З усёй краіны

 

Найбольшая царква Беларусі

У 2003 г. у Магілёве будзе пабудаваны праваслаўны Спаса-Праабражэнскі сабор, разьлічаны на 3500 чалавек. Будаўніцтва храму вядзецца пад асабістым кантролем старшыні аблвыканкаму Барыса Батуры. Грошы на будаўнічыя работы ідуць з дзьвюх крыніцаў: асабістыя ахвяраваньні вернікаў і “добраахвотна-прымусовыя” ўкладаньні прадпрыемстваў. На сёньня памер дапамогі прадпрыемстваў склаў 130 млн. рублёў.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

Платнае лячэньне алькаглізму

Зь лютага ў асіповіцкай паліклініцы пачаў працаваць кабінэт платнага лячэньня алькагалізму. Па словах мэдпэрсаналу, кліентаў хапае, бо паслугі каштуюць нядорага: напрыклад, кадаваньне абыдзецца ўсяго ў 20 тыс. рублёў.

Заробкі натурай

У Быхаўскім раёне запазычанасьць па заробках выплачваюць не грашыма, а прадуктамі. Так, рабочыя нафтабазы атрымалі заробак цукрам, камунальнікі — яйкамі.

М.Р.

На дзявяты паверх – пешкі

З 21 лютага жыхары сьветлагорскіх шматпавярховікаў вымушаныя падымацца ў свае кватэры на шостыя-дзявятыя паверхі пешкі. У горадзе адлучаныя 288 ліфтаў. Мясцовая філія арганізацыі “Гомельліфт” спыніла абслугоўваньне сьветлагорскіх ліфтаў, бо гарвыканкам 11 месяцаў не аплачвае ейных паслуг і вінен ужо 180 млн. рублёў. А карыстацца ліфтамі, якія не праходзяць рэгулярнага тэхагляду, забараняюць правілы бясьпекі. Камунальныя службы гораду пералічваюць “Гомельліфту” тыя грошы, якія плацяць жыхары шматпавярховікаў за карыстаньне ліфтамі. Але гэтая сума складае толькі 18% ад затратаў. Астатняе мусіць датавацца зь бюджэту гораду, а там грошай няма.

Вадзім Болбас, Сьветлагорск

82-мілімэтровая бульба

Жыхары вёскі Тарэцкаўшчына (Ашмяншчына) на калгасным полі знайшлі 82-мілімэтровую мінамётную міну часоў другой сусьветнай вайны. Сёлета гэта першая такая знаходка. Абясшкодзілі міну сапёры.

Замарозіла гарэлка

Бяз пальцаў на абедзьвюх нагах застаўся 50-гадовы жыхар Астравеччыны. Мясцовыя лекары іх ампутавалі, каб выратаваць жыцьцё пацыенту. Ногі ён адмарозіў ва ўласным доме. Зьвязаўшыся з саракаградуснай, вясковец некалькі дзён не выходзіў з хаты й не паліў у печы. Калі скончылся гарэлка, адчуў нядобрае і зьвярнуўся да лекараў.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Шыла на Мыла

Летась 185 жыхароў Берасьця афіцыйна зьмянілі свае прозьвішчы, імёны й імёны па бацьку на іншыя, яшчэ шасьці адмовілі ў гэтым. Ня хочуць людзі быць Худымі, Скуднымі, Баранамі, Румзамі і г.д. Займець прозьвішчы вядомых у сьвеце людзей не пажадаў ніхто.

Тры па тры

Днямі да 60-ці сяброў пашырылася берасьцейскае грамадзкае аб’яднаньне “Блізьняты — адна сям’я”. У горадзе на сёньня сем’яў дзьвесьце зь блізьнятамі. Збольшага гэта двайняты. Тройні ў Берасьці маюць толькі тры сям’і.

Л. Хведаровіч, Берасьце

У вёсцы даражэй

Амаль 1000 смургонцаў падалі заявы ў аддзел сувязі, каб ім паставілі тэлефоны ў 2002 г. Пакуль толькі 70 зь іх назьбіралі на гэта грошай. Гэта што тычыцца гарадзкіх абанэнтаў. У вёсцы — даражэй: стварэньне аднаго нумару каштуе 660 тысячаў, адзін кілямэтар кабелю — 200. Летась у вёсцы ўстанавілі толькі 95 новых тэлефонаў, дый тое па старых цэнах.

Сваркі і звадкі

Найчасьцей смургонцы зьвяртаюцца ў міліцыю з-за сямейных скандалаў і боек. Два-тры разы на тыдзень участковых выклікаюць на хатнія “разборкі”. Летась 318 разоў у “02” зьвярталіся жанчыны. Траціна скардзілася на экс-мужоў. Аб тым, што нарачоныя б’юцца, “слабая палова” апавяшчала міліцыянтаў 79 разоў. Незадаволенасьць сужыцелямі выказвалася ў 39 заявах. 35 разоў маткі скардзіліся на сыноў, 7 — на дачок, 10 — на адных і другіх. І толькі 5 разоў дрэнна сябе паводзілі бацькі.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Хабар за месца на могілках

На Маскоўскіх могілках Менску хаваюць па спэцыяльным дазволе, аднак магчымае і “камэрцыйнае” пахаваньне. Адзіночны ўчастак афіцыйна каштуе 318 тыс. рублёў, патройны — 450 тыс. Але попыт на месцы быў настолькі вялікі, што зьявілася падпольная каса. Загадчыка могілак арыштавалі ў момант атрыманьня ад аднаго грамадзяніна 300 даляраў. Праз колькі дзён калега арыштаванага добраахвотна зьявіўся ў міліцыю і распавёў пра 65 фактаў атрыманьня грошай. “Мэханізм” быў просты: сваякоў нябожчыка прыводзілі ў далёкі кут могілак, дзе стаяла вада. І яны плацілі, каб атрымаць лепшае месца. Пахаваньне паблізу цэнтральнай алеі каштавала ад 150 да 300 даляраў. Позьняе раскаяньне далакопу не дапамагло: яго таксама пасадзілі ў сьледчы ізалятар.

Засудзілі РНЕшнікаў

Менскі гарадзкі суд разгледзіў справу сябраў РНЕ Канстанціна Дашкевіча й Ігара Солера. Летась 2 студзеня яны падчас сьвяточнага застольля ўсчалі бойку з аднапартыйцам Максімам Брэйнерам, жорстка зьбілі яго, колькі разоў ударылі нажом, а потым тройчы стрэлілі з рэвальвера. Солер атрымаў 15 гадоў турмы, Дашкевіч — 17, бо рэвальвер быў ягоны. На думку маці забітага, прычынаю сьмерці стала жаданьне Максіма пакінуць шэрагі арганізацыі.

Б.Т.

Трох будзе дастаткова

“У Беларусі маюць быць тры тэлеканалы — першы, другі і СТВ, які павінен ператварыцца ў канал сталіцы і сталічнай вобласьці”. Пра гэта заявіў Лукашэнка 26 лютага падчас узгадненьня кандыдатуры Рыгора Кісяля на пасаду старшыні праўленьня ЗАТ “Другі нацыянальны канал”.

Навіцкі ў адпачынку

Прэм’ер-міністар Беларусі Генадзь Навіцкі 27 лютага пайшоў у адпачынак, які працягнецца да 11 сакавіка. Адпачываць прэм’ер плянуе на Нарачы разам зь сям’ёй. Даваць рады справам у гэты час будзе Андрэй Кабякоў. Цікава, што Ярмошын свой першы пасьля адстаўкі адпачынак правёў на Кіпры.

 

МАП рэкамэндавала аднавіць

Міжнародная арганізацыя працы падтрымала Альберта Яўменава, былога начальніка кампрэсарнай станцыі ялізаўскага заводу “Кастрычнік” (Асіповіччына), які быў звольнены 3 гады таму за адмову ад удзелу ў суботніку. МАП, куды ён зьвярнуўся са скаргай, рэкамэндавала аднавіць Яўменава на працы з кампэнсацыяй страчанага заробку.

Лыскавец у Каліфорніі

ФБР знайшло беларускага скакуна з трампліну Андрэя Лыскаўца, які адмовіўся вяртацца з Солт-Лэйк-Сыты разам зь іншымі алімпійцамі. Агенты даведаліся, што гэты няўдачнік Алімпіяды жывы, здаровы і знаходзіцца ў Каліфорніі. У Андрэя да канца сакавіка дзейнічае віза, і ягонае знаходжаньне на тэрыторыі ЗША не супярэчыць законам краіны.

Б.Т.

Корбана шукаюць

Як распавялі сябры зьніклага Юрася Корбана, аніякіх вынікаў ягоныя пошукі пакуль не далі. Пакватэрны абход дзясятку менскіх шматпавярховікаў і прыватнага сэктару блізу Чыжоўскага вадасховішча, адкуль былі зафіксаваныя Юрасёвы тэлефанаваньні да маці, не дапамог.

Крымінальная справа па факце зьнікненьня Юрася Корбана ўжо перададзеная зь Віцебску менскім сьледчым. Маці Юрася Корбана таксама прыехала ў Менск, каб перадаць адкрытыя лісты генэральнаму пракурору Беларусі Віктару Шэйману і міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву.

Лёсам ачольніка “Контуру” цікавяцца і ў Камітэце фінансавых расьсьледаваньняў па Віцебску, куды Юрась Корбан 22 студзеня мусіў зьявіцца на допыт у справе неправамоцнага выкарыстаньня грантавых сродкаў. У камітэт апошнімі днямі пачалі выклікаць Юрасёвых калегаў. Пытаюцца ў іх, ці ведаюць яны што пра Корбана.

Тым часам зьявіліся зьвесткі, што бацькі Корбана прадаюць ягоную кватэру, што каля вакзалу.

Ігнат Чакацкі

удакладненьне

Да артыкулу “Дзяржаўная злачынца”, надрукаванага ў “НН” ад 22 лютага, неабходна зрабіць колькі ўдакладненьняў. Па-першае, “падарункі” прэзыдэнту, перададзеныя ў гарвыканкам, падрыхтавала не Натальля Брэль, іх прынесьлі жыхары Рэчыцы (напярэдадні Малады Фронт заахвочваў іх да гэтага праз улёткі). Па-другое, перадавала іх не сама Натальля, а цэлая дэлегацыя, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі АГП, Маладога Фронту, “Зубра”.

навіны гаспадарскія

ПАДАТКОВЫЯ ОРГАНЫ Беларусі маюць намер змагацца з фактамі выплаты зарплаты “ў канвэртах”. У большай ступені гэтая барацьба закране прыватныя прадпрыемствы, паколькі дзяржаўныя такога, як правіла, не практыкуюць. У прыватнасьці, увага будзе зьвяртацца на факты, калі асобныя прадпрыемствы быццам бы не выплачваюць заробку сваім супрацоўнікам.

Пытаньне пра ўвядзеньне ў Беларусі адзінай стаўкі падаходнага падатку знаходзіцца ў стадыі абмеркаваньня. Гэтая стаўка, у выпадку прыняцьця, ня будзе адпавядаць расейскай.

ПЭНСІІ МОГУЦЬ ЗАТРЫМАЦЬ у сакавіку. Каб сплаціць іх, пакуль бракуе грошай, бо шмат якія прадпрыемствы ня робяць складак у пэнсійны фонд.

ІЛЬГОТНЫЯ КРЭДЫТЫ на адукацыю ў хуткім часе запрапануюць студэнтам беларускія банкі. Найбольшы крэдыт ня будзе перавышаць 70% ад кошту навучаньня, разьлічвацца за пазыку можна будзе 10 гадоў.

СЯРЭДНІ ЗАРОБАК у студзені склаў 99,3 даляра, ці на 4,5 даляра меней, чым у сьнежні.

ІЛЬГОТЫ НА ПРАЕЗД у грамадзкім транспарце скасуюць ужо сёлета. Цяпер імі карыстаюцца больш за 50 катэгорыяў грамадзянаў.

2,5 МЛН. АЎТАМАБІЛЯЎ зарэгістраваныя на сёньня ў краіне. У ДАІ мяркуюць, што ў хуткім часе агульны аўтапарк павялічыцца на 10—15%.

СЛУЦКІ БРОВАР патрапіў у сфэру інтарэсаў расейскай кампаніі “Ачакава”. Расейцы ўжо паабяцалі случчакам новае абсталяваньне коштам 30 млн. даляраў.

У пасёлку Баравуха каля Наваполацку хочуць стварыць вольную эканамічную зону. Гэта мае зьменшыць беспрацоўе ў Баравусе, дзе жывуць збольшага былыя вайскоўцы.

СКАРАЧЭНЬНІ пройдуць на віцебскіх прадпрыемствах. Рабочых тэлевізійнага заводу “Віцязь” паменее на 420 чалавек, абутковай фабрыкі “Чырвоны Кастрычнік” – на 125, мясакамбінату – на 185 і г.д. Агулам скароцяць 3200 чалавек.

ТАНЬНЕЕ ХЛЕБ на ўсходзе Магілёўшчыны. Улады загадалі зьнізіць цэны ў Крычаве, Клімавічах, Касьцюковічах, каб стварыць канкурэнцыю расейскай прадукцыі. Адначасова на 1% павялічыўся кошт мукі вышэйшага гатунку, якую прадаюць у іншых раёнах вобласьці.

ЗАМОЖНЫЯ БЕЛАРУСЫ будуць аплачваць 65% сабекошту пуцёвак у санаторыі, а не 30%, як цяпер. Падвышку тлумачаць тым, што няма грошай, каб утрымліваць летнікі для дзяцей. Тры чвэрткі з 4 тыс. цяперашніх летнікаў патрабуюць тэрміновага капрамонту.

МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ пастанавіла, што спагнаньне з імпарцёраў піва закладавага кошту пляшак супярэчыць беларускаму антыманапольнаму заканадаўству. Гэтае рашэньне выгаднае найперш расейскім броварам.

ПРЫВАТЫЗАЦЫЯ “НАФТАНУ” распачынаецца 20 сакавіка. Першымі акцыі прадпрыемства купяць ягоныя працаўнікі. Кожны зь іх можа купіць каштоўных папераў на суму ня болей за мільён рублёў.

“БЕЛАРУСЬКАЛІЙ” у студзені вырабіў прадукцыі на 20% меней, чым у сьнежні мінулага году. Цяпер за мяжой попыт на ўгнаеньні малы, таму і іхны экспарт зьменшыўся на 17 млн. даляраў.

ЛІТВА з 1 сакавіка ўводзіць абавязковае страхаваньне грамадзянскай адказнасьці для ўладальнікаў транспартных сродкаў.

КАМПАНІЯ “БАЛТЫКА” падала ў Маскоўскі міжнародны арбітражны суд пазоў аб вяртаньні ёй 10,5 млн. даляраў крэдыту, выдадзенага нашаму бровару “Крыніца” на паўгоду.

Сяржук Іваноўскі

камэнтар рэдакцыі

Сур’ёзная справа

10 сакавіка ўрадавая камісія сканчае прыём прапановаў варыянтаў гімну Беларусі. І на 10-га ж заплянаваны альтэрнатыўны ўрачысты сход грамадзкасьці па прыняцьці гімну. Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, навукоўцы, грамадзкія дзеячы маюць намер вызначыць той твор, які стане, як мяркуецца, “Дзяржаўным гімнам Беларусі пасьля зьмены ўлады”. Шкада было б, калі б дэмакратычная інтэлігенцыя паставілася да такое сур’ёзнае справы легкаважна і пахапліва.

Беларускія гімны вядомыя кожнаму адукаванаму чалавеку: гэта гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, гімн беларусаў сьвету “Магутны Божа” і гімн нацыянальнага адраджэньня “Не загаснуць зоркі ў небе”. Гэтым гімнам дзясяткі гадоў, яны асьвечаныя крывёю і малітвамі.

Калі ўрадавая камісія пойдзе насуперак чаканьням грамадзкасьці і прыме за дзяржаўны гімн песьню, за якой няма традыцыі, тады гістарычны гімн сапраўды мог бы быць яшчэ раз зацьверджаны — але не на сходзе інтэлігенцыі, а, напрыклад, на Ўсебеларускім сходзе.

“Голас душы” гучыць

“Падпісваю просьбу аб аднаўленьні на “беларускім” радыё праграмы “Голас душы”, толькі паважаючы рэдакцыю газэты, якая абрала менавіта такую форму звароту да радыёўраднікаў. Насамрэч я патрабую ад іх найхутчэйшага аднаўленьня гэтай адзінай праграмы, якую шчэ можна слухаць”, — піша нам Віталь Кошалеў зь Менску. Пад ягонай просьбай-патрабаваньнем падпісаліся шчэ 3 чалавекі. Подпісы за аднаўленьне праграмы нам даслалі Рэгіна і Юры Козак, Тацяна й Арцём Анейчык і яшчэ 92 чалавекі зь Менску і Менскай вобласьці. Ян і Валя Патапенкі, Руслан Гародка і яшчэ 9 мазыранаў, Мікалай і Каміла Маліноўскія з Калінкавічаў, Мікола Жук, Генадзь Сарока, Віктар Арцем’еў і яшчэ 29 чалавек з Пружанаў выказваюцца за аднаўленьне праграмы. Казімер Кліпа, Зінаіда Хіхіч і яшчэ 3 чалавекі з Нарачы, Міхаіл, Натальля, Руслана і Надзея Фурсы зь Віцебску, Сяргей Мачэкін, Вікторыя Папова і яшчэ 5 чалавек з Магілёва даслалі нам свае подпісы за аднаўленьне праграмы “Голас душы”.

Усяго за месяц збору на адрас рэдакцыі прыйшло 2008 подпісаў. Дзякуючы гэтаму, як і дзякуючы тым людзям, што зьбіралі подпісы ў касьцёлах, каталіцкая праграма аднавілася і гучыць штонядзелю. Таксама гэтым зборам подпісаў удалося паказаць уладам, што грамадзтва і пасьля выбараў не разгубленае, а гатовае абараняць свае правы і інтарэсы. Аднаўленьне каталіцкае праграмы паказвае, што ўлады гэта зразумелі. А тое, хто менавіта мае весьці каталіцкую праграму на радыё, гэта цяпер ужо справа самога Касьцёлу. 5 сакавіка гэтае пытаньне будзе вырашанае ў Пінску на ўнутранакасьцельным паседжаньні. Дзякуй усім, хто ўзяў удзел у акцыі салідарнасьці.

Рэдакцыя

У Беларусь прыедзе Хатамі

Пры канцы чэрвеня або на пачатку ліпеня ў Беларусь з афіцыйным візытам прыедзе іранскі прэзыдэнт Хатамі. Ён мусіў прыехаць яшчэ мінулым летам, але з-за нашых выбараў адклаў візыт. Лукашэнка ў Тэгеране ўжо пабываў. Хатамі цяпер павінен наведаць Менск хаця б дзеля ветлівасьці.

С.Р.

У Менску зьявіцца “Мэтро”

Нямецкая фірма “Мэтро AG” заявіла ў Дзюсэльдорфе, што плянуе пашырыць сваю сетку супэрмаркетаў сыстемы Cash&Carry. У абсяг інвэстыцыйных зацікаўленьняў фірмы трапілі Беларусь, Украіна, краіны былой Югаславіі.

yusnews.info

Рабеце бізнэс у Канадзе

Cамая танная краіна для вядзеньня бізнэсу — Канада, а самыя дарагія ў гэтым сэнсе дзяржавы — Нямеччына і Японія. Да такіх высноваў прыйшла кансалтынгавая кампанія KPMG, што дасьледавала ўмовы для бізнэсу ў прамыслова разьвітых краінах.

Чэская кампэнсацыя ахвярам ГУЛАГу

Чэскі ўрад зьбіраецца выплаціць кампэнсацыі грамадзянам, якіх камуністычныя ўлады Чэхаславаччыны засудзілі ў 1948—54 г. да прымусовых работ у шахтах і каменяломнях. Да сёньняшняга дня дажылі каля сямі з паловай тысячаў ахвяраў рэпрэсіяў. Выплаты атрымаюць і тыя чэхаславацкія грамадзяне, якія трапілі ў савецкі ГУЛАГ. Па вайне савецкія ўлады дэпартавалі ў Саюз каля 7 тыс. грамадзянаў. Сярод іх была толькі якая тысяча этнічных чэхаў, а ў ліку астатніх шасьці тысячаў былі й нашы суродзічы, сярод якіх паэтка Ларыса Геніюш зь сям’ёй.

Язапат Змысла

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0