Студзеньскія кніжныя навінкі

За першы месяц новага году ў менскіх кнігарнях зьявілася шмат цікавых беларускіх кніжак. Пачнем з гістарычнае літаратуры.

Гісторыя

Гісторыя Беларусі: з 1795 да восені 1917: Вучэбны дапаможнік / І.Коўпель, І.Крэнь, Л.Бярэйшык і інш. – Менск: Аверсэв, 2001. – 400 с. Аўтарства гарадзенскае, выданьне менскае, прадаецца ў “Акадэмкнізе”.

М.Панькоў. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945 – 1984 гг.). – Менск, 2001. – 332 с. Кніга Міколы Панькова – адмысловая энцыкляпэдыя эміграцыйнага жыцьця. Аўтар сабраў усе магчымыя зьвесткі пра акцыі, сьвяты, імпрэзы беларускіх дзеячоў, што воляю лёсу апынуліся на чужыне. У кнізе шмат фатаздымкаў з жыцьця эміграцыі.

К.Тарасаў. Крыж памяці, меч лёсу. Кароткі сьпіс войнаў, стратаў, рэпрэсіяў, якія зьведала Беларусь за тысячагодзьдзе. – Менск: Лякуна, 2001. – 119 с. Перавыданьне. Прадаецца на сядзібе БНФ і ў іншых кнігарнях.

Мастацтва

Гісторыя кінамастацтва Беларусі. У 4 т. Т. 1. 1924–1959 г. / А.Красінскі – Менск: Бел. навука, 2001. – 278 с. Гісторыя суправаджаецца фатаздымкамі ды ілюстрацыямі. Цікава і пераканаўча.

Б.Лазука. Беларускае барока: Гісторыка-тэарэтычныя праблемы стылю / Б.Лазука. – Менск: Беларусь, 2001. – 144 с.: іл.

З кангрэсу беларусістаў

Беларуская мова: шляхі разьвіцьця, кантакты, перспектывы. Гісторыя, культуралёгія, мастацтвазнаўства. Нацыянальныя пытаньні. Скарыназнаўства, кнігазнаўства, літаратуразнаўства: Матэрыялы ІІІ Міжнароднага кангрэсу беларусістаў “Беларуская культура ў дыялёгу цывілізацый” (Менск, 21–25 траўня, 4–7 сьнежня 2000 ). – Менск: Беларускі кнігазбор, 2001. – 364 с. У гэтых чатырох кнігах матэрыялаў ІІІ Міжнароднага кангрэсу беларусістаў падаюцца тэксты дакладаў і лекцыяў на беларускай, польскай і расейскай мовах. Прадаюцца кнігі на сядзібе ТБМ.

Літаратуразнаўства

Мальдзіс А. Як жылі нашы продкі ў XVІІІ сті. – Менск: Лімарыюс, 2001. – 384 с. Гэта дапрацаванае перавыданьне Мальдзісавай кнігі “Беларусь у люстэрку мэмуарнай літаратуры XVІІІ ст. Нарысы быту і звычаяў”.

Заняпад і адраджэньне: Беларуская літаратура ХІХ стагодзьдзя / Уклад., прадм. і заўв. У.Казьберука – Менск: Маст. літ., 2001. – 606 с.

Алесь Пашкевіч. Зваротныя дарогі. Проза беларускай эміграцыі ХХ ст. – Беласток: Беларускае літаратурнае аб’яднаньне, 2001. – 238 с. Першае манаграфічнае дасьледаваньне, прысьвечанае беларускай эміграцыі ХХ ст.. У кнізе разглядаецца літаратурна-грамадзкі рух беларускай эміграцыі, гістарычная, мэмуарна-аўтабіяграфічная й сатырычная проза Паўлюка Азёрнага (Паўлы Урбана), Уладзімера Случанскага, Юркі Віцьбіча, Віктара Вальтара, Уладзімера Сядуры, Кастуся Акулы, Аўгена Калубовіча, Міколы Цэлеша, Масея Сяднёва, Аляксандры Саковіч, Лявона Савёнка й Антона Адамовіча. Асобна вылучаны разьдзел “Ідэя беларускае Крывіі” – пра Вацлава Ластоўскага як пачынальніка жанру гістарычнае й фантастычнае прозы ў нашай літаратуры. Яшчэ да літаратараў-эмігрантаў аўтар чамусьці адносіць Францішка Аляхновіча, які калі куды й эміграваў, дык толькі на Салаўкі – і тое не па сваёй волі. У цэлым выданьне будзе цікавае толькі вузкаму колу навукоўцаў.

Кнігу можна набыць у выдавецтве “Беларускі кнігазбор”, а таксама ў сядзібах БНФ і ТБМ у Менску.

Лідзія Савік. Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. – Менск: “Тэхналёгія”. 2001. – 497 с. Аўтарка аналізуе творчасьць Натальлі Арсеньневай, Уладзімера Дудзіцкага, Янкі Золака, Хведара Ільляшэвіча, Міхася Кавыля, Уладзімера Клішэвіча, Рыгора Крушыны, Алеся Салаўя ды Масея Сяднёва.

Абрады, традыцыі, фальклёр

Каляндарна-абрадавая паэзія / А.Ліс, А.Гурскі, В.Шарая, У.Сівіцкі; Нав. рэд. А.Фядосік – Менск: Беларуская навука, 2001. – 515 с. Першая з шасьці кніжак сэрыі “Беларускі фальклёр: Жанры, віды, паэтыка”. Кніга, як і год, падзеленая на чатыры часткі, кожная зь якіх расказвае пра адпаведныя традыцыі, рытуалы і іх паэтычна-сьпеўнае суправаджэньне.

Сямейна-абрадавая паэзія й народны тэатар...- Менск: Беларуская навука, 2001. – 515 с. Сямейна-абрадавая паэзія найлепш захоўвае асновы дахрысьціянскага, паганскага сьветагляду.

Сахута Я.М. Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: 2-ое выд., перапр. і дап. – Менск: Беларусь, 2001. – 110 с. Тэарэтычны дапаможнік: шмат экскурсаў у гісторыю таго ці іншага рамяства.

Мастацкая літаратура

Выдавецтва “Беларускі кнігазбор” працягвае выдаваць творы клясыкаў нацыянальнае літаратуры. Надоечы ў кнігарнях зьявіўся поўны Збор твораў Цёткі. У кнізе зьмешчаныя паэтычныя творы, адозвы й праклямацыі (Цётка была сацыялістка), празаічныя творы пісьменьніцы, чытанкі для дзяцей, публіцыстыка й лісты. У “Дадатку” апублікаваныя дакумэнты й успаміны пра пісьменьніцу ейнага мужа – вядомага літоўскага дзеяча Стэпонаса Кайрыса, Юльляны Вітан-Дубейкаўскай, Уладзіславы Луцэвіч. У рубрыцы “Слова пра Цётку” зьмешчаныя згадкі й нарысы аб пісьменьніцы Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Рыгора Бярозкіна, Максіма Лужаніна, Сяргея Панізьніка ды інш. “Выбраныя творы” Цёткі ўклала Валянціна Коўтун. Яна ж і напісала прадмову. Гэта – васямнаццатая кніга сэрыі “Беларускі кнігазбор”.

Л.Дайнека. Сьлед ваўкалака. Раман: Для дзяцей ст. шк. узросту / Маст. У.Аніська. Менск: Юнацтва, 2001. – 348 с.: іл. Чарговае перавыданьне гістарычнага раману пра малавядомыя старонкі жыцьця князя Ўсяслава Полацкага.

Лагвіновіч Іван. Піліпаўка: Вершы. – Баранавічы: Святліца, 2001. – 52 с. А.Міцкевіч. Дзяды: Паэма / Пер. з пол. К.Цьвіркі. – Менск: Беллітфонд, 2001. – 304 с. Яшчэ адзін пераклад “Дзядоў” у нашых кнігарнях. Цяпер кожны мае магчымасьць выбару паміж перакладамі Цьвіркі і Мінскевіча.

М.Мятліцкі. Жыцьця глыбінныя віры: Вершы і балады. – Менск: Маст. літ., 2001. – 383 с. У “Кнігарні пісьменьніка” гэтую кнігу можна набыць з аўтографам аўтара.

А.Пашкевіч. Пляц Волі. Раман-дакумэнт. – Менск: “Беллітфонд”, 2001. – 416 с. Падзеі адбываюцца ў першай палове мінулага стагодзьдзя. Сюжэт пабудаваны на жыцьцяпісах многіх дзеячоў нацыянальнага адраджэньня, зьвестках з жыцьця дыяспары.

Чытанка для дзетак

Р.Александровіч, Т.Нескаромная. Зямля з блакітнымі вачамі. – 2-е выд. – Менск: Беларусь, 2001. – 83 с.: іл. Кніга знаёміць маленькіх беларусаў з краінай, у якой яны жывуць. Гэтая краіна вызначаецца як цэнтар Эўропы. У кніжцы багата цікавых зьвестак пра геаграфію, гісторыю ды жывёльна-расьлінны сьвет Беларусі.

Вольга Гурло

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0