КУЛЬТУРА
Мастацтва як злачынства
У змрочных сутарэньнях Люўру, у самым сэрцы гэтага амаль тысячагадовага замку, адкрылася выстава “Мастацтва як злачынства”. Яна дае гледачам магчымасьць зазірнуць мастаку ў душу, пабачыць творы, пісаныя ім у хвіліны дэпрэсіі й расчараваньня, каб пазбыцца страху і ўнутранага хаосу. Каб потым вярнуцца да сваёй галоўнай працы.
На выставе мы сутыкаемся з падпольлем, з асабістым пеклам мастакоў. Сярод іншых там можна пабачыць гравюры паэта Ўільяма Блэйка, якія ён рабіў для сябе — не арыентуючыся на “спажыўца”. Блэйк прыдумаў новы сьвет, новую рэлігію й міталёгію, якімі натхняўся Мілаш, пішучы пра Зямлю Ульра, няплодную ды нялюдзкую. У гравюрах Блэйка відаць размах, гігантызм: аголены барадаты Госпад Бог, нібы Ньютан, стварае Зямлю, вызначаючы велізарным компасам ейнае месца ў космасе. Апакаліптычныя сцэны поўныя гіганцкіх постацяў з паэзіі Блэйка. Звар’яцелы Навухаданосар паўзе ў якойсьці бездані й паварочвае да гледача жахлівы твар. Гэтае пекла яшчэ лагоднае, інтэлектуальнае й эстэтычнае, узьнёслае ды мэлянхалійнае — яму далёка да іншых мастакоўскіх пеклаў (у літаратуры Сада, карцінах Гоі), якія спарадзіла мяжа XVIII i XIX ст.
Сам Гоя! На жаль, ягоных гравюраў тут мала, і яны ня самыя характэрныя. Перад намі адкрываецца ўнутраны сьвет кашмараў мастака, выкліканых перажытай вайной. Дый ня толькі ёй — на закасьцянелую, дзьвюхдушную й непрыхавана жорсткую гішпанскую рэчаіснасьць мастак таксама адклікаецца жудаснай галерэяй інквізытараў, судзьдзяў, зводніцаў, аслоў у сутанах.
Пры канцы Асьветніцтва разам з Францускай рэвалюцыяй зьявіўся новы тып маляваньня. Калі раней мастакі ў сваіх шэдэўрах імкнуліся адлюстраваць прыгажосьць сьвету, зямлі й жыцьця, дык у той час зьяўляецца мастацтва, што фіксуе трагічнасьць сьвету. Найбольш яскравы прыклад гэткага мастацтва — цыкль Гоі “Жахі вайны”. Гэты ўяўлены кашмар можна параўнаць хіба з карцінамі Гераніма Босха, дзе кашмар сну зьмешваецца зь нейкай ерэтычнай тэалёгіяй. Босх — вось сапраўдны ідэоляг плыні, сьціплая частка якой паказаная на выставе.
Найбольш на выставе твораў ня самага вядомага ў нас мастака-сымбаліста канца XIX — пачатку XX ст. Адылёна Рэдона. Апроч фантастычных, нечаканых па калярыстыцы карцінаў алеем, Рэдон маляваў для сябе жахлівыя рэчы. Велізарнае самотнае вока, нібы вока самога змрочнага лёсу, з поглядам, застылым... у пакутах? Ці ў абыякавасьці? Процьма жудасных павукоў, якія маюць на ножках невялікія чалавечыя твары зь неразгаданым выразам; адсечаная галава на п’едэстале… Чым кіраваўся Рэдон, малюючы гэта, — боязьзю, брыдкасьцю, маніяй мажлівага ператварэньня чалавека ў тое, найніжэйшае ды найбрыдчэйшае? Цяжка вызначыць. Раскошу барваў і мэтафараў Рэдон пакінуў для карцінаў, якія знаходзяць у Францыі безьліч прыхільнікаў сярод мастакоў і паэтаў.
Падчас прагляду экспазыцыі “Мастацтва як злачынства” найперш зважаеш на лягічную слабасьць слоўка “як”, што ня дужа сюды пасуе. Лепш было б назваць выставу “Мастацтва і кашмар” — кашмар гісторыі, кашмар душы. Мастацтва не спрабуе быць актыўна злачынным — яно натуе навакольныя жахі. Зазначым, што ў ранейшыя стагодзьдзі таксама былі хранікёры жудасьцяў, напрыклад графік Жак Калё. Але ягоная творчасьць — запіс фактаў, а не адкрыцьцё закуткоў мастакоўскае душы. XIX ст. шмат зьмяніла — і зьмяніла радыкальна. Першы раз — з дапамогай рамантыкаў, якія ігнаравалі грамадзкія табу й умоўнасьці, другі — за пасярэдніцтвам доктара Фройда, што прыслухаўся да чалавечае душы й адкрыў у ёй такія жахі, побач зь якімі блякне нават жудасьць вайны.
Паводле Gazety Wyborczej
бібліятэка
У Горадні напярэдаднi Новага году выйшаў лiтаратурна-мастацкi альманах “Нябёсны знак”, у якiм зьмешчаныя творы ажно 18-цi мясцовых паэтаў. Ягоныя аўтары 24 студзеня ладзяць ў Гарадзенскай абласной навуковай бiблiятэцы iмя Карскага прэзэнтацыю сваёй супольнай кніжкі.
Мне, як лiтаратару, якi мае нейкі досьвед прафэсiйнай працы, давялося зьдзейсьнiць гвалт над сабой, каб адужаць гэтую невялiчкую кнiжку. Бо да добрай паэзii прызвычайваешся, як да смачнай ежы. А калi зьясi нешта няякаснае, баранi бог каб не заляжалае ды стухлае, дык спазнаеш неверагодныя цялесныя пакуты.
Першае, што кiдаецца ў вочы, — гэта колькасныя суадносiны беларускамоўных i расейскамоўных тэкстаў. З усiх удзельнiкаў альманаху толькi шэсьць надрукавалi свае вершы па-беларуску, ня лiчачы Анатоля Апанасевiча, якi сьпярша заяўляе:
Разумею, што трэба мне, трэба
Напiсаць верш на мове сваёй.
Бо прад тым, як пачуць водар хлеба,
Перш я словы пачуў мовы той.
А пасьля забываецца на сваю дэклярацыю і астатнiя вершы друкуе выключна па-расейску. I выглядае як тая унтэрафiцэрская ўдава, што сама сябе высьцебала. Калi разумееш, што “трэба”, дык навошта здраджваць сумленьню?
Другое, на што зьвяртаеш увагу, — паважны век бальшынi аўтараў. Аўтары “Нябёснага знаку” крыху схiтравалi — адмыслова не падавалi датаў нараджэньня, але сваiх гадкоў ад чытачоў iм не схаваць. Вось, напрыклад, рэдактарка альманаху Марыя Шаўчонак надрукавала свой здымак з далёкiх студэнцкiх часоў. Чаго саромецца? Сьпявае ж пэнсiянэр Вахтанг Кiкабiдзэ “Мае гады — маё багацьце” i не саромеецца. Сапраўды маладых аўтараў у “Нябёсным знаку” толькi два — студэнт-пяцiкурсьнiк фiзыка-тэхнiчнага факультэту Гарадзенскага ўнiвэрсытэту Андрэй Гайса i дзесяцiклясьнiца Вольга Апон.
Між тым, скiдаць у адну кучу вершы аўтараў з розным жыцьцёвым досьведам i ўзроўнем паэтычнага майстэрства нельга. Бо нармальны адукаваны чытач ня здолее адэкватна ўспрыняць i асэнсаваць стылiстычны гармiдар ажно 18-цi чалавек. Нездарма ў лiтаратурным асяродзьдзi калектыўныя зборнiкi з удзелам больш як 8—10 чалавек называюць коратка i ёмiста — “брацкая магiла”...
Няма патрэбы пералічаць друкарскiя ляпсусы ды аналiзаваць творы ўсiх аўтараў выданьня. Там ёсьць вершы добрыя i дрэнныя, цiкавыя i бездапаможныя, ёсьць проста нiякiя. А сабраныя разам у альманаху, яны нагадваюць кепскай якасьці здымкi зь сямейнага альбому застойных часоў. Больш таго, каб засьведчыць сваю прысутнасьць у “сямейным альбоме”, аўтары мусілі ўнесьцi пэўную колькасьць “умоўных адзiнак”! Карацей, плацi даляры — i зь цябе пасьмяюцца...
Юры Гумянюк
Тры ружы
й паўбутэлькі каньяку
Містычная цырымонія ў дзень нараджэньня Эдгара Алана По на ягонай магіле сёлета прайшла як звычайна. Пачынаючы з 1949 г., 19 студзеня ўначы на магілу Эдгара По, які пахаваны на цьвінтары адной з цэркваў Балтымару, прыходзіць чалавек у цёмным плашчы, чорным капелюшы і белым шаліку, які закрывае твар. З сабой ён прыносіць і пакідае на магіле тры чырвоныя ружы ды паўбутэлькі каньяку. Ведаючы пра гэтую традыцыю, ноччу ля царквы зьбіраюцца разявакі.
Гэтым разам невядомы прыйшоў а трэцяй гадзіне. Як паведаміў захавальнік царквы і музэю Эдгара По Джэф Джэрам, які назірае за гэтай цырымоніяй ужо больш за 20 год, незнаёмец, як звычайна, таемным жэстам засьведчыў, што ён не самазванец. Хоць, паводле слоў Джэрама, чалавек, які прыйшоў сёлета, выглядаў маладзейшым за свайго папярэдніка.
За ўвесь час існаваньня гэтай традыцыі яна парушалася толькі аднойчы. Летась чалавек, які прыйшоў, пакінуў на магіле апрача ружаў і каньяку запіску, якая разьюшыла прыхільнікаў мясцовай футбольнай каманды “Балтыморскія крумкачы”, названай менавіта ў гонар адной з самых вядомых паэмаў По “Крумкач”. У запісцы меўся радок з паэмы По “Чырвоная маска сьмерці”, тлумачэньне якога дазваляла дапусьціць, што той, хто пакінуў запіску, прадказвае камандзе, якая ўпершыню выйшла ў фінал нацыянальнага супэркубку па амэрыканскім футболе, паражэньне. Дарэчы, менавіта тады “Балтыморскія крумкачы” ўпэўнена перамаглі.
Выйшаў пробны нумар новага часопісу “Partisan”. У гэтым выданьні галоўнае — візуальны шэраг, а ня тэкст. Задума зрабіць гэткі часопіс снавалася яго выдаўцамі гады чатыры. “Partisan” уразіць кожнага сваім “нетутэйшым” паліграфічным выкананьнем. Багацьце ілюстрацый, пераважна твораў беларускага мастацтва 90-х, — заслуга рэдактара часопісу Артура Клінава. Сваім зьместам і формай “Partisan” дакладна перадае касмапалітычную атмасфэру, якая пануе ў асяродзьдзі менскай мастацкай багемы.
knihi.com
Беларуская палічка ў Інтэрнэце:
Абнаўленьнi за апошнiя тыднi
Новыя тэксты:
Лявон Юрэвіч. Вырваныя бачыны. Да гісторыі СБМ. Міхась Кавыль. Першая рана. Вершы. Валянцін Акудовіч. Эгаізм. Вайна культураў. Рэй Брэдбэры. Яго пумпэрнікель. П’ер Буль. Загадкавы сьвяты. Андрэ Маруа. Жыцьцё людзей. Наталі Сарот. Трапізмы. Вэркор. Маўчаньне мора. П’ер Гамара. Любоў ганчара. П’ер Куртад. Канец Італіі. Эльза Трыяле. Івэта
Ражэ Грэнье. “Дарагая, мілая мадам...” Элен Пармэлен. Уяўны мастак
Анры Труаё. Пра каханьне й вераломства. Барыс Віян. Ваўкалак. Марыс Таэска. Падарунак. Марсэль Эмэ. Назад. Анры дэ Рэнье. Тайна графіні Барбары. Эрвэ Базэн. Здаецца мансарда. Уільям Шэксьпір, Уолтэр Дэ Ля Мар, Рычард Олдынгтан, Эва Мэрыям, Сэмюэл Коўлрыдж, Эйдрыян Генры, Лэнгстан Г’юз, Альфрэд Тэнісан, Гартлі Коўлрыдж, Генры Лангфэла, Чарльз Мэкай, Томас Эрнэст Г’юм, Рупэрт Брук, Джон Кітс, Крыстына Разэты. Вершы.