АБ УСІМ ПАТРОХУ

 

з усёй краіны

“Чырвонае сьвятло” бізнэсу

Інспэкцыя Дзяржбуднагляду прыпыніла ўзьвядзеньне ў Крычаве платнай аўтастаянкі з комплексам бытавых паслуг, кавярняй і гатэлікам. Бо пры будоўлі парушылі Закон “Аб асновах архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасьці”. Гэты комплекс — першы больш-менш буйны прыватны бізнэс-праект у Крычаве за 10 гадоў. Да гэтай пары самым буйным укладаньнем недзяржаўных грошай лічылася ўсталяваньне камэрцыйнага шапіка альбо набыцьцё гандлёвай палаткі на рынку.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Хабарнікі ў белых халатах

Два хабарнікі затрыманыя з пачатку году ў Воршы. Абодва — лекары, якім за выпісваньне фіктыўных даведак пацыенты мусілі аддзячваць сумамі ад 30 да 40 даляраў. Але не ўдалося. Узбуджаныя крымінальныя справы. Летась у горадзе зафіксавалі сем выпадкаў хабарніцтва. Мэдыкаў тады сярод хабарнікаў не было. А мо не лавілі?

Віктар Лютынскі, Ворша

Вясновы розыгрыш

Білеты грашова-рэчавай латарэі, арганізаванай абласным выканкамам, распаўсюджваліся звычайным добраахвотна-прымусовым мэтадам. Прадавалі на прадпрыемствах і ўстановах. Аднак, нягледзячы на жаданьне грамадзян памагчы роднаму краю грашыма і зьніжэньне цаны білету з 2000 рублёў да 1500, квіткоў у патрэбнай колькасьці не раскупілі, таму розыгрыш “Гарадніцы-2001” перанесьлі з заплянаванага 26 студзеня на 2 сакавіка. Дарэчы, па прызы трэ будзе ехаць у Горадню, нават калі 5 тысяч выйграеш. А дарога туды ад Смургоняў 7 тысяч каштуе. У адзін канец.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Паборы на мяжы

Астравецкія ўлады неўзабаве будуць латаць дзіравы бюджэт з дапамогай збораў у прапускных пунктах “Катлоўка” і “Лоша” на беларуска-літоўскай мяжы. Пераяжджаеш мяжу — заплаці. Замежныя грамадзяне павінны будуць выкласьці за пераезд адзін даляр ЗША, а нашыя — 10% ад мінімальнага заробку. Колькі год таму падобны збор дзейнічаў, але плацілі тады толькі замежныя грамадзяне і цана праезду была 5 даляраў ЗША.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Сьвятлафоры “асьлеплі”

У Кобрыні адразу пяць сьвятлафораў не міргаюць кругласутачна й яшчэ столькі ж — у вечаровы й начны час, г.зн. практычна ўсе сьвятлафоры гораду. А што рабіць: грошай няма, і расходы на вулічнае асьвятленьне скарочаныя на 50%.

Перац і марыхуана

Суд Маскоўскага раёну Берасьця пазбавіў волі на 3,5 году грамадзяніна Нямеччыны Мікалая Лакосьнікава за кантрабанду наркотыкаў. Яго затрымалі ў лістападзе летась на мытні “Варшаўскі мост”, калі ён ўтаіў ад надгляду 889 грамаў марыхуаны: 6 поліэтыленавых пакуначкаў зь зельлем былі схаваныя ў пуховай падушцы й абкладзеныя чырвоным перцам — каб паху марыхуаны ня ўчуў навучаны сабака.

СНІД пашыраецца

Першая хворая на ВІЧ-інфэкцыю выяўленая на Пружаншчыне. Яе як заўсёдніцу аднаго з прытонаў Ружаны прывялі на праверку міліцыянты. Кабеце 27 год, яна не мясцовая, не беларуска. На дадзены момант хворая на волі і ейнае месцазнаходжаньне невядомае. Усяго ж за студзень у вобласьці выяўлены 21 ВІЧ-інфікаваны — палова зь іх прыпадае на “зэкаў”, што адбываюць пакараньне на Берасьцейшчыне.

І.Хведаровіч, Берасьце

Вясковая помста

Мала радасьці прынёс новы год жыхарам вёскі Сялец, што на Івацэвіччыне. У студзені яны сталі сьведкамі трох агнявых здарэньняў. Спачатку на сядзібе А.Сяргейчыка а 23-й загарэўся стажок сена. У другі раз таксама згарэў стажок: пэнсіянэрка А.Пацалуйка страціла амаль чатыры тоны сена. Трэці пажар зноў-такі зьнішчыў адну тону сена, што належала пэнсіянэрцы А.Голуб. Людзі мяркуюць, што ў вёсцы завёўся зламысьнік, які гэтак помсьціць сваім суседзям.

Дэмэркурызацыя
ў санаторыі

З-за неахайнасьці ў падвале дзіцячага санаторыю “Сасновы бор” (Івацэвіччына) разьбіўся сапсаваны прыбор для вымярэньня ціску газу, зь якога вылілася на падлогу ртуць. Кіраўніцтва лячэбнай установы адразу ж паведаміла пра гэта ў раённую санстанцыю. Спэцыялісты МНС сабралі ртуць і двойчы правялі дэмэркурызацыю падвальнага памяшканьня. Цяпер ніякай небясьпекі для здароўя дзяцей і пэрсаналу няма.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

Каровы “эмігруюць”
зь Беларусі

Кантрабанда буйной рагатай жывёлы празь беларуска-ўкраінскую мяжу лічыцца адной з найбольш актуальных праблем Берасьцейшчыны. Вяскоўцаў не задавальняюць грошы, якія дзяржава плаціць за мяса, а таксама тэрміны разьліку, якія часам перавышаюць некалькі месяцаў. Таму квітнеюць так званыя “чорныя” нарыхтоўшчыкі, якія возяць мяса ва Ўкраіну, дзе цэны вышэйшыя. Процістаяць ім улады ня могуць, бо няма адпаведнага заканадаўства і добра абсталяванай дзяржаўнай мяжы. І ўсё ж кіраўніцтва вобласьці зьбіраецца актывізаваць барацьбу з “рагатай” кантрабандай, чаму было прысьвечана апошняе пасяджэньне аблвыканкаму.

Радыё “Рацыя”

Тры дыплёмы за кнігу, выдадзеную “Нашай Нівай”

Кніга Міхася Раманюка “Беларускія народныя крыжы” прызнаная найлепшай

У Менску ў выстаўным цэнтры “Белэкспа” завяршыўся традыцыйны, шосты па ліку нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі”. У ім бралі ўдзел блізу 8 тысячаў беларускіх выданьняў, 60 зь якіх атрымалі розныя ўзнагароды. Сэнсацыяй сталася ўзнагароджаньне кнігі “Беларускія народныя крыжы” Міхася Раманюка, славутага беларускага мастацтвазнаўцы й этнографа, што выйшла летась у Вільні ў выдавецтве “Наша Ніва”. Гэтая кніга атрымала адразу тры дыплёмы — бронзавую статуэтку “За найлепшае ўвасабленьне беларускае тэматыкі” — ад Беларускай асацыяцыі кнігавыдаўцоў і дзьве ўзнагароды — “За найлепшае выданьне году” й “За найлепшы фотаальбом” — ад дзяржавы. Гэты выдавецкі праект быў зьдзейсьнены з дапамогаю “Нашай Нівы” сынам Міхася Раманюка Дзянісам. На працу пайшло тры гады. У выніку мы маем кнігу пра крыжы, выдадзеную коштам беларускае эміграцыі ды надрукаваную, як і спрадвеку, у Вільні. Плянуецца перакласьці тэксты гэтага выданьня на польскую і нямецкую мовы.

Не заўважыць самага лепшага альбомнага выданьня за гады незалежнасьці не выпадала. Тое, што беларускае чынавенства не шкадуе ўвагі найлепшым праектам беларушчыны — адметны знак. Засталося прычакаць матэрыяльнае падтрымкі.

Беларуская кніжная выстава-кірмаш тым часам працягваецца. Многія кнігі, выстаўленыя там, хутка стануць бібліяграфічнай рэдкасьцю. А некаторыя выданьні й пабачыць болей няма дзе.

Гары Куманецкі

“Інтэграл” — канкурэнт “Філіпсу”

Навукова-дасьледчае аб’яднаньне “Інтэграл” распрацавала і асвойвае масавую вытворчасьць інтэгральных мікрасхем для тэлевізараў 7-га пакаленьня на аснове ЗВІС (звышвялікай інтэгральнай мікрасхемы) ILA8842. Гэты чып забясьпечвае ня толькі кіраваньне, але і дэкадаваньне тэлетэксту. Ён вырабляецца па новай для “Інтэгралу” тэхналёгіі 0,35 мкм з 3—4 узроўнямі разводкі і функцыянальна, а таксама па электрычных парамэтрах цалкам адпавядае аналягам “Філіпсу”, якія цяпер выкарыстоўваюцца беларускімі вытворцамі тэлевізараў. Пры гэтым мікрасхема распрацавана “Інтэгралам” самастойна.

Крамянёвая вада супраць раку

Беларускія навукоўцы расшыфравалі мэханізм дзеяньня крамянёвай вады на жывы арганізм. Досьледы праводзіліся на жывёлах — здаровых і тых, што мелі анкалягічныя пухліны. Выяўлена, што крамянёвая вада актывізуе антыаксыдантную ахову арганізму, зьмяншае ўзровень унутранай інтаксыкацыі, што ў сваю чаргу запавольвае рост пухлінаў.

Паводле БелаПан

Беларуская “феня”

Адзін дзядзька, пра якога часта пішуць газэты і якога так часта паказвае Беларуская тэлевізія, напачатку сваёй кар’еры выказаўся грэбліва пра беларускую мову. Шмат тады хто абураўся гэтым. Бо хай бы сабе старшыня-гэбаль (няхай даруюць мне ўсе старшыні), які жыве “па калені ў зямлі”, рэкнуў бы што-небудзь гэткае. А то ж – сам…

А ён і надалей – не зважае. Толькі пра апазыцыю загаворыць – пачынае хвалявацца, згадвае старыя крыўды – і ляціць ад яго беларускае слоўца, зазвычай у зьняважлівым кантэксьце. Менавіта мовай, мабыць, запала ў ягоную галаву фракцыя БНФ у Савеце ХІІ скліканьня, усе гэтыя пісьменьнікі, Гілевічы, Шушкевічы, якія “та-а-акі Саюз развалілі”. Таму дастаецца па старой памяці ім, а таксама дастаецца і мове.

Тут доўга можна было б разважаць наконт стэрэатыпаў успрыманьня беларускай мовы “савецкім беларусам”, які вырваўся з галоднай хаты і далёкай вёскі ў горад, атрымаў эрзацадукацыю, разьлічаную на нацменаў, па-расейску, зрабіў сякую-такую кар’еру, у якога ўсе жыцьцёвыя асацыяцыі зь беларускай мовай зьвязаныя зь цяжкой вясковай працай, з п’янымі мужыкамі і непісьменнымі бабкамі, а асацыяцыі культурныя – зь вершыкамі з школьнай праграмы кшталту: “У адным сяле, няважна дзе, хадзіў баран у чарадзе”. Забыцца, забыцца і ня згадваць на цьвярозую галаву – вось іхныя інстынктыўныя памкненьні... Словам, маюць рацыю тыя, хто кажа, што гэты дзядзька – устойлівы прадукт свайго часу.

А як вось ставіцца да іншых, якія, здаецца, нарадзіліся не ў такіх забітых вёсках, былі далучаныя да сякой-такой культуры, “Песьняроў” некалі, верагодна, слухалі, Багдановіча, мабыць, чыталі. Для якіх уставіць па-беларуску пару слоўцаў, беручы прыклад з свайго пахана, як па фені паботаць. Такі тон ім задалі, і яны адразу ж перанастроіліся. Пакрыўляць беларускую мову зараз модна. Вось і стараюцца.

Для прыкладу назаву хіба Паўла Якубовіча. У перадавіцы Советской Белоруссии (31 студзеня) ён адпускае ў бок Веры Страмкоўскай памаўзьлівыя жарты, а цытуючы радыё “Свабода”, называе яе ў расейскамоўным тэксьце “вядомай адвакаткай”. Узятая ў двукосьсе беларуская мова ў Якубовіча гучыць як абраза, як ацэнка непаўнавартасьці Веры Страмкоўскай, а заадно і самой мовы. Толькі адкуль такая нелюбоў у Якубовіча да “леваабаронцаў”, як піша ён у іншай калёнцы? Як у нас кажуць, “ад астрогу няма перасьцярогу”. Вось, уяўляю сабе, пасадзяць калі-небудзь П.Я., а хто ж тады пра яго хоць адно слова скажа? Любяць жа ў нас зараз саджаць дырэктараў, міністраў, дэпутатаў, хутка ж чарга можа дайсьці і да рэдактараў. Ня трэба пляваць у калодзеж, зь якога яшчэ, верагодна, давядзецца некалі піць.

А ў тутэйшай дэмакратычнай расейскамоўнай газэце Аляксандар Грыцанаў з артыкулу ў артыкул згадвае “чэснасьць” руководства Беларуси”, намякаючы ўжо на бязграматнасьць у маўленьні і мысьленьні кіраўнікоў краіны. І зноў жа беларуская мова ўжываецца ў адмоўным кантэксьце.

Так, “дзякуючы” аднаму дзядзьку, беларуская мова ўжываецца з нэгатыўным адценьнем, адно для этнаграфізму, каб падкрэсьліць тутэйшасьць, местачковасьць праблемы, пра якую ідзецца.

Мне здаецца, гэта зьвязана з камсамольскім мінулым гэтых людзей. Дзе, як не ў ці пры савецкім камсамоле гадавалі рознага роду ганарыстых парсюкоў? Але што ж рабіць у гэтым выпадку нам, беларускамоўным? Таксама пачаць крыўляць у адказ расейскую мову ці проста біць у храпы, каб іншым непанадна было? А можа проста не зважаць: сабака брэша, вецер носіць?

Алесь Бяляцкі

“Голас душы” мусіць гучаць

За чатыры тыдні чытачы “НН” сабралі ў падтрымку радыёпраграмы “Голас душы” 1720 подпісаў.

18—19 лютага пытаньне з праграмай “Голас душы” мусіць быць канчаткова вырашанае. Ёсьць надзея, што праграма адновіцца ў ранейшай форме або нават будзе існаваць паралельна з праграмай, што цяпер трансьлюецца з Катэдры. У Чырвоным касьцёле раяць набрацца цярпеньня і чакаць.

Духоўную падтрымку ў справе вяртаньня праграмы ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк атрымаў ад Папы Рымскага Яна Паўла ІІ падчас свайго нядаўняга візыту ў Ватыкан. У інтэрвію радыё “Свабода” а.Завальнюк быў, аднак, вельмі нешматслоўны: “Гэты мой пабыт у Рыме многа спрыяе добраму. У Ватыкане гэта канкрэтна сказана было; вам пакуль што не магу выказаць усё, бо гэта сакрэт. Але так, як я й гаварыў, сапраўды “Голас душы” будзе”.

Тым часам у рэдакцыю “НН” працягваюць ісьці лісты і купоны з подпісамі ў падтрымку “Голасу душы”. На мінулым тыдні ў скарбонку дадаўся 291 подпіс.

Сярод тых, хто далучыўся да патрабаваньня аднавіць праграму, Раман і Багдан Арловы, Валянціна Аксак, Зьміцер Бартосік, Юры Баршчоў, Ларыса Волчак, Вольга Завадзкая, Алена, Тацяна і Ўладзімер Кавалеўскія, Раман і Яўген Казінцы, Віктар Касьцючэнка, Аляксандар Куляшоў, Анатоль Сыс, Зьміцер Таруліс і Сьвятлана Тарулене і яшчэ 48 чалавек зь Менску.

На беларускім Палесьсі падпісаліся ў Лунінцы, Тураве, Жыткавічах ды вёсцы Беражцы, што ў Жыткавіцкім раёне за Сьцьвігай — на самым поўдні Беларусі.

З Горадні прыйшло 36 подпісаў. Гарадзенская вобласьць “прадстаўленая” Смургонямі, Лідай, Бераставіцай.

Аляксандар, Яўгенія і Аляксей Пучыкі, Аляксандар і Ала Ільіны падпісаліся ў Берасьці, Аляксандар Дзегцярэнка, Міхаіл Губараў, Сяргей Краўцоў, Яўген Казлоў — у Гомелі. Галіна Салановіч з Бабруйску падпісалася сама і загітавала Раісу, Алеся і Матрону Салановічаў зь вёскі Любанічы Кіраўскага р-ну (Магілёўская вобласьць).

Ніна Кавалёва, Віктар і Анатоль Кулікі, Валянціна і Анатоль Сьмірновы, Алена Сьліжэўская падпісаліся ў Койданаве. Усяго з Койданава прыйшло 27 подпісаў. Таксама прыйшлі лісты з Даўгінава, Касьцяневічаў Вялейшчыны, Вялейкі, Клецку, Нясьвіжу, Слуцку, Старобіна, Сьвіслачы Менскай вобласьці, Круляўшчызны Докшыцкага раёну, Ушачаў, Рагачова. 26 подпісаў прыйшло зь Відзаў і іхных ваколіц — ад жыхароў в.Гірэйшы, Грышуны, Вазгелянцы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0