ГРАМАДЗТВА

Мінскае ўрэмя

З 1 сакавіка сталічная служба даведкі дакладнага часу 0-88 перайшла на расейскую мову і стала платнай (11 рублёў за тэлефанаваньне).

 

У службе даведкі растлумачылі, што зьмена мовы зьвязаная з усталяваньнем “новага праграмнага забесьпячэньня, якое набылі на Захадзе”. Між іншага, намесьніца начальніка цэху cлужбы даведкі Менскае гарадзкое тэлефоннае станцыі Марына Сьцяпанава заявіла: “Новыя праграмы беларускае мовы ня ведаюць, таму гадзіньнік зрабілі на расейскай мове. Па магчымасьці — ня зараз, а празь нейкі час — мы будзем вырашаць гэтае пытаньне. А пакуль гадзіньнік будзе адказваць па-расейску. Каб у нас была разьвітая тэлефанічная сетка, калі б мы былі высокаразьвітой дзяржавай — у нас ува ўсіх быў бы танальны набор на тэлефонах, і мы маглі б слухаць даведку часу па-расейску, па-беларуску, на любой мове”.

Кіраўнік справамі ТБМ Сяргей Кручкоў кажа, што словы пра новыя праграмы, якія ня ведаюць мовы, — поўная лухта: “Гэты тэкст начытваецца чалавекам на флэш-карту — кампутарны носьбіт, на які можна запісваць любы гук. Цяпер адказвае расейскамоўны голас, але гэтак жа можна зрабіць голас і беларускім, і наагул на любой мове. Так што ўсе гэтыя “казкі” пра тое, што новае супэрсучаснае абсталяваньне ніяк не дастасаванае да беларускае мовы — гэта вартыя сьмеху адказы. Гэта як і таблё. Цяпер усе новыя аўтобусы маюць таблё з раскладам маршруту на расейскай мове. Але калі мы пачынаем высьвятляць, ці “разумеюць” гэтыя таблё беларускую мову, — выходзіць, што “разумеюць”. Яны любую мову разумеюць. Якую задасі — такую й будуць разумець”.

Аднак у супрацоўнікаў тэлефоннае станцыі ёсьць яшчэ адно апраўданьне: “У нас вельмі малы калектыў. Мы проста фізычна пакуль ня здольныя вырашыць гэтае пытаньне. Як толькі крыху вызвалімся, мы будзем гаварыць на гэтую тэму. Людзі звыкліся, што гадзіньнік гаварыў па-беларуску, а цяпер ён гаворыць па-расейску. Калі мы вырашым больш злабадзённыя пытаньні, мы да гэтай праблемы абавязкова вернемся”.

Прадстаўнікі ТБМ заклікаюць усёй грамадою дамагацца вяртаньня беларускае мовы ў службу 0-88 ды іншыя даведкавыя сыстэмы. Кручкоў кажа: “Калі мы дазваніліся да выканаўцы загаду пераводу 0-88 на расейскую мову — Марыі Мацкевіч — па тэлефоне 252-42-80, яна стала даводзіць, што “мы же все привыкли говорить на нормальном языке”. Яна не зьбіраецца нічога рабіць, каб беларуская мова вярталася. Яна сказала: “Будзеце слухаць па-расейску. І дзе той закон, які забараняе мне весьці тэхнічную дакумэнтацыю на расейскай мове?!”

Сытуацыю, на думку сп.Кручкова, можа зьмяніць толькі шквал званкоў згаданай спн.Мацкевіч ды ў Менскую гарадзкую тэлефонную станцыю з патрабаваньнем вярнуць беларускую мову ва ўсе бяз вынятку даведкавыя службы.

Віктар Мухін, радыё “Рацыя”

 

Русіфікацыя эканомікі

20 сакавіка, падчас пасяджэньня вышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы, Генадзь Навіцкі й расейскі прэм’ер Міхаіл Касьянаў зьбіраюцца падпісаць шэраг дакумэнтаў эканамічнага характару. Аднак невядома, ці атрымаецца з гэтага што: тыя пагадненьні адлюстроўваюць збольшага толькі расейскія інтарэсы.

 

Так, падпісаўшы пагадненьне аб спагнаньні падаткаў на дабаўленую вартасьць па краіне вытворчасьці тавару, Беларусь, па словах Леаніда Козіка, можа страціць да 180 млн. даляраў. Яшчэ на подпіс прапанаваныя пагадненьні аб прывядзеньні падатковых умоў у Беларусі да расейскіх стандартаў, аб урэгуляваньні мытных пошлін і тарыфаў на чыгуначныя перавозкі.

Вартымі ўвагі падаюцца й праекты дэкрэту Лукашэнкі ды ўказу Пуціна, згодна зь якімі мусяць быць ліквідаваныя льготы для прадпрыемстваў, г.зн. усталяваныя роўныя ўмовы гаспадараньня. Сытуацыя з “Балтыкай” добра паказала, што думае Менск наконт гэтага. Кожны з прэм’ераў пакуль разумее сутнасьць дакумэнтаў па-свойму. Касьянаў — літаральна, Навіцкі — што гэта ніякім чынам не азначае ўвядзеньня аднолькавых падаткаў і адмовы ад падтрымкі беларускага вытворцы.

За свае саступкі беларускі бок патрабуе кампэнсацыі фінансавых стратаў, якія панясе нашая краіна пасьля ўступленьня ў сілу беларуска-расейскіх пагадненьняў. Пакуль што ў якасьці такой кампэнсацыі разглядаецца толькі магчымасьць усталяваньня аднолькавых з расейскімі (як у Смаленску) цэнаў на энэргарэсурсы — з 20-працэнтнай надбаўкай ПДВ, згодна з новымі дамовамі.

Валянцін Паўлоўскі

 

Супрацоўніцтва з NATO пашыраецца

Рада NATO, найвышэйшы палітычны орган альянсу, зацьвердзіла Індывідуальную праграму партнэрства Беларусі і NATO на 2002—03 г. у рамках праграмы “Партнэрства дзеля міру”.

У новай Індывідуальнай праграме супрацоўніцтва Менск пагадзіўся супрацоўнічаць з альянсам па 19 кірунках супрацоўніцтва. Гэта на 5 дадатковых кірункаў супрацоўніцтва больш, чым у папярэдняй аналягічнай праграме (2000—2001). Дадаліся “Плянаваньне, арганізацыя і кіраваньне нацыянальнымі праграмамі ў галіне абарончых дасьледаваньняў і тэхналёгіяў”, “Ваенная геаграфія”, “Гуманітарнае разьмінаваньне”, “Меры палітычнага й ваеннага характару супраць распаўсюджваньня ядзернай, бактэрыялягічнай і хімічнай зброі” і “Стралковая зброя і лёгкія ўзбраеньні”. Упершыню ў праграме на 2002—2003 г. прадугледжаны мерапрыемствы на тэрыторыі нашай краіны — па лініі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і Акадэміі навук.

Першачарговае значэньне ў праграме нададзена адпрацоўцы ўзаемадзеяньня падчас надзвычайных сытуацыяў, кіраваньню крызыснымі сытуацыямі, моўнай падрыхтоўцы, стралковай зброі і лёгкім узбраеньням, дэмакратычнаму кантролю над Узброенымі сіламі. За мінулы год у рамках “Партнэрства дзеля міру” беларусы ўзялі ўдзел у 59 разнастайных мерапрыемствах альянсу.

Язапат Змысла

Міністар Падгайны: “Я стаміўся казаць”

Міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны кажа, што мэдыягрупы ў Беларусі ствараюцца, каб зьнізіць стратнасьць датаваных дзяржавай выданьняў.

 

Падгайны паскардзіўся, што ўжо стаміўся казаць рэдактарам стратных выданьняў пра неабходнасьць правядзеньня новай маркетынгавай палітыкі.

Стварэньне мэдыяхолдынгаў пачалося са зьяўленьня “КіМ”у (з “Культуры” і “Мастацтва”) ды “ЛіМ”у (“Літаратура і мастацтва”, “Нёман”, “Полымя”, “Крыніца”, “Маладосьць” і “Всемирная литература”). Першым крокам рэфармаваньня гэтых газэтаў і часопісаў стане скарачэньне штату на 20%.

Наконт чутак пра хуткае зьліцьцё “Звязды” з “Чырвонай зменай”, а “Советской Белоруссии” са “Знаменем юности” Падгайны кажа: “Адпаведнага загаду я яшчэ не падпісваў. Усё трэба як сьлед абмеркаваць з рэдактарамі гэтых выданьняў. Наагул, вырашэньне гэтага пытаньня — справа няхуткая”.

Ігнат Чакацкі

 

Працэс-фарс

Па словах хлопцаў, старшы сэржант міліцыі Кіргізаў, які іх затрымаў, папросту хацеў выслужыцца і атрымаць прэмію. Падчас затрыманьня ён ня быў “пры выкананьні” — ехаў кудысьці з жонкай на сваёй машыне ды згледзіў “праступнікаў”. Дый адбыўся арышт не на месцы “злачынства”.

На першае судовае паседжаньне 13 лютага Кіргізаў не зьявіўся. На наступнае, 26-га, прыйшоў, адно забыўся дамовіцца з жонкай, што яны будуць казаць, і ейныя сьведчаньні рэзка разышліся з мужавымі. Так, Кіргізаў “пазнаў” сярод падсудных таго, хто быў у масцы, а жонка сказала, што хлапец яе не здымаў — як жа мог міліцыянт бачыць ягоны твар? А пасьля высьветлілася, што той хлопец увогуле толькі фатаграфаваў удзельнікаў пэрформансу. Іншыя сьведкі, бабулі 1917 і 1920 г. нараджэньня, заявілі ў судзе, што падпісалі пратакол допыту не чытаючы, напавер, і наагул нічога не памятаюць.

Сьледчая Баранава ўвесь час пыталася ў падсудных, ці ведаюць яны Алеся Мяцеліцу, каардынатара руху “Зубр” па Магілёўшчыне. Хацелася, відаць, яго зрабіць арганізатарам.

На наступным паседжаньні, 28 лютага, адвакат падаў хадатайніцтва: “Прашу матэрыялы: тое, што Высокі суд называе маскай, фатаздымкі, словы, што гучалі ад хлопцаў — паслаць ў Менск ва Ўнівэрсытэт культуры на экспертызу. З пытаньнямі (прыводжу толькі некалькі зь іх) Ці зьяўляецца прадмет названы маскаю, сапраўды маскай? Ці можна аднесьці сказаныя хлопцамі словы да абразьлівых? Ці зьяўляецца маска абразлівай? І яшчэ шэраг пытаньняў, датычных справы”. Намесьніца пракурора Алданава нэрвова жавала жуйку. Суд раіўся паўтары гадзіны, а пасьля адмовіў. Канчатковае вырашэньне справы перанесьлі на 14 сакавіка.

Тым часам Аляксандра Паўловіча выключылі з Магілёўскага палітэхнікуму.

Дзяніс Новікаў, Шклоў

скандал

Раскол у СБП

Старшыня Саюзу пісьменнікаў В.Іпатава звольніла з працы сваіх намесьнікаў В.Мачульскага і В.Праўдзіна, а Н.Гальпяровіч сам падаў заяву аб сыходзе. У аўторак чакаецца пасяджэньне Рады, на якім будзе вырашаны лёс намесьнікаў В.Іпатавай і яе самой. Яе апанэнты патрабуюць скліканьня нечарговага зьезду, каб памяняць старшыню. Прычыны спрэчак — пераважна фінансавыя. Калі дысыдэнты вінавацяць Іпатаву, што яна нібыта хацела прадаць дом адпачынку “Іслач” за 15 тыс. даляраў, дык прыхільнікі Іпатавай бачаць у фрондзе замову “зьверху” — помсту за крытыку на адрас уладаў.

Б.Т.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0