Рай стане ў Амэрыцы

рэпартаж з Солт-Лэйк-Сыты

Калі яны перайшлі горы й апынуліся ў скалістай даліне, іхны правадыр і прарок Брыгам Янг сказаў: “Cе — месца!”. Ён загадаў паставіць намёты ў бязводнай салёнай пустэльні, а празь дзьве гадзіны пасьля прыбыцьця ягоныя вернікі пачалі араць неўрадлівую зямлю.

Наступнага дня яны ўжо садзілі бульбу, сеялі пшаніцу, загацілі ручай, каб пусьціць ваду на высахлую ральлю. Так выглядаў пачатак сёньняшняй магутнасьці.

Патрэбная была вялікая вера альбо вялікая пыха, каб невялікі ручай назваць Ярданам, а саланчак — Зямлёй Ізраілю. Але, як вучыў прарок Янг, гэтая негасьцінная даліна была Зямлёй Абяцанай, адданай Богам ва ўладаньне Царкве Ісуса Хрыста сьвятых апошніх дзён — мармонаў. Бо ж Брыгам Янг сказаў: “Се — месца, да якога прывёў нас Бог!”.

 

Дыскусіі не было

У ліпені 1864 г. пасьля паўгоду пакутлівых вандровак (толькі ў другую ноч маршу замерзьлі дзевяцёра немаўлят) 146 чалавек засялілі даліну. Праз два гады іх было пяць тысячаў. Сёньня — адзінаццаць мільёнаў па ўсім сьвеце. Царква сьвятых апошніх дзён разьвіваецца хутка, як аніводная іншая ў сьвеце.

Крыху асвойтаўшыся ў салёнай даліне, яны распачалі будоўлю храму — Тэмплю, закрытага для няверных. Будавалі 20 гадоў: 177 пакояў для малітвы, шлюбаў, хросту, абсталяваныя з раскошай (залатая купеля, якую цягнуць залатыя быкі, мармур, пазалочаныя фрэскі, на адной зь вежаў — залаты анёл Мароні, які трубіць у залатую трубу). Цяжка паверыць, што 150 гадоў таму мармоны прыехалі сюды як выгнаньнікі на 72 укрытых палатном вазах.

Тэмпль стаіць у цэнтры Солт-Лэйк-Сыты — сталіцы штату Юта. Ён арганізуе плян гораду. Большы за храм толькі найвышэйшы ў горадзе (у некалькі дзясяткаў паверхаў) будынак мармонскай адміністрацыі. Вуліцы нумаруюцца паводле набліжанасьці да храму: 1, потым 2, 3 і г.д., пакуль вузкія вулкі перадмесьцяў не зьліюцца з гарамі.

У пляне Солт-Лэйк-Сыты ёсьць нешта ад сымбалю і мармонскай таямніцы. Чым бліжэй Тэмпль, тым прыгажэйшым здаецца горад, бо фізычна бліжэйшымі робяцца сьвятасьць і пуп зямлі.

— Так і мы, — кажа мне Джэф, мармон з Солт-Лэйк-Сыты. — Мармоны зь Юты лічацца бліжэйшымі да Бога, лепшымі за іншых мармонаў. На немармонаў яны паглядаюць звысоку. Яны думаюць, што толькі яны ведаюць праўду. А Бог жа ганіць пыху.

Джэф, мармон з мармонскай сям’і (гэта істотна, бо большасьць вернікаў царквы — нэафіты), кажа, што ў Солт-Лэйк-Сыты пануе маральная задуха. Ён сын царкоўнага ярарха, верыць насамрэч, не на паказ, прытрымліваецца рэлігійных запаветаў. І марыць зьехаць зь Юты.

Залатая легенда прарока Сьміта

Брыгам Янг, які прывёў мармонаў у Юту, мусіў быць незвычайным чалавекам, больш незвычайным, чым першы прарок Джозэф Сьміт.

Бо што зрабіў Джозэф Сьміт? Уклаў каноны веры, вызначыў структуру царквы (на чале — пажыцьцёва абраны беззаганны прарок, аточаны, як у Бібліі, дванаццацьцю апосталамі), паслаў у сьвет першых місіянэраў. Небагата — можа, таму што ў яго не было часу.

У 1827 г. Сьміт абвясьціў, што анёл Мароні паказаў яму месца на ўзгорку Кумора ў Новай Англіі, дзе закапаная залатая табліца са Словам Божым. Дзякуючы магічным камяням Урым і Тумім ён змог прачытаць і скапіяваць тэкст, напісаны таямнічай мяшанкай стараэгіпэцкага й халдэйскага альфабэтаў.

Сьміт прачытаў пасланьне анёла і паведаміў, што Хрыстос пасьля ўваскрэсеньня навучаў у Амэрыцы. Што індзейцы — нашчадкі няверных, якія ў 285 г. н.э. зьнішчылі пабожных нэфітаў (ад Нэфа — уцекача з Палестыны, які за паўстагодзьдзя да нараджэньня Хрыстовага прыплыў у Амэрыку на караблі, аснашчаным компасам). Тэкст анёла Мароні апісваў падарожжа Калюмба, зьнішчэньне індзейцаў, калянізацыю Амэрыкі, вайну за незалежнасьць.

На гэтым сканчаюцца прароцтвы, правераныя гісторыяй, і пачынаюцца астатнія: Хрыстос зноў зьявіцца на Зямлі недзе на амэрыканскім Сярэднім Захадзе. Хрыстос абяцаў, што Злучаныя Штаты будуць для вернікаў краем вечнага шчасьця — пры жыцьці й пасьля сьмерці.

Наш суайчыньнік пісьменьнік Мэльхіёр Ваньковіч (з роду Валентыя Ваньковіча, аўтара славутага партрэта Адама Міцкевіча), які жыў у Солт-Лэйк-Сыты, назваў Царкву Ісуса Хрыста сьвятых апошніх дзён амэрыканізмам у найчысьцейшай існасьці. І дзівіўся, чаму ў вялікім, сучасным, багатым амэрыканскім горадзе, у заможным штаце, удвая большым за Польшчу, захоўваецца тэакратычная закасьцянелая структура. Ваньковіч пытаўся: чаму мармоны, якія вераць словам беспамылковага прарока, даюць Амэрыцы вялікіх палітыкаў і фінансістаў, чаму іх царква эканамічна пасьпяховая? Чаму сярод людзей, якія вераць у залатую табліцу й рай на Сярэднім Захадзе Амэрыкі, — найбольшая (у працэнтах) колькасьць інтэлектуалаў?

І адказваў: ня ведаю.

Барада — знак супраціву

Пра дзяцінства і юнацтва Джэфа няма чаго доўга гаварыць: з маленства засвойваў асновы веры, хадзіў у храм, у 19 гадоў на два гады выехаў зь місіянэрскай службай на другі край зямлі. Істотней тое, як ён выглядае. Джэф, падстрыжаны налыса маладзён у акулярах, мае бараду, якую даглядае, як рэліквію. Лысая галава і барада для жанатага мужчыны маюць у Солт-Лэйк-Сыты палітычнае значэньне.

Ня менш важная за выгляд Джэфа гісторыя ягонай жонкі. Ехала калісьці прыгарадным цягніком задуменная 20-гадовая дзяўчына, для якой перавярнуўся сьвет. Яна кахала старэйшага мужчыну, які абяцаў ажаніцца, а выявіўся жанатым.

Пабачыла двух хлопцаў, якія сьмяяліся зь ейнага кольца ў носе. “Чаго ржаце?” — кінула яна ім. А яны: у Юце ніхто ня носіць такіх кольцаў. Гэта было ейнае першае спатканьне з мармонскімі місіянэрамі.

— Потым мы сустракаліся амаль штодня, — кажа яна. — Яны распавядалі мне пра сваю веру, пра месца сям’і, значэньне сямейнага жыцьця, пра мужчынаў, якія ня здраджваюць. Я была ў такім стане, што, калі б спаткала егавістаў, стала б егавісткай. Але менавіта мармоны далі мне духоўную падтрымку, дапамаглі мне, калі іншым было не да мяне.

Праз год Івона прыняла мармонскае хрышчэньне, праз два пераехала вучыцца ва ўнівэрсытэт Брыгама Янга. Пазнаёмілася з Джэфам, яны пабраліся.

— Перад шлюбам здарылася так, — распавядае яна, — што мы спалі ў адным ложку. Джэф сказаў мне “дабранач” і павярнуўся сьпінай. Я была ўпэўненая, што ён стане да мяне чапіцца, і ня ведала, што мне трэба рабіць. Нашая вера забараняе дашлюбны сэкс, я была нэафіткай, адданай запаветам, але не хацела, каб ён пачуўся адкінутым.

Івона, як і Джэф, ня паліць, не ўжывае алькаголю, кавы і гарбаты. І, як і Джэф, думае, што ў будучыні паедзе некуды зь місіяй. Затое яна п’е кока-колу, хоць Джэф колы ня п’е (кола ўтрымлівае забаронены кафэін), і ганарыцца, што яе мужу-мармону з мармонскай сям’і, выгадаванаму ў мармонскім унівэрсытэце, гэта не перашкаджае.

— Бо Джэф, — кажа яна, — не такі, як іншыя мармоны зь Юты, ён цярпімы й адкрыты. Бо ёсьць мноства такіх мармонаў, якія, калі б дазналіся, што я п’ю кока-колу, ужо лічылі б мяне горшай, нявернай.

І Івона сама падсьмейваецца, расказваючы пра колу:

— Чаму мармоны зь Юты крывяцца на кока-колу, але ядуць чакаляду? У чакалядзе ж яшчэ больш кафэіну.

І сама адказвае:

— Чакаляду тут елі заўжды, а колу п’юць чужынцы.

Усё ў вас тут будзе

...Новая вера спадабалася амэрыканцам не адразу — мажліва, таму, што разбурала падмурак веры пабожных пурытанаў: Бог — гэта таямніца, а Сьміт казаў, што бачыў Бога; Бог вызначыў манагамную сям’ю, а Сьміт цьвердзіў, што Біблія загадвае шматжонства. Мармонаў выгналі з Новай Англіі, а калі яны аселі ў штатах Ілінойс і Місуры, іх білі, палілі пасевы й дамы, нішчылі друкарні й млыны, без суду садзілі ў турмы.

У 1832 г. набожны прэсьвітэрыянскі натоўп выкачаў прарока Сьміта ў смале і пер’і.

У 1838 г. пратэстанцкі судзьдзя вынес яму сьмяротны прысуд, пазьней адменены.

У 1844-м натоўп выцягнуў прарока з турмы й лінчаваў.

У 1846 г. губэрнатар Ілінойсу падпісаў дэкрэт аб выгнаньні мармонаў (афіцыйна адкліканы толькі праз 132 гады).

Патрэбныя былі вялікія адвага і вера, каб у ХІХ ст. на Ўсходзе і Сярэднім Захадзе быць мармонам. Аднак у наступную нядзелю пасьля таго, як натоўп лінчаваў прарока Сьміта, падчас набажэнства Царквы Ісуса Хрыста сьвятых апошніх дзён, якое вёў Брыгам Янг, да іх дадалося некалькі вернікаў.

Брыгам Янг мусіў мець незвычайную моц. Ён хрысьціў добраахвотна навернутых у той час, калі пераход у мармонства быў роўны выгнаньню, ён правёў сьвятых апошніх дзён праз сухія прэрыі і Скалістыя Горы. У дадатак ён рабіў прароцтвы, якія ажыцьцяўляліся.

Калі мармоны паміралі з голаду ў даліне Вялікага Салёнага Возера, ён сказаў:

— Неўзабаве вы будзеце мець усяго больш і таньней, чым на Ўсходзе.

І што? У Каліфорніі выбухае залатая ліхаманка, праз Солт-Лэйк-Сыты цягнуцца караваны шукальнікаў, пакідаючы ў паселішчы мармонаў — адзіным паселішчы ў салёнай пустэльні — сабраную ў цяжкую дарогу маёмасьць.

Гэта Янг заклаў Солт-Лэйк-Сыты, паставіў Тэмпль, аточaны цудоўным садам, накрэсьліў плян гарадзкіх вуліцаў, спраектаваў пры храме Каўчэг — будынак, велізарны бліскучы дах якога нагадвае шкарлупіну яйка. У галоўнай залі Каўчэгу, вядомай ва ўсіх Злучаных Штатах цудоўнай акустыкай, прарокі двойчы на год абвяшчаюць Слова Божае.

Янг пусьціў ваду ў пустэльню, каб заміж салёных траваў і чэзлых кедрыкаў у ёй вырасьлі найлепшыя ў сьвеце яблыні, вішні, чарэшні, пэрсікі й абрыкосы.

Ён пераканаў мармонаў у неабходнасьці місіянэрскай службы, набываючы мноства новых вернікаў у Юце, Айдага, Каліфорніі, Арызоне, Нью-Мэксыцы. А перадусім ён зьбярог і павялічыў маёмасьць царквы, не дапусьціў чарговых рэпрэсіяў і пагромаў, зрабіў так, каб баяліся не мармоны, але мармонаў.

Іншыя ня любяць нас, мы ня любім іншых

Пакуль я дабраўся да Юты, мяне кармілі дзіўнымі апавяданьнямі.

— Солт-Лэйк-Сыты — гэта мэтраполія, — казалі мне. — Але будзь асьцярожны ў правінцыі, у малых мястэчках, там цябе могуць напаткаць непрыемнасьці.

Мне казалі, што, нават знаходзячыся на бурлівай вуліцы, я буду самотны ў атачэньні непрыязнасьці:

— Яны на нюх вызначаць, што ты чужы.

Мне раілі ня збочваць з галоўных дарог, хіба што ў нацыянальных парках: у Юце цудоўныя краявіды. Каб я сачыў за сваімі словамі, не пытаўся пра крамы зь півам і не дзівіўся, чаму ў гатэлях няма кавы. Словам, каб я паглядзеў цудоўныя каньёны, Тэмпль у Горадзе Салёнага Возера і Парк Сыты, дзе разгорнецца зімовая Алімпіяда, а потым як мага хутчэй выбіраўся зь Юты.

— Там усё так, як усюды ў ЗША: крамы, вуліцы, нават піўнухі, — тлумачылі мне. — Але... атмасфэра, настрой — гэта цяжка перадаць. Гэта адчуваецца, і гэта непрыемна.

Калі я пытаў, чаму, мне адказвалі неканкрэтна, затое множылі прыметнікі:

— Яны дзіўныя, замкнёныя, падступныя, злыя. Ці ведаеш ты, што шмат хто зь іх мае многа жанок?

Ад часу драматычнага канфлікту Царквы сьвятых апошніх дзён са Злучанымі Штатамі мінула сто год, але гісторыя не забылася.

— Чаму многія людзі ня любяць мармонаў? — спытаўся я неяк у Івоны і Джэфа.

— А чаму ня любяць мурынаў, жыдоў, гомасэксуалістаў? — спыталіся яны.

Праз хвіліну Джэф дадаў:

— Іншыя ня любяць мармонаў таму, што мармоны іх ня любяць.

Прароцтва Брыгама Янга

Праз два гады пасьля таго, як мармоны аселі ў салёнай даліне, Юта сталася часткай Злучаных Штатаў — дзяржавы, ад якой яны ўцяклі ў пустэльню. Сьвятыя апошніх дзён змыкаюць шэрагі, Брыгам Янг бароніць веру і сьвятую зямлю.

Таго, хто сумняваўся ў дактрыне, маглі зарэзаць; сям’ю Парыш выразалі, бо яна хацела вярнуцца на Ўсход. Мармоны ўзбройвалі індзейцаў, каб тыя выразалі пасяленцаў-немармонаў, а калі гэта не давала плёну, паліцыя прарока Янга “Анёлы сьмерці” ладзіла засады на караваны, якія ішлі праз горы.

У Маўнтын Мэдаў “Анёлы” зьнішчылі дарэшты караван са 157 чалавек; забойцамі кіраваў прыёмны сын прарока Янга. Вашынгтон быў абураны, ён хацеў навесьці парадак. У Юту ўвайшлі войскі, якія толькі што перамаглі Мэксыку. Салдатаў чакала выпаленая прэрыя, трупы быдла, паваленыя масты. Армія заняла Солт-Лэйк-Сыты, але ў гэтым не было патрэбы. Горад абязьлюдзеў, сады былі высечаныя, аддзелы факельшчыкаў падпальвалі набітыя саломай дамы. “Анёлы сьмерці” нішчылі вайсковыя харчовыя транспарты; цяпер войска залежала ад мармонаў: яму пагражаў бы голад, калі б яно не падпісала міру.

Вашынгтон таксама хоча згоды, хаця войска прагне помсты; кожны ведае, хто забіваў і паліў. Таго прыёмнага сына расстралялі, астатнія забойцы трапілі пад суд. Але суды ў руках мармонаў; справу пра разьню ў Маўнтын Мэдаў спускаюць на тармазах, як і дзясяткі іншых.

Брыгам Янг абараніў мармонскую Зямлю Абяцаную. Калі ён вёў вернікаў у Юту, прарокаваў, што ніхто ніколі й нідзе ня будзе іх перасьледаваць. Ён стрымаў слова.

Жонкі прарока

Калі Мэльхіёр Ваньковіч падарожнічаў празь Юту, мармонскія жонкі былі тэмай, якая цікавіла яго больш за ўсё. Ён папракаў Брыгама Янга, які нібыта меў 52 “паловы”, хоць гісторыкі ўнівэрсытэту ў Прова цьвердзяць, што жанок у прарока было “ўсяго” зь дзясятак. Амаль у кожным спатканым мужчыну Ваньковіч бачыў мнагажэнца і з ахвотай цытаваў Марка Твэна, які неяк абедаў разам з прарокам Янгам. Падчас абеду ўвайшла жонка №11 з прэтэнзіяй, што ён падараваў брошку жонцы №6.

“У мяне тут 27 жонак, — сказаў прарок пісьменьніку, — усім трэ будзе даць па брошцы. Ды хіба гэта ўсё? Я ж у гарах і стэпах, у лясох і далох маю мноства жонак. Усіх іх я зьведаў. І бачыце, спадару, што робіцца: у момант мужчынскага ўздыму я даў шостаму нумару (адразу не магу прыгадаць імя) брошку вартасьцю 25 даляраў. Ці ведаеце вы, чым гэта скончыцца? — ён узяў аловак. — За гэтую кароткую прыемнасьць я заплачу 2625 даляраў. А яшчэ буду бясконца параўноўваць, ці ня горшыя яны адна ад другой, і вяртаць. Нейкі пякельны госьць даў цішком аднаму дзіцяці сьвісток і ўцёк. Прымчаліся, каб даў і іншым. Ня верылі, што гэта даў ня я. Я паслаў сваіх “Анёлаў сьмерці”, але яго не адшукалі. Я мусіў выдаць 110 сьвісткоў — і цяпер у мяне з-за гэтых сьвісткоў увушшу сьвісьціць”.

Калі Твэн убачыў жонак прарока (што старанна цытуе Ваньковіч), ён прызнаў, што шматжэнства мармонаў — не распуста, а хутчэй мужчынскі духоўны подзьвіг: “Такіх непрыгожых стварэньняў я ніколі раней ня бачыў”.

Сам Ваньковіч бачыць у палігаміі крыніцу сучаснага мармонскага дабрабыту: “Брыгам Янг, які адмоўна ставіўся ў маладосьці да шматжэнства, стаўшы перад пэрспэктывай паходу на цалінную тэрыторыю, зразумеў, наколькі моцнай дапамогай яно было б. (...) За тры тыдні да пачатку выправы ён пабраўся шлюбам з 11 жонкамі ў працоўным веку — ад 17 да 40 гадоў”.

У Юце гэтая колькасьць павялічылася да 52 жонак; быў сярод мармонаў, аднак, і рэкардсмэн з 74 жонкамі. Жонкі й дзеці маглі працаваць. “Цяпер разумею, — працягвае Ваньковіч, — чаму Янг, які меў некалькі дзясяткаў дзяцей, зарабіў мільёны і чаму край, куды ён прывёў некалькі сотняў людзей, на час ягонай сьмерці ў 1877 г. налічваў 140 тысячаў кампактнага, працавітага, багабойнага, кіраванага энэргічнай тэакратыяй насельніцтва”.

Для Джэфа палігамія — гэта гісторыя ягонае царквы:

— Уяві сабе адзінокую кабету, якая жыла ў Юце сто гадоў таму. Яна б галадала, магла б нават памерці, а муж, хоць адзін на гурт, быў гарантыяй выжываньня. Зрэшты, палігамію практыкавалі толькі некалькі адсоткаў мармонаў; апроч таго, у 1890 г. царква забараніла шматжэнства.

У забытых сьветам закутках Юты, Айдага, Нэвады можна яшчэ й сёньня спаткаць паселішчы шматжэнцаў. Не прызнаныя царквой, яны лічаць сябе сапраўднымі мармонамі, бо жывуць так, як загадалі прарокі Сьміт і Янг. Закон супраць іх ня мае сілы: Юта — вялікая мармонская сям’я, усе могуць адшукаць супольных продкаў, а таму не даносяць на сваякоў.

Добра нам...

Прапрапрадзед прафэсара Ўолтэра Ўіпла належаў да тых некалькіх адсоткаў, якія мелі па некалькі жонак. Лінія прафэсара выводзіцца ад другой жонкі. Яны жылі ў Юце заўжды, не ўяўлялі сабе жыцьця дзе-небудзь іншым месцы.

— Я думаю, — распавядае Ўіпл, лінгвіст, прафэсар славістыкі ва ўнівэрсытэце Брыгама Янга, — што мы самыя шчасьлівыя людзі ў сьвеце. Калі б было іначай, якім цудам у царквы так павялічвалася б колькасьць вернікаў?

Прафэсар пытаецца: ці ёсьць у Амэрыцы іншы такі ж вялікі горад, як Солт-Лэйк-Сыты, дзе ня трэба замыкаць дом, аўтамабіль? Няма.

Якое веравызнаньне так багата ўвагі надае здароўю (нельга паліць, піць, ужываць харчовыя дабаўкі)? Аніводнае.

— Можа, гадоў сто пяцьдзясят таму мы былі занадта ўтрапёныя й фанатычныя. Але цяпер гэта мінула.

— А якія вы цяпер?

— Поўныя энтузіязму, радасныя, што ведаем праўдзівую веру. Зірні, колькі нашых хлопцаў і дзяўчат добраахвотна едуць зь місіяй. Прыйдзі ў Тэмпль — пабачыш, зь якім запалам маладыя місіянэры абвяшчаюць Слова Божае.

Сын прафэсара Ўіпла якраз вярнуўся зь Ляйпцыгу. Перш чым выехаць у Нямеччыну, ён прайшоў спэцыяльнае шкаленьне для місіянэраў, навучыўся цярплівасьці, лагоднасьці, паразуменьню. Ён прабыў у Ляйпцыгу два гады, хадзіў па дамах з пасланьнем прарока Мароні. Жыў сьціпла за грошы, дасыланыя з дому, як і тысячы ягоных раўналеткаў: на ўтрыманьне кожнага місіянэра сем’і адкладаюць па некалькі сотняў даляраў штомесяц, царква не дае ні цэнту.

Калі прафэсар Уіпл быў маладым, ён прабыў два гады ў місіі ў Швайцарыі. Пазьней быў кіраўніком місіі ў Польшчы. У ягоным кабінэце вісяць гуральскія малюнкі на шкле, прафэсар можа ўкруціць дыялектнае слоўка. Ягоныя студэнты размаўляюць па-чэску, па-ўкраінску, па-расейску, па-беларуску. Яны любяць краіны, дзе былі зь місіяй; на думку парфэсара, гэта найлепшыя амбасадары тых краінаў. Яны навярнулі па некалькі душаў, перамяніліся самі, пасталелі, вырасьлі. Сын Уолтэра Ўіпла перастаў сварыцца зь сястрой, пакінуў юначы бунт. Паводле словаў прафэсара, місіянэрства дае большыя веды і досьвед, чым шматгадовае навучаньне.

— У сьвет мы высылаем маладых, — тлумачыць ён, — бо да маладых людзі маюць давер. Маладосьць ідэалістычная, яна марыць служыць праўдзе. У місіянэрстве мы дасягаем посьпеху, бо ведаем, як падтрымаць, заахвоціць, знайсьці слабых, каб дапамагчы ім духоўна. Гэта вельмі сумленны мэтад, шчыры, чысты, адкрыты. Мы ня кажам, што іншая вера благая. Мы пераконваем, што нашая — праўдзівая.

— А ці адыходзяць вернікі ад царквы?

— Нашая царква іх не адрынае. Ты можаш паліць і быць мармонам: тытунь — невялікі грэх, мы будзем дапамагаць чалавеку пераадолець загану. Але людзі, якія жывуць насуперак прынцыпам, пачуваюцца кепска, ня ладзяць з Богам і супольнасьцю. Іхнае адчуваньне віны бывае мацнейшым за нашую падтрымку; тады яны адыходзяць ад нас, бо нешчасьлівыя самі празь сябе.

— Як вы імкняцеся дапамагчы?

— Паказваем на слабасьці, размаўляем: нішто так не падтрымлівае, як ціск асяродзьдзя. Мы прымаем правілы, якія адмаўляюць непажаданыя паводзіны. У студэнцкіх інтэрнатах унівэрсытэту Брыгама Янга дзяўчаты і хлопцы жывуць у асобных будынках. Чаму? Бо нашая вера забараняе распусту, мы ня хочам, каб моладзь сутыкалася са спакусамі.

...бо мы аднолькавыя

Унівэрсытэт Брыгама Янга месьціцца на схілах высокіх гораў: роўна падстрыжаныя газоны, чыстыя прысады, дагледжаныя будынкі, ціхія студэнты. Адукацыю атрымліваюць пераважна маладыя мармоны, рэкамэндаваныя біскупамі; толькі ім царква вяртае 70% высокае платы. Унівэрсытэт ганарыцца ці не найлепшай у ЗША школай лінгвістыкі, створанай мармонскімі місіянэрамі, цудоўнымі факультэтамі бізнэсу, адміністрацыі й права. А таксама ганаровым кодэксам, “выкліканым да жыцьця ідэямі й прынцыпамі Царквы Ісуса Хрыста сьвятых апошніх дзён”, якога ня мае ніводная іншая амэрыканская вышэйшая школа.

Кодэкс, за выкананьнем якога сочыць студэнцкая рада і ўнівэрсытэцкая паліцыя, патрабуе жыць паводле запаветаў веры, гаварыць “чыстай” мовай, шанаваць братоў, адмовіцца ад харчовых дабавак. А перадусім, хоць гэта й апошні пункт, — дапамагаць іншым у выкананьні загадаў кодэксу.

На думку Джэфа і Івоны, ганаровы кодэкс спрычыніўся да таго, што ўнівэрсытэт Брыгама Янга заміж таго, каб ісьці наперад, адступае ў мінулае стагодзьдзе.

Агульнапрынятыя нормы вызначае рада, а за іх выкананьнем сочыць паліцыя, якая можа сярод ночы ўваходзіць у студэнцкія пакоі й правяраць, паліць моладзь ці не. Калі дзяўчыну засьпеюць у мужчынскім інтэрнаце, яна, хоць бы й была найлепшай па пасьпяховасьці, можа разьвітацца з навучаньнем. Тое ж тычыцца і хлопца, які бавіцца ў дзявочым пакоі.

— На занятках мастацтва прафэсары ня разглядаюць скульптур Мікелянджэля, бо ён паказваў людзей аголенымі, а аголенасьць — гэта дрэнна, — распавядае Джэф.

— Ці ведаеш, што азначае “дапамагаць іншым у выкананьні загадаў кодэксу”? — пытаецца Івона. — Гэта азначае даносіць і шпегаваць, як тут кажуць — паказаць супольнасьці слабога. У нас тут данос не данос, у нас гэта высакароднае дзеяньне, вартае ўхвалы, і нікога не цікавіць, якія матывы кіруюць даносчыкамі. Бальшыня зь іх віжуюць за сябрамі дзеля ўласнае карысьці: хочуць заняць чыёсьці месца, маюць на кагосьці зуб. Рэлігія тут — толькі выдатная нагода. Хто сабе тлуміць галаву верай? Але найгорш тое, што бальшыні такая завядзёнка не перашкаджае. Ва ўнівэрсытэце, табе скажуць: гэта фантастычнае месца, мы ўсе такія самыя, усе аднолькава думаем. Кодэкс гонару? Ён дазваляе слабым удасканальвацца, усім нам спрашчае існаваньне, мы ведаем, што дабро, а што зло.

Лепш ніводзін, чым усе

— Даносамі, — дадае Джэф, — займаюцца ня ўсе мармоны, а толькі закасьцянелыя, замкнёныя супольнасьці, якія ўзвышаюць сябе над іншымі, баяцца навакольнага сьвету. Бо мы, хоць у Юце няма большае сілы, чым мармоны, баімся “іншасьці”.

Мармоны зь Юты мяркуюць, што, змушаючы ўсіх выконваць уласныя правілы, яны ратуюць сьвет.

— Джэфе, хіба ты ня любіш сваю царкву?

— Я добры мармон, выконваю ўсе правілы рэлігіі. Я ня п’ю алькаголю, хоць дактары кажуць, што малыя порцыі могуць быць карыснымі для здароўя. Але ў Юце, між сваіх, мне ніякавата. Бо ў Бібліі пішацца, што трэба любіць Бога і блізкага. Ёсьць нейкая вышэйшая задума ў тым, што мы створаныя рознымі. Сьвет не сканчаецца ў Солт-Лэйк-Сыты. Мая царква вельмі кансэрватыўная, і ў гэтым няма нічога кепскага, але людзі думаюць, што кансэрватыўнасьць — тое самае, што адмаўленьне іншага. А раней жа нас саміх, мармонаў, лічылі быдлам толькі таму, што мы былі іншымі.

Мне няма калі з табой гаварыць

Калі я ўваходжу ў сады вакол Тэмплю, адчуваю магутнасьць мармонаў. Храм — велізарны, белы, па-амэрыканску эклектычны — мешаніна ўсіх архітэктурных стыляў. Побач дом прарока Джозэфа Сьміта — пыхлівы шматпавярховы будынак 30-х гадоў, некалі самы прэстыжны гатэль Солт-Лэйк-Сыты, сёньня — пэрліна ў мармонскай кароне. За тры крокі — шкляная вежа адміністрацыі царквы; зь верхняга паверху адкрываецца цудоўны від на горы, Вялікае Салёнае Возера, найбольшы ў сьвеце кар’ер медзі, які выглядае нібы кратэр гіганцкага вулькану. Са шкляной вежы кіруюць мармонскай імпэрыяй: 11 мільёнаў вернікаў, тысячы місіянэраў, цэрквы, вучэльні, банкі, прадпрыемствы, гатэлі, кар’еры.

Па садох Тэмплю нельга шпацыраваць самотна. Ужо пры брамах, зьвернутых на чатыры бакі сьвету, падпільноўваюць маладыя місіянэркі, ладныя, у аднолькавых шэрых гарнітурах і шэра-чорных плашчах. Яны пытаюцца:

— Ці патрэбны праваднік?

Гарды, невысочанькая бляндынка, па волі царквы прысланая ў Солт-Лэйк-Сыты з Канады, паказвае мне здымкі багатых пакояў храму і ўсхвалявана пытаецца:

— Праўда ж, мы і ў мастацтве найлепш у сьвеце служым Госпаду?

Яна праводзіць мяне да Каўчэгу; па-над вялізнай заляй пад круглай стольлю, што нагадвае плянэтарый, стаіць шматмэтровая фігура Хрыста, а з дынамікаў, схаваных у мурах, гучыць вучэньне анёла Мароні на ўсіх мовах сьвету. Гарды кажа:

— Гэта самае дасканалае месца ў сьвеце.

Яна пачынае расповед пра мармонаў, пра пакуты Джозэфа Сьміта і першых сьвятых апошніх дзён, але маўчыць пра караван, зьнішчаны пад Маўнтын Мэдаў. Ад ейных словаў вее гонарам за беспамылковасьць прарокаў, захапленьне веліччу царквы.

— Ці ведаеш ты, што, калі недзе ў сьвеце здараецца землятрус, грузавікі з Царквы Ісуса Хрыста сьвятых апошніх дзён першыя прывозяць дапамогу? Ці ведаеш, што мармон пры патрэбе заўжды можа разьлічваць на дапамогу братоў? Ці ведаеш, што ўсе мы тут, кожны, каго ты сустрэў у доме Джозэфа Сьміта, служым царкве бясплатна? Ці ведаеш, якое гэта цудоўнае пачуцьцё?

А потым:

— Ці верыш ты ў Ісуса Хрыста? Ці ведаеш ты, што Хрыстос вернецца на Зямлю ў Амэрыцы? Ці ведаеш, што да збаўленьня вядзе адна дарога, запісаная на залатых табліцах анёла Мароні? А можа, ты ня згодны?

— Ня ведаю, як яно ёсьць, але мне здаецца, што да збаўленьня можа весьці шмат дарог.

— Слухай, — Гарды паблажліва пасьміхаецца мне. — Гэта прыгожыя забабоны. Шкада толькі, што ў забабонах — хлусьня заміж праўды.

Я кажу, як Джэф:

— Ёсьць жа нейкая вышэйшая задума ў тым, што мы створаныя рознымі.

— Гэта праўда, людзі розныя, таму адны спазнаюць праўду, а іншыя — не. Твой прыяцель неасьцярожны.

— А калі ён мае рацыю?

— Прабач, мне ўжо няма калі з табой гаварыць.

Тэлефон даверу

Калі Джэфу надакучвае слухаць па FM-радыё пра “шчасьце ў еднасьці”, альбо пра “адзіную дарогу да збаўленьня”, альбо: “Ня буду размаўляць зь людзьмі, якія хлешчуць піва вечарамі”; калі ён чуе прамову мясцовага палітыка: “Я нічога ня маю супраць гомасэксуалістаў — пры ўмове, што яны жывуць ня ў Юце”, — ён звоніць на радыёстанцыю, па якой выступае палітык, і кажа: “Я згодны з сэнатарам і хачу, каб усіх пэдзікаў выслалі з Солт-Лэйк-Сыты на Месяц”. Ён чуе свой голас у прыёмніку і сам сябе пытаецца: адчуюць слухачы іронію ці наадварот — на наступных выбарах падтрымаюць сэнатара?

Потым ён шукае адказ на пытаньне: чаму ў пабожным Солт-Лэйк-Сыты рэзка расьце злачыннасьць, хаця агульнамэрыканская статыстыка адзначае ейны спад? Альбо чаму ў горадзе штораз болей алькаголікаў і наркаманаў? А асабліва — чаму дзеці “самых шчасьлівых людзей у сьвеце” наперадзе па колькасьці самагубстваў? Часам яму прыходзяць на розум адказы, якіх ён баіцца. Бо вельмі цяжка сказаць: можа, гэта нашая віна?

Паводле Gazety Wyborczej

 

Штат Юта

70% насельніцтва штата Юта, у якім жыве больш за два мільёны чалавек, – вернікі Царквы Ісуса Хрыста Сьвятых Апошніх Дзён, вядомыя яшчэ як мармоны (хоць самі яны пазьбягаюць такое назвы). У сталіцы гэтага штату Солт-Лэйк-Сыты месьціцца галоўная ўправа Царквы.

Юта ў параўнаньні

У Юце адзін з самых нізкіх у ЗША паказчыкаў беспрацоўя (каля 3%). Штат займае другое месца па агульным узроўні здароўя насельніцтва, перадапошняе – па ўзроўні бюджэтных выдаткаў на мэдычнае абслугоўваньне і па колькасьці хворых на сэрца, дыябэт, рак, захворваньні лёгкіх, печані, сасудаў мозгу. Насельніцтва Юты – самае маладое ў ЗША: сярэдні ўзрост там 26,8 гаду (па ЗША – 34,3). Юта мае самы нізкі ўзровень абортаў і найменшую колькасьць пазашлюбных дзяцей. Узровень злачыннасьці ў штаце нязьменна трапляе ў дзясятку самых нізкіх у ЗША. У Юце самы высокі ў ЗША ўзровень адукацыі й найбольш пэрсанальных кампутараў на душу насельніцтва.

Хто такія мармоны

Мармоны лічаць, што першапачатковая Царква Ісуса Хрыста зьнікла зь зямлі ў хуткім часе пасьля сьмерці апосталаў. Бязь іхнае ўлады і кіраўніцтва людзі пачалі зьвяртацца да іншых крыніцаў дзеля разуменьня веравучэньня, у выніку чаго мноства ясных і каштоўных ісьцінаў было страчана. За мінулыя стагодзьдзі з-за адсутнасьці апостальскай улады першапачатковая царква раскалолася на мноства плыняў.

Сябе мармоны лічаць вернікамі сапраўднай Царквы Ісуса Хрыста, што была адноўленая ў першай палове ХІХ ст. разам з усёй першапачатковай уладаю, таямніцамі й арганізацыяй, уключна з жывым прарокам і апосталамі, празь якіх Хрыстос кіруе сваёй царквою. Каб адрозьніваць яе ў часе ад першапачатковай Царквы Ісуса Хрыста, адноўленая царква была названая Царквою Ісуса Хрыста сьвятых апошніх дзён.

Сьвятым Пісьмом яны лічаць Біблію і летапіс пад назваю “Кніга Мармона: новыя сьведчаньні аб Ісусе Хрысьце”, у якім утрымліваецца аповед аб служэньні Хрыста на Амэрыканскім кантынэнце пасьля ягонага ўваскрэсеньня. Прарокі, што жылі ў Амэрыцы, як і старазапаветныя, вялі летапіс (выгравіраваны на мэталёвых аркушах) аб адносінах Бога і людзей на гэтым мацерыку. Джозэф Сьміт (1805—1844), першы прарок царквы, пераклаў той летапіс. У мармонаў няма аплачванага духавенства. Сьвятаром можа быць любы варты гэтага мужчына-вернік. Узначальвае царкву прэзыдэнт (зараз гэта Гордан Гінклі), які лічыцца прарокам.

Канфэрэнц-цэнтар у Солт-Лэйк-Сыты

У гонар новага тысячагодзьдзя і з улікам сусьветнага росту царквы ў сталіцы штату Юта быў пабудаваны канфэрэнц-цэнтар плошчай у 150 тыс. м2. Там самая вялікая ў сьвеце заля для рэлігійных сходаў, разьлічаная на 21 тысячу месцаў. Найноўшая апаратура, якая забясьпечвае трансьляцыю сэсіяў з канфэрэнц-цэнтру, дазваляе данесьці працу паседжаньняў на 24 мовах па царкоўнай лічбавай спадарожнікавай сетцы да малітоўных дамоў ЗША, Канады, Мэксыкі, краінаў Карыбскага басэйну, Цэнтральнай і Паўднёвай Амэрыкі, часткі Ўсходняй Эўропы й Паўднёвай Афрыкі. У залі ёсьць арган, які мае 130 рэгістраў і налічвае агулам 7667 асобных трубаў. Гранітная падлога колеру чырвонага дрэва, панэлі зь вішнёвых й грушавых дошак, скульптуры, вітражы, карціны, кветкі, маленькія дрэўцы аздабляюць інтэр’ер канфэрэнц-цэнтру. На даху будынку месьцяцца фантаны, вадаспады, дэкаратыўныя вазы, вялікі поплаў з сыстэмай арашэньня, растуць палявыя кветкі і 1400 дрэваў.

 

Мармоны ў Беларусі

У Беларусі гэтая царква была зарэгістраваная ў 1993 г. На сёньня адзіная ў нас Менская парафія налічвае тры сотні вернікаў. Ёсьць сярод іх і маладыя, і старыя (адной пары — за восемдзесят), і студэнты, і вайскоўцы (мармонам не забаронена служыць у войску). Таксама ў Беларусі знаходзяцца 10 місіянэраў — дзевяць амэрыканцаў і немка. Свайго малітоўнага дому (дому сходаў) беларускія мармоны ня маюць, таму арандуюць памяшканьне ў Доме вэтэранаў (Янкі Купалы, 21), дзе зьбіраюцца штонядзелю а дзясятай. Гэтым летам, як і штогод, яны выправяцца ў Нямеччыну, у тамтэйшыя храмы, дзеля атрыманьня сьвятых тайнаў.

 

З Лахвы — у Юту

Говард Марк Гілман нарадзіўся ў ЗША. Гэта звычайны амэрыканец, праграміст, жыхар невялічкага “спальнага” гарадка за пяць кілямэтраў ад Нью-Ёрку. У будні працуе, у выходныя дні бавіцца на дансынгу — што паводле нашых уяўленьняў дзіўнавата для сталага мужчыны. Часам наведвае сынагогу, але значна часьцей — мармонскія генэалягічныя бібліятэкі, бо спадзяецца празь іх адшукаць сваякоў у Беларусі.

 

Продкі ягоныя жылі ў Лунінцы. Ягоная бабуля разам з сынам, бацькам Говарда, здолела пазьбегнуць лёсу ахвяраў Галакосту. Яны ўцяклі з краіны і нейкім чынам трапілі ў ЗША. Зараз немагчыма ўжо высьветліць усе падрабязнасьці гэтай гісторыі, бо ані бацька, ані бабуля ніколі не распавядалі пра падзеі тых часоў. Толькі пасьля іхнай сьмерці Говард упершыню даведаўся пра Галакост і пра гібель сваякоў.

У Говарда не стае рашучасьці наведаць магілы сваіх продкаў. Пра родныя мясьціны яму распавядаў кузэн, што нарадзіўся ў Лахве, паміж Лунінцом і Мікашэвічамі. Летась кузэн наведаў Беларусь і казаў, што дарога ў Лунінец доўгая і цяжкая, аўтамабіляў напракат няма, гарачай вады ў правінцыйных гатэлях — таксама. На шашы немагчыма купіць аніякай ежы, а вада атручаная радыяцыяй. Што праўда, людзі ў вёсках вельмі сардэчныя, але жывуць дужа бедна. На вуліцах можна яшчэ ўбачыць каня, запрэжанага ў калёсы.

Пасьля гэткіх аповедаў Гілман любіць Беларусь на адлегласьці. Ён вывучае сваю генэалёгію ў бібліятэках мармонаў і знаходзіць там шмат цікавага. Прыкладам, адшукаў рэвіскія сьпісы з Кажан-Гарадка, дзе нарадзілася ягоная бабуля. Рэвіскі сьпіс — гэта казённая папера, у якой пазначаныя нараджэньні, шлюбы, сьмерці; нешта накшталт сучаснай натарыяльнай кнігі. Царскія ўлады складалі гэткія спісы дзеля патрэбаў падаткаабкладаньня, а сёньня нашчадкі карыстаюцца імі, каб аднавіць свой радавод. У бібліятэках мармонаў дзясяткі тысячаў гэткіх сьпісаў. Да чытачоў яны трапляюць выключна ў выглядзе мікрафільмаў. Але Говард пэўны, што мармоны маюць і арыгіналы, купленыя ў беларускіх чыноўнікаў за вялікія грошы. Цяжка сказаць, ці праўда гэта.

 

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0