Апоўначы пад Альвасам

Сьвяточныя тэлевізійныя праграмы — як сьвяточныя стравы: добра вытрыманыя ў марынадзе, перасалоджаныя, саланаватыя, гэтаксама прыядаюцца й надакучаюць. Колькі можна сьвяткаваць? Колькі можна весяліцца з нагоды фармальнае зьмены году? Шчоўкнуў тэлевізар пад чароўным рухам маіх пальцаў на шурпатым пульце дыстанцыйнага кіраваньня (сапраўдная чароўная палачка нашых дзён!) Насупіўся. Глядзіць злосна чырвоным вокам… У кватэры ціха-ціха. Хутка поўнач. А мае родныя яшчэ не вярнуліся са сьвятаў. Дзе яны зараз — ва ўтульным пакоі-спакоі? На вуліцы, пад мікрараённай ёлкай? Ці ўжо ідуць па двары, акунаючы ногі ў глыбокія сінія сумёты, як мастак акунае пэндзлі ў паслухмяную фарбу “бэрлінскі лазурак”?..

Я сяджу ля акна, адсунуўшы ўбок белую ўзорыстую фіранку і праз больш тонкую і далікатную “фіранку” другую — на расьпісанай лёгкім марозам шыбе — гляджу на двор, на аддаленыя дамы, на фіялетавы пас вуліцы ўдалечыні, на круглую сьпіну вялізнай рыбы-кіта — дах будынку каралеўскага Камароўскага рынку насупраць…

Містычную цішыню, як белую паперу, разрываюць гучныя агні аматарскага фаервэрку — хаатычна і бессыстэмна!.. Ім усьлед, нібы жабы, недзе далёка квакаюць адзіночныя выбухі пэтардаў. Як гэтыя паўднёвыя жарсьці не гарманізуюць з паўночнай веліччу паўсталае ночы!

На падаконьні стаіць альвас, таксама паўднёвы госьць. Ён прыжыўся ў нашых паўночных кватэрах; можа, таму, што гэтаксама, як і запаветнае наша дрэва — елка, мае ваяўнічыя іголкі і стаічны, нардычны характар.

Поўнач — гэта час цудаў, як вядома зь дзяцінства, з эўрапейскіх чарадзейных казак. Але Поўнач — і прастора цудаў. Па аналёгіі. Я ў гэта веру…

Фанстастычны лес лістоў лекара-альвасу — калючых, пругкіх, крывых — спрыяе зьяўленьню самых фантастычных гіпотэзаў. Старадаўні мітычны кароль Артур мне падаўся сёньня каралём Арктурам. А ў самой народнай назьве кветкі — альвас — мне пачулася Альбарусія (другая, навуковая назва маёй краіны, якую сёньня па-тутэйшаму, па-сямейнаму завем “Беларусь”).

…На іголках альвасу, як ёлачныя ўпрыгажэньні, вісяць крохкія словы гераіні-Зімы з купалавай “Адвечнае песьні”:

Гуляю я з марозамі,

Гуляю я ізь сьцюжамі,

Сьмяюся я над сьлёзамі,

І ўсіх, і ўсё я дужаю.

Людка Сільнова


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0