МУЗЫКА

 

“Сьвятая Ноч” на пляцы Волі

Сутарэньні менскага катэдральнага касьцёлу знаёмыя мне зь дзяцінства. Там быў стралковы цір спартовага таварыства “Спартак”. З касьцельных лёхаў быў падземны ход да будынку калегіюму, на фундамэнце якога ў савецкія часы пабудавалі музычную школу — цяпер гэта гімназія-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі. Тым падземным ходам мы, вучні, хадзілі ў спартакаўскі цір здаваць нормы ГПА па стральбе.

Аднойчы — мне было тады гадоў трынаццаць — я раптам зразумела, што таўшчэзны мур, які высіўся пасярод школьнага двара, гэта апсыда барочнага касьцёлу. Я доўга не магла ўцяміць, якім чынам касьцельныя муры апынуліся за фасадам звычайнага сталінскага будынку таварыства “Спартак”. Зьлева да муроў прыляплялася школьная спартзаля, на дах якой можна было трапіць проста з вокнаў клясы сальфэджыё. Трыццаць крокаў па чорным разагрэтым толі — і дакранаешся да халодных камянёў, якія дыхаюць даўніной. У душы адразу пачынае гучаць арганная таката Баха.

Бальшавікі, зьнішчаючы сьвятыні, перш за ўсё пазбаўлялі іх голасу: здымалі званы, выкідалі арганы…

Аднак касьцельная музыка жыла. Я чула яе ў дзяцінстве, калі вандравала ўлетку па далёкіх хутарах Браслаўшчыны. Гэля Кур’ян штонядзелю езьдзіла на ровары ў Браслаў на імшу. Яна сьпявала ў касьцельным хоры. Найбольш яна любіла сьпяваць календы — напаўнародныя калядныя песьні, у якіх распавядаецца пра цуд нараджэньня Хрыста: “Нарадзіўся нам Збавіцель”, “А ўчора зь вячора”, “Як прыбеглі пастухі ў Бэтлеем”, “Зямля і неба”. Яна сьпявала іх амаль у тым самым стылі, што й паганскія калядкі — “Го-го-го, каза!” У ейным сьпеве не было нават ценю фальшывай слодычы. Аўтэнтыка XVII стагодзьдзя, не кранутая сантымэнтальным глянцам пазьнейшых эпохаў.

Календы заўжды сьпяваюцца на памяць. Гэта іхная галоўная ўласьцівасьць. Не заўважыш, як пачнеш сьпяваць. І ня скончыш, пакуль календа сама цябе не адпусьціць. У фальклёрных экспэдыцыях здараюцца сапраўдныя эпідэміі сьпяваньня. Нехта, вандруючы па вёсках, падчэпіць калядку і прынясе яе ў абоз. І пачынаецца бясконцы ўсеагульны сьпеў. Спачатку разам. Потым паасобку. “Як прыбеглі пастухі ў Бэтлеем…” Празь нейкі час песьня цябе адпускае. Але нехта побач працягвае сьпяваць, і ты міжволі падхопліваеш мэлёдыю, якой прасякнута паветра, возера, дрэвы, аблокі, дагараючы агонь... Бо гэта ня ты сьпяваеш калядку, а калядка сьпявае цябе.

Я згадала пра гэта 13 студзеня, калі ў катэдры адбылася прэзэнтацыя каляднага праекту музычнага таварыства “Ліра”. Гэтае таварыства складаецца з музыкаў, якія гуртуюцца вакол касьцёлу Сьв.Роха на Залатой Горцы. Узначальвае таварыства кампазытар і арганіст Віктар Кісьцень.

Новы дыск “лірнікаў” — гэта 15 касьцельных песень, аб’яднаных назваю “Сьвятая ноч”. 12 зь іх — традыцыйныя беларускія калядкі і пастаралькі, знаёмыя кожнаму чалавеку, маленства якога прайшло ў Заходняй Беларусі. “Зямля і неба”, “А ўчора зь вячора”, “Паказалась зь неба”, “Нарадзіўся нам Збавіцель”, “Як прыбеглі пастухі ў Бэтлеем”… Аматары могуць скарыстаць ня толькі мэлёдыі, але й тэксты, раздрукаваныя на вокладцы.

Усе песьні гучаць у выкананьні парафіяльнага хору “Залатая Горка”. Гэтаму хору часам не стае дасканаласьці, чысьціні гуку, дый аранжаваньні, зробленыя Сьвятланай Шэйпай і Вольгай Паўлоўскай, месцамі занадта “глазураваныя”, сантымэнтальна-акадэмічныя. Затое як цудоўна гучыць арган! Вользе Паўлоўскай удалося знайсьці новыя фарбы, якія стварылі чарадзейную атмасфэру Калядаў. Ня горш гучаць і труба (Ігар Кабулашвілі), і клярнэт (Уладзімер Глускер).

На жаль, падчас прэзэнтацыі ў жывым выкананьні з акампанэмэнтам маленькага электрааргану песьні прагучалі горш, чым на дыску. Калісьці магутны голас аргану ў Марыінскай катэдры будзіў па начах царскага губэрнатара. Цяпер сапраўднага аргану няма.

…Кампакт-дыск “Сьвятая ноч” можна купіць у касьцёлах і незалежных аўдыёкрамах.

Ю.А.

 

Наш чалавек у Тэхасе

Калі сёлета ў навагоднюю ноч вы шпацыравалі па праспэкце Скарыны, бачылі, напэўна, двух юнакоў, якія бавілі народ сьвяточнымі жартамі. Адзін зь іх, Данік Шутко, — музыказнаўца, вучыцца ў Санкт-Пецярбургу. Другі — Юрась Бліноў, піяніст, вучыцца ў Тэхаскім хрысьціянскім унівэрсытэце.

З Бліновым увогуле атрымалася цікавая гісторыя. Жыў сабе хлопец у слаўным мястэчку Дарагічын. Тамтэйшыя пэдагогі заўважылі ягоныя музычныя здольнасьці дый параілі бацькам завезьці яго ў Менск. Гэткім чынам Юрась трапіў у ліцэй пры Беларускай акадэміі музыкі ў клясу Інэсы Барташэвіч — жонкі тагачаснага першага сакратара Менскага абкаму.

Празь нейкі час сп.Барташэвіч быў прызначаны паслом у Паўночную Карэю. Разам зь ім паехала й жонка, а ейныя самыя таленавітыя вучні Юры Бліноў і Андрэй Паначэўны перайшлі ў клясу Людмілы Шаламенцавай — пэдагога, які сьцьвярджаў як прынцыпы беларускай фартэпіяннай школы насычанасьць гуку, гнуткасьць і сьпеўнасьць, падкрэсьленую ўвагу да дэталяў, рамантычнасьць і адухоўленасьць… Шаламенцавай пашанцавала спаткаць Блінова і Паначэўнага, бо яны мелі досыць таленту і працавітасьці, каб рэалізаваць ейны музычны ідэал. Хлопцам пашанцавала спаткаць Настаўніка. А найбольш пашанцавала ўсім нам, бо зьявіліся два піяністы сусьветнага ўзроўню.

Блінову было ўсяго дванаццаць, калі ён дэбютаваў у Вялікай залі Пецярбурскае філярмоніі, выканаўшы з аркестрам Другі фартэпіянны канцэрт Шастаковіча. У сьнежні 1992 г. 17-гадовы Юры Бліноў стаў пераможцам Першага Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Пракоф’ева ў Санкт-Пецярбургу. У 93-м ён гастраляваў у Японіі, пазьней з посьпехам выступаў у Лёндане, Нью-Ёрку і Маскве.

У часе Міжнароднага конкурсу імя У.Кепэла ў Вашынгтоне Блінова заўважыў Тамаш Унгар — амэрыканскі піяніст, з паходжаньня вугорац, адзін з самых аўтарытэтных фартэпіянных пэдагогаў. Ён прапанаваў Юрасю працягнуць адукацыю ў Форт-Уорце, штату Тэхас, дзе месьціцца Інстытут імя Вэна Клайбэрна — сапраўдная Мэкка для маладых піяністаў з усяго сьвету. Але Бліноў быў занадта засмучаны сваёй няўдачай на конкурсе й не паставіўся да гэтае прапановы сур’ёзна.

У 1999 г. на міжнародным конкурсе ў Пэкіне яны зноў сустрэліся з Унгерам. Амэрыканец яшчэ раз паўтарыў прапанову. Бліноў даслаў відэазапісы сваіх канцэртаў у Форт-Уорт. Там іх паглядзелі, паслухалі дый прысудзілі Юрасю стыпэндыю, якая пакрывае кошт вучобы ва ўнівэрсытэце на працягу чатырох гадоў: тры гады займае атрыманьне “The Artist Diploma in Piano”, яшчэ год — канцэртная практыка. За пражываньне плацяць унівэрсытэцкія спонсары. Асобы, якія жывуць у ЗША па студэнцкай візе, афіцыйна ня маюць права працаваць, пра іхнае матэрыяльнае забесьпячэньне клапоціцца ўнівэрсытэт. Разьлічваць на гэткую падтрымку могуць толькі замежныя студэнты, якія дэманструюць выдатныя здольнасьці.

Бліноў атрымлівае стыпэндыю, спонсарскую дапамогу, рэгулярна здабывае прэміі на міжнародных і амэрыканскіх конкурсах. У яго ёсьць усе магчымасьці для нармальнага жыцьця і творчае працы — нават уласны раяль “Стэйнвэй”, атрыманы за перамогу на нацыянальным студэнцкім конкурсе. Раяль стаіць у спальні ягонай кватэры, якую ён арандуе ва ўнівэрсытэцкім жыльлёвым комплексе. Мініяцюрная гасьціная, спальня, ванны пакой. Каштуе гэта ўсё 410 даляраў у месяц. Да ўнівэрсытэту — 20 хвілінаў пешкі, але заняткаў мала — толькі абавязковыя сустрэчы з Унгерам і камэрны ансамбль. Так што ва ўнівэрсытэт Юрась ходзіць, збольшага, правяраць электронную пошту. Бо кампутара дома няма, а хочацца атрымліваць сьвежыя весткі зь Беларусі.

Пра падзеі 11 верасьня Бліноў таксама даведаўся ад менчукоў. “Адчыняю сваю паштовую скрынку і чытаю мэйл ад брата: “Які жах! Мы тут страшэнна нэрвуемся і чакаем ад цябе зьвестак!” Спачатку я папросту нічога не зразумеў, але мне растлумачылі…” — кажа ён. З пачаткам антытэрарыстычнай апэрацыі разышліся чуткі пра тое, што замежных студэнтаў павысылаюць з краіны. Аднак нічога такога ня здарылася, хіба што нагляд з боку спэцслужбаў стаўся болей жорсткім. Асабліва гэта датычыць прыбышоў зь “нядобранадзейных” краінаў, у лік якіх трапляе і Беларусь. У звычайных чалавечых стасунках гэта зусім не адчуваецца. Тэхасцы — людзі шырокай душы, без снабізму, які часам назіраецца ў жыхароў Нью-Ёрку.

У ЗША існуе добры звычай: кожнаму студэнту-замежніку падбіраюць амэрыканскую сям’ю, каб апекавалася. Дзякуючы гэткаму звычаю замежны студэнт не пачуваецца самотным, нават у сьвяточныя вечары, якія большасьць амэрыканцаў бавяць ў сямейным коле. У Блінова ажно дзьве такія сям’і. Да адной яго “прымацавалі па лініі” ўнівэрсытэту. У другой ён жыў падчас міжнароднага конкурсу імя Вэна Клайбэрна (усіх канкурсантаў расьсяляюць па сем’ях, каб яны былі ў роўных умовах). На конкурсе Бліноў не атрымаў аніякіх прэміяў, аднак яму пашчасьціла пазнаёміцца з цудоўнымі людзьмі, якія заўжды запрашаюць яго на Каляды, Дзень Падзякі й свае хатнія сьвяты.

Амаль ніхто з новых сяброў Блінова раней ня чуў пра Беларусь. “Амэрыканцы дрэнна ведаюць геаграфію, — кажа ён. — Ім кажаш: Беларусь месьціцца паміж Расеяй і Польшчай, а яны пытаюцца: а Польшча — гэта ў які бок ад Расеі? Ім здаецца, што сьвет сканчаецца недзе ў раёне Вялікіх Азёраў. Калі я аднойчы ў заклад па парадку назваў усе пяцьдзясят амэрыканскіх штатаў, гэта была сэнсацыя. Гаспадар хаты шчыра зьдзівіўся, чаму мне дагэтуль не далі Нобэлеўскай прэміі!”

Цяжка ўявіць Беларусь, калі жывеш у Тэхасе. Улетку там пекла да +40, а часам і вышэй. Затое ўвосень і ўзімку шмат сонца, загараць можна нават у пачатку сьнежня. Здараюцца, праўда, рэзкія перапады тэмпэратуры: ад +23 да -5 за два дні. Сьнег там рэдкасьць, значна часьцей зь неба падае лёд. Пры мінусавай тэмпэратуры ідзе дождж і замярзае ў паветры. Гэта яшчэ горш, чым сьнег. Жыцьцё спыняецца; крамы, школы і офісы зачыняюцца. “Толькі самагубца можа ў такое надвор’е выйсьці на двор”, — кажа Бліноў.

Ня дзіва, што беларускія вершы на тэхаскай зямлі неяк ня пішуцца (Бліноў — аўтар нізкі вельмі музыкальных паэзій). Дый кампанаваць няма ахвоты (Бліноў мае й кампазытарскі талент. Нядаўна ягоная фартэпіянная п’еса “Экспромт і фуга” была ў ліку трох абавязковых твораў на Міжнародным конкурсе піяністаў “Менск’2000”).

Па натхненьне трэба ехаць у Беларусь. І Бліноў прыяжджае дахаты два разы на год — улетку і ўзімку. Абавязкова грае сольны канцэрт у Філярмоніі. 18 студзеня канцэрт Блінова прайшоў вельмі ўдала. Найлепшым нумарам праграмы былі восем мазурак Шапэна. Неверагодная пранікнёнасьць! Быццам на чужыне сэрца піяніста раскрылася шырэй! Настальгія можа зьнішчыць чалавека або рабіць зь ім цуды, калі ён дастаткова моцны.

Канцэрты ў родным горадзе для Блінова і экзамэн, і адначасова акт дабрачыннасьці. Перад летнім выступам Блінова баяліся, што публікі будзе мала, і ягоная маці ўзялася распаўсюдзіць 100 квіткоў. За гэта яна мусіла атрымаць ад Філярмоніі 10% камісійных. Пасьля канцэрту яны завіталі ў бухгальтэрыю разам, каб атрымаць належныя ім грошы. Дык выявілася, што маці за квіткі атрымала болей, чым сын за сольны канцэрт. Нізкія заробкі і высокая канкурэнцыя ў Беларусі вымушаюць музыкаў эміграваць.

Аднак і ў Злучаных Штатах рынак акадэмічнае музыкі не бязьмежны. У буйных амэрыканскіх гарадах ёсьць радыёстанцыі, якія дзень і ноч трансьлююць клясычную музыку зь вельмі зьмястоўнымі камэнтарамі. У Нью-Ёрку ажно тры гэткія станцыі!

Шмат выконваюць і “жывой” музыкі. У Форт-Уорце — горадзе з насельніцтвам 450 тыс. — ёсьць канцэртная заля на 2000 месцаў, пабудаваная на грамадзкія грошы для сымфанічных і опэрных імпрэзаў. У горадзе функцыянуюць некалькі сымфанічных аркестраў і опэрная трупа.

Акадэмічнай музыкай захапляюцца “upper middle class” (верхняя частка сярэдняй клясы) і багатыры. Простыя людзі ўсё яшчэ аддаюць перавагу джазу. Даведаўшыся, што Бліноў піяніст, гэткія людзі звычайна пытаюцца: “А з кім вы іграеце ў канцэртах?” Бліноў адказвае: “Я іграю сам”. А яны: “Ня можа быць! Мусіць жа быць, прынамсі, рытм і кантрабас!”

Бліноў ня ведае, ці застанецца ён у Злучаных Штатах: цяжка атрымаць пасьведчаньне на права жыхарства. Па-другое, у Амэрыцы складана зрабіць музычную кар’еру. Вучыцца яму яшчэ больш за два гады. Магчыма, ён вернецца ў Беларусь. А можа, Беларусь застанецца толькі ў сэрцы.

Юлія Андрэева

 

Ірляндзкі лайфстайл

Музыкі беларускай Філярмоніі наведалі Ірляндыю, дзе з 18 кастрычніка да 4 лістапада ладзіўся 50-ы міжнародны Ўэксфардзкі фэстываль опэры.

“Нейкая незвычайная атмасфэра хатняга сьвята цягнецца ад тэатру наўпрост да гатэляў; Уэксфардзкі фэстываль, створаны нястрыманым энтузіязмам, не падобны ні да якага іншага — і менавіта агульнае ўражаньне мае сэнс”. Гэта New York Times.

Але немагчыма было ня ўразіцца расказам маёй маці, непасрэднай удзельніцы падзей, вось я і перадаю яго вам.

50-ы юбілейны фэстываль ладзіўся якраз беларускімі “сымфанічнымі сродкамі”. Пра ўдзел беларусаў у фэсьце, дзе цягам 49 гадоў дамінаваў ірляндзкі аркестар, пісалася-разважалася-крычалася і там, і на мацерыку. Зварухнутыя стосамі прэсы млявыя тубыльцы з павагай глядзелі на прадстаўнікоў невядомай цывілізацыі. Песьню ім ірляндзкую сыгралі — адна кабета і расплакалася…

Мястэчка ў 18 тыс. жыхароў сустрэла нашых сваімі вузенькімі, тоненькімі, як павуціньне, утульнымі сярэднявечнымі вулкамі з алеямі двухпавярховых домікаў, у якіх вокны першага паверху нечакана зьнікаюць яшчэ на ўзроўні плячэй, і агромністай колькасьцю шчасьлівых дзетак. Адныя блізьняты куды ні глянь, нават мурыны ёсьць...

Беларусы кідалі свае “ўтульнасьці” ды выходзілі пад вечар — каторы раз за дзень павітацца зь сябрамі (то бок з усімі), пагаманіць на з раніцы нагавораныя тэмы.

Факт, што ў Эўропе ёсьць “усё”, ужо не шакаваў беларусаў, але ахвотных у выходныя парадаваць вока крамавымі прыемнасьцямі хапала. Апошнія сур’ёзна пацярпелі ад шырэзнай беларускай душы. Такой загадкавай, што ніяк не магла ўцяміць, чаму ўсе адзін у аднаго з прычыны ці без аніякае просяць прабачэньня — sorry ды sorry; душы, якая, аглядаючыся па баках, так і не навучылася правільна пераходзіць вуліцу.

Кожная імпрэза сканчалася трыюмфам і працягвалася на вуліцах, залітых месяцавым сьвятлом, у простай сямейнай атмасфэры. Іхня-наскім мэтадам. З надыходам ночы дзівосы ірляндзкага лайфстайлу прымалі іншыя формы. Знаёмыя вулкі ўмэнт ператвараліся ў аэрадынамічную трубу, па якой машыны лётаюць менавіта з такім разьлікам, каб твае нетутэйшыя вушы, няхай і звыклыя да дэцыбэлаў, адчулі ўвесь смак посьвістаў той самай ракеты, якая вось-вось разьнясе акно...

Сонечнай раніцай, шчасьлівыя, што касьмічных вандровак засталося на адну сэрыю меней, глядзім на шкалярак. Абсалютна ўсе яны зьзяюць смарагдавымі спадніцамі й сьнегавымі гольфамі. Файна ім — і табе весела. Хто ж прыйдзе на твае канцэрты ў гэткі час? Тыя самыя вучні й прыйдуць — цалкам нармалёвая зьява для шкаляроў усяго сьвету…

Цяжка табе будзе ўсьвядоміць, чаму гэтыя мудрыя ірляндцы, носячы тое, што Эўропа аднасіла гадоў 10—15 таму, ніколі ня сварацца, а з тых некалькіх тысячаў немаўлят, што давялося бачыць за месяц, толькі адно неяк несур’ёзна і не па-ірляндзку гаманіла-гарлапаніла. Ужо па дарозе ў аэрапорт, едучы праз гэту суцэльную правінцыю, будзеш дурэць ад “Гінэсу”, а таксама ад таго, што музыкі, вырваныя з сэрца Эўропы, — гэта трагедыя нацыянальная.

...А ў аэрапорце цябе чакае “Белавія”...

Яўген Буры, Менск

 

падзеі культуры

Прэм’ера “Нацыянальнай бібліятэкі”

Рэжысэр Зьміцер Легуш зьняў на творчым аб’яднаньні “Тэлефільм” сваю дэбютную стужку пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Фільм цалкам беларускамоўны. Гэта першая прадукцыя аб’яднаньня “Тэлефільм” за паўгоду. Нягледзячы на няпэўнае фінансавае становішча, супрацоўнікі “Тэлефільму” спадзяюцца выпусьціць сёлета юбілейныя стужкі пра Янку Купалу і Якуба Коласа, а таксама рэмэйк фільму “Паўлінка”.

Юрась Барысевіч

Валачобнікі ў Варшаве

“Беларускія калядкі” адбыліся на мінулым тыдні ў Варшаве ў клюбе “Apetyt Architekta”. Дзяўчаты і хлопцы з Інстытуту беларускай культуры калядавалі, а потым частавалі прысутных каляднымі стравамі — куцьцёй, пірагамі з капустай, дранікамі. Быў аўкцыён беларускіх рэчаў. Прыкладам, пляшку менскага бальзаму прадалі аж за 100 злотых (25 даляраў).

Нягледзячы на платны ўваход, прыйшло больш за сотню палякаў. Прыканцы Зьміцер Вайцюшкевіч прэзэнтаваў “Цацачную краму”. Гэткае мерапрыемства ладзіцца ў Варшаве ўжо другі год.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Фонд Культуры поўны задумаў

У Доме дружбы прайшоў пленум Беларускага фонду культуры. Як сказаў яго старшыня Ўладзімер Гілеп, Фонд культуры мяркуе ініцыяваць стварэньне Беларускага краязнаўчага таварыства з уласным часопісам “Край” (што ў Магілёве выдаюць ужо альманах пад такой назвай, ён, відаць, ня чуў), а таксама грамадзкага камітэту па ахове помнікаў гісторыі й культуры. Апроч таго, Фонд культуры плянуе правесьці першы беларуска-нямецкі моладзевы фэстываль камэрнае музыкі, выдаць на трох мовах паэму Якуба Коласа “Новая зямля”, каляровы альбом “Жывапіс эпохі Барока ў Беларусі” і кнігу нарысаў Ігната Дамейкі “Маё падарожжа”.

Э.Л.

Гарадзенскі джаз

З пачатку году пры Гарадзенскай філярмоніі рэпэтуе джазавы аркестар. Першыя канцэрты адбудуцца ў лютым на сцэне абласнога драматычнага тэатру. Дырыжорам стаўся былы кiраўнiк эстраднага ансамблю “Акцэнт” Барыс Мягкоў. У складзе аркестру джазавая група i колькi вакалiстаў.

Паводле
www.pahonia.promedia.minsk.by

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0