Сабачыя  гісторыі

Адзін сабака не любіў зімовых Алімпіядаў, бо холадна, лапы мерзнуць. Граждан любіў і зімовыя, і летнія: жонка ў гэтыя дні дазваляла спаць каля тэлевізара і курыць у зацяжку.

Адзін сабака, алімпійскі чэмпіён па біятлёне, зайшоў у прыбіральню. А там быў Граждан, які, адразу пазнаўшы вядомага спартоўца, закрычаў: “Я такі рады магчымасьці яшчэ раз пацьвердзіць глыбокую павагу да Вас — чалавека, які ўвайшоў у гісторыю разам зь Міклухам-Маклаем і Пашай Ангелінай! Дайце я вам дапамагу гузічак расшпіліць…”

Адзін сабака любіў глядзець фігурнае катаньне. Граждану не падабалася: у фігурыстак відаць трусікі, а ён смушчаецца, і да ўсяго мама яшчэ не дазволіла яму жаніцца.

Адзін сабака глядзеў па тэлевізары рэпартаж зь зімовай Алімпіяды. Раптам на экране зьявілася дыктарка і аб’явіла: “Шаноўныя таварышчы! Мінулым летам на лыжах з дому сышоў Граждан, і па сёньняшні дзень ён у розыску. Хто знайшоў лыжы, просьба вярнуць іх на любую спартовую базу. Сьмельчакоў чакаюць прызы і памятныя падзякі!”

Адзін сабака запісаўся ў сэкцыю па скачках з трампліну. Прыйшоў на трэніроўку, а там Граждан прапануе ўсім купіць у яго парашут, каб сабраныя грошы аддаць на разьвіцьцё алімпійскага руху.

Адзін сабака атрымаў запрашэньне наведаць зь візытам добрай волі зімовую Алімпіяду. Прыехаў у аэрапорт — а там Граждан. Убачыў сабаку і закрычаў: “Разваравалі ўсю Расею! А цяпер няма каму шайбу ганяць па Беларусі!”

Адзін сабака прысьніў алімпійскае золата за перамогу ў лыжнай гонцы па цёмным лесе. Расказаў пра гэта Граждану, які адразу ж параіў: “Ня ежце, баценька, нанач. Мне жонка ўжо цэлы месяц не дае, і я, як бачыце, не цікаўлюся гульнямі…”

Адзін сабака, гледзячы тэлевізар, закахаўся ў фігурыстку і сышоў з дому. Граждан і так не начаваў у сваёй кватэры: яму падабалася спаць на вакзале на лаўцы, на якой бяссоннымі начамі тупым кітайскім ножыкам ён выразаў: “Не забуду маць радную!”

Адзін сабака, пасьля таго як нашы хакеісты прадулі ўсе матчы, скінуў з балькону тэлевізар. Убачыў гэта Граждан і, фэкаліямі вымазаўшы сабаку дзьверы, пазваніў у міліцыю: “Я, как кавалер ГТО, долга цярпел эці ізьдзявацельства над чалавечаскай сушчнасьцю, но всяму есьць прыдзел. У нас няхватка целявізараў, а эці падхалімы іх выкідаюць. Прашу мне вазьмясьціць маральна-фінансавы ўбытак, а то я выкіну са свайго балкону краваць з малымі дзецьмі і ўсё астальное!”

Адзін сабака вярнуўся зь зімовых Алімпійскіх гульняў. Сустракалі яго з музыкай, і толькі Граждан стаяў у вакзальнай прыбіральні і грыз пачарнелымі зубамі аловак, каб напісаць на сьценцы: “Сягодня он іграет джаз, а заўтра Родзіну прадаст!”

Віктар Шніп

Голас душы!

Але вы мне, рабяты, мала што нашаніўныя, дык яшчэ й няма ладу якія наіўныя: знайшлі дзе праўды шукаць! Рыхтык забыліся навукі клясыка Райкіна – як запускаецца дурачка. Вы просіце ў экзархаце праваслаўнай царквы камэнтару на факт закрыцьця каталіцкай радыёпраграмы “Голас душы”, а вам адказваюць, што “калёсы адгружаны” – пардон! – што ідзе нядзельная праваслаўная казань айца архімандрыта Іаана, які ўжо даваў адпаведны камэнтар Кестонскай службе навінаў. Вы сунеце носа ў стужку Кестонскай службы, а там зноў пра калёсы, то ж бо зноў пра нядзельную праваслаўную казань айца архімандрыта Іаана, які ўжо даваў адпаведны камэнтар Кестонскай службе навінаў пра нядзельную казань айца архімандрыта, – вам жа, цікаўнікам такім, нават няўцям, што з экзархату “запускаюць дурачку”, пра тое, як у папа была сабака... і г.д.

Дык от жа я й хачу папытацца ў вас – а дзе ж вы былі, праўдалюбцы мае, зь дзесяці да адзінаццаці, дзе ж вы былі, хачу я ў вас папытацца, зь десяці да адзінаццаці? Нябось крычалі: “Голас душы! Голас душы!” Наце, кушайце, наядайцеся, родныя, – вось вам і задушылі, як вы таго й прасілі, якога ж ражна вам яшчэ трэба, якое халеры?! І потым, скажу вам па сакрэце: яны, каталікі беларускія, хрысьцяцца зьлева направа, а трэба справа налева, і сваім часам галасавалі за Пазьняка, а трэба было за Бацьку нашага, які (дарма што толькі зямны!) хоць і атэіст і таму зусім ня хрысьціцца, можа нават і нехрысьць, але арыентуецца і інтэгруецца справа налева, г. зн. адзіна правільна, дай бог яму здароўечка ў ручкі, ножкі й яшчэ кудысь трошкі.

З малітвай за вас, схізматыкі вы мае,

Граждан

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0