Карона каралеўства “Каміла”

 

Пасьля кожнае Рок-каранацыі вядучы Анатоль Вечар заракаецца праводзіць яе налета. Аднак ягоным словам ужо даўно ніхто ня верыць. Яны ўспрымаюцца хутчэй як адна з традыцыяў акцыі. Сёлетнюю Каранацыю ў “Казе”, як заўсёды, вялі Анатоль і Аксана Вечары, якія пераўвасобіліся гэтым разам у дактароў — ставілі дыягназы, выдавалі даведкі й бальнічныя “хворым на рок-н-рол”.

Найбольш “рок-мэнзурак” (гэтак сёлета зваліся прызы) сабраў Зьміцер Вайцюшкевіч (“Традыцыі й сучаснасьць” і “Музыка году”). Прыз за найлепшы тэкст атрымаў Леанід Дранько-Майсюк, зь якім Тодар на пару ствараў “Цацачную краму”. Няцацачная “Крама” атрымала ўзнагароду за найлепшы альбом — “Хавайся ў бульбу”, гурт “Палац” — за найлепшы кліп (да песьні “На турэцкіх палях”). Адкрыцьцём году стаўся “Імпэт” — пераможца сёлетняга Басовішча. А вось з “Рок-князёўнай” выйшла недарэчнасьць. Вэраніка Круглова падумала, што “мэнзурку” будуць даваць ёй, і ўжо пасьпела сказаць: “Дзякуй вам!” А выявілася, што прыз атрымлівае Дана з “Імпэту”… Ад “замежнага” спонсара Каранацыі, Беларускай рэдакцыі радыё “Палёнія”, Алесь Навіцкі ўручыў журналісту Вітаўту Мартыненку спэцыяльны прыз за папулярызацыю польскай музыкі. Узнагароду за найлепшы музычны сайт атрымаў гурт “Любоў і спорт”, які на канцэрт не зьявіўся. Спэцыяльным прызам Музыкального журнала быў адзначаны мэталёвы зборнік “Hard Life-Heavy Music”. “Песьняй году” сталася “Мая краіна — Беларусь” гурту “Безь білета”. Ягоны лідэр Віталік “Артыст” сказаў, што цяпер каманда завецца “Morе” і адрокся прызоў, раздаўшы выйгранае піва сваім прыхільнікам у партэры.

А вялікую карону атрымаў Алесь Суша, гаспадар буціка “Каміла” і натхняльнік праектаў “Сьвяты вечар” і “Я нарадзіўся тут”. Гэта першы выпадак, калі рок-каралём зрабіўся не музыка, а прадусар. Дарэчы, “Нэйра-Дзюбель”, які закрываў канцэрт, засьпяваў песьню “Скрыпка дрыгвы” з новага супольнага праекту на вершы Караткевіча, які рыхтуюць Суша і кампанія.

Сяргей Будкін

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0