Што думаў, тое й пісаў

Я, як беларус, маю права на спадчыну клясыкаў сваёй літаратуры і ўсё павінен зрабіць, каб акадэмічныя выданьні такіх творцаў, як Колас, Купала, Гарэцкі, Багдановіч і Гарун, у нас былі. А калі нехта зь нейкай нагоды не дае нам гэтага зрабіць, забараняе, хавае — значыць мы яшчэ ня спраўджаныя, як нацыя. Мы мусім усе змагацца за тое, каб спадчына нашай клясыкі была надрукаваная, ацэненая, асэнсаваная й мела шырокі розгалас. Спадчына належыць не спэцыялістам, якія вырашаюць лёс твору Багдановіча вельмі простым чынам — як цэнзура ў савецкія часы.

Калісьці выпадкова мне трапіў у рукі гэты дзёньнік. Я з нагоды 110-годзьдзя Багдановіча напісаў нататку ў газэту “Звязда”. Пасьля гэтага пайшоў у музэй Багдановіча, і мне паабяцалі, што аддадуць. А я паабяцаў, што арганізую публікацыю дзёньніка. Зьвярнуся да навукоўцаў — да Конана, Рагойшы, Грыцкевіча, Бяляцкага.

Гэты дзёньнік патрабуе камэнтароў, навуковай публікацыі. На сёньня ў музэі няма навукоўцаў адпаведнага ўзроўню, але ў музэя ёсьць амбіцыі мець першую публікацыю. Тут не супадаюць магчымасьці й рэальнасьць.

Раней ці пазьней дзёньнік будзе надрукаваны. Навукоўцы, людзі творчыя напішуць, асэнсуюць і зробяць публікацыю... Астраўцоў ці Акулін катэгарычна супраць друкаваньня дзёньніка. Але яны не спэцыялісты. Міхась Стральцоў, калі пісаў сваю “Загадку Багдановіча”, прыходзіў раіцца да Навуменкі — згадваць пра дзёньнік ці не? Тады Іван Навуменка сказаў, што нясвоечасова, цэнзура не пусьціла б. Гэта было рашэньне спэцыялістаў, якія адклалі адкрыцьцё на пэрспэктыву. Сёньня я ня бачу такіх спэцыялістаў у музэі. Калі я пытаўся ў супрацоўніц музэю, чаму не пускаюць дзёньніка ў друк, яны казалі: “Там ёсьць такія словы: “...У мяне ўстаў, і я пайшоў з прыўзьнятым...” Яны гэта лічаць амаральным, а я лічу, што гэта нармальна. Скажам, у цыкле вершаў Багдановіча “Сьмерць і Эрас” нашмат больш эратычнага й адкрытага.

А наконт таго, што сам аўтар не зьбіраўся публікаваць свой дзёньнік... Я ня думаю, што Гамэр зьбіраўся выдаваць у СССР “Іліяду”. Тое, што меркаваў аўтар, не заўсёды адпавядае рэальнасьці. Адзнакі, якія даюць нашчадкі, часам больш вартыя, чым аўтар дае сам сабе. Тым больш калі казаць за Багдановіча... Мяне зьдзіўляе, што нехта бярэцца казаць, што думаў Багдановіч, калі пісаў. Ён што думаў, тое й пісаў.

Адам Глёбус


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0