веснавыя паштоўкі Адама Глёбуса

Цёткі

 

1993. Галіна Макарава
і матацыкл

Артыстка Галіна Макарава ўсё жыцьцё грае на сцэне сялянак. Амплюа. Вынікае амплюа з жыцьця. Галіна — дачка афіцэра, які служыў у белай гвардыі і загінуў, баіцца, што яе выкрыюць. Дачку “ворага народу” могуць выслаць, могуць і забіць. Прымервае яна ў юнацтве вобраз вясковай дзяўчынкі. Ігра робіцца жыцьцём. Аднаго разу, яшчэ да пачатку другой сусьветнай, яна ледзь не выдае сябе. Вельмі хочацца пакатацца на матацыкле. Тата яе любіў тэхніку, любоў да тэхнікі, да мэханізмаў перадалася й Галіне. А тут якраз спаборніцтвы, гонкі на матацыклах. Угаворвае Галіна знаёмых хлопцаў даць ёй паўдзельнічаць у гонках. Сядае на матор і выйграе гонку. Замест радасьці на Галіну нападае страх: зараз усе даведаюцца, што яна не сялянка, а шляхцянка. Уцякае і мэдаля не атрымлівае. Такую гісторыю з матацыклам распавядае мне геніяльная актрыса. Каб склалася адметнае амплюа, трэба больш, чым талент, — лёс трэба мець.

2001. Вольга Іпатава
і анёлы

“Каб над літаратаркай Вольгай Іпатавай лёталі ластаўкі, ты б усё адно сказаў: “Кажаны!” — жартавала паэтка Ганна. Няпраўда. Калі Вольга кажа: “Маладым трэба дапамагаць!” — слухаюся і дапамагаю. Хоць бы скідаю са сцэны п’янага Мясьнікова, які замінае ладзіць вечарыну маладой паэзіі.

2001. Зоя Луцэвіч
і галубцы

Піт Паўлаў, гітарыст №1 у Беларусі, запрашае на вячэру. Пітава жонка — мастачка Зоя Луцэвіч — гатуе галубцы. Якія атрымліваюцца галубцы — смаката! П’ю я гарэлку, закусваю галубцамі, пра жывапіс гавару і не заўважаю, як адзін агорваю пляшку. “Ну і мужык, выпіў паўлітра і сядзіць гаворыць, як ня піў зусім”, — дзівіцца Зоя. Толькі справа не ўва мне і не ў гарэлцы, а ў жыцьцядайнасьці галубцоў. Калі чалавек здольны, ён ва ўсім таленавіты. Праўда, Зоіны галубцы мне падабаюцца крышачку больш за яе карціны.

2001. Вольга Караткевіч
і тэлефон

Супрацоўніца радыё “Свабода” Вольга Караткевіч мае эратычны голас. Каму ні кажу — ня вераць. Голас як голас, жорсткі, мэталёвы, крохкі… Спрабую пераконваць. Не выходзіць. З такім голасам на інтымных тэлефонных лініях можна азалаціцца! Ха-ха-ха-ха! Доказ знаходзіца. Вольгу кахае бізнэсовец. Вядома, Вольгу любяць многія. Але гэты прагаворвае зь ёю па тэлефоне 2000 амэрыканскіх даляраў за месяц! Во які ў Вольгі голас!

1974. Сьвятлана Шчамялёва
і каханьне

Выкладчыцу фізыкі Сьвятлану Шчамялёву так ці інакш кахаюць усе хлопцы ў мастацкай вучэльні. Маю на ўвазе тых, хто здатны на плятанічныя пачуцьці, пра жывёльную пажаду гаворка не ідзе. Бясспрэчна, у гэтым ёсьць заслуга яе мужа-мастака, які малюе жонку ў самых розных іпастасях, нават аголеную, і выстаўляе палотны ў Палацы мастацтваў.

1987. Жанна Лашкевіч і друк

Каго заўсёды прыемна сустрэць на вуліцы, дык гэта тэатральнага крытыка Жанну Лашкевіч. Яна такая румяная, усьмешлівая, жыцьцядайная… Міжволі радуешся. У нялепшую хвіліну жыцьця Жанна робіць мне выключную прапанову: “Літаратар заўсёды павінен мець трыбуну, каб выказацца. Калі ў цябе няма дзе надрукавацца, прыходзь да мяне, я надрукую цябе заўсёды”. Прыходжу, і яна публікуе маё эсэ пра бяздарнасьць белтэлебачаньня. Незабыўны момант.

1994. Раіса Баравікова
і каханьне

З паэткай Раісай Баравіковай я знаёмлюся выпадкова ў аўтобусе “Менск—Мсьціслаў”. Яна едзе выступаць, а я — рэстаўраваць касьцёл. Запрашаю яе паглядзець фрэскі, і яна прыходзіць. Гадзіну я кажу пра баракальны жывапіс.

У Баравіковай ёсьць нешта чароўнае, што ўзьдзейнічае на большасьць мужчынаў, як эратычны магніт. На жаль, на мяне тая сіла не ўплывае, любуюся ёй нібыта збоку. Мастак ува мне мацнейшы за мужчыну-жывёлу. Каб не застацца бяздоказным, згадаю выпадак. Пад вокнамі Дому друку стаіць грузавік, поўны кніжак. Шафёр чытае. Нам з Максімам Клімковічам карціць даведацца, што за літаратура цікавіць шафёра, у якога поўны кодаб кніжак. Ідзем і глядзім — зборнік Раісы Баравіковай “Каханьне”.

1998. Ніна Кавецкая і раяль

Дзед піяністкі Ніны Кавецкай будаваў у Кітаі электрастанцыі. На сьценах у Кавецкіх вісяць вышываныя шоўкам карціны зь відамі тых пабудоў. На заробленыя ў Азіі грошы інжынэр-будаўнік набывае чорны канцэртны раяль для сваёй любімай дачкі — Нінінай маці. Раялем ганарыцца ўся сям’я. Праслухаць канцэрт у менскай кватэры — раскоша. Няшмат у нас кватэраў з раялямі. Няма традыцыі сямейных і элітарных канцэртаў. Затое творчая інтэлігенцыя часта бяднее. Зьбяднела й сямья Кавецкіх, аж да таго, што вырашае раяль прадаць. Даецца абвестка ў газэту. Пакупнік зьяўляецца адразу. Чорнае паліто да абцасаў, стрыжка “вожык”, сотавік з пазыўнымі палянэзу, твар стомленага баксёра — новы рус. Кажа, што жонка хоча ў катэджы мець раяль. Дае палову названай сумы. Абяцае забраць інструмэнт празь месяц і зьнікае назаўжды. Праз тры гады Ніна распавядае мне гісторыю з фамільнай рэліквіяй і бядуе, што яе сын больш любіць спорт, чым музыку.

2000. Вольга Сокал і Дамавікі

Прыхільніц маіх літздольнасьцяў значна больш, чым шанавальніц майго маляваньня. Але ёсьць, ёсьць і аматаркі графікі. Найпершая зь іх — Вольга Сокал. Яна прыходзіць і кажа: “Пакажы новыя малюначкі”. Мы разглядаем аркушы. Адзін зь іх Вольга так упадабала, што перамалёўвае на ўсю сьцяну ў спачывальні. Малюнак досыць фрывольны. Называецца “Каханьне вялікіх”. На ім Дамавік творыць акт з жанчынаю. Там, дзе мусяць быць полавыя органы каханкаў, Вольга прымацоўвае лямпачкі. Нечаканае рашэньне як для мяне, так і для астатніх, асабліва для Вольжынага мужа — журналіста Пятра. Можа, каб Вольга ведала беларускую мову і чытала маю прозу, яна менш захаплялася б графікаю і не перамалёўвала б на сьцяну “Каханьне вялікіх”, але наша мова ёй не даецца. “Валодзя, што такое “кавалáчак”?” — “Няма ў нас такога слова — “кавалáчак”. — “Як няма? Над гастраномам вялікімі літарамі напісана”. — “Гэта “кавáлачак” — кусочак”. Так на кожным кроку… Не жывецца Вользе ў Менску, і яна зьяжджае, вяртаецца ў Маскву, дзе нават МсDonald’s пішуць “Макдоналдз”. Дамавік застаецца на сьцяне ненадоўга, бо перад ад’ездам Вольга прадае кватэру іншаму графіку па мянушцы Гатавальня. Гатавальня, бо безь лінейкі ня можа намаляваць ніводнай працы. Гэты Гатавальня, сапраўднае прозьвішча Басалыга, вельмі мяне ня любіць. Ён узначальвае Саюз мастакоў і да калегаў мусіць ставіцца хоць бы нэўтральна, а ён просіць Заслонава і Вашкевіча даць мне ў морду, і, вядома, не за малюнкі, а за літаратуру. А тутака мой малюнак на ўсю спачывальню. “Глёбусаў малюнак? — пытае мастак-старшыня. “Так”, — запэўнівае Вольга, хоць ведае, што на сьцяне копія. Падманваць падчас гандлю — абавязковая неабходнасьць. Дарую Вользе падман. Як дарую Гатавальні слова: “Зафарбую!”. Ягоная спачывальня. Хоча — няхай сякерай дзяўбе, хоча — зафарбоўвае, хоча — шпалерамі заклейвае… Толькі Дамавік — ён нязводны, калі пасяліўся, дык лепей зь ім сябраваць. Ці сябруе жонка Гатавальні з Дамавіком, не пытаўся. Нагоды не было. Вольга Сокал таварышуе з Дамавікамі і ў Маскве, я ёй шмат надарыў розных нячысьцікаў.

2001.  Галіна  Каржанеўская
і ўтульнасьць

Літаратарка Галіна Каржанеўская публікуе ўрыўкі дзёньнікавых запісаў. Чытаю і лаўлю сябе на думцы, што жаночыя занатоўкі ўтрая цікавейшыя за мужчынскія. Гадоў дваццаць я гартаю Сэй Сёнаган і Мурасакі Сікібу дзеля асалоды, а Буніна з Прышвіным, як і татавы запісы, разгортваю ў цяжкія хвіліны. Якія ўсё ж мы, мужчыны, змрочныя, цяжкія і непразрыстыя! Пішам, нібыта камяніцы будуем, нібыта фартыфікацыйныя збудаваньні ўзводзім. А жанчыны, як тая Галя Каржанеўская, і ў казарме спрабуюць абмаляваць утульны куточак.

2001. Вэраніка Казлова і чадра

З Ташкенту праваабаронца Вэраніка Казлова піша: “Набыла чадру, прымерыла. Ніколі не адчувала сябе такой абароненай ад сьвету, ад усяго варожага й кепскага”. Вэраніка лічыць найвялікшым глупствам змаганьне супраць чадры як сымбалю прыніжэньня жанчыны Ўсходу. Уяўляю Вэраніку ў чадры — вельмі сэксуальна. Можа, прапагандаваць чадру? Ну вось яшчэ… Нашыя Вэранікі і без чадры эратычныя.

2001. Алена Васілевіч і пісаньне

Тактоўная літаратарка Алена Васілевіч піша: “Я — сама па сабе”. Як бы я хацеў быць сам па сабе. Жыў бы без тусовак, гурткоў, таварыстваў, саюзаў, клюбаў… Пісаў бы сваё дзеля сябе, пісаў бы лісты ў мінулае да Сафо, да Буніна, да Багдановіча… Чакаў бы адказаў. І казаў бы, як Алена Васілевіч, што большасьць з напісанага ляжыць ненадрукаваным.

2002. Таіса Бондар і званы

Рэдактарка Таіса Бондар жыве пад лёзунгам “Трэба біць у званы!!!” Зьмяняецца краіна, дыскурс і гады, а тэмпэрамэнт Бондар застаецца нязрушным — гудуць публіцыстычныя званы. Можна пазайздросьціць энэргіі, актыўнасьці, неўтаймаванасьці, якой валодае Таіса.

2002. Зоя Ліцьвінава
і прабачэньне

У СССР мужыкі больш патрэбныя, чым бабы. Жанчыне, каб прабіцца ў людзі, трэба станавіцца “Бабай зь яйцамі”. Даруйце. Праўда такая савецкая. Зою Ліцьвінаву так за вочы і клікалі — “мужык у спадніцы”. Цяпер мужчын у спадніцах называюць драг-куіны, і яны маюць сваіх прыхільнікаў у мастацтве. Але я не пра тое… Цікава, ці папросіць хто з саўдэпаўскіх мужычкоў у Зоі прабачэньня? Калі не, я прашу за ўсіх. Даруйце, Зоя. Вы — жывапісная жанчына.

2002. Алаіза Пашкевіч і кветкі

Ой кабеты, ой вясковы,

Ой вы – кветкі прызавяты!

Ой, лілейкі вы бяз мовы,

Ой вы, птушкі бескрылаты!..

Так у 1908 г. піша пра сясьцёр-беларусак Алаіза Пашкевіч, наша Цётка. Гэта любімы мой верш зь яе спадчыны. Дзякуючы яму я амаль не дару жанчынам кветак, спыняе ён мяне. Чаравікі, кнігі, малюнкі, грошы, пярсьцёнкі з дыямэнтамі дару, а кветкі — не, бо прызавяты.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0