З усёй краіны

Дзяржаўная злачынца

Сьледзтва па справе Натальлі Брэль, гісторыка і актывісткі АГП з Рэчыцы, скончанае. Яна абвінавачаная па арт.367 ч.1 КК Рэспублікі Беларусі “Паклёп на прэзыдэнта” і 368 ч.1 “Абраза прэзыдэнта”. На дзень нараджэньня Лукашэнкі дзяўчына перадала ў Рэчыцкі гарвыканкам падарунак: батон, касмэтычку, вяроўку зь пятлёй, а таксама віншавальную паштоўку з такімі радкамі: “Я, сьцюардэса, шлю табе прывітаньне і падарунак. Можа быць, згадаеш, калі будзеш у адстаўцы, як многа год таму скраў у мяне ты з касмэтычкай і стрыжнямі пакет. Тады яго табе вельмі не хапала, а за сем гадоў ты растранжырыў краіну. А паколькі табе заўсёды чагосьці не хапала, то мой падарунак будзе дарэчы”. Чыноўнікі расцанілі гэта як паклёп на прэзыдэнта і завялі крымінальную справу, зьмясьціўшы перад прэзыдэнцкімі выбарамі дзяўчыну ў сьледчы ізалятар. Праўда, яе хутка выпусьцілі, узяўшы падпіску аб нявыезьдзе. Судовае паседжаньне па гэтай справе адбудзецца ў Рэчыцкім гарадзкім судзе на пачатку сакавіка. Дакладная дата працэсу яшчэ невядомая. Артыкул прадугледжвае да 4-х гадоў пазбаўленьня волі або вялікія штрафы.

На хамства ўлады грамадзтва адказвае такім самым хамствам. Кола замыкаецца.

скандал

Прафсаюзам адключылі ацяпленьне

У гмаху Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай на сталічным праспэкце Машэрава працуюць у вопратцы і пры ўключаных калярыферах. Тут адключана ацяпленьне, бо ФПБ няма чым за яго плаціць. Такі вынік вядомай урадавай пастановы, якая забараняе пераказваць прафсаюзныя складкі праз бухгальтэрыю.

Няма грошай і на заробкі прафсаюзьнікам, а гэта 8,5 тыс. чалавек. Церпіць ня толькі чынавенства, але й работнікі прафсаюзных клюбаў і бібліятэк. Многія зь іх пад пагрозай закрыцьця, бо ФПБ ня можа болей іх утрымліваць. Прадпрыемствы браць іх на свой балянс ня хочуць. Пакуль заняпалую прафсаюзную бібіліятэку узяў пад свой дах толькі МАЗ.

Новаму кіраўніку ФПБ Францу Вітку пакуль не ўдалося дабіцца адмены ўрадавае пастановы. Таму прафсаюзы маюць намер арганізаваць 21 сакавіка ў Менску буйную акцыю пратэсту супраць палітыкі ўраду.

Ігнат Чакацкі

Новае ў пошуках Корбана

Знойдзены дом у Менску, адкуль ён тэлефанаваў

Пошукі зьніклага больш за месяц таму кіраўніка віцебскага Цэнтру моладзевых ініцыятываў “Контур” Юрася Корбана пакуль застаюцца бясплённымі.

У віцебскіх сьледчых ніякай новай інфармацыі па гэтай справе няма. Некаторыя вынікі дало неафіцыйнае расьсьледаваньне, якое вядуць сябры Корбана. Вылічаны дом у Менску, адкуль ён зрабіў 23 студзеня два тэлефанаваньні ў Віцебск да маці. Гэта дзевяціпавярховік на скрыжаваньні праспэкту Ракасоўскага і вул. Малініна каля Чыжоўскага вадасховішча. Гэты дом абклеілі абвесткамі пра Юрася, але ніякай інармацыі гэта пакуль не дало. Днямі ягоныя сябры пачнуць пакватэрны абыход жыхароў гэтага дому.

Ігнат Чакацкі

Сутнасьць справы Маркевіча

Як мы паведамлялі ўжо, гарадзенская абласная пракуратура прад’явіла галоўнаму рэдактару “Пагоні” Міколу Маркевічу абвінавачаньне ў паклёпе на прэзыдэнта. Яму пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да пяці год. Пакуль мерай стрыманьня для Маркевіча абраная падпіска аб нявыезьдзе.

 

Сьледчы Алег Кулевіч прыйшоў да высновы, што тры публікацыі з “Пагоні” ад 4 верасьня ўтрымліваюць паклёп, спалучаны з абвінавачаньнем прэзыдэнта ў асабліва цяжкіх злачынствах — забойстве, генацыдзе і ўтварэнні злачыннай арганізацыі альбо ўдзеле ў ёй. У сказе з артыкулу Паўла Мажэйкі “Ідзем на выбары” “Ці, у рэшце рэшт, можа быць вартым народнай падтрымкі чалавек, які змагаецца са сваімі апанэнтамі, забіваючы іх?” пракуратура ўгледзела абвінавачаньне ў забойстве. Словы “Сем гадоў праўленьня Лукашэнкі прадэманстравалі, што ён проста хворы чалавек, які зьнішчае наш народ. Забівае сваіх апанэнтаў, разбурае ўсё нацыянальнае, што яшчэ засталося ў нашым грамадзтве, і мэтанакіравана даводзіць беларускую нацыю да выміраньня” з артыкулу “Ён — не Лукашэнка”, на думку пракуратуры, утрымліваюць абвінавачаньне ў забойстве і генацыдзе. А радкі верша “Абяшчал! Абяшчаю! Буду абяшчаць!” “Абяшчал народу я, што пагібнет мафія… Можаце міня паздравіць: Мафію рашыл… вазглавіць я”, як мяркуе сьледчы, вінавацяць прэзыдэнта ва ўтварэньні злачыннай арганізацыі альбо ўдзеле ў ёй.

Маркевіч сваёй віны не прызнаў. Ён расцэньвае гэтую справу “як акт беззаконьня, як палітычны заказ з боку асобаў, імёны якіх згадваюцца ў сувязі з існаваньнем у Беларусі эскадронаў сьмерці і якія асабіста зацікаўленыя ў тым, каб застрашыць журналістаў, заткнуць ім рот, кінуць на турэмныя нары…”

Ірына Чарняўка

У суд са сьцягам

20-гадовы Стас Івашкевіч (сын аднаго зь лідэраў БНФ Віктара Івашкевіча), быў затрыманы 14 лютага як удзельнік вулічнага карнавалу Маладога Фронту. Ён здолеў схаваць на целе эўрапейскі сіне-зорны штандар. Падчас вобшуку ў Савецкім РУУС сьцяга не знайшлі; удалося пранесьці яго й на Акрэсьціна і ў Савецкі суд. Выйшаўшы з кабінэту судзьдзі, на ганку Стас дастаў сьцяг і на вачох у прыгаломшанага падпалкоўніка Гірэля абгарнуўся ім.

Маладафронтавец

пацярпелыя за Беларусь

Падчас менскай “Акцыі любові” 14 лютага, ладжанай Маладым Фронтам, затрыманыя Павал Севярынец (пакараны на 300 мінімальных заробкаў), Сяргей Герасімовіч (40 “мінімалак”), Зьміцер Дашкевіч, Андрэй Казлоў і Стась Івашкевіч (35, 25 і 20 мінімальных заробкаў). Васіля ж Парфянкова пасадзілі на 10 ночаў. 15 лютага на сядзібу ЗБС у Менску напалі 2 чалавекі з нажом і зьнесьлі кампутар. 19 лютага на пл.Перамогі ў Менску затрыманыя “зубры” Вольга Антановіч, Алесь Апраніч, Алена Кандратовіч, Антон Старыкаў. Яны зладзілі пікет, дзе пратэставалі супраць скасаваньня дзіцячай паліклінікі №4 на вул.Энгельса і перадачы яе “лечкамісіі”.

навіны гаспадарскія

6 МЛН. ЭЎРА купілі ў студзені беларусы. Адразу пасьля Новага году валюта Эўразьвязу залежвалася ў банках, але ўжо пад канец студзеня яе куплялі ня менш чым па 100 тыс. у дзень.

БЛІЗУ СЬВІДРАВІНАЎ, зь якіх “Дарыда” бярэ мінэральную ваду, няма могілак для хворай на вуглік жывёлы, заяўляе кіраўніцтва прадпрыемства. Тое самае кажуць у міністэрстве аховы здароўя. На “Дарыдзе” лічаць, што да чутак аб “заразнай мінэралцы” спрычыніліся канкурэнты.

ПРАЕКТАМ ВОДНАГА ШЛЯХУ з Балтыкі ў Чорнае мора зацікавіліся ў Беларусі. Каб спалучыць Дзьвіну з Дняпром, трэба выкапаць канал ад Віцебску да Воршы. Такі канал даў бы беларускім прадпрыемствам магчымасьць карыстацца латыскімі партамі. Каштаваць новы шлях будзе нятанна — ад 5 да 10 млрд. даляраў.

МІНІ-ВЯТРАК змайстравалі пад Койданавам. Ён дае па 600—1000 кіляватаў электрычнасьці ў дзень.

БЯСПЛАТНА КАРМІЦЬ іншагародніх студэнтаў будуць толькі ў тых вучэльнях, якія знаходзяцца ў вёсках і рабочых пасёлках. Раней “інтэрнацкім” навучэнцам ПТВ ня трэба было плаціць за сьняданкі ды абеды і ў гарадах.

ПРЫЁМ МАЛАКА ў людзей наладзяць у вясковых крамах. Разьлічвацца за яго будуць на месцы — не грашыма, а таварам.

Офісы ДАІ Ў МЕНСКУ з 1 сакавіка будуць працаваць і па выходных. Хутка аўтаінспэкцыя прапануе новы від паслугаў. За дадатковыя грошы менчукі па ўласным жаданьні змогуць выбіраць камбінацыю літараў і лічбаў на нумары сваёй машыны.

КВАТЭРЫ Ў СТАЛІЦЫ з 1999 г. падаражэлі ў 1,5—2 разы. Цяпер сярэдняя аднапакаёўка каштуе 11—12, двухпакаёўка — 17—18, трохпакаёўка — за 20 тыс. даляраў. У агенцтвах нерухомасьці лічаць, што сёлета жыльлё даражэць болей ня будзе.

БАНК “ЗАЛАТЫ ТАЛЕР” на 6 месяцаў пазбыўся ліцэнзіі на куплю-продаж замежнай валюты ў банкаў, юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Усе ліцэнзійныя паўнамоцтвы па рабоце зь фізычнымі асобамі дзейнічаюць.

МАЗ ЛЕТАСЬ выпусьціў таварнай прадукцыі на 362 млрд. 367 млн. рублёў, што на 9,3% вышэй за аналягічны пазалеташні паказчык. Вырасла вытворчасьць аўтамабіляў, а таксама прычэпаў і паўпрычэпаў — на 14 і 7% адпаведна. А вось колькасьць выпушчаных аўтобусаў скарацілася амаль на 13%.

Ангельская фірма “BMB” адраклася паслугаў Гомельскай швейнай фабрыкі “Камінтэрн”. Апошняя страціла амаль 50% заказаў на выраб мужчынскіх касьцюмаў — асноўнай сваёй прадукцыі й цяпер загружаная на дзьве траціны ад наяўных магутнасьцяў. Спыненьне партнэрскіх стасункаў ангельцы тлумачаць нежаданьнем надалей працаваць зь дзяржаўным прадпрыемствам.

РАСЕЯ ПАДВЫСІЦЬ МЫТУ на амэрыканскія курыныя кумпячкі. Адпаведна, амэрыканскія вытворцы, каб цэны ў крамах засталіся ранейшымі, будуць прадаваць іх па меншым кошце. Беларусь мыты не падвышала, таму ў нас гэтыя кумпячкі патаньнеюць. Беларускія птушкафабрыкі баяцца банкруцтва.

РАСЕЯ АДМЯНІЛА ПОШЛІНУ на вываз золата. Прычына адмены — існаваньне “шэрых схемаў”, пры дапамозе якіх экспарцёры вывозілі каштоўны мэтал, нічога ня плацячы. Адным з такіх шляхоў быў экспарт золата празь Беларусь. Дзякуючы гэтаму наш Нацбанк за два гады здолеў павялічыць залаты запас да 10,1 тоны.

Сяржук Іваноўскі

 

Менск дапаможа латвійскім беларусам

Менгарвыканкам дасьць грошай беларусам Латвіі. Пра гэта вялася гаворка ў часе сустрэчы дэлегацыі латвійскіх беларусаў з намесьнікам старшыні выканкаму Міхаілам Пятрушыным. Сродкі пойдуць на набыцьцё ў Рызе будынку для Беларускага культурніцкага цэнтру і на стварэньне бібліятэк пры беларускіх школах у Латвіі, дзе жыве амаль 110 тыс. беларусаў.

Канах замест Бабаеда

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў абраў новага лідэра. На месца ранейшага кіраўніка Віктара Бабаеда, які добраахвотна падаў у адстаўку і нават не захацеў выступіць на зьезьдзе са справаздачным дакладам, прэтэндавалі старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў, старшыня Дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў Уладзімер Макарчук і кіраўнік Менскай рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Мікалай Канах. З 85 дэлегатаў зьезду 49 прагаласавалі за Мікалая Канаха. Зьезд праходзіў скандальна, зь вялікімі спрэчкамі.

Адбыўся сход БХК

Тацяна Процька абраная старшынёй Хельсынскага Камітэту на новы тэрмін. Мечыслаў Грыб абраны старшынём Назіральнага сойму, а Гары Паганяйла — намесьнікам старшыні арганізацыі. Cход прыняў зварот да зьезду судзьдзяў, што хутка мае адбыцца, рэзалюцыю і пастанову аб стратэгіі ды тактыцы арганізацыі на найбліжэйшы час.

Зьезд судзьдзяў

Другі зьезд судзьдзяў Беларусі пачаўся 21 лютага ў Менску. Прадстаўнікоў Беларускага Хельсынскага камітэту на зьезд не дапусьцілі.

Паводле БелаПАН

 

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0