АЛІМПІЯДА-2002
Мэдаль і “шкандаль”
Беларусы праславіліся рэкордамі. На алімпійскім турніры Алег Мікульчык закінуў першую ў ХХІ ст. шайбу, Зьміцер Панкоў — самую хуткую шайбу на гэтых гульнях. І беларуская каманда стала першай, злоўленай у Солт-Лэйк-Сыты на допінгу. Дагэтуль 300 допінг-тэстаў давалі адмоўны вынік.
Юлія Паўловіч (шорт-трэк) не змагла прабіцца ў фінал спаборніцтваў і не паставіла ніякага рэкорду. Затое ў нядзелю ейная допінг-проба дала станоўчы вынік. Наяўнасьць анаболіку нандралону (мужчынскі гармон) у мачы перавысіла норму ў 380 разоў! Допінг-тэсты былі апячатаныя і складзеныя ў кантэйнэр, але адзін з супрацоўнікаў мэдслужбы ўскрыў груз, каб пакласьці туды неабходныя дакумэнты, ды належным чынам не запячатаў кантэйнэру. Арганізатары вырашылі ў панядзелак правесьці другую допінг-пробу і запрасілі ў лябараторыю разам з Паўловіч шэфа беларускай місіі Яраслава Барычку, каб пазьбегнуць абвінавачаньня ў падтасоўках. (Зборная Расеі падала пратэст на тое, што ў біятляніста Паўла Растоўцава падчас допінг-тэсту “высмакталі” ажно тры прабіркі крыві. Вось ён, зьнясілены, і ня здолеў здабыць мэдаля.) Але ні спартоўка, ні Барычка на паўторны допінг-тэст не зьявіліся.
Кіраўніцтва МАК палічыла, што Яраслаў Барычка ўкрывае спартоўку. Яму загадалі пакінуць гульні, а Паўловіч дыскваліфікавалі. Апрача таго, Беларусь пазбавілі датацыі МАК да канца году, а гэта 120 тыс. даляраў.
Днём раней за мужчынаў спаборнічалі жанчыны-фрыстайлісткі. Асоль Сьлівец сярод іх не было: яна ў суботу не прайшла кваліфікацыі. Першы скачок вывеў Алу Цупер на 2-е месца (96,73 бала), але ў другой спробе (у акрабатыцы вынікі сумуюцца) беларуска прызямлілася на сьпіну, і судзьдзі далі толькі 68,19 бала, агулам — 164,92, і ў выніку апошняе 9-е месца. А перамогу сьвяткавала мініяцюрная (48 кг) аўстралійка Аліса Кэмплен. Другое і трэцяе месцы ў канадак Вэронікі Брэнэр і Дэйдры Джон.
Мужчыны-біятляністы не прынесьлі нам радасьці. У спрынтэрскай гонцы на 10 км Алег Рыжанкоў быў 11-м з часам 26.05,5, а Вадзім Сашурын —12-м (26.05,9). І гэта пры тым, што абодва ніводнага разу не спудлавалі на двух агнявых рубяжох! (За кожны промах даваўся штрафны круг — 150 м). Аляксей Айдараў быў толькі 37-м (з двума промахамі і часам 27.06,4), а Аляксандар Сыман — 56-м (27.45,3 і тры промахі). А першае месца заняў Оле-Эйнар Б’ёрндален, які сабраў золата ва ўсіх індывідуальных гонках! Вось яго б у Беларусь замест другагатунковых расейскіх спартоўцаў. Да таго ж Б’ёрндален валодае фірмай, што шые вопратку для лыжнікаў і біятляністаў.
У гонцы перасьледу ў суботу Сашурын заняў 10-е месца, адстаўшы ад Б’ёрндалена на хвіліну 25 сэкундаў і спудлаваўшы толькі аднойчы, а Рыжанкоў, які адстаў ад лідэра на 2 хвіліны 33 сэкунды, быў 19-м. Бронзавы мэдаліст Нагана Аляксей Айдараў 6 разоў дасылаў кулі ў “малако” і толькі чатыры разы пацэліў. Як вынік — 48 месца. Аляксандар Сыман — 49-ы. Праблема ў слабой функцыянальнай падрыхтоўцы беларусаў. Не стае нашым сілаў бегчы дыстанцыю.
У спрынце на 7,5 км Вольга Назарава была 14-й з часам 22.14,9. Золата атрымала Каці Вільгельм з часам 20.41,4. У суботняй гонцы перасьледу на 10 км Назарава прыйшла 11-й, а 18 лютага ў жаночай эстафэце 4х5 км беларускі скончылі сёмымі. Прычым Вольга Назарава займала 2-ю пазыцыю, але ні Яўгенія Куцапалава, ні Алена Хрусталёва ня здолелі вытрымаць тэмпу.
У мужчынскай лыжнай эстафэце 4х10 км беларуская зборная заняла 15-е месца з 15-ці магчымых. Нашы адсталі ад пераможцаў нарвэжцаў на 9 хвілінаў, а ад казахаў, што прыйшлі перадапошнімі, — на 4,5 хвіліны. Гледачы, якія ўжо пачалі разыходзіцца са стадыёну, мяркуючы, што спаборніцтвы даўно скончыліся, былі зьдзіўленыя зьяўленьнем на фінішы беларускага лыжніка. А мы сьмяяліся ў Нагана з кенійца, што прыйшоў да фінішу праз паўтары гадзіны пасьля сканчэньня гонкі.
У хуткасным бегу на каньках на 500 м Анжаліка Кацюга была 5-й. На 1000-мэтроўцы — ейнай улюбёнай дыстанцыі — Анжаліка паказала алімпійскі рэкорд (1.15,03). Але ейны вынік палепшылі, адна за адной, яшчэ 11 канькабежак. У выніку — 12-е месца.
З мужчынскімі канькамі яшчэ горай. Ігар Макавецкі і Аляксей Хатылёў у бегу на 1000 м занялі адпаведна 41-е і 42-е месцы. “Падтрымаў” іх фігурыст-адзіночка Сяргей Давыдаў, які паказаў толькі 21-ы вынік. Зьезьдзілі ў Амэрыку на экскурсію за нашы грошы.
Затое беларускія хакеісты, натхнёныя вялізным бел-чырвона-белым сьцягам, якім вітаюць іх на трыбунах амэрыканскія беларусы, далі магчымасьць адчуць гонар за нашу краіну. Пройгрышы расейцам 4:6, фінам і амэрыканцам 1:8 аказаліся ня больш чым тактычным ходам. Чацьвертае месца ў групе вывела нас у чвэрцьфінале на швэдаў.
21 лютага дадому мела вылецець вялікая група беларускіх спартоўцаў і трэнэраў з 59 чалавек — хакеісты, біятляністы й канькабежцы. Наяўнасьць у гэтым сьпісе хакеістаў азначала, што ў штабе беларускай дэлегацыі ня верылі ў посьпех каманды ў чвэрцьфінальным матчы проці Швэцыі. Альбо проста баяліся суроку.
Лёс матчу вырашыў кідок Копаця. 4:3! Беларусы ў паўфінале!
У апошнія дні Алімпіяды наўрад ці што беларусам “сьвеціць”. У чацьвер нас чакае жаночая лыжная эстафэта 4х5 км, дзе выступяць Сьвятлана Нагейкіна, Натальля Каліноўская і, верагодна, сёстры Зяцікавы. У чацьвер скончацца спаборніцтвы жанчынаў-фігурыстак. У суботу адбудуцца мужчынскія лыжныя гонкі на 50 км. Апошнія спаборніцтвы Алімпіяды, у якіх бяруць удзел нашыя спартоўцы, — жаночыя гонкі на 30 км у нядзелю. А ў панядзелак а 6-й раніцы БТ пакажа ўрачыстае закрыцьцё Алімпіяды.
Эдвард Людовіч
цытата тыдня
Няма на сьвеце справядлівасьці...
“Пад прыкрыцьцём барацьбы за чысьціню ў спорце змагаюцца супраць такіх краінаў, як наша. У нас няма сваіх лябараторыяў, і таму нас будуць “душыць” надалей. У МАК існуе сыстэма акрэдытаваных лябараторыяў з цэнтрам у Лязане. Аснову складаюць 100 мільярдаў бюджэту Алімпійскага камітэту.
З аднаго боку, яны моцна змагаюцца, а зь іншага, маючы свае лябараторыі, экспэрымэнтуюць. Калі я рыхтаваў людзей, то прыкладныя тэрміны вывядзеньня стэроідаў з арганізму ведаў. Але нашыя, так бы мовіць, “цацкі” параўнальна зь іхнымі абсалютна бяскрыўдныя. У лябараторыях можна дасягнуць неабходных тэрмінаў вывядзеньня пад канкрэтнага чалавека. Гэта сапраўдныя лябараторныя дасьледаваньні, і дозы там індывідуальна падабраныя. А так імітуюць барацьбу, але выключна дзеля таго, каб гэтыя 100 мільярдаў круціліся, прыносілі прыбытак. Гэта індустрыя алімпійскага руху. У фармакалёгіі Захад у параўнаньні з намі рушыў на пакаленьне наперад.
Ужываюць усе. Гаворка ідзе пра тэрміны вывядзеньня. Да кожных спаборніцтваў рыхтуюцца новыя мэтодыкі. Калі яшчэ нядаўна анаболікі ла-віліся 20 дзён, то зараз іх не адсочыш ужо празь некалькі дзён. Самы стары, мэтандрэстынол, ловіцца цягам 42-х дзён. Натуральна, ён сябе аджывае. Значыцца, патрэбныя новыя лекі. Адпаведна, у каго болей грошай, у таго болей шанцаў застацца па-за падазрэньнямі. У дадзеным выпадку допінг-кантроль мэтанакіраваны. Калі б ён быў аб’ектыўны і справядлівы – гэта адно. А так ён скіраваны”.
Лекар нацыянальных камандаў Беларусі Валеры Бялан, радыё “Свабода”, 20 лютага
Дзіўная справа Паўловіч
З раніцы ў аўторак інфармагенцтвы распаўсюдзілі сэнсацыю. Беларуская алімпійка засьпетая на допінгу, а шэф беларускай місіі пазбаўлены акрэдытацыі.
Нямецкая газэта Tageszeitung характарызуе гісторыю як “характэрны выпадак допінгу” з тыповай на яго рэакцыяй. “Як заўжды, малазразумелая гісторыя. Новае тут, што МАК гэтым разам прызначыў ня-звыкла жорсткае пакараньне”. Tageszeitung перасьцерагае: ня варта думаць, што ў Солт-Лэйк-Сыты толькі адна ўдзельніца ўжывала допінг.
Spiegel адзначае, што ў дачыненьні да Беларусі прынятыя “самыя жорскія санкцыі за гісторыю НАК”. Віцэ-прэзыдэнт нямецкага Алімпійскага камітэту Томас Бах камэнтуе гэта так: “Прапаноўвалася нават выключыць увесь беларускі Алімпійскі камітэт, але ўрэшце ад гэтага кроку ўстрымаліся, каб такое рашэньне “не закранула” іншых спартоўцаў, і сышліся на пазбаўленьні алімпійскага Менску субсыдыяў”.
Варшаўская Rzeczpospolita ацэньвае справу як “досыць загадкавую”, назваўшы артыкул “Не было пячаткі”. Газэта падкрэсьлівае, што пры ўзяцьці аналізаў былі дапушчаныя працэдурныя парушэньні, бо скрынка з аналізамі не была належным чынам апячатаная.
Беларускі “Прессбол” даў загаловак рэдакцыйнаму артыкулу “Міні-стэрства НАКу і ганьбы”. “Разам з антыдопінгавым, мы таксама не вытрымліваем тэстаў на сталасьць, разважнасьць, му-драсьць, цывілізаванасьць, нарэшце”, — піша рэдактар.
Беларускія спартоўцы на гульнях выклікалі вялізную сымпатыю. Амэрыканцы цэлым стадыёнам скандавалі “Be-larus” падчас нашых матчаў супраць швэдаў, расейцаў, фінаў. Апошні ска-ндал падпсаваў во-браз Беларусі. Дагэтуль жа беларуская зборная зьбірала толькі станоўчую “прэсу”.
Адны расейскія СМІ вельмі холадна паставіліся да выхаду беларускай хакейнай зборнай у наступны раўнд (маўляў, ну, на што ім разьлічваць?). Камэнтатары на НТВ, ОРТ, РТР паведамілі пра гэта літаральна адным радком: “Беларусам пашанцавала”. Падрабязна напісаў пра гульню беларускай лядовай дружыны Спорт-Экспресс. У артыкуле “Беларусі — віншаваньні, Украіне — дзякуй” Слава Маламуд шкадуе ўкраінцаў, якія, маўляў, паказаўшы добрую гульню, не прабіліся ў асноўную групу.
Далей журналіст піша пра гульню Беларусь—Францыя: “Чырвона-зялёныя нічога звышнатуральнага пакуль не паказалі. Высокатэхнічная, хуткасная каманда, а разграміць французаў ня здолела. Дый 4 галы ў двух матчах (тры зь іх — у большасьці) — паказьнік далёка не пераканаўчы. І каб не бліскучая гульня галкіпера Шабанава з новакузьнецкага “Мэталюрга”, цалкам маглі “сябры” аддаць пункты і Ўкраіне, і Францыі. Адчуваецца ў беларусаў нейкая скаванасьць, нэрвовасьць, што камандзе ветэранаў не ўласьціва. Аднак пераможцаў ня судзяць. Дый да апошняй гульні са швайцарцамі можна паставіцца як да трэніроўкі, што ў гарачых умовах алімпійскай ліхаманкі — рэдкая раскоша”.
У расейскіх СМІ працягваецца масавая гістэрыя вакол хакею. Ні ў Лілехамэры, ні ў Нагана расейская зборная не ўзяла хакейнага золата, і апошнімі тыднямі расейскаму чытачу і гледачу настойліва даводзіцца, што гэтым разам яна мусіць яго ўзяць. Так трэба краіне, спорту, прэзыдэнту. Пуцін асабіста бласлаўляў хакеістаў перад ад’ездам, а яны, удзячныя, падаравалі яму кашулю з нумарам “1”, паабяцаўшы, што пад гэтым нумарам у расейскай зборнай больш ніхто гуляць ня будзе.
Э.Л.
Разьлічыліся за футбол
Алімпіяда канчаецца для нас аптымістычна. Хакеісты парадавалі. Даўно ўжо не было ў нас перамог у гульнёвых відах спорту. Калі й былі, дык нейкія хутчэй крыўдныя, як зь летувісамі ў гандбол, — такія во аптымістычныя трагедыі, калі перамога ўжо нічога не вырашае…
І тактыка нашымі хакеістамі была выбраная правільная. Хоць абарона ў нас цяпер — самае слабае месца, затое бліскуча згулялі Шабанаў і Мезін.
Матч хакеістаў з Украінай быў двойчы, а можа й тройчы прынцыповым. Адна справа — сам турнір, другая — трэ было разабрацца за прайграны футбол. І яшчэ — лякальная бітва ў агульнакамандным супрацьстаяньні. Восем гадоў таму пад бел-чырвона-белым сьцягам нашыя алімпійцы выступілі лепш за ўсе постсавецкія зборныя, акрамя Расеі. Чатыры гады таму ў Нагана быў правал. Ці зможам мы апярэдзіць тую ж Украіну па агульнай колькасьці алімпійскіх мэдалёў цяпер, калі адна Алеся Зубрылава можа прынесьці ёй больш пунктаў, чым нашыя паўкаманды?
A.U.
Нацыянальны склад зборнай
Калі ня ўлічваць хакеістаў (19 з 23 удзельнікаў іх каманды нарадзіліся ў Беларусі), 19 чалавек паходзяць зь Беларусі, 19 — з Расеі і адна (але хто — Ала Цупер!) — з Украіны. Канькабежцы (уключна з шорт-трэкам), фрыстайлісты — “нашы”, біятляністы, акрамя Аляксандра Сымана, — усе расейцы, толькі ў лыжах больш-менш раўнавага (8:6 на карысьць расейцаў). Цікава будзе прасачыць, хто выступіць лепш.
A.U.
Спорт новая рэлігія
10 тэзаў пра тое, як і чаму спорт пераймае функцыі рэлігіі
1. Таму, у каго больш няма Бога, трэба мноства герояў.
2. Спорт – адпаведная сёньняшняму часу форма пакланеньня і наданьня сэнсу навакольлю.
3. Раней людзі зьбіраліся разам у цэрквах, сёньня – на стадыёнах.
4. Спорт, як і рэлігія, паходзіць з традыцыяў паляўнічых каменнага веку.
5. Роўнасьць перад Богам замяняецца роўнасьцю шанцаў і магчымасьці для пераможцы і пераможанага памяняцца месцамі.
6. Спорт прапануе найлепшы шлях да ўдасканаленьня чалавека.
7. У спорце чалавек адольвае сьмерць, перамагаючы людзей.
8. Спартовец – вобраз чалавека, які пакутуе й адначасова перамагае.
9. Як і рэлігія, спорт процістаіць асьветніцтву й прагрэсу.
10. Спорт – заключная стадыя эвалюцыі рэлігіі ад пакланеньня прыродзе да пакланеньня розуму і, урэшце, целу. У спорце той, хто прыносіць ахвяру, ахвяруе самога сябе.
Ёган Скоцак, www.rpi.at