З усёй краіны

 

ПАДАТКОВЫЯ ІНСПЭКЦЫІ ў Менску да 1 сакавіка працуюць з 9-й да 20-й, у тым ліку і па суботах. Падаткавікі павялічылі час працы, бо ў студзені дэклярацыі аб сукупных даходах падалі толькі 6 тыс. менчукоў, хоць мусілі б гэта зрабіць, паводле ацэнак, 100 тысяч.

ВАЛЮТНЫЯ РЭЗЭРВЫ БЕЛАРУСІ цягам году павялічацца мінімум на 27 млн. і максымум на 236 млн. даляраў. Пасьля студзеньскай “валютнай інтэрвэнцыі” на рынак, якую зладзіў Нацбанк, каб спыніць падзеньне беларускага рубля, у яго заставалася каля 190 млн. даляраў запасу. Кіраўнік Нацбанку сп.Пракаповіч паведаміў, што дзяржава ня будзе купляць золата: маўляў, ёсьць 10 тонаў, і хопіць.

“БЭБІ-БУМ” сярэдзіны 1980-х спрычыніўся да таго, што цяпер 56 тыс. выпускнікоў 9 клясаў і 63 тыс. выпускнікоў 11 клясаў ня маюць месца ў ВНУ, тэхнікумах ды ПТВ. Аднак павялічваць прыём абітурыентаў няма як, бо з 2005 г. колькасьць выпускнікоў у школах паменее ў некалькі разоў.

АЦЯПЛЕНЬНЕ І ГАРАЧАЯ ВАДА падаражэлі ў 1,2 разу, тэхнічнае абслугоўваньне кватэраў — удвая. Цяпер грамадзяне краіны будуць сплачваць 35% ад рэальнага кошту камунальных паслугаў. За аднапакаёўку давядзецца плаціць 10,7, за двухпакаёўку — 15,7, трохпакаёўку — 21,6 даляра ў месяц. У Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі кажуць, што болей камунальныя тарыфы падвышацца сёлета ня будуць, калі ня скокнуць цэны на паліва і электрычнасьць.

НА СЯЎБУ калгасам і саўгасам бракуе 160 млн. даляраў. Каб ліквідаваць дэфіцыт бюджэтных сродкаў, урад зьбіраецца выдаткаваць гаспадаркам 60 тыс. тонаў паліўнага крэдыту ды падвысіць падаткі на падтрымку сельгасвытворцаў.

ВОЛЬНАЯ ЭКАНАМІЧНАЯ ЗОНА “Магілёў” створаная нядаўна. Прадпрыемствы ў яе межах атрымаюць 50% зьніжкі па падатках на прыбытак і на даходы. Дагэтуль у Беларусі было тры вольныя эканамічныя зоны – “Менск”, “Гомель” ды “Берасьце”.

БЕЛАРУСКІМ АВІЯКАМПАНІЯМ забароняць рэйсы ў краіны Эўразьвязу з 1 кастрычніка. Беларускія лётчыкі карыстаюцца самалётамі расейскай вытворчасьці, якія не адпавядаюць эўрастандартам па шкодных выкідах і шумах. У адказ “Белавія” заявіла, што ў такім разе заходнія самалёты таксама ня будуць прымаць у Беларусі, калі Эўразьвяз не скасуе сваёй забароны.

БЕЛАРУСКАЙ АЭС ня будзе прынамсі да 2025 г. Энэргетыкі падлічылі, што АЭС дасьць краіне ўсяго на 40% электрычнасьці болей. Амаль столькі ж энэргарэсурсаў можна проста зэканоміць, калі карыстацца новымі тэхналёгіямі на прадпрыемствах ды ўцяпліць жыльлё.

ПАДАХОДНЫМ ПАДАТКАМ сёлета ня будуць абкладацца грошы ад здачы мэталалому, макулятуры, палімэраў, пабітага шкла ды старой гумы. Гэта мусіць заахвоціць здачу другаснай сыравіны.

РАСЕЙСКІЯ БРОВАРЫ, што экспартуюць піва ў Беларусь, мусяць уносіць грашовы заклад, роўны кошту пляшак. Заклад будуць вяртаць толькі тады, калі пустыя пляшкі вывезуць назад у Расею. Гэта абараняе інтарэсы нашых вытворцаў шкла, а таксама робіць расейскае піва даражэйшым і менш канкурэнтным на беларускім рынку.

Сяржук Іваноўскі

 

Аўтакефальную царкву нельга згадваць

Галоўнага рэдактара “НН” выклікалі ў пракуратуру за тое, што ў калядным пасланьні протаярэя Івана (Спасюка) і ў абвестцы пра набажэнства на месцы расстрэлаў у Курапатах згадваецца Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. Кажуць, нельга яе згадваць, бо не зарэгістраваная. Ці дадуць газэце за гэтыя згадкі папярэджаньне, пакуль невядома. А царква гэта такая, дзе ня бяруць платы за хрост і адпяваньне і якая Маскве не падпарадкоўваецца.

 

скандал тыдня

Мікола Маркевіч: Яны ізноў пралічацца

14 лютага журналісту “Пагоні” Паўлу Мажэйку будзе прад’яўлена абвінавачаньне па артыкуле Крымінальнага кодэксу “Паклёп у адносінах да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі”. Журналісту пагражае да пяці год пазбаўленьня волі. Хутчэй за ўсё, у той жа дзень аналягічнае абвінавачаньне будзе прад’яўленае і рэдактару “Пагоні” Міколу Маркевічу.

 

Днямі Павал Мажэйка быў у чарговы раз выкліканы ў пракуратуру. Пры канцы допыту сьледчы ўручыў Мажэйку позву на 14 лютага, патлумачыўшы, што будзе прад’яўляць абвінавачаньне.

Позву ў суд Міколу Маркевічу паказалі за тры дні да ягонага адлёту ў Нью-Ёрк, калі ўжо была аформленая віза, купленыя квіткі. Родныя баяліся, што мо й ня выпусьцяць яго зь Беларусі.

Хітра гуляюць лукашэнкаўцы. Цягнулі з крымінальнай справай паўгоду, да адлёту рэдактара “Пагоні” ў ЗША. Намякаюць: папрасі, Мікола, прытулак там. Хто табе адмовіць, калі супраць цябе крымінальная справа ўзбуджаная? А мы тут без тваёй “Пагоні” спакойна жыць будзем. Але Маркевіч не думае заставацца ў ЗША. “Чаго яму там рабіць?” — кажа ягоная жонка Вольга. 11 лютага ён мае вярнуцца і зьбіраецца разам з Мажэйкам ісьці ў пракуратуру 14-га, акурат на дзень усіх закаханых.

Журналісты і дзеячы культуры Гарадзеншчыны рыхтуюць адкрытыя лісты да пракурора Гарадзенскай вобласьці Васіля Літвінава, грамадзкасьці Беларусі й сьвету, дзе выкажуць сваё абурэньне з нагоды перасьледу журналістаў.

Э.Л.

Cвой Google

У студзені адбылася знакавая для беларускіх карыстальнікаў Сеціва падзея: пошукавік №1 у Інтэрнэце — Google — загаварыў па-беларуску. Дагэтуль сярод папулярных Інтэрнэт-рэсурсаў беларускай мовай карыстаўся толькі партал надвор’я wunderground. com.

 

Google быў запушчаны тры гады таму і за гэты час ператварыўся ў самую дасканалую і поўную пошукавую сыстэму. Ён шукае сярод 1,6 млрд. сайтаў (усіх іх у Сеціве каля 5 млрд.) на сямі дзясятках моваў (найбліжэйшы паказьнік у AltaVista — 25 моваў). На распрацаванай кампаніяй тэхналёгіі пошуку працуюць такія сусьветна вядомыя рэсурсы, як Yahoo, Cisco і яшчэ больш як 130 парталаў і сайтаў. Гэта пятнаццаты па наведвальнасьці сайт у ЗША. Зараз Google зьвяртаецца да сваіх карыстальнікаў па ўсім сьвеце на 72 мовах. Нарэшце, хоць і значна пазьней за іншыя славянскія, Google асвоіў і беларускую мову. Гэта адбылося дзякуючы працы валанцёраў Сяргея Бычкова і Ягора Шумскага, якія не пашкадавалі свайго часу і грошай, каб пошукавік “загаварыў” па-наску (прычым піша ён клясычным правапісам).

“Сёньня мы зьяўляемся пошукавай сыстэмай №1, — кажа дырэктар Google Дэвід Крэйн, — але пакуль яшчэ нельга сказаць, што абсалютна ўсе людзі ў Сеціве карыстаюцца нашай сыстэмай. Гэта — нашая мэта”. Імклівы посьпех асьпіранцкага праекту, якім яшчэ ў пачатку 90-х быў Google, сьведчыць, што, маючы жаданьне, можна скарыць любыя вышыні. Цешыць і тое, што беларуская справа выходзіць на ўзровень прыватнай ініцыятывы, дзе безь якой-кольвек падтрымкі ствараецца беларускі прадукт, дзе не чакаюць грантаў ці датацыяў і дзе ад цябе багата залежыць. Гэтым разам купка энтузіястаў дала беларусам — ад магілёўскага школьніка-падшыванца да амэрыканскага пэнсіянэра — магчымасьць выбраць роднае, каб паслугавацца лепшым.

Андрэй Чык


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0