Тры выдавецкiя праекты Антона Луцкевiча

“Зборнiк Наша Нiва” выйшаў да паходу Чырвонае Армii на Польшчу. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова ўбачыць, што на апошняй старонцы яго папяровае вокладкi рэклямуюцца штодзённая газэта “Беларусь”, часопiсы “Рунь”, “Саха” ды тыднёвiк “Незалежная думка”, што спынiў сваё iснаваньне 11 лiпеня 1920 г. — якраз у дзень, калі Чырвоная Армiя ўзяла Менск.

“Зборнiк Наша Нiва” — гэта 48 старонак тэксту. Фармат — 164х237 мм. Зборнiк убачыў сьвет у друкарнi каапэратыўнага таварыства “ДРУК”, што месьцiлася ў Вiльнi па вулiцы Троцкай, 13.

У прадмове да зборнiка згадвалася “Наша Нiва” 1906—15 г. i зазначалася, што “кiданыя ёй шырока зярняты нацыянальнае сьвядомасьцi пападалi на добры грунт, усходзiлi i ўрэшце далi багаты ўраджай”. Не затрымлiваючыся падрабязна на разглядзе падзеяў 1916—19 г., аўтар пiсаў: “Цяпер, калi перад нашым народам стаiць задача рэалiзацыi iдэi дзяржаўнае незалежнасьцi, калi творацца сапраўды моцныя асновы нашае нацыянальнае культуры... мы, старыя супрацоўнiкi “Нашае Нiвы”, iзноў згуртавалiся i прыступаем да прыпыненае працы”. Спамянуўшы Iвана Луцкевiча, Цётку, Максiма Багдановiча, Лявона Гмырака, якiя не дажылi да 1920 г., адзначыўшы, што “нарасьлi новыя сiлы”, аўтар гэтак тлумачыць, чаму выдаецца менавiта “Зборнiк Наша Нiва”:

“Iснаваньне штодзённай беларускай газэты i некалькiх тыднёвых здымае з нас абавязак асьвятляць штодзённыя бягучыя справы i дае магчымасьць абмежавацца справамi i пытаньнямi прынцыповага характару. Мы будзем падыходзiць да разьвязкi гэткiх пытаньняў, узiраючыся ў далейшую будучыню, а не ў сягоньняшнія хутка мiнаючыя i зьменныя настроi. Дзеля гэтага мы i выбралi форму выдавецтва (слова “выдавецтва” тут сынонiм слова “выданьне” — А.С.) непэрыядычнага i ў гэтым зборнiку памяшчаем тыя матэрыялы, якiя нам удалося пакуль што згуртаваць”.

Якiя ж матэрыялы былі надрукаваныя ў зборнiку? Перш-наперш, артыкул Антона Луцкевiча — Ант.Навiны “Палiтычныя лёзунгi беларускага руху”, у якiм цалкам або фрагмэнтарна былі пададзеныя дакумэнты Канфэдэрацыi Вялiкага Княства Лiтоўскага (1915—16), Вiленскай беларускай канфэрэнцыi (студзень 1918) i трэцяя Ўстаўная грамата Рады БНР.

Іншы аўтар зборніка, інжынэр Аляксандар Галавiнскі, разумеў, што пасьля шасьці гадоў войнаў “дзеля фiнансова-эканамiчнае адбудовы краю нашага... нiяк нельга абысьцiся без загранiчнае помачы”. У ягоным артыкуле “Ўвагі аб фінансава-эканамічнай адбудове Беларусі” зьмешчпныя таблiцы зь пералiкам неабходнага абсталяваньня на першыя 5 паваенных гадоў. Таблiца №1 утрымлiвае сьпiс рэчаў, патрэбных для сельскай гаспадаркi, культурнага жыцьця i асьветы: гэта плугi, сеялкi, косы, малатарнi, элiтная жывёла, гэта i пэўная колькасьць “добра абстаўленых лябараторый” — мэханiчных, хiмiчных, фiзычных, фiзычна-хiмiчных i iнш., “клiнiк унiвэрсытэцкiх”, тыпа-лiта-цынкаграфiй, радыёстанцый... Фабрыкі й заводы падаюцца ў таблiцы №2 (сылiкатная тэхналёгiя, мiнэральная тэхналёгiя, мэталюргiчныя заводы, выраб машын, паравых катлоў i турбiнаў для гiдраэлектрастанцыяў) i №3 (заводы “спажыўнае тэхналёгii” — харчовае прамысловасьцi; заводы арганiчнае тэхналёгii, то бок тартакi, папернi, цэлюлёзныя фабрыкi, выраб драўлянага вугалю, штучных тканiнаў, тэкстылю, фарбаў, лекаў i г.д.). На падставе падлiкаў Галавiнскi зрабiў выснову: “Па ўсiх трох таблiцах на першыя пяць гадоў патрэбна жывога i мёртвага iнвэнтару i мэханiчнага абарудаваньня дзеля найбольш патрэбных для нашага краю фабрык i заводаў, прыблiзна лiчачы, на суму каля двухсот дзесяцi мiльёнаў залатых рублёў (210775000 залатых рублёў)”. Галавiнскi скончыў свой артыкул сказам: “I ўсё гэта мы маем магчымасьць атрымаць з загранiцы пры магчымасьцi наладжаньня незалежнае фiнасовае i эканамiчнае гаспадаркi Беларусi”. Карысна было б пачытаць гэта нашым інтэгратарам.

Эканамiчнай праблематыцы прысьвечаны й артыкул рэдактара-выдаўца “НН” у 1906—14 г. Аляксандра Ўласава “Хатнiя промыслы ў Беларусi”.

У зборнiку пасьмяротна надрукаваны артыкул Iвана Луцкевiча “Ай Кiтаб”. Тамсама друкуецца ў перакладзе на беларускую ўрывак з “Ай Кiтабу”. Далей зьмешчаныя “Хаўтурны марш” польскага паэта Карнэля Ўейскага ў перакладзе Янкi Купалы, твор Максiма Гарэцкага “Патаёмнае”, а таксама тры ўрыўкi з “Гiтаньялi” Рабiндраната Тагора (пераклад зроблены з польскага перакладу Яна Каспровiча). У разьдзеле ”Бiблiяграфiя” знаходзiм рэцэнзiю на аповесьць Гарэцкага “Дзьве душы”, анатацыi на брашуру Аляксандра Цьвiкевiча “Беларусь”, на кнiгу “Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung. Mit 93 Abbildungen und einer Karte”, што выйшла ў Бэрлiне пад рэдакцыяй Вальтэра Егера, на зборнiк “Падарунак беларускаму жаўнеру”, выдадзены Беларускаю вайсковаю камiсiяй, а таксама на брашуру А.Ж. (Аркадзя Смолiча) “Беларуская Сацыял-Дэмакратычная партыя, яе мэты i заданьнi. Папулярны выклад праграмы”. Аўтарам рэцэнзii на аповесьць Гарэцкага бясспрэчна зьяўляецца Антон Луцкевiч, якi падпiсаўся крыптанiмам А.Л., а пад анатацыямi подпiсаў няма. У зборнiку зьмешчаны таксама пералiк беларускiх пэрыёдыкаў, выдадзеных ў траўнi 1920 г., беларускiх нацыянальных установаў, кароткiя агляды “Стан школьнае справы”, “Беларускi тэатар” i “Эканамiчныя арганiзацыi”, а таксама нататка пра Беларускую вайсковую камiсiю. Такi зьмест “Зборнiка Нашае Нiвы”.

Матэрыялы для ілюстраванага зборнiка “Памяцi Iвана Луцкевiча ў першыя ўгодкi сьмерцi яго (20.VIII.1919 — 20.VIII.1920)” зьбiралiся і за бальшавiкамi. Пра гэта сьведчыць хоць бы дата пад адным з матэрыялаў — 15.VII.1920. Зборнiк быў падрыхтаваны недзе да сярэдзiны жнiўня. У iм зьмешчаны артыкул А.Луцкевiча “Жыцьцё i праца Iвана Луцкевiча”, успамiны Лялi Мэнке, Адварда Будзькi, Максiма Гарэцкага, Леапольда Родзевiча, Мiхала Кахановiча, Язэпа Салаўя i Клаўдзiя Душэўскага (пра аднаго аўтара ўспамiнаў, А.Сегеня, зьвестак ня маю i таму iмя назваць не магу). Тамсама надрукаваныя верш Ежы Янкоўскага ды iмпрэсiя Зьмiтрака Бядулi “Сьвятое гэта месца!..”, прысьвечаныя I.Луцкевiчу.

Што датычыць брашуры “Польская акупацыя ў Беларусi”, дык пад тэкстам гэтага твору пазначана, што напiсаны ён у Вiльнi “ў лiпенi 1920 году”. Мiжволi вынiкае пытаньне: да прыходу бальшавiкоў цi пасьля іх прыходу ў Вільню? Адказ знаходзiм у тэксьце. Распавёўшы пра адну сваю гутарку зь Пiлсудзкiм пра ўсходнюю палiтыку Польскае дзяржавы, аўтар адзначаў: “Гэта гутарка была ўвосень 1919 г., — а хутка выявiлася, якiя гэта палiтычныя “ходы” меў на думцы Пiлсудзкi. У Вiльнi яго давернiк, капiтан Славак, каваў iнтрыгi процi незалежнасьцi Лiтвы, закiдваючы iх сецi на Коўну i падгатаўляючы тамака польскую змову процi лiтоўскага ўраду. Змова гэная была ў пару выкрыта лiтвiнамi i расстроеная, — але падземную работу Слаўка вялi далей яго замясьцiцелi ажно да моманту заняцьця Вiльнi чырвоным войскам i прымусовага прызнаньня Польшчай гэткай нялюбай незалежнасьцi Лiтвы”.

Вось гэты абзац i дае нам падставу сьцьвярджаць, што праца над брашурай “Польская акупацыя ў Беларусi” скончылася пасьля прыходу бальшавiкоў у Вiльню.

Твор гэты выдадзены на беларускай i польскай мовах. Перакладаючы сваю брашуру на мову нашых заходнiх суседзяў, Луцкевiч хацеў паказаць злачынствы польскае ваеншчыны ды цывiльнае адмiнiстрацыi шырокай польскай грамадзкасьцi, асаблiва тым, хто менаваў сябе сацыялiстамi. Брашура выдадзеная пад сапраўдным iмем i прозьвiшчам аўтара, што з Луцкевiчам здаралася рэдка. Такiм чынам вядомы польскiм дзеячам беларускi дзяяч дэманстраваў сваё стаўленьне да афiцыйнае польскае палiтыкi.

Ажыцьцявiць тры гэтыя праекты Антону Луцкевiчу дапамаглi цi ня дзесяць “старых” нашанiўцаў. Ня толькi былыя актыўныя аўтары ды супрацоўнiкi рэдакцыi Аляксандар Уласаў, Янка Купала, Зьмiтрок Бядуля, Максiм Гарэцкi, Адварды Будзька, але і Леапольд Родзевiч, i Клаўдзi Дуж-Душэўскi, якія пад уплывам “Нашае Нiвы” далучылiся да беларускага руху. Да кола нашанiўцаў належаў i Язэп Салавей, адзiн з пачынальнiкаў сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусi, рэдактар газэты “Гоман” зь сярэдзіны 1917 і да спыненьня яе выхаду ў канцы 1918 г.

А.С.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0