дзяржаўны інтарэс

Прорва

Алімпіяда чарговы раз засьведчыла, што Беларусь ад Расеі аддзяляе прорва. І прорва гэтая — ня ў колькасьці мэдалёў.

Расея ў агульным алімпіядным заліку чацьвертая з 16 мэдалямі, побач з Аўстрыяй, а беларусы толькі ў другім дзясятку. Тым ня менш, мы з пакораю прынялі жорсткія меры МАКу да Паўловіч і Барычкі. А нізкая “прадукцыйнасьць” расейцаў справакавала скандалы і дэмаршы.

Вячэрнія Вести на РТР былі падобныя на паведамленьні з фронту. У студыю запрашалі далёкіх ад спорту палітыкаў і культурнікаў, якія кляймілі нячэсных судзьдзяў, МАК, ЗША і цэлы сьвет. Работнік эстрады Задорнаў проста ў студыі перакрэсьліў амэрыканскую візу. Дума ў пятніцу ўсё пасяджэньне прысьвяціла Алімпіядзе, загадаўшы расейскім алімпійцам разам зь беларусамі (!) пакінуць гульні. Дзякуй богу, што Пуцін “параіў” застацца. Толькі калі паўторны допінг-тэст пацьвердзіў, што расейскія лыжніцы ўжывалі дарбіпаэцін, аналяг эрытрапаэціну, прэпарат, які моцна падвышае колькасьць гемаглябіну ў крыві, расейская дэлегацыя зьвяла.

У Беларусі на гэтыя скандалы глядзелі з іроніяй і відавочна з пазыцыі “цывілізаванага сьвету”. Павал Якубовіч у калёнцы рэдактара Советской Белоруссии пакпіў з расейскай гістэрыі: “Сур’ёзныя людзі павінны ўсё-ткі адрозьнівацца ад падлеткаў-фанатаў”. Былы алімпійскі чэмпіён Ўладзімер Парфяновіч быў яшчэ больш катэгарычны: “Каб расейцы не ўжывалі забароненых прэпаратаў, ня мелі б праблемаў”. “Калі беларуская каманда сабралася і разьбіла швэдаў, дык справа зусім не ў арбітрах”, — завяршае Якубовіч свой камэнтар вечных нараканьняў расейскіх спартоўцаў і палітыкаў на антырасейскасьць судзьдзяў.

У такім жа духу асьвятляла скандалы і перамогі Алімпіяды і астатняя беларуская прэса. На гэтым фоне дысанансам глядзеліся хіба ацэнкі радыё “Свабода”, якое настойліва даводзіла, што беларусы на Алімпіядзе церпяць поўны правал.

Посьпех беларускіх хакеістаў (перамогі ў індывідуальным заліку робяць славу ў большай ступені самому спартоўцу, чым дзяржаве, якую ён прадстаўляе) прымусіў сьвет пабачыць Беларусь на мапе. І гэта каманда, выгадаваная на дзьвюх-трох лядовых пляцоўках савецкае пары! Можна толькі ўявіць патэнцыял будучых беларускіх зборных, калі дадуць свой плён цяперашнія хакейныя палацы. Беларусь усё ж — краіна Поўначы.

Толькі ня варта пяяць хвалу беларускім хакеістам, што адкрылі сьвету незалежную Беларусь. Варта пяяць хвалу Беларусі, што заваявала і адстаяла незалежнасьць і тым самым адкрыла сьвету беларускіх хакеістаў.

Барыс Тумар

Меркаваньні аўтараў-калюмністаў могуць не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0