І вяртаецца вецер на кругі свае

Юры Хадыка, прафэсар,
намесьнік старшыні БНФ “Адраджэньне”

 

Адзін з найталенавіцейшых аўтараў Старога Запавету ў канцы свайго жыцьця стаў скептыкам і заснавальнікам крытычнага рэалізму. Ён пісаў: “Бывае нешта, пра што кажуць: глядзі, вось гэта новае. Але гэта было ўжо ў вяках, што былі раней” (Экл. 1:10). Гэтае выказваньне Эклезіяста прышло мне на памяць, калі я аж у трох нумарах “НН” прачытаў “Новую гісторыю” П.Севярынца. З аднаго боку, гэта добра. Бо даўно ў паважаным выданьні не было нічога аналітычнага і аптымістычнага. Толькі ёрніцкія і самаедзкія артыкулы А.Чобата.

З другога боку, у артыкуле П.Севярынца я не заўважыў нічога новага. Ні “новай палітыкі”, ні “эканомікі і духоўнасьці”, якія ён лічыць складнікамі “новай гісторыі”. Акрамя, можа, “новай генэрацыі, якая ўжо нарадзілася”. Што натуральна і аптымістычна. Ненатуральнае толькі яе супрацьпастаўленьне ўсяму “старому”.

Я счакаў два месяцы, каб даведацца, якія водгукі выкліча “Новая гісторыя”, каб не перашкаджаць сваім крытычным рэалізмам выказваньням аўтаравых аднадумцаў. Але не дачакаў. Далей маўчаць нельга, бо чытач забудзецца, пра што гаворка. А Павал палічыць, што ён меў рацыю, пішучы: “Маўчаць лідэры, зрабіўшы выгляд, што яны так і ведалі, – насамрэч проста сказаць няма чаго”. Я – адзін зь лідэраў БНФ “Адраджэньне”. І мне ёсьць што сказаць як пра “Новую гісторыю”, так і пра выбары, якія і зьявіліся прычынай новай гісторыі.

 

Пра апазыцыю

Але пачаць трэба з апазыцыі, якой П.Севярынец дае вельмі непрывабную характарыстыку. Дарэчы, як і многія іншыя журналісты. Ён піша пра “ўбогасьць цяперашняе апазыцыі”. Пра тое, што “апазыцыя ўсё, што магла, ужо сказала”. І бачыць выйсьце, “толькі калі апазыцыя пазбудзецца звыклае пыхі, калі любоў стане цаніцца намі ў палітыцы вышэй за нянавісьць”. Безумоўна, для гэтых філіпік ёсьць пэўныя падставы, як ёсьць і пэўная доля віны апазыцыі ў тым, што А.Лукашэнка застаўся пры ўладзе. Але ёсьць у мяне і два пытаньні да аўтара гэтых адкрыцьцяў.

Да апошняга часу я лічыў Паўла Севярынца і Малады Фронт складоваю часткаю апазыцыі. Ці трэба разумець, што “ўбогасьць і пыха” тычацца і самога аўтара? Мне здаецца, што сам Павал падсьвядома адчувае неабходнасьць знайсьці нейкае тлумачэньне сваім пачуцьцям і таму піша: “Іншымі словамі – застанемся мы вечнай апазыцыяй ці ўрэшце ператворымся ў альтэрнатыву?”. Слова “альтэрнатыва” вылучана шрыфтам і таму ўспрымаецца як нешта адрознае ад апазыцыі, хоць насамрэч між гэтымі паняцьцямі няма розьніцы. Мусім разглядаць “Новае слова” – першую частку “Новай гісторыі” П.Севярынца – як новую форму самакрытыкі.

Другое недаўменнае пытаньне тычыцца самога складу апазыцыі (альтэрнатывы) існуючаму рэжыму. Аўтар прызнае толькі адзін нутраны падзел гэтага паняцьця. Ён піша: “Менавіта яны [моладзь] арганізавалі сапраўды адкрытую й дэманстратыўную апазыцыю рэжыму”. Але гэта вельмі спрошчаны падыход. Любая апазыцыя дыктатарскаму рэжыму ўяўляе сабой складаную і неаднастайную структуру. Беларусь не выключэньне. Ігнараваць гэтую акалічнасьць недаравальна палітыку, няхай сабе маладому і новаму.

У канцы лета 1999 г. у Мінску ўтварылася Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партый (КРАПП) для правядзеньня перамоваў з рэжымам пры пасрэдніцтве КНГ АБСЭ аб падрыхтоўцы свабодных і справядлівых выбараў. Як вядома, перамоваў не адбылося. Выбары як у палату прадстаўнікоў, так і прэзыдэнта адбываліся па недэмакратычных законах зь вялікай колькасьцю парушэньняў гэтых законаў. Таму іх вынікі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Нявыкананымі аказаліся чатыры ўмовы правядзеньня роўных і справядлівых выбараў. Таму і засталася праблема перамоваў з рэжымам. І, адпаведна, працягнула сваё існаваньне Кансультацыйная рада. У яе склад уваходзяць восем апазыцыйных партый – партыя БНФ і АГП, Партыя камуністаў і ЛДП ды яшчэ чатыры партыі сацыял-дэмакратычнага кірунку. І тым ня менш, гэта ня ўся апазыцыя. Ёсьць яшчэ Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя З.Пазьняка і дзьве экалягічныя партыі, прыналежнасьць якіх да партыйнай апазыцыі бясспрэчная.

Нават з гэтага пераліку відаць, што гаварыць пра апазыцыю існуючаму рэжыму як пра нешта маналітнае не выпадае. І палітычная практыка гэта пацьвярджае. У другую палатку балятаваліся сябры БСДП, ПКБ і ЛДП. Нават у прэзыдэнцкіх выбарах асобна ўдзельнічаў С.Гайдукевіч – лідэр ЛДП.

Пра выбары

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі дэмакратычнае крыло апазыцыі прыклала калясальныя намаганьньні, каб выступіць адзіным фронтам. І тым ня менш прайграла. Чаму? Аўтар “Новай гісторыі” ў сваім аналізе прычынаў амаль бездакорны. Ён піша: “Ня мела прынцыповага значэньня, хто менавіта будзе раскручвацца ў якасьці апанэнта Лукашэнкі”. Гэта слушна, хаця многія, асабліва ў час самой кампаніі, зацята спрачаліся, хто лепшы: У.Ганчарык ці С.Домаш? Слушна названая і сапраўдная прычына: “Адзіны быў – не было еднасьці”. І гэты канфуз зь еднасьцю патрабуе тлумачэньня.

Як сьведчаць зьвесткі сацыёлягаў, беларускае грамадзтва расколатае прыкладна на дзьве роўныя часткі – за і супраць А.Лукашэнкі. Плюс частка нявызначаных у сваіх сымпатыях.

Перад выбарамі прэзыдэнта было відавочна, што нельга выстаўляць некалькі дэмакратычных прэтэндэнтаў. Бо калі 25% прыхільнікаў А.Лукашэнкі маналітныя ў сваім выбары, то сярод 25% ягоных праціўнікаў ёсьць прыхільнікі і М.Чыгіра, і З.Пазьняка, а ня толькі С.Домаша і У.Ганчарыка. Адзіным трэ было выбіраць чалавека, які быў бы здольны заваяваць яшчэ ня менш чым палову тых, хто вагаецца. А заваяваць іх можна было толькі энэргічнай агітацыйнай кампаніяй “ад дзьвярэй да дзьвярэй”. Гэтыя меркаваньні і вызначылі тактычныя межы выбарчай кампаніі.

Партыі, аб’яднаныя Каардынацыйнай радаю дэмакратычных сілаў, спынілі свой выбар на трох кандыдатурах – С.Домаша, У.Ганчарыка і М.Чыгіра. І пайшлі на ўтварэньне шырокай грамадзянскай кааліцыі з удзелам ПКБ. У гэтых, здавалася б, відавочных кроках і хаваліся крыніцы далейшых памылак. Вельмі хутка “тройка” ператварылася ў “пяцёрку” за кошт далучаных П.Казлоўскага і С.Калякіна. Кожны зь іх стаў ствараць сваю каманду падтрымкі з актывістаў тых партый, якія павінны былі правесьці аб’яднаную агітацыйную кампанію. Больш за тое, “пяцёрка” заявіла пра намер самастойна вылучыць адзінага. А партыі сацыял-дэмакратычнага кірунку (БСДП НГ, БСДГ, “Надзея” і Партыя працы) заблякавалі ідэю скліканьня Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які мог бы назваць кандыдатуру адзінага безь “пяцёркі”.

Усё гэта праявы невысокай палітычнай культуры як саміх прэтэндэнтаў, так і сяброў дэмакратычных партый. Нічога дзіўнага, калі згадаць, колькі год беларусы ведалі толькі кабінэтную палітыку і паддыванныя змаганьні. І калі ўспомніць, колькі яшчэ “дэмакратаў” знайшлося, акрамя дэмакратычнай “пяцёркі”. Таму ня мае рацыі П.Севярынец, калі сумняваецца ў здольнасьцях лідэраў “старой” апазыцыі. Бо калі больш за 20 каманд пачалі збор подпісаў кожная за свайго кандыдата, замест таго, каб збіраць подпісы і агітаваць за адзінага, стала відавочна, што гэта – параза. Заставалася толькі адно. Паспрабаваць усё-такі рэалізаваць ідэю “адзінага”. Зь вялікімі цяжкасьцямі і вельмі запозьнена гэта ўдалося. І сацыёлягі адзначылі імклівы рост рэйтынгу “адзінага”, які за тры тыдні дасягнуў прыкладна 30%.

Мараль, якая вынікае з гэтай прыкрай гісторыі, вельмі простая. Шырокая грамадзянская кааліцыя аказалася занадта шырокай і таму недзеяздольнай. Партыі, якія выкарыстоўваюць кансэнсус як прыладу шантажу, не павінны быць удзельнікамі дэмакратычных кааліцый. Няхай яны ўтвараюць кааліцыі “За сацыяльны прагрэс”. Іх лёс наўрад ці будзе лепшы за лёс “адзінокага ваўка” С.Гайдукевіча.

“Каб усе былі адно”

Гэта словы Хрыста, якія прыводзіць эвангеліст Ян. Яны сьведчаць пра тое, што праблема адзінства старая як сьвет. Хрыстос пакідае гэты запавет сваім вучням і аднадумцам. Ён не зьвяртаецца да фарысэяў з садукеямі ці да зэлётаў з эсэнамі. Тым самым ён падкрэсьлівае, што адзінства магчымае на глебе супольнага сьветапогляду і мэтаў. У палітыцы апошняе асабліва важнае. Дастаткова згадаць італьянскіх хрысьціянскіх дэмакратаў, якія неаднаразова ўтваралі кааліцыі з сацыялістамі дзеля палітычнай стабільнасьці і эканамічнага росквіту сваёй краіны. А на Філіпінах хрысьціянскія дэмакраты ўступілі ў кааліцыю з мусульманскай партыяй дзеля спыненьня грамадзянскай вайны.

Гэтыя прыклады сьведчаць, што добрасумленны саюз магчымы з досыць рознымі палітычнымі сіламі. Але добрасумленны – калі партнэры ставяць дасягненьне супольнай мэты вышэй за прыватныя інтарэсы. Таму мяне зьдзіўляе зласьлівы выпад П.Севярынца супроць некаторых удзельнікаў выбарчай кампаніі. Ён піша: “Некаторым здавалася, што новыя словы ў беларускай палітыцы – гэта “бабры” й “зубры”. Першыя, былая саўбеларуская намэнклятура з красамоўнай назвай “За новую Беларусь”, выявіліся поўнымі палітычнымі пэнсіянэрамі. А другія, маркетынгавая сетка па збыце лібэралізму, скончылі як фінансавыя піраміды”.

Ня хочацца быць занадта рыгарыстычным, але нельга не заўважыць, што хамскі тон у адносінах да “палітычных пэнсіянэраў” недарэчны. Тое, што камуністычная намэнклятура – людзі зь ведамі і вопытам кіраваньня – не раскалолася і ня стала на бок Адраджэньня ў пачатку 90-х, было прычынаю паразы першай хвалі дэмакратызацыі. Тое, што цяпер на баку апазыцыі выступае цэлы кабінэт міністраў, – вялікая заваёва беларускай дэмакратыі і падстава для аптымізму. Гэта сьведчыць пра тое, што мы можам перацягнуць на свой бок хісткую частку электарату. Вядома, былой намэнклятуры не хапае дэмакратычнага палітычнага вопыту, што наглядна прадэманстравала “пяцёрка”. Але яго не хапае і маладым палітыкам.

Калі я ў дзяцінстве пачынаў занадта выхваляцца, мая бабка прыгаворвала: “Так, так, калі не пахвалішся – хто ж пахваліць?” І мне станавілася сорамна. Гэтую бабчыну прымаўку я ўспомніў, калі прачытаў, што адзінай пасьпяховай была кампанія “Выбірай”. Толькі сабе ў заслугу паставіў П.Севярынец, што на выбары прыйшло амаль 90% моладзі. Забыўшыся пры гэтым, што на мабілізацыю моладзі працавалі і тыя ж “зубры” з кампаніяй “Час выбіраць”, і тыя 20 дэмакратычных кандыдатаў, што зьбіралі подпісы (ускосны станоўчы вынік памылковай палітыкі), і сам А.Лукашэнка, які прымушаў “вэртыкаль” гнаць студэнтаў на датэрміновае галасаваньне. Справа нават ня ў гэтым. Справа ў тым, што сама па сабе кампанія “Выбірай” недастатковая і непаўнавартасная. Па-першае, трэ было мець лёзунг “Выбірай адзінага”, каб кампэнсаваць апрыёрную слабасьць інфармацыйнай кампаніі апазыцыі. Заклік “выбірай” павісае ў безпаветранай прасторы і не гарантуе перамогі. Па-другое, трэ было паклапаціцца пра абарону дасягнутага: сэрбскі досьвед яшчэ доўга будзе для нас раздражняльнікам. Я быў у ноч з 9 на 10 верасьня ў Палацы прафсаюзаў і бачыў там “зуброў”, а не П.Севярынца. Ужо за гэта трэба паважаць сваіх камбатантаў-саратнікаў. А не пісаць: “З 1 200 000 маладых выбаршчыкаў… амаль мільён прагаласаваў супраць рэжыму. На жаль, сілаў аднаго толькі новага пакаленьня выявілася недастаткова”. І ня будзе дастаткова, калі ў “новага пакаленьня” застанецца такое стаўленьне да “баброў” і “зуброў”.

Пра веру

У свае палітычныя тэксты Павал Севярынец часта ўстаўляе веравызнаўчыя ідэі і выразы, але непасьлядоўна і супярэчліва. Ён то папракае “апазыцыйную эліту” (гэта ж трэба – да чаго дажыліся!) у адсутнасьці духу “еднасьці й салідарнасьці, веры і любові”, то абвінавачвае ўсю “беларускую эліту… у ненатуральным одуме”. Заклікае апазыцыю “ісьці да рэальнага жыцьця без суфлёраў і прытворства”, да людзей, якія “захапляюцца найлепшай у сьвеце беларускай гімнастыкай і сходамі эвангельскіх хрысьціянаў”. Жорстка крытыкуе старую апазыцыю, якая “у адзін голас заяўляла аб прыярытэце матэрыяльных і сацыяльных пытаньняў... чым прынізілі беларускую нацыю”. І фармулюе нарэшце сваё крэда: “Новыя палітычныя тэхналёгіі – пакаяньне і малітва, мітынговыя служэньні й нацыянальныя евангелізацыі”.

Ад усяго гэтага патыхае клерыкалізмам. Заўсёды ваяўнічым і неталерантным. Клерыкальныя партыі вядомы ў гісторыі. Але ў хрысьціянскім сьвеце яны ня выжылі. У Беларусі ў тым ліку. Думаю, што і чарговая спроба ня будзе мець поспеху. Аднак спачатку пра веру. Бо яна для большасьці беларусаў адна – хрысьціянская. Розныя канфэсіі. З-за гэтай канфэсійнай стракатасьці клерыкальная палітыка небясьпечная.

Хрыстос сказаў: “Аддавайце кесарава кесару, а божае – Богу” (Мт. 22, 21). Кесарава – сфэра палітыкі. Божае – царквы. Яны ня блытаюцца і не супрацьстаяць адно аднаму, калі чалавек хрысьціянін, але напаўняюць духоўную сфэру чалавека. Сярод магічных словаў сп.Севярынца, якія ён паўтарае некалькі разоў, – “вера”, “воля”, “любоў”, “дух” – не стае толькі “розуму”, які зьяўляецца галоўнай адметнай рысай Духа Сьвятога. А калі б ён дадаў яго да свайго ганаровага шэрагу, то заўважыў бы, што супрацьпастаўленьне “веры” і “волі” прагматызму, іміджу, рэйтынгу, грошам і іншым нядобрым, на думку сп.Паўла, рэчам даволі штучнае.

Яшчэ да Хрыста было сказана: ня хлебам адзіным жывы чалавек. Але гэтая сэнтэнцыя не элімінуе правоў “хлеба”, а толькі абмяжоўвае іх. Заклікаць палітыкаў ці абвінавачваць іх за ўвагу да матэрыяльных і сацыяльных праблем – поўны абсурд. Як і рабіць з сацыяльных і нацыянальных канфліктаў “мітынговыя служэньні й нацыянальныя эвангелізацыі”.

У чым сп.Павел абсалютна справядлівы, гэта ў патрабаваньні маральнасьці ад палітыкаў і беларусізацыі ад дзеючых у Беларусі канфэсій. З характэрнай для яго гіпэрбалізацыяй ён піша: “Адзінай палітычнай пэрспэктывай Беларусі зьяўляецца ўтварэньне магутнага хрысьціянска-дэмакратычнага руху на грунце нацыянальнай ідэі – з масавым апірышчам на каталіцкія, уніяцкія, пратэстанцкія й беларусізаваныя праваслаўныя суполкі… Гэта рух, які зьяднае маладых і рашучых абаронцаў незалежнасьці на вуліцы з хатнімі малітоўнымі гурткамі й вялізнымі агульнаграмадзкімі служэньнямі”. Тут ён мае рацыю ў галоўным, але зусім ня новы.

У пачатку існаваньня БНФ “Адраджэньне”, калі ішло абдумваньне і фармаваньне галоўных кірункаў і сродкаў дзейнасьці агульнанацыянальнага адраджэнскага руху, я зрабіў на Сойме даклад “Хрысьціянства і адраджэньне беларускай нацыянальнай культуры”. Гэта адбылося 13 чэрвеня 1992 г., калі А.Лукашэнка яшчэ не хадзіў у царкву, а П.Севярынец – на мітынгі. Сэнс дакладу быў у абгрунтаваньні хрысьціянскай прыроды традыцыйнай культуры беларусаў і аналізе канфэсійнай палітыкі. У прынятай у 1993 г. Праграме БНФ тэзы дакладу збольшага былі ўлічаныя, а сама Праграма атрымала выразную хрысьціянска-дэмакратычную афарбоўку. Нездарма ж БНФ некалькі год быў спэцыяльна запрошанай арганізацыяй у хрысьціянска-дэмакратычным Інтэрнацыянале.

Горш як было, так і застаецца на сёньня з канфэсійнай палітыкай. Зь пералічаных П.Севярынцам канфэсій толькі ўніяты ў большасьці беларускамоўныя. Некаторыя ксяндзы вядуць службу па-беларуску. Сярод праваслаўных беларускамоўных сьвятароў яшчэ менш. Адзінкі беларускамоўных пастыраў і сярод пратэстантаў. Так і атрымліваецца, што галоўныя канфэсіі абслугоўваюць найперш нацыянальныя меншасьці.

Самае абуральнае, што за 10 год незалежнасьці ні адна з галоўных канфэсій не стварыла кананічнага перакладу Бібліі і багаслужбы. Гэта асабліва абуральна, калі прыгадаць, што сьвятым братам Кірылу і Мятоду хапіла 20 год, каб стварыць пісьмовую мову для дзікага народу і перакласьці на яе Святое пісьмо і літургію. Верагодна, ім дапамагаў Дух Сьвяты і гарачае жаданьне прывесьці да Хрыста новыя народы. А сёньня дзеяньня Духа Святога не відаць, за якія б словы ні хаваліся ярархі найбуйнейшых канфэсій. Таму, думаю, спадзяваньне на “хатнія малітоўныя гурткі й вялізныя агульнаграмадзкія служэньні” дачаснае.

Што ж атрымліваецца з “Новай гісторыі” П.Севярынца, калі адкінуць ад яе бясконцыя паўторы слова “новы”? Там застанецца тое, на чым будаваўся і існуе Народны Фронт. Ад чаго вышлі, туды і вярнуліся. Двойчы я раіў Паўлу прачытаць мой даклад, які быў надрукаваны ў брашуры “Сьветапоглядныя асновы дэмакратычнага руху” (Магілёў: Ратуша, 1993). І двойчы сп.Павал запэўніваў мяне, што ён гэта зрабіў. Але разыходжаньні засталіся. Таму я і спрачаюся зь ім публічна. Так патрабуе хрысьціянская этыка.

А чытачу меркаваць, хто мае рацыю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0