З усёй краіны

 

Адзін пратэставаў
у Смургонях

Толькі адзін чалавек у Смургонях падтрымаў “агульнанацыянальную акцыю пратэсту супраць зьбядненьня беларускага народу” — лідэр мясцовай суполкі камуністаў (ПКБ) Валер Батурын. Мясцовая ўлада вызначыла яму месца выдатнае, на ўскрайку гораду: з аднаго боку — пляцоўка для выгулу сабак, з другога — кантэйнэры са сьмецьцем. Жыхары найбліжэйшых хат спачатку думалі, што пікет праводзіцца супраць таго, што сьмецьце нясвоечасова вывозяць. Але разабрацца, у чым справа, дапамаглі… міліцыянты, якія ўвесь час цікавіліся пікетчыкам — пад’яжджалі, падыходзілі, а некалькі чалавек у форме наагул дзяжурылі з 11.00 да 13.00 непадалёку, аж пакуль акцыя ня скончылася. Напрыканцы адбылася незвычайная падзея: мясцовыя тэлевізіёншчыкі, якія здымалі пікет, злавілі ў кадар бабулю, што выносіла кошык з адкідамі. Старой гэта не спадабалася, і яна кінула ў камэру зношаным ботам, прызначаным для кантэйнэру. А потым наагул зьлёгку пабілася з апэратарам. Міліцыянты нават хацелі скласьці на яе пратакол. Ды перадумалі. Пэўна, пашкадавалі.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Настаўнік дабіўся зарплаты праз суд

Мікалай Уласевіч, настаўнік базавай школы ў Газе на Астравеччыне, зьвярнуўся ў суд, каб яму, а таксама ўсім настаўнікам у тэрмін выплачвалі заробак. Прычынай звароту сталі сыстэматычныя затрымкі з выплатай грошай у школах. Пасьля разьбіральніцтва, на якое былі запрошаны прадстаўнікі выканкаму і аддзелу адукацыі, перамогу атрымаў вясковы настаўнік. Суд абавязаў Астравецкі раённы аддзел адукацыі ў вызначаны тэрмін выплачваць заробак Уласевічу. Суд папярэдзіў загадчыка аддзелу адукацыі Ўладзімера Булавіцкага, што за парушэньне выраку суда ён будзе аштрафаваны на 10 мінімалак.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Да БХК зьменшыўся давер

На мінулым тыдні ў Крычаве прайшла перарэгістрацыя сяброў мясцовага аддзяленьня Беларускага хельсынскага камітэту. Зь сямі крычаўскіх прадстаўнікоў праваабарончай арганізацыі толькі двое пацьвердзілі сваё сяброўства ў ёй. Астатнія пяць адракліся. Прычынамі для адмовы сталася нізкая эфэктыўнасць сумеснай працы, адарванасьць нізавых структур ад цэнтру ды падзеньне даверу як да асобных кіраўнікоў, так і да самой арганізацыі.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Бялыніцкія “Зубры” аднавілі дзейнасьць

Бялыніцкія “Зубры” пасьля паўгадовага перапынку нагадалі пра сябе. Гэтым разам зуброўцы праявілі клопат аб местачкоўцах. У ноч зь пятніцы на суботу ў пад’ездах шматпавярховых дамоў і ў месцах размяшчэньня візуальнай рэклямы зьявіліся ўлёткі. У іх маладыя людзі, занепакоеныя ростам цэнаў на камунальныя паслугі, нагадваюць бялынічанам, што тыя, калі ў іхных кватэрах цякуць краны і ў галалёдзіцу не пасыпаюцца пясчанай сумесьсю дарогі, не прыбіраецца сьнег з тратуараў і г.д., павінны зьвяртацца ў жылкамунгас.

Упершыню “Зубр” у Бялынічах прымусіў загаварыць пра сябе летась, калі ў ноч з 8 на 9 лютага фасады 65 грамадзкіх і жылых будынкаў мястэчка былі сьпярэшчаны надпісам “Зубр”, што надзвычай абурыла і настроіла супраць яго большасьць местачкоўцаў.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

На Сойме КХП БНФ

9 лютага ў Менску адбылося паседжаньне Сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Заслухалі на ім даклад Зянона Пазьняка. Разгледзеўшы актуальную палітычную сытуацыю, партыйцы вырашылі працягнуць кампанію “Беларуская салідарнасьць” па кансалідацыі беларускага грамадзтва, збор заяваў у грамадзянства БНР і подпісаў у абарону рэлігійнай радыёпраграмы “Голас душы”. Асабліва ж важным сябры партыі лічаць годна адсьвяткаваць Дзень волі 25 сакавіка. Сябры партыі не прызнаюць легітымнасьці ані прэзыдэнта, ані нацыянальнага сходу, лічаць існую ўладу несправядлівай. Пэрсанальнай палітычнай альтэрнатывай рэжыму яны лічаць Зянона Пазьняка і заклікаюць правесьці датэрміновыя выбары прэзыдэнта на дэмакратычнай аснове пад міжнародным пратэктаратам.

Адмененыя льготы кнігавыданьню

З 1 студзеня адмененыя льготы беларускаму кнігавыданьню і кнігагандлю. Дагэтуль паўтара году выдаўцы не плацілі ПДВ і падатку на прыбытак, а кнігарні — за арэнду. Міністэрства інфармацыі выйшла з хадайніцтвам у аблвыканкамы, каб арэнда для кнігарань была хоць бы таньнейшай.

Паказчыкі растуць

Паводле інфармацыі Міністэрства статыстыкі і аналізу, у Беларусі працягваецца рост валавога ўнутранага прадукту. У сёлетнім студзені ў параўнаньні зь леташнім ён павялічыўся на 3,6%. Вырасла як прамысловая (на 2,9%), так і сельскагаспадарчая (на 1,5%) вытворчасьць, інвэстыцыі ў асноўны капітал (на 11,8%), уведзена ў эксплюатацыю на 4,2% больш жыльля. Розьнічны тваразварот павялічыўся на 17,8%, аб’ём платных паслуг — на 10,7%.

Новыя прызначэньні

Вадзім Мельнік прызначаны першым намесьнікам, а Іван Герлоўскі і Глеб Пархамовіч — намесьнікамі старшыні Дзяржкамітэту па авіяцыі, Сяргей Булацкі — намесьнікам міністра інфармацыі, Васіль Пугачоў — першым намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі, Мікалай Іванчанка — дырэктарам Беларускага канцэрну па матэрыяльных рэсурсах, Генадзь Падгорны — дырэктарам фонду дзяржаўнай маёмасьці Міністэрства эканомікі. Цікава, што Аляксандар Дубко прызначаны намесьнікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму.

Ул.інф. і паводле БелаПАН

Рэдактары просяць не спыняць ціску

Рэдактары “Пагоні” Мікола Маркевіч, “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч, “Белорусского рынка” Вячаслаў Хадасоўскі і віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец на мінулым тыдні сустрэліся з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту ЗША і праваабарончых арганізацыяў. На прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, якая адбылася 7 лютага, яны заявілі, што з часу верасьнёўскіх выбараў становішча незалежнай прэсы ў Беларусі толькі пагоршылася. Журналісты заклікалі Захад не спыняць ціску на беларускія ўлады.

Паводле радыё “Свабода”

Ліст у падтрымку Маркевіча й Мажэйкі

Дзясяткі журналістаў і грамадзкіх дзеячаў Гарадзеншчыны паставілі свае подпісы пад адкрытым лістом да пракурора вобласьці Васіля Літвінава. Падпісанты просяць пракурора “выказаць сваю грамадзянскую ацэнку магчымага прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці журналістаў Паўла Мажэйкі і Міколы Маркевіча”. Падпісанты перакананы, што “журналісты Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч – ніякія не злачынцы, а людзі сумленныя, з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, патрыёты Беларусі. Перасьлед такіх людзей… ёсьць справаю антыдзяржаўнаю, шкоднаю для краіны. Ён дыскрэдытуе Беларусь і яе праваахоўныя органы ў вачах міжнароднай супольнасьці”. Падпісанты заклікаюць спыніць справу супраць журналістаў.

Ул.інф.

13 лютага а 15-й рэдактар газэты “Пагоня” Мікола Маркевiч быў выклiканы ў Гарадзенскую абласную пракуратуру. Там яму прад’явілі абвінавачаньне па ч.2 арт. 367 Крымiнальнага кодэксу. 14 лютага аб 11-й гэткае самае абвiнавачаньне прад’явілі Паўлу Мажэйку. У Маркевіча дома апісалі маёмасьць.

пацярпелыя за Беларусь

За мінулы месяц: у Віцебску затрыманыя два Валеры – Высоцкі і Паўлоўскі, Уладзіслаў Токараў і Сяргей Шапіра, сябры БНФ, якія зладзілі пікет супраць зьбядненьня народу. Шклоўскі раённы суд аштрафаваў рэдактара газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандра Шчарбака на 10 мінімалак і канфіскаваў ягоную аргтэхніку. Суд лічыць, што Шчарбак выпусьціў летась нумар накладам большым за 299 асобнікаў, што незарэгістраванаму выданьню забараняецца. Пракуратура Менску вядзе крымінальную справу супраць прэс-сакратара незарэгістраванага руху “Зубр” Аляксандра Атрошчанкава па артыкуле 368 КК РБ – зьнявага прэзыдэнта. У Гомелі суд пастанавіў канфіскаваць у “Грамадзянскіх ініцыятываў” 5 кампутараў і 2 прынтэры, а таксама аштрафаваць кіраўніка аб’яднаньня Віктара Карніенку на мільён рублёў.

 

Цэны ў студзені вырасьлі на 6,1%. Гэта самы высокі за апошнія 16 месяцаў узровень інфляцыі. Вышэйшы паказчык быў толькі ў верасьні 2000 г. — 6,8%. У сьнежні 2001 г. спажывецкія цэны вырасьлі на 5,5%, у студзені 2001 г. — на 4,8%. Па разьліках ураду, у 2002 годзе рост спажывецкіх цэн павінен скласьці ад 20 да 27 працэнтаў. Такім чынам, чвэрць “дыстанцыі” пройдзеная за адзін месяц. Для параўнаньня: у студзені бягучага году спажывецкія цэны ў Казахстане павялічыліся на 0,7, ва Украіне — на 1, у Расеі — на 3,1%.

КВІТКІ НА ЦЯГНІКІ падаражэюць напалову. Каб чыгунка ня мела стратаў, грамадзянам трэба аплачваць 35% ад сапраўднага кошту праезду. Раней нізкія тарыфы для насельніцтва кампэнсавалі дзякуючы перавозкам грузаў, аднак летась попыт на гэтую паслугу зьменшыўся.

12 ЧАЛАВЕК ЗАГІНУЛІ на працы ў студзені, яшчэ 35 назаўжды сталі інвалідамі. Інспэктары па ахове працы кажуць, што з-за састарэлага абсталяваньня рызыка атрымаць траўму існуе на 80% прадпрыемстваў.

237 ПРАДПРЫЕМСТВАЎ ЗБАНКРУТАВАЛІ летась. Цяпер у гаспадарчых судах разглядаюцца сотні спраў аб банкруцтвах, у тым ліку такіх буйных прадпрыемстваў, як былы вайсковы завод “Калібр” ды Менскі гадзіньнікавы завод.

МЕНСКІ МАРГАРЫНАВЫ ЗАВОД хочуць купіць расейцы. Ягоная запазычанасьць сягае пад 3,5 млн. даляраў.

ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦЬ ДАРАЖЭЕ на чвэрць. Грамадзяне, што маюць электрапліты, будуць плаціць 17,4, а тыя, хто карыстаецца газам, — 24 рублі за кіляват-гадзіну.

БОЛЬШ ЕСЬЦІ І ПІЦЬ сталі беларусы ў 2001 г.. “Сярэдні” жыхар краіны штомесяц спажываў 8 літраў малака ці кефіру, 4,7 кг мяса, 12 рыбы, па 2 кг мукі, крупаў, цукру і макароны. Колькі елі бульбы, статыстыка ня ведае: вылічыць ураджай з прыватных сядзібаў немагчыма.

ЗВОЛЬНІЦЬ 10% ПЭРСАНАЛУ зьбіраюцца на трактарным заводзе. Бяз працы могуць застацца каля 2 тыс. чалавек.

ТРАМВАЙ з трох злучаных частак вырабілі на заводзе “Белкамунмаш”. Ехаць у ім могуць 302 пасажыры за раз.

90 аўтобусаў МАЗ купіць Румынія. На заводзе называюць зьдзелку надта ўдалай, бо за ўвесь мінулы год тут прадалі толькі 436 аўтобусаў.

АД 13 ДА 80% ІМПАРТНЫХ ЦЫГАРЭТАЎ і цыгараў (у залежнасьці ад рэгіёну) трапілі летась ў гандаль Беларусі нелегальна. Пазалетась “шэрага тытуню” было ўдвая меней.

ПРЫВАТНАЯ ЗАБУДОВА ў сталіцы застанецца, бо Менгарвыканкам ня мае грошай, каб зьнесьці 17 тысяч драўляных дамоў і даць людзям новыя кватэры. Бліжэйшымі гадамі на “прыватных” вуліцах хіба заменяць асфальт, інжынэрныя сеткі ды ліхтары.

Згодна з новым указам прэзыдэнта, страцілі сілу некаторыя яго ранейшыя дэкрэты, уведзеныя ў 1998—99 г. і накіраваныя на абарону спажывецкага рынку. Тады назіраўся дэфіцыт некаторых прадуктаў у сувязі зь іх масавым вывазам за мяжу — у Расею і Ўкраіну. Дэкрэты давалі права органам улады вызначаць гранічныя нормы рэалізацыі тавараў і накладаць абмежаваньні на іх вываз. Цяпер такой патрэбы ўжо няма: больш адтуль вязуць.

Ігналінская АЭС пасьля рамонту аднавіла экспарт электрычнасьці ў Беларусь. У студзені літоўцы прадалі нам 350 млн. квт/гадзінаў, ці блізу 12% ад звычайнай патрэбы нашага насельніцтва і прадпрыемстваў у месяц.

Сяржук Іваноўскі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0