З усёй краіны

 

БТ-2 адчыніцца 1 траўня

Міхаіл Падгайны на прэс-канфэрэнцыі 30 студзеня заявіў, што другі нацыянальны канал пачне вяшчаць з 1 траўня. Дзяржаве будзе належаць 51% акцый. Вядуцца перамовы пра пакупку некаторых праграмаў ОРТ.

“Першы музычны” супраць “Хартыі-97”

Кіраўніцтва каналу будзе судзіцца з “Хартыяй-97”, якая зьмясьціла на сваім сайце інфармацыю, што замест ТВ-6 людзі вымушаныя глядзець крадзеныя замежныя й расейскія кліпы. Нібыта з-за гэтага страты “Першага музычнага” склалі 3 тыс. даляраў. Вырашыць спрэчку па-за судом нерэальна.

Шахцёрскі страйк забаронены

Менскі абласны суд забараніў салігорскім шахцёрам ладзіць 1 лютага папераджальны пяціхвілінны страйк ды задаволіў пазоў адміністрацыі “Беларуськалію” да іхных прафкамаў. Пры канцы пасяджэньня старшыня Салігорскага гарадзкога страйкаму Віктар Бабаед паведаміў, што рашэньне пра папераджальную забастоўку прымаў страйкам, а ня мітынг рабочых.

Закон “Аб альтэрнатыўнай службе” рыхтуецца

У Адміністрацыі прэзыдэнта быў абмеркаваны праект закону “Аб альтэрнатыўнай службе”. Ён дае магчымасьць альтэрнатыўнай службы ня толькі вернікам пэўных канфэсіяў, але й маладзёнам зь няпоўных сем’яў. Юнакі будуць занятыя грамадзка-карыснай працай на час, удвая большы за тэрмін вайсковай службы. Міністэрства абароны праект падтрымала. Аднак заканадаўцы цягнуць з прыняцьцем закону ужо больш як 8 гадоў.

Няўзгодненыя ўлады

Старшыня савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч прызнаў, што дзеяньні заканадаўчай і выканаўчай улады Беларусі ў замежнай палітыцы бываюць няўзгодненыя. Прыкладам, як у сытуацыі, калі быў пастаўлены пад пытаньне прыезд у Менск рабочай групы ПА АБСЭ на чале з Утай Цапф, а таксама адмоўлена ў візе былому кіраўніку КНГ АБСЭ паслу Гансу-Георгу Віку. Вайтовіч адзначыў, што выканаўчая ўлада не інфармуе парлямэнтароў аб матывах сваіх дзеяньняў.

Новыя прызначэньні

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, ён даў згоду на прызначэньне Анатоля Русецкага першым намесьнікам, а Івана Залатарэвіча і Любові Сіўчык намесьнікамі міністра прамысловасьці, Эдуарда Таўпянца першым намесьнікам, а Пятра Жабка і Аляксандра Сівака намесьнікамі міністра энэргетыкі, Уладзімера Чыгіра першым намесьнікам, а Валянціны Конанавай, Уладзімера Нікалаенкі і Міхаіла Сьвянціцкага намесьнікамі міністра гандлю, Генадзя Аляксеенкі першым намесьнікам, а Аляксандра Грыгарава і Міхала Юспы намесьнікамі міністра спорту і турызму. Апроч таго, прэзыдэнт даў згоду на прызначэньне Ўладзімера Адамушкі старшынём Нацыянальнага цэнтру па архівах і справаводзтве, Георгія Дашкевіча, Віталя Кляблеева і Раісы Ціханскай намесьнікамі старшыні Гомельскага аблвыканкаму. У сувязі з выхадам у адстаўку Рыгор Краўчанка вызвалены ад пасады намесьніка міністра гандлю. Мікалай Юшкевіч быў прызначаны намесьнікам старшыні Камітэту лясной гаспадаркі пры Саўміне. Паслом у Ватыкане стаў Уладзімер Каралёў, пасол Беларусі ў Швайцарыі. Будзе працаваць па сумяшчальніцтве.

скандал

Масавыя скарачэньні
ў Інстытуце літаратуры

Рэфармаваньне Акадэміі навук, абвешчанае новым кіраўніцтвам, пакуль выяўляецца ў масавых скарачэньнях. Так, у Інстытуце літаратурзнаўства звольненыя 8 чалавек — усе, хто працаваў тут на паўстаўкі ці на чвэрць. Сярод іх выдатныя дзейныя літаратуразнаўцы Ірына Багдановіч, Пятро Васючэнка, Язэп Янушкевіч ды інш. Бліжэйшым часам скарачэньні чакаюць і некаторых “ставачнікаў”.

Праца Інстытуту літаратуразнаўства на першы квартал 2002 г. прафінансаваная толькі напалову.

Супрацоўнікі Інстытуту згадваюць, што такая самая па маштабах хваля скарачэньняў мусіла прайсьці на пачатку 90-х, але тады сытуацыю выратавала стварэньне Скарынаўскага цэнтру, куды перайшлі працаваць многія навукоўцы з Акадэміі. Дарэчы, зараз існаваньне Скарынаўскага цэнтру пад пагрозай: Міністэрству адукацыі, у сыстэму якога ён уваходзіць, дадзена ўказаньне скараціць колькасьць падведамасных структураў. Выратаваць Скарынаўскі цэнтар можа толькі перавод пад дах Акадэміі навук. Але і ў Акадэміі, як бачым, грошай ня густа.

Ігнат Чакацкі

клопат тыдня

У Горадні хварэе слон

У Гарадзенскім заапарку памірае адзіны ў Беларусі слон Сурак. Сур’ёзнай хваробы ў жывёліны ня выявілі. Кепска яму стала ад разломаў між пальцамі на нагах. Слон памірае ад старасьці. За кароткі пэрыяд жывёліна страціла больш за 400 кг і важыць цяпер менш за 5 тон. Калі Сурак быў здаровы, за суткі ён зьядаў 80 кг сена, 25 кг бульбы, 15 кг капусты, 12 кг вотруб’я, столькі ж хлеба, 2,5 кг яблык і кілё цукру. Цяпер слану штодзень даюць антыбіётыкі, засмачаныя 2 кг цукру. Цукар прыносяць людзі, бо заапарку хранічна бракуе грошай. Арабскія сланы жывуць у няволі каля 50 год, а Сураку споўнілася ўжо 45. Яго прывезьлі ў Гарадзенскі заапарк у 1965 г. зь Ляйпцыгу.

навіны гаспадарскія

Сярэдні беларускі заробак у сьнежні склаў 100,7 даляра. Найбольшыя сярэднія заробкі былі ў банкаўскіх службоўцаў (185 даляраў), страхавых агентаў (159), навукоўцаў (141), лётчыкаў (136) і будаўнікоў (116). Найменшыя — у калгасьнікаў (48), сацыяльных работнікаў (65), культурнікаў (82), мастакоў (93) і настаўнікаў (94). Каб задаволіць свае мінімальныя натуральныя патрэбы, у сьнежні чалавек мусіў мець даходу ня менш за 62,5, а сям’я з 4 чалавек — ня меней за 250 даляраў.

70% настаўнікаў не атрымалі заробкаў за сьнежань. Грошы сплацілі толькі ў вялікіх гарадах. Амаль ва ўсіх раёнах, дзе няма прамысловасьці, улады кажуць, што ў мясцовых бюджэтах пуста.

Пэнсійная рэформа можа “стартаваць” ужо ў лютым, калі ўрад падтрымае прапанову Міністэрства працы і сацыяльнай абароны аб падвышэньні пэнсійнага веку. Падвышаць яго маюць на 3—6 месяцаў штогод.

Мэдычныя паслугі збольшага зробяцца платнымі. Самі мэдыкі кажуць, што наведаньне дзяржаўнай паліклінікі будзе каштаваць ня дужа дорага — у сярэднім 1—3 тыс. рублёў. Па-ранейшаму бясплатна мусяць лячыць грамадзянаў з малымі даходамі, дзяцей і цяжарных жанчын.

Даражэе грамадзкі транспарт у Менску — адразу на 50%. З 1 лютага аднаразовы талёнчык будзе каштаваць 120, праязны на адзін від транспарту — 5400, на два — 7200, на тры — 8400, на чатыры — 9600 рублёў. Ільготнікі па-ранейшаму мусяць плаціць палову ад гэтых коштаў. Тым часам менскія тралейбусьнікі запатрабавалі, каб у сталіцы друкаваліся розныя талёнчыкі для аўтобусаў і тралейбусаў — маўляў, тады будзе зразумела, каму і колькі ідзе датацыяў зь бюджэту гораду.

За расейскі газ Беларусь будзе разьлічвацца па цэнах Смаленскай вобласьці й плаціць не 30, а 19 даляраў за тысячу кубамэтраў. Гэта ў чарговы раз паабяцала нам Расея. Узамен “Газпрам” атрымае зьніжкі за транзыт газу праз нашую тэрыторыю на Захад.

50 млн. даляраў было выдаткавана з рэзэрваў Нацбанку на стабілізацыю беларускай валюты ў першай палове студзеня. Цягам тыдня даляр ЗША патаньнеў на 1,5% — цяпер на “чорным” рынку ён каштуе 1675 рублёў.

3470 прадпрыемстваў было прыватызавана за апошнюю дзесяцігодку ў Беларусі. Але буйных сярод іх было няшмат — цяпер у сярэднім на недзяржаўным прадпрыемстве працуе 210 чалавек.

Абутковая фірма “Салямандэр” хоча мець свае актывы ў віцебскай фабрыцы “Чырвоны кастрычнік”, а фірма па вырабе бульбаўборачных камбайнаў “Грымэ” — у заводзе “Лідсельмаш”. На кантрольны пакет акцыяў немцы не прэтэндуюць, але даваць згоду беларусы пакуль не сьпяшаюцца.

Колькасць стратных прадпрыемстваў у Беларусі летась вырасла з 23,4 да 35,5%. На Магілёўшчыне іх 47,4%, на Віцебшчыне 46,2%, на Гомельшчыне 41,3%, на Меншчыне 38,1%, на Гарадзеншчыне 32,7%, на Берасьцейшчыне 31% і 15,3% — у Менску.

Самазвал на 90 тонаЎ грузу пачне вырабляць жодзінскі БелАЗ. Найперш машыну будуць выкарыстоўваць ў кар’ерах.

Гандляры на рынках павінны мець касавыя апараты. У Менску на набыцьцё ім даецца час да 1 ліпеня, у абласных цэнтрах — да 1 кастрычніка, у раённых — да 1 студзеня 2003 г.

Права адлучаць электрычнасьць за запазычанасьці ў школах і больніцах будзе дамагацца ад ураду канцэрн “Белэнэрга”. Толькі з пачатку студзеня агульная запазычанасьць перад энэргетыкамі вырасла на 23% і складае зараз 484 млн. даляраў.

Сяржук Іваноўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0