Кавярня “Архэ”, 
альбо Хлеб напалам з ружамі альбо

Зь дзёньніка канадзкай імігранткі

Тая выпадковая размова з Адамам Глёбусам потым прыгадаецца мне неаднойчы. “Што ты будзеш рабіць у Канадзе?” — пацікавіўся ён тыдні за два да нашага ад’езду. Неяк само сабой у мяне сарвалася зь языка: “Буду мыць посуд у якой-небудзь кавярні і пісаць артыкулы ў “Нашу Ніву”. Што маё “прароцтва” збудзецца, прадказаць было няцяжка. Цяжэй было прадбачыць, што і ў працы пасудамыйкі нечакана адшукаецца цікавасьць.

Ня тое каб я ўжо вельмі старалася датрымацца дадзенага Глёбусу абяцаньня. Наадварот, напачатку сумленна шукала працу “па спэцыяльнасьці”.

Пошук працы па спэцыяльнасьці выглядаў не такой і безнадзейнай задумай, бо адных расейскамоўных газэтаў у Таронта выдаецца больш за дзясятак. Першае ж знаёмства з расейскамоўным канадзкім друкам выклікала дадатковы прыліў аптымізму: авой, колькі ж там памылак! Паціраючы рукі у прадчуваньні неабсяжнай працы, я за пару гадзінаў набрала на суседзкім кампутары сваю працоўную біяграфію (”рэзюмэ”, як тут кажуць), напісала там пра шматгадовы досьвед рэдагаваньня і карэктаваньня тэкстаў на розных мовах і разаслала лісты ва ўсе расейскамоўныя рэдакцыі. Ледзяное маўчаньне было мне адказам. Потым мне растлумачылі, што “рэдакцыя” ў эмігранцкіх газетах часьцей за ўсё складаецца з мужа ды жонкі альбо двух шваграў, газэта зазвычай робіцца ў бэйсмэнце (цокальным паверсе) ўласнага дому, і галоўнае яе прызначэньне — зьмясьціць як мага больш рэклямы (да 70—80% газэтнай плошчы). На нешматлікія вольныя месцы папросту скачваюцца тэксты зь Інтэрнэту. Дарэчы, мясцовая рэкляма — гэта часам маленькія шэдэўры: “Всемогущая ясновидящая гадалка… Помогаю при импотенции, в иммиграции”; “По воскресеньям в нашем ресторане играет оркестр. В репертуаре — ВСЁ!”.

Карацей, я вельмі хутка зразумела, што прабіцца ў шэрагі эмігранцкіх расейскамоўных журналістаў мне ня сьвеціць. Не ўстрымалася, праўда, ад дробнай помсты: прачытала некалькі асабліва грыбных газэтаў з маркерам у руках і адаслала ў рэдакцыі наскрозь чырвоныя ад правак старонкі…

Але час ішоў, грошы памалу сканчаліся, і я пачала шукаць ну хоць нейкую працу, якая б дазволіла ня кідаць заняткаў на курсах ангельскай мовы.

...Тут бачу на найбліжэйшым супэрмаркеце аб’яву: патрабуюцца памочнікі на выходныя. Тое, што трэба! Бяру ў краме “аплікант форм” — анкету для паступаючых — і лячу дадому яе запаўняць. Адукацыя? Вышэйшая, вядома. Якімі мовамі валодаеце? Пералічваю пяць ці шэсьць. Апошняе месца працы? Часопіс і газэта. Рэкамэндацыі? Ад галоўнага рэдактара. Кім хочаце працаваць у супэрмаркеце? Ды ўсё адно кім: хоць падлогу мыць, хоць чэкі на касе выбіваць…

Аб’ява пра пошук работнікаў вісела на вітрыне яшчэ добрых паўтара месяца, але дарма я чакала, што нехта мне затэлефануе. Кожны раз, калі я ішла ў гэтую краму па прадукты, вялікія літары “Патрабуюцца памочнікі!” цьвялілі і раздражнялі мяне: ну няўжо яны думаюць, што маёй кваліфікацыі не хапіла б, каб раскладаць па палічках кансэрвы?

Расказала я пра гэты абуральны, як мне здавалася, выпадак на паседжаньні Згуртаваньня беларусаў Канады. Як пачалі ўсе зь мяне сьмяяцца! Здурнела, кажуць, — якая журналістыка?! Якая вышэйшая адукацыя?! Ідзеш у гандляркі — пішы, што ўсё жыцьцё стаяла за прылаўкам, наймаешся ў прыбіральшчыцы — значыць, заўсёды мела справу толькі зь вядром ды анучай. Бо ёсьць у канадзкіх наймальнікаў такая прыхамаць: цябе ніколі ня возьмуць на працу, калі палічаць, што ты для яе “оўвэрэд’юкэйтыд”, то бок занадта вучоны.

Паспачуваўшы мне (і, відаць, клапоцячыся пра нашую плацежаздольнасьць), гаспадыня дому, у якім мы здымаем кватэру, абзваніла сваіх знаёмых — ці ня ведаюць яны часам, дзе патрэбныя работнікі. Азваўся шэф-кухар адной кавярні: акурат там шукалі пасудамыйку.

…Гэтым разам я ўжо была разумная і на пытаньне мэнэджэркі, ці мела я на радзіме досьвед аналягічнай працы, упэўнена адказала: “О, так!”. — “Дык раскажы, дзе ты працавала”, — пацікавілася яна. Каб маніць нязмушана і пераканаўча, трэба нешта маляўніча сабе ўяўляць. Я ўявіла Валерку Булгакава ў белым кухарскім каўпаку, Андрэя Дынька за барнай стойкай, з бутэлькай дарагога каньяку ў руках — і сказала: “Я працавала ў кавярні “АRCHE”… Гэта была зусім невялічкая кавярня, і месьцілася яна ў новым трохпавярховым будынку выдавецкага дому “Наша Ніва”. Наведнікамі кавярні былі галоўным чынам журналісты ўсіх пяці рэдакцыяў, а таксама шматлікія няштатныя аўтары. Тутака ж, у кавярні, дзе я рабіла ім бутэрброды і варыла каву, яны маглі пагартаць сьвежыя нумары нашых часопісаў і газэтаў, набыць навінкі кніжнай прадукцыі выдавецтва. Вечарамі да нас часьцяком завітвалі паэты і мастакі, барды сьпявалі пад гітару свае новыя песьні, а кампазытары найгравалі на кабінэтным раялі, што стаяў у кутку кавярні, апошнія геніяльныя творы…

Ня ведаю, што было галоўнай прычынай посьпеху — ці мой мастацкі аповед, ці ўсё ж пратэкцыя шэф-кухара, але запаветны доступ да пасудамыйнай машыны я атрымала. І пакрыху канадзкае жыцьцё пачало адкрывацца мне зусім зь іншага боку.

Кавярня, куды мяне закінуў выпадак, знаходзіцца на Блуры — адной з галоўных вуліцаў Таронта — і завецца “Брэд энд Роўзыс” (“Хлеб і ружы”). Гэтае дзіўнаватае, на першы погляд, спалучэньне сталася геніяльнай знаходкай жонкі першага ўладальніка: дзяцей сюды цягне як магнітам. Напэўна, яны ўяўляюць сабе вялізны-вялізны торт, абсаджаны кветкамі з крэму. Такія тарты тут робяць і насамрэч, але ўпрыгожваюць іх зазвычай сьвежымі ягадамі, і гэты ліпеньскі нацюрморт пасярод зімы глядзіцца ня менш казачна.

Хтосьці забягае сюды перакусіць на хвілінку, іншыя сядзяць за столікамі падоўгу — чытаюць газэты і кнігі, пішуць лісты, адзначаюць сямейныя ўрачыстасьці. За адным столікам фатограф здымае мадэльку для рэклямы, за другім выкладчык правярае студэнцкія работы, на трэцім маці выцягвае з пуховага камбінэзону немаўлятка, п’е сваю каву без кафэіну, а потым тут жа, пры століку, дае малому цыцку, і ніхто гэтаму ня дзівіцца, бо кожны чалавек на тое і прыходзіць у кавярню, каб пад’есьці.

Гаспадары кавярні — палякі, 90% абслугі — таксама, і таму, апроч ангельскай мовы, я міжволі практыкуюся ў польскай, чым вельмі задаволеная. Сямейны бізнэс па-канадзку — гэта калі гаспадар кавярні ня толькі наймае на працу, але й сам пячэ тарты, ягоная сястра абслугоўвае наведнікаў нароўні зь іншымі афіцыянткамі, ягоны старэнькі бацька (першы ўладальнік) прыглядае за парадкам, пры патрэбе ўмее паправіць сантэхніку і часта сам мые на кухні катлы ад супу, а маці, таксама не маладзенькая, прыходзіць увечары зьняць касу, але пры гэтым часьцяком хапаецца за мятлу, каб дапамагчы нам прыбраць. Разьлік просты: чым больш працы зробяць самі гаспадары, тым хутчэй пойдуць дадому работнікі і тым менш давядзецца ім плаціць.

Амаль усе дзяўчаты і жанчыны, што працуюць са мной у “Брэд энд Роўзыс”, недзе вучацца — у дзённай ці вячэрняй школе, у каледжы, ва ўнівэрсытэце. У маладой канадкі-адзінаццаціклясьніцы я запыталася, куды яна зьбіраецца паступаць пасьля школы. “Мая прафэсія будзе зьвязаная з ангельскай мовай”, — адказала яна. “Настаўніца?” — паспрабавала здагадацца я. — “Не зусім. Як бы гэта Вам растлумачыць… — яна паглядзела на мяне зь відочным сумневам. — Вы ведаеце, што такое журналістыка?” — “Just a little bit”, — адказала я цалкам шчыра.

Калясальная цяга да вучобы грунтуецца ў Канадзе на наймацнейшым стымуле: ты выразна бачыш у канцы доўгай дарогі вучнёўства прафэсію, якая дазволіць табе атрымліваць нашмат больш, чым 8 даляраў у гадзіну (у год гэта выходзіць трохі больш за шаснаццаць з паловай тысяч). Доктар, што працуе ў дзяржаўным шпіталі, зарабляе ад 80 да 160 тысяч даляраў у год, інжынэр — ад 60 тысяч і вышэй, юрыст — ад 75 тысяч і да бясконцасьці… Але, шаноўныя дактары й інжынэры на Радзіме, не рабіце памылкі, не прымярайце гэтых лічбаў да сябе! Калі вы прыяжджаеце ў Канаду, вам даводзіцца на працяглы час забыцца пра сваю вышэйшую адукацыю, навуковую ступень, ляўрэацкае званьне і г.д. Хутчэй за ўсё, спачатку давядзецца працаваць кіроўцам-дальнабойшчыкам, развозчыкам піцы, чорнарабочым на будоўлі, а жанчыны, найбольш верагодна, у першыя месяцы будуць прыбіраць дамы або даглядаць чужых дзяцей. Бо пры ўсіх вашых плюсах і перавагах вы ня будзеце мець найважнейшай, з пункту гледжаньня канадзкіх наймальнікаў, вартасьці — канадзкага досьведу працы. Да таго ж, большасьці спатрэбіцца не адзін год, каб навучыцца гаварыць “канадзкай ангельскай” вольна. І таму лепей загадзя сказаць сабе, што вы гатовыя пачаць з нуля, забыцца на амбіцыі, сьціснуць зубы і падрыхтавацца да шматгадовай аблогі канадзкіх прафэсійных цьвярдыняў.

Магу, да прыкладу, распавесьці, які шлях мусіць прайсьці наш інжынэр, каб атрымаць права і ў Канадзе звацца гэтым ганаровым імем. Па-першае: паперка пра “пацьверджаньне” дыплёму, якую вы атрымалі ў часе эміграцыі, ніякае ролі не адыгрывае і наагул вам не спатрэбіцца. Спачатку вы мусіце заплаціць грошы, каб пэўная арганізацыя “ацаніла” ваш дыплём на прадмет адпаведнасьці праслуханых вамі курсаў канадзкім стандартам. Ня майце ілюзіяў: праграмы шмат у чым не супадаюць. Значыць, прыйдзецца плаціць грошы за кожны курс, якога вам не стае. Колькі? Як патлумачылі майму мужу, інжынэру-мэталюргу, курс “Тэорыя зварачных працэсаў” у канадзкім Інстытуце тэхнічнага гандлю каштуе 9 тысяч даляраў за 400 гадзін. Не забудзьцеся, што ўвесь той час, які вы будзеце вучыцца, вам яшчэ трэба будзе аднекуль здабываць грошы на ежу і аплату кватэры: працаваць паралельна з вучобай вы, хутчэй за ўсё, ня здолееце. У канцы курсу — іспыты. Калі ня здаў — плаці грошы за вучобу яшчэ раз і слухай той самы курс у тым самым аб’ёме.

Але, дапусьцім, здабыў грошы, вывучыўся, пасьпяхова здаў іспыты. І адразу стаў інжынэрам? Дзе там! Далей яшчэ цікавей: мусіш гады два выконваць абавязкі інжынэра, але не на інжынэрскай пасадзе! Напрыклад, лічыцца тэхнікам, фактычна быць інжынэрам, але атрымліваць удвая-ўтрая ніжэйшы заробак. А пасьля такой “стажыроўкі” яшчэ мусіш знайсьці двух-трох інжынэраў, згодных даць табе рэкамэндацыі, безь якіх ня прымуць у Асацыяцыю прафэсійных інжынэраў Канады. Але й гэта яшчэ ня ўсё: далей трэба праслухаць (ізноў-такі не бясплатна) яшчэ некалькі спэцкурсаў, якія чытаюць толькі ў самой Асацыяцыі, напрыклад “Інжынэрную этыку”. І толькі пасьля гэтага Асацыяцыя выдае ў дрыготкія рукі шчасьліўчыка запаветную паперку — ліцэнзію інжынэра. Ні ў якай іншай краіне сьвету такой складанай працэдуры няма. Няцяжка здагадацца, навошта яна: наставіць як мага болей рагатак на дарозе “чужых”, каб не забіралі кавалак хлеба ў “сваіх”…

Цяпер уявіце, што вы — новы імігрант. Вам пад сорак, грошай на “давучваньне” да сваёй жа прафэсіі няма. Калі вы іх заробіце? Колькі гадоў яшчэ будзеце вучыцца? І колькі вам тады будзе?..

Вось чаму многія вырашаюць махнуць рукой на працяг кар’еры і пайсьці іншым шляхам — пагадзіцца зь пераменай прафэсіі, паступова “расьці” на новым месцы — ад пасудамыйкі да афіцыянткі, ад афіцыянткі да мэнэджэркі, ад мэнэджэркі да ўладальніцы аналягічнай кавярні. Жанчыны, што пачынаюць як прыбіральшчыцы дамоў, зь цягам часу, бывае, засноўваюць уласныя фірмы, прапануюць паслугі па прыбіраньні, наймаюць тры-пяць сьвежасьпечаных імігрантак — і працэс адаптацыі пачынаецца нанова… Праца чорнарабочым на будоўлі за 8—9 даляраў у гадзіну таксама можа скончыцца заснаваньнем невялічкай уласнай фірмы, якая будзе займацца будаўніцтвам ці добраўпарадкаваньнем дамоў. Але кожны з тых этапаў вымагае часу, цярплівасьці і цягавітасьці.

Я так падрабязна спыняюся на гэтых канадзкіх рэаліях, бо працягваю атрымліваць зь Беларусі электронныя лісты, зь якіх добра відаць, што людзі, якія ўжо наважыліся эміграваць у Канаду, абсалютна не ўяўляюць, што іх тут чакае. Аўтар аднаго зь лістоў, напрыклад, просіць высьветліць адрасы навукова-дасьледчых інстытутаў, каб па прыезьдзе шукаць там працы “хоць лябарантам”. Шукаць, вядома, не забаронена… Але ў мяне перад вачамі адразу паўстае нядаўна бачаная абвестка: “Патрабуецца пасудамыйка. Ня менш за год канадзкага досьведу працы”…

Другі мой карэспандэнт мае сумневы: ці не падманвае яго фірма, якая абяцае адразу па прыезьдзе ў Канаду ўладкаваць яго праграмістам. Хутчэй за ўсё, менавіта падманвае! Рынак праграмістаў у Канадзе акурат цяпер перанасычаны: увосень 2001 г. адбыліся масавыя звальненьні гэтай катэгорыі спэцыялістаў, і цяпер прафэсіяналам, якія толькі што прыехалі, можна разьлічваць хіба на неверагодную ўдачу альбо на вельмі блізкае знаёмства/сваяцтва з кіраўнікамі адпаведных фірмаў. Два знаёмыя праграмісты, якія прыехалі ў Канаду амаль адначасова з намі (каля дзевяці месяцаў таму), — абодва мелі добрую ангельскую мову і выдатныя рэкамэндацыі! — вымушаныя былі пачаць працаваць у якасьці маляра і целаахоўніка. Адзін зь іх знайшоў работу па спэцыяльнасьці толькі праз паўгоду, другі шукае дагэтуль… Таму, калі будзеце складаць валізы ў Канаду, ружовыя акуляры пакідайце дома. Канадзкі хлеб насамрэч напалам з ружамі: могуць трапіцца і кветкі, але спачатку наясіся шыпоў.

Першыя заробленыя тут даляры амаль ва ўсіх новых імігрантаў чамусьці выклікаюць моцнае пачуцьцё самапавагі. Той, хто служыў у войску, можа прыгадаць свае адчуваньні пасьля “вучэбкі” — напэўна, гэта штосьці падобнае. Першая атрыманая пасада прымушае больш уважліва прыглядацца да людзей навокал: тут любы кіроўца таксі можа выявіцца былым кандыдатам навук. Зрэшты, ведаю я і ў Беларусі нямала кандыдатаў навук, якія, каб зарабіць на хлеб, мусілі перакваліфікавацца ў таксістаў. Дык у чым, уласна, розьніца, запытаецеся вы?

Розьніца перш за ўсё ў адчуваньнях. Памятаю, што найбольш ціснула на мяне ў Беларусі — нават не безграшоўе і праклятая вечная “эканомія” на ўсім, а прадчуваньне, што ўсё тваё жыцьцё вядомае табе наперад — “да апошняй бярозкі”, як напісала мне сюды адна мая сяброўка. Тут жыцьцё вельмі зьменлівае, ніколі ня ведаеш, што адбудзецца на наступны дзень, да якіх наступстваў можа прывесьці выпадковая размова ў аўтобусе… Напэўна, гэтая зьменлівасьць і хуткаплыннасьць — галоўнае, што дапамагае навічкам пратрымацца на плаву.

Часам, калі асабліва пачынае прыгадвацца Менск, я ўяўляю сабе, што вярнуся — калі-небудзь. Спадзяюся, што Андрэй Дынько, які на пару з сынам Якубам стане на той час галавой найбуйнейшага ў незалежнай Беларусі выдавецкага дому, возьме мяне на працу. І я з задавальненьнем буду (паміж пісаньнем артыкулаў!) гатаваць эспрэса і капучына для наведнікаў славутай менскай кавярні “АRCHE”. Уяўляю, як мы будзем абмяркоўваць зь імі то апошні раман Ігара Бабкова, то першы зборнік вершаў Міраславы Булгакавай. Хто ведае?.. Мне спадабалася прадказваць.

Віялета Кавалёва, Таронта

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0