Лепей за Нагана
Мы маем толькі адну “бронзу” — гэта менш, чым у Нагана ў 98-м, дзе было дзьве бронзы, і яшчэ горш за вынік Лілехамэру-94 (два срэбры). Але ў неафіцыйным камандным заліку мы выступілі хоць і горш, чым у 94-м (тады мелі 37 пунктаў), але лепш, чым у 98-м (20,5 пункта). Цяпер маем 30 пунктаў. Нашае месца было адпаведна 16-м і 20-м, а цяпер маем 19-е.
Зімовыя алімпіяды выяўляюць рэзкі кантраст паміж невялікай колькасьцю спартовых “супэрдзяржаваў” і астатнім сьветам. Чатыры гады таму Алімпіяда ладзілася ў Японіі, цяпер — на супрацьлеглым канцы сьвету, аднак пяцёрка наймацнейшых засталася той самай: Нямеччына, ЗША, Нарвэгія, Расея ды Аўстрыя.
За гэтай пяцёркай ідуць колькі моцных эўрапейскіх краінаў, Канада ды азіяцкія гіганты — Японія, Кітай, Паўднёвая Карэя. І вось такім чынам замыкаецца першая пятнаццатка.
Цікава параўнаць нас з астатнімі краінамі былога СССР (акрамя Расеі). У Лілехамэры мы былі найлепшымі, апярэдзілі Казахстан і Ўкраіну. У Нагана быў правал: мы прапусьцілі наперад ня толькі дзьве гэтыя каманды, але яшчэ й Латвію. А вось цяпер мы вярнулі сабе пазыцыю адразу за Расеяй. Украіна здабыла толькі 13 пунктаў, Казахстан — 1 пункт, Латвія — 2 пункты. Добра выступілі толькі эстонцы — 25 пунктаў.
Вядома, што шмат якія спартоўцы ў зімовых відах прыехалі да нас, даўно ці нядаўна, зь іншых краінаў, найперш з Расеі. Дык вось, цікава было параўнаць, хто прынясе больш пунктаў. 19 чалавек родам зь Беларусі набралі разам 12,25 пункта плюс мэдаль, 19 чалавек родам з Расеі — 12,75. Яшчэ 5 пунктаў узялі нашыя хакеісты — усе яны, акрамя чатырох, родам зь Менску ды Віцебску. Так што трэнэры могуць больш давяраць сваім — яны, як мінімум, ня горшыя за “прывазных”.
Няма магчымасьці “прайсьціся” па пэрсаналіях. Але асобная падзяка й хвала Зьмітру Дашчынскаму. Ягонае выступленьне і два пункты — подзьвіг.
На жаль, ёсьць і антыгерой. Гэта наш непараўнальны Ўладзімер Навіцкі, які гэтым разам трывала перайшоў на расейскую мову. Ці варта было ехаць аж гэтак далёка, каб пусьціць у этэр рэпартажы на мове, якой і так усюды хапае.
A.U.