Нацыянальны кансэнсус

па пытаньні прыватызацыі нафтахіміі

Працоўныя калектывы наваполацкіх “Паліміру” і “Нафтану”, бабруйскай “Белшыны”, гарадзенскага “Азоту”, сьветлагорскага ды магілёўскага “Хімвалокнаў” далі згоду на прыватызацыю сваіх прадпрыемстваў. Увесну гэтыя прадпрыемствы сьпешна ператворацца ў акцыянэрныя таварыствы, а ўвосень частку іх акцыяў прададуць расейскім інвэстарам. Аднак ладзіць хаўтуры па эканамічнай незалежнасьці краіны зарана. Пакуль будзе трываць цяперашняя ўлада, буйную нафтахімію будзе кантраляваць беларуская дзяржава.

Пасьля 9 верасьня прыватызацыйныя заявы беларускага боку сталі асьцярожнымі, летні запал зьнік. Зрабілася ясна, што ніхто не зьбіраецца задарма аддаваць галіну, зь якой Беларусь атрымлівае пятую частку бюджэту і траціну валюты. Ні адкрыты шантаж з боку расейскага прэм’ера Касьянава, ні подкуп прапановамі таннага газу не паўплывалі на пазыцыю ўраду.

Вольны продаж акцыяў быў заменены больш складанай прыватызацыйнай схемай. Цяпер тыя шэсьць прадпрыемстваў нафтахіміі могуць быць прыватызаваныя толькі пры ўмове іх мадэрнізацыі, захаваньня працоўных месцаў і сацыяльнай інфраструктуры, паставак сыравіны. Апошняе адразу выкрэсьлівае са сьпісу прэтэндэнтаў на большую частку прадпрыемстваў нерасейскі бізнэс. У той жа час дзяржава зьбіраецца захаваць у сябе прынамсі 51% акцыяў і па-ранейшаму будзе цалкам кантраляваць сытуацыю.

Няма сумненьняў, што першым часам “Лукойл”, “Сургутнафтагаз”, “Ітэра”, “Сібур” і “Амтэл” скарыстаюць самую сьціплую магчымасьць, каб легальна замацавацца на беларускіх прадпрыемствах. Літоўскія, польскія і ўкраінскія заводы ўжо падзеленыя, а беларускія патэнцыйна ўяўляюць някепскі трамплін на рынак ня толькі Ўсходняй, але і Цэнтральнай Эўропы. Беларуская нафтахімія — кавалак ня менш смачны за беларускі транзыт. Пасьля непазьбежна адбудзецца сутыкненьне інтарэсаў. Праз 2—3 гады расейскія нафтавыя кампаніі запатрабуюць поўнага кантролю. Яны пастараюцца пусьціць карані ў беларускай палітыцы і будуць гатовыя скарыстаць зь любога крызысу беларускай эканомікі, каб завалодаць прадпрыемствамі цалкам.

Наш урад пакуль гатовы ісьці на поўную прыватызацыю істотных для дзяржаўнае стабільнасьці прадпрыемстваў толькі з так званай “залатой акцыяй” у кішэні, якая дазваляе скасаваць рашэньне рады акцыянэраў. Справа тут не ў памкненьнях пакінуць сацыяльныя гарантыі дзяржавы працоўным. Пусьціць буйны расейскі бізнэс на сваю тэрыторыю — значыць страціць вялікую частку эканамічнай і палітычнай улады ў краіне.

С.І.

 

камэнтар Сяргея Дубаўца

Нехаця насустрач

Радыё “Свабода” кажа, што большасьць у свабодных прафсаюзах і большасьць работнікаў прадпрыемстваў падтрымліваюць “лінію на акцыянаваньне”, г.зн. падтрымліваюць Лукашэнку. Апазыцыя таксама падтрымлівае: не выступаць жа супраць капіталізацыі! Зь іншага боку, відавочныя сякія-такія зрухі да беларусізацыі з боку ўладаў. Найперш – у дзяржаўных СМІ, дзе зьявіліся “апазыцыйныя” літаратары і круцяць “Народны альбом”. Магчыма, гэта прадуманы спосаб падзяліць непрымірымую палітычную апазыцыю і праўдзівую нацыянальную культуру. А магчыма, гэта сам сабою ідзе працэс збліжэньня апазыцыі і ўладаў у межах аднае нацыі. Прырода бярэ сваё. І гэта прырода адзінага нацыянальнага арганізму, у якім улада і апазыцыя спаборнічаюць, а не сьмяротна зацяліся. У кожным разе, Беларусь ад гэтага толькі выйграе. Ці выйграе апазыцыя, залежыць цяпер найболей ад яе самой, ад яе погляду на народ і краіну, такія, якія ёсьць, а не такія, якіх хацелася б. Ня бачу нічога заганнага ў тым, што ўрад дае прэмію кнізе “Беларускія народныя крыжы” ў той момант, калі АГП стаіць з партрэтамі А.Клімава ля турмы на Кальварыйскай, і выдавец “Крыжоў” ня робіць дэмаршу. Як не зрабілі дэмаршу ўрадавыя ляўрэаты нашаніўцы Кляшчук і Баразна. Праўдзівыя нацыянальныя вартасьці мусяць атрымліваць дзяржаўную падтрымку. Нацыянальная культура ня можа быць непрымірымаю да войска і ўраду ў межах аднаго народу і адной краіны. Прыроджаны “цынізм палітыкі” ў маіх развагах зводзіцца да таго, што апазыцыя мусіла б забыць пра зьніклых паплечнікаў ППРБ і актуалізавацца, зрабіўшы крок наперад. Да прыкладу, склікаць Кангрэс Дэмакратычных Сілаў у падтрымку афіцыйнай лініі на незалежнасьць (з крытыкай іншых, непрымальных аспэктаў афіцыйнай палітыкі). Супрацьстаяньне – не самамэта. Мэта – Беларусь. Калі зрухаў у гэты бок ня будзе, апазыцыя можа канчаткова маргіналізавацца. У адваротным жа выпадку яна атрымае шанец ізноў стаць рэальнай сілай.

Сяргей Дубавец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0