Менск-Масква-Бялград

Бялград — адзіная на сёньня эўрапейская сталіца за межамі былога Саюзу, куды беларус можа патрапіць, маючы толькі пашпарт. Лукашэнка дамовіўся зь Мілошавічам пра бязьвізавы рэжым, а парлямэнты падпісалі вар’яцкі дакумэнт пра патройны саюз — Югаславіі, Расеі й Беларусі. Цяпер Мілошавіч у Гаазе, Лукашэнка пасварыўся з Пуціным, а нам на памяць пра іхныя геапалітычныя мроі застаўся бязьвізавы рэжым.

У Бялград зь Менску найзручней ляцець праз Маскву. У касе “Белавія” мне назвалі па тэлефоне нейкі замалы кошт квітка. Высьветлілася — пераблыталі Бялград зь Белгарадам. Добра, што ў нашых аўтобусных касах ня блытаюць Браслаў з Браціславай.

У пачакальні аэрапорту гурт мужчынаў даглядае па РТР трэці тайм хакею Беларусь-Швэцыя. Апошняя шайба проста фантастычная. Камэнтатар называе нашую перамогу найвялікшай сэнсацыяй гэтай Алімпіяды. З Масквы ляцім на старым “боінгу” Югаслаўскіх авіялініяў. Майму спадарожніку на белавіяўскай “тушцы” прадзьмула бок, а тут — утульней, як у старым “мэрсэдэсе” году 90-га выпуску. Прынамсі, ня дзьме. У бялградзкім аэрапорце заўважаем зачахлёныя вайсковыя самалёты й шрубалёты — мабыць, тое, што ўдалося схаваць сэрбам падчас вайны.

Таксіст па-ангельску пытаецца, адкуль мы. “Беларусь”, — адказваем. “Нам цяжка разабрацца — Расея, Беларусь”, — кажа ён. “Хакей, — нагадваем мы, — Швэцыя-Беларусь”. — “О, так, — ківае ён галавой, потым нечакана працягвае, — два дыктатары: Мілошавіч і Лукашэнка”. Ківаем у адказ. Цяжка знайсьці ў Менску таксіста, які б размаўляў па-ангельску.

У Бялградзе праходзіць канфэрэнцыя няўрадавых арганізацыяў, якія займаюцца ў сваіх краінах грамадзкім назіраньнем за выбарамі. Арганізатары распытваюцца ў нас, ці не было праблемаў з адлётам зь Беларусі. Бо перад пачаткам канфэрэнцыі тэлефанавалі зь беларускай амбасады ў Бялградзе і распытваліся, хто будзе прадстаўляць Беларусь. Сэрбы дыпляматычна ўхіліліся ад адказу.

У Бялградзе — вясна. Блакітнае неба, распускаюцца пупышкі на дрэвах і кустах, зелянее трава, моладзь ходзіць у байках і швэдрах, катаецца на роліках і скейтах, расхрыстаныя цыганяты бегаюць сьледам за трамваямі. Вузкія вуліцы спрэс залітыя асфальтам, з комінаў шэрых дамоў цягнуцца жоўтыя хвасты дыму. Бачым вясельле, што танчыць пад народную музыку, у якой больш турэцкіх, чым славянскіх матываў.

Плошча перад Скупшчынай зусім невялікая. Калі яе паказвалі па тэлевізары падчас рэвалюцыі, здавалася большай. Ніякай аховы, толькі на прыступках ляжыць чорны балахон, раскіданыя жаночыя туфлі, пустыя цюбікі з-пад фарбы, шклянкі і розная дробязь — астаткі нейкага пэрформансу. Палітыка сышла з плошчаў Бялграду.

У Маскву наш самалёт прыляцеў раней. Сымбалічна: у Сэрбіі ўжо вясна, а ў нас яшчэ паўсюль ляжыць сьнег. Машына, якая мусіла прыехаць па нас, спазьнялася. Амаль усе пасажыры разьехаліся. У фае аэрапорту выключылі сьвятло. Стала цёмна й вусьцішна. Засталіся толькі мы і кубінцы, якіх таксама чамусьці ніхто не сьпяшаўся забіраць.

Алесь Бяляцкі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0