якія спрабавалі выконваць шэдэўры эўрапейскае музыкі XVI—XVIII ст., рабілі гэта навобмацак. Таму сябры ляйпцыгскага журы накіравалі Янчанку на “падвышэньне кваліфікацыі” — сьпярша ў Венскую акадэмію музыкі, а потым у Летнюю акадэмію арганістаў у Гарлеме (Нідэрлянды, 1966).

Адтуль ён вярнуўся зусім іншым чалавекам. У швэдры, з доўгімі валасамі, празь якія сьвяціла раньняя лысіна. Разьняволены, вясёлы, зусім не падобны на пахмурных і задуменных “парцейных” музыкаў. У ягонай галаве віравалі ідэі. Ён задумаў стварыць у Менску камэрны аркестар, хоць малыя смычковыя аркестры ў той час не былі яшчэ ў модзе, бо не прыдаваліся для выкананьня манумэнтальных твораў расейскае клясыкі ды цяжкаважных араторыяў у славу Леніна. У 1968 г. Янчанка ажыцьцявіў сваю задуму. Менскі камэрны аркестар пазьней зрабіўся Дзяржаўным камэрным аркестрам Беларусі.

Нават зьехаўшы зь Беларусі, Янчанка ніколі не разрываў сваіх сувязяў зь ёй. У 1983 г. быў адноўлены касьцёл Сьв.Роха на Залатой Горцы. Там усталявалі новы чэскі арган. Інструмэнт выявіўся наравістым, і менавіта Янчанка разам зь менскім арганным майстрам Станіславам Чарняўскім даводзіў яго да ладу. 1 чэрвеня 1983 г. у касьцёле адбыўся першы канцэрт. Сьпявала Ірына Архіпава, а Янчанка акампаніяваў ёй на аргане — ён знайшоў час прыехаць, хоць быў вельмі заняты ў Маскве: апрача сольных выступаў, складаньня музыкі й выкладчыцкае працы ў кансэрваторыі, ён кіраваў папулярным тады гуртом старадаўняе музыкі “Мадрыгал”.

Маскоўскія крытыкі ўпарта называлі Янчанку беларускім кампазытарам. Нездарма ж прэм’ера ягонай грандыёзнай сымфоніі “Слова пра паход Ігаравы” адбылася ў полацкай Сафіі. Гэтая сымфонія пісалася 10 гадоў, і пасьля прэм’еры кампазытар плакаў шчырымі дзіцячымі сьлязьмі. Іншая ягоная сымфонія “Белая Вежа” цалкам напісаная на беларускім народным матэрыяле. Гэты твор зь вялізным посьпехам гучаў і ў Менску. Менавіта Янчанка напісаў музыку да славутага фільму Элема Клімава “Ідзі і глядзі” паводле “Хатынскай аповесьці” Алеся Адамовіча…

Зусім нядаўна ў БДГ Расьціслаў Янкоўскі згадваў пра сваё сяброўства зь Янчанкам. Яны жылі ў суседніх кватэрах, побач жыў славуты беларускі фэхтавальшчык Аляксей Ніканчыкаў. Сябры часта зьбіраліся, прыходзіў і футбаліст Іван Савосьцікаў. Янчанка натхнёна граў на раялі, а ўлюбёным ягоным спортам было лазаньне па бальконах, даволі небясьпечнае, бо іхныя кватэры месьціліся на восьмым паверсе.

Цяпер пайшоў з жыцьця Аляксей Ніканчыкаў, ня стала Янчанкі… Свой чарговы канцэрт ён разам зь беларускім віялянчэлістам Алегам Алоўнікавым зьбіраўся даваць у Малой залі Маскоўскай кансэрваторыі 20 лютага… Але засталася памяць пра чалавека, які нанова адкрыў для нас прыгажосьць арганнага гуку.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0