Рэформа мэдыцыны

 

За грошы ці за так?

Калі вы думаеце, што галоўнае пытаньне нашай мэдыцыны “як вылечыць хворага?”, вы памыляецеся. Галоўнае сёньня — дзе знайсьці грошы. Нашай ахове здароўя паўафіцыйна, але на самым высокім узроўні пастаўлены дыягназ “жабрацтва” і загадана шукаць грошай сваімі сіламі. 30% ад неабходных сродкаў мэдыкі мусяць зарабіць самі. Гэта азначае, што адзін з трох хворых павінен лячыцца платна альбо кожны мусіць аплаціць са сваёй кішэні траціну атрыманых мэдычных паслугаў. Плаціць трэба за ўсё — да такой высновы зараз прыходзяць многія, і мэдыцына тут не выключэньне. Тым больш мэдыцына сучасная, высокатэхналягічная і энэргаёмістая. Але адной псыхалягічнай гатоўнасьці аддаць грошы мала, трэба мець яшчэ адпаведную арганізацыйную структуру, мэханізмы рэгуляваньня цэнаў на паслугі, а галоўнае — фінансавыя магчымасьці.

 

Ва ўсім гэтым працэсе ёсьць тры зацікаўленыя бакі. Ініцыятарам пераменаў выступае дзяржава, якую фінансавыя цяжкасьці вымушаюць шукаць спосабаў эканоміі сродкаў. Рухае ёй не жаданьне жыць па-новаму, а немагчымасьць існаваць па-старому. Даволі цяжка ўявіць сёньняшніх уладцаў у якасьці прынцыповых і кампэтэнтных рэфарматараў.

Ёсьць зацікаўленасьць у зьменах і сярод пацыентаў, бо ўзровень мэдычных паслугаў пагаршаецца з кожным годам, яны робяцца ўсё больш “блатнымі” і ўсё менш даступнымі, асабліва высокакваліфікаваныя. Часам, нават маючы грошы, хворы ня можа атрымаць адэкватную дапамогу, бо ня ведае, да каго і як зьвярнуцца.

Даволі складанае стаўленьне да новаўвядзеньняў у лекарскім асяродзьдзі. Паводле вынікаў леташняга апытаньня, у Магілёве прыватную мэдыцыну падтрымліваюць толькі 15% дактароў, за страхавую мэдыцыну выступаюць 50%.

Лекараў нельга назваць прагрэсіўнай і актыўнай сацыяльнай групай. На тое ёсьць шэраг прычынаў. Па-першае, многія зь іх маюць нізкі прафэсійны ўзровень, бо ў савецкай сыстэме адсутнічала канкурэнцыя ды іншыя стымулы да падвышэньня ўзроўню індывідуальнай падрыхтоўкі. Такія дактары баяцца страціць і тое, што маюць сёньня. Па-другое, яшчэ за савецкім часам лекары мелі даволі нізкія даходы ў параўнаньні з тэхнічнай або навуковай інтэлігенцыяй. Кампэнсавалася гэта “падарункамі” ад пацыентаў. Боязь згубіць вось гэты, хай “натуральны”, але ж “прыварак”, таксама спыняе некаторых дактароў. Бо ў платнай мэдыцыне, дзе разьлік ідзе ў адкрытым грашовым варыянце, “каньячна-цукерачныя” адносіны губляюць усякі сэнс. Страхі дактароў небеспадстаўныя.

На сёньня ёсьць два варыянты пераменаў у нашай мэдыцыне.

Першы — так званы “віцебскі варыянт”, калі бюджэтныя грошы аддаюцца паліклінікам, якія ўсімі сіламі пачынаюць іх эканоміць: менш робяць абсьледаваньняў, непатрэбных кансультацыяў, шпіталізацыяў, абыходзяцца меншай колькасьцю супрацоўнікаў і г.д. Звычайна такі экспэрымэнт канчаўся тым, што зэканомленыя грошы ўрэшце “зразаліся” зь бюджэту паліклінікі і стараннасьць прыносіла “стаханаўцам” адну шкоду.

Другі варыянт — тое, пра што цяпер столькі гаворкі, — каб усе паслугі паліклінік сталі платнымі. Цэны зацьверджаныя міністэрствам на пачатку мінулага году і з улікам інфляцыі сёньня даступныя многім. Але, па-першае, няма жорсткіх крытэраў, калі адну і тую ж паслугу рабіць за грошы, а калі за так. Досьвед паказвае, што ў “бясплатнікі” часьцей трапляюць чыноўнікі высокага рангу, кіраўнікі прадпрыемстваў, бізнэсоўцы ды іншыя катэгорыі, якія цяжка аднесьці да малазабясьпечаных. А па-другое, з кошту платных паслугаў толькі 10% ідзе на заробак лекару. Напрыклад, за прыём аднаго хворага тэрапэўт атрымлівае 100 рублёў, а прыняўшы за дзень 30 чалавек, ён заробіць 3000 руб. — грошы сьціплыя. Вось чаму ў такіх платных паслугах не зацікаўленыя ні мэдыкі, якія страцяць у заробках нават у параўнаньні зь сёньняшнімі акладамі, ні хворыя, якія, заплаціўшы грошы, будуць чакаць новага ўзроўню абслугоўваньня, а ўбачаць тую ж галечу і абыякавасьць.

Такім чынам, выгаду у гэтых новаўвядзеньнях можа знайсьці толькі дзяржава. Яна здолее нешта зэканоміць у найбліжэйшыя год-два, але ў пэрспэктыве ад такіх псэўдарэформаў карысьці ня будзе. Яны толькі падарвуць давер да больш сур’ёзных пераўтварэньняў, напрыклад, увядзеньня страхавой мэдыцыны, і расьцягнуць стагнацыю нашага грамадзтва на няпэўны час. Але яшчэ больш важна разуменьне таго, што задачы аховы здароўя нельга вырашыць ізалявана ад іншых праблемаў і “дыягназ” трэба ставіць не асобна мэдыцыне, камунальнай службе або сельскай гаспадарцы, а ўсёй сацыяльна-эканамічнай сыстэме, тады і “лячэньне” будзе прызначанае мэтанакіравана і кампэтэнтна.

Васіль Аўраменка, Магілёў

 

За што будзем плаціць

Мэдычныя ўстановы маюць права браць грошы за некаторыя паслугі яшчэ з 1996 г., аднак яны гэтым амаль не карыстаюцца, бо расцэнкі мізэрныя. Дый дзейнічае звычайная ўраўнілаўка — за кансультацыю ў прафэсара і ў вясковага доктара трэба заплаціць адны й тыя самыя 1200 рублёў, а мэдык зь іх атрымае рублёў 100. Астатнія ідуць у “агульную скарбонку” ўстановы. Міністэрства аховы здароўя зьбіраецца падвышаць цэны на платныя мэдычныя паслугі, а таксама павялічваць іх колькасьць. Хутчэй за ўсё, плаціць трэ будзе за талёнчыкі ў паліклініках, за ўсе стаматалягічныя паслугі, за частку дыягнастычных аналізаў. Сацыяльна значныя паслугі, кшталту лячэньня сухотаў ці ракавых захворваньняў, застануцца дармавымі, як і выклік “хуткай” (плаціць за яе будуць толькі госьці Беларусі з далёкага замежжа), дапамога пры родах. Бясплатнымі застануцца таксама хірургічныя апэрацыі й асноўныя лячэбныя працэдуры.

 

Расцэнкі на платныя паслугі
ў дзяржаўных паліклініках Магілёва

Унутрымускульная або падскурная ін’екцыя 269 руб.

Унутрывеннае кропельнае ўвядзеньне раствораў (“кропельніца”) 5965 руб.

Замер артэрыяльнага ціску на дзьвюх руках 538 руб.

Рэнтгенаграма лёгкіх 4542 руб.

Рэнтгенаграма пазваночніка 3590 руб.

Рэнтгенаграма чэрапа 3832 руб.

Ультрагукавое дасьледаваньне органаў жывата 7400 руб.

Індывідуальны пост санітаркі (за суткі) 1122 руб.

Знаходжаньне асобаў, што даглядаюць пацыента

(без харчаваньня) 6382 руб (з харчаваньнем) 8113 руб.

Адзін ложкадзень у 2-мясцовай палаце палепшанай

камфортнасьці (безь лячэньня) 8844 руб.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0