Уласаў і Тарашкевіч

Першая беларуская легальная газэта “Наша Ніва” нарадзілася ў верасьні 1906 г. А першая беларуская граматыка пабачыла сьвет толькі праз дванаццаць гадоў — у 1918-м. А здавалася б, усё павінна быць наадварот: спачатку мусіла нарадзіцца граматыка, а пасьля — распачацца выдавецкая дзейнасьць.

Але беларуская выдавецкая практыка пачалася без граматыкі. Выдаўцы, пісьменьнікі ня ведалі, як і чаго трымацца. Наставала пара адчыняць беларускія школы, але як, калі няма элемэнтарнага падручніка роднае мовы? За стварэньне граматыкі ўзяўся беларускі юнак з-пад Вільні Браніслаў Тарашкевіч, студэнт-філёляг Петраградзкага ўнівэрсытэту. Сярод тых, хто спадзяваўся на яго, цікавіўся ягонай працай, быў і рэдактар “Нашай Нівы” Аляксандар Уласаў. Кажуць, увосень 1917 г., калі рукапіс “Беларускай граматыкі для школ” быў гатовы, Тарашкевіч прынёс яго Ўласаву і той нараіў, каб на вокладцы і тытульным аркушы граматыкі побач зь імем аўтара значыўся Тарашкевічаў тытул — кандыдат філялёгіі Петраградзкага ўнівэрсытэту. Хай ведаюць усе незычліўцы беларушчыны, што граматыка напісаная не якім-небудзь дылетантам, самавукам, а чалавекам, якому навуковае званьне надаў адзін з найлепшых расейскіх унівэрсытэтаў.

Сымпатызуючы Тарашкевічу — маладому навукоўцу, грамадзкаму і палітычнаму дзеячу, Уласаў ніколі ня думаў, што іхныя стасункі скрыжуюцца яшчэ і на сваяцкіх шляхах. Гэта здарылася ў 1922 г. у ягонай Мігаўцы. Да Ўласава завітала пляменьніца Вера Сьнітка, дачка вядомага беларускага археоляга і гісторыка з блізкага ад Радашкавічаў Кальсбэргу. Гэтай жа парой прыехаў у Мігаўку і Браніслаў Тарашкевіч.

Пра іхную стрэчу распавядае сама Вера Сьнітка.

“…У 1922 г. я з мамай вярнулася з Украіны, з Глухава, куды мы былі выгнаны першай сусьветнай вайной. Наш пад Радашкавічамі маёнтак Кальбэрг паводле дамовы 1921 г., падпісанай у Рызе, апынуўся пад Саветамі, а Мігаўка — пад Польшчаю. У свой Кальсбэрг мы не змаглі трапіць, таму працяглы час жылі ў Мігаўцы, пакуль мама не асталявалася ў Радашкавічах. От адной такой парой Бронік зь якімсь сваім клопатам і завітаў у Мігаўку. А тут і я. Мне быў дваццаць адзін год. Самая нявеста. Броніку троху болей. Мне ён спадабаўся больш за ўсіх. Разумны, рухавы, спрытны, высокі, гжэчны, рашуча напорысты. Ну і я маладая была нішто. Тады мы зь ім пазнаёміліся. Знаёмства перайшло ў шлюб. Гэтак я зь Веры Сьніткі сталася Верай Тарашкевіч. Нас парадніла Мігаўка. Дзядзьку Сашу дужа падабалася мець за сваяка такога беларуса. Ён усё жартаваў, што ягоная Мігаўка цягам часу станецца другою Вільняю. Зь дзядзькам у Броніка было шмат супольных клопатаў. Якраз гэтаю парою абодва апекаваліся беларускімі гімназіямі: Тарас у Вільні, дзядзька Саша ў Радашкавічах. То было ім пра што пагаварыць, пагаманіць. У Мігаўцы на сядзібе дзядзькі Ўласава была невялічкая спартовая пляцоўка з рознымі там турнікамі, бумамі, брусамі для раўнавагі. Дзядзька Ўласаў культаваў фізкультуру і спорт, цікавіўся ўсім гэтым і сам патроху займаўся гімнастыкай, лічыў, што спорт — гэта здароўе. Ён і Броніка далучыў. От на адным такім брусе з кольцамі я і прысьпела Броніка. Практыкаваньне было нескладанае. Неяк трэба прыладзіцца і прашмыгнуць праз тыя кольцы. Але нікому гэта не ўдавалася: кольцы круціліся, сьлізгалі. А Бронік змог. Гэта вельмі мяне ўсьцешыла. Пасьля мы з Бронікам часта бывалі яшчэ ў Мігаўцы. Бронік і дзядзька Ўласаў жа былі сэнатарамі, пасламі Беларускага пасольскага клюбу. Яны часта бачыліся і ў Вільні. Затым Броніка пачалі цягаць па судах. Дзядзька Ўласаў перажываў, хваляваўся, як мог, бараніў Броніка, угаворваў яго менш гарачыцца, быць больш дыпляматычным. Але дзе там! Броніка цяжка было спыніць. Ён за праўду — беларускую праўду — ішоў на злом галавы”.

Уласаву было прыемна, што праз сваю пляменьніцу ён парадніўся з Тарашкевічам. Неяк у сваяцтве было спарней цягнуць нялёгкі беларускі воз. Але спынілі іх на паўдарозе бальшавікі, камісары, палічыўшы “сацыяльна небясьпечнымі элемэнтамі”. І дзіўна сёньня чуць, як іхныя нашчадкі рвуць на грудзёх кашулю і крычаць: “Не было Курапатаў!” Але дзе ж тады дзеўся Тарашкевіч, які падараваў свайму народу граматыку? Дзе Аляксандар Уласаў і шмат-шмат іншых іхных паплечнікаў ды аднадумцаў?

Уладзімер Содаль

грамадзянскі клопат

Аблог

Аляксандар Уласаў — адна з самых самавітых постацяў беларускай гісторыі. Гэта ён разам са сваімі аднадумцамі абудзіў прыспаную Беларусь. Ці адчувае гэта наша сёньняшняя грамада? Калі адчувае, то дзе і як гэта адзначана? Нашыя майстры пэндзля стварылі колькі твораў, прысьвечаных нашаніўцам. Найбольш значныя сярод іх — “Нашаніўцы” Асядоўскага, “Віленскія сустрэчы” Савіцкага. Нашаніўцам прысьвечана і палатно мастакоў Ціхановіча й Давідовіча “Янка Купала і Зьмітрок Бядуля ў рэдакцыі “Нашай Нівы”. На гэтых палотнах ёсьць усе — Янка Купала, Якуб Колас, Зьміцер Жылуновіч, Янка Журба, Максім Багдановіч, Алаіза Пашкевіч-Цётка, Зьмітрок Бядуля, Канстанцыя Буйла, Уладка Станкевічанка, Ядвігін Ш… Няма толькі таго, хто заснаваў “Нашу Ніву”, быў шмат гадоў ейным рэдактарам, згуртаваў і абудзіў творчыя і палітычныя сілы Беларусі. Ці ж гэта ня дзіўна?! Засяроджваю на гэтым увагу нашых мастакоў! Жыцьцё Ўласава дае шмат імпульсаў на стварэньне Ўласавіяны, гэтая тэма ў выяўленчым мастацтве пакуль што ляжыць аблогаю. Голас Уласава, ягоныя парываньні пакуль не дайшлі да нашых мастакоў.

У.С.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0