Аб усім патроху

 

Пераплюнула “Інтэрнацыянал”

На сустрэчы фэрмэраў Меншчыны, якая прайшла нядаўна ў аблвыканкаме, ягоны старшыня Мікалай Дамашкевіч уручыў ганаровую грамату Ліне Шубе зь вёскі Сорагі (Случчына). Ейная гаспадарка “Спадчына” прадае дзяржаве штогод звыш 40 тонаў малака і 8—10 тонаў мяса. Сярэдні надой на карову тут — 4100 кілаграмаў — удвая большы, чым у мясцовым калгасе “ІІІ Інтэрнацыянал”. Утрая вышэйшыя ў спадарыні Ліны і ўраджаі: збожжавых яна атрымлівае па 30—35 цэнтнэраў з гектару, бульбы — 350—400.

Міхась Тычына, Слуцак

Упалявалі паляўнічых

Супрацоўнікі Ашмянскага РУУС затрымалі двух ашмянцаў, якія наладзілі незаконнае паляваньне паблізу вёскі Гардзіеўцы. Канфіскаваны дзьве ўпаляваныя куніцы, бабёр, заяц і цецярук. Браканьеры заплацяць штраф.

Згон за 5 хвілінаў

Пяць хвілінаў спатрэбілася 25-гадоваму жыхару Полацку, каб скрасьці пакінутую ля рэстарацыі “Рэзананс” у Смургонях “Аўдзі-80”. Адразу ж на тэрыторыі раёну пачалася апэрацыя “Перахоп”. Праз паўгадзіны ў Вялейцы супрацоўнікі ДАІ ўбачылі ўгнаны аўтамабіль і пачалі назіраньне за ім. Яшчэ праз гадзіну аўтамабіль спынілі, а згоншчыка затрымалі.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Жывуць з ваўкамі

Яшчэ ўлетку смургонскія паляўнічыя знайшлі воўчае логава, дзе было пяцёра ваўчанят. Траіх забілі, а дваіх узяў “на выхаваньне”лясьнік Уладзімер Лях. І вось ужо 8 месяцаў Воўк і Чыпа жывуць у вёсцы Арэхаўка. Ваўчанятамі ўжо цікавіўся Маскоўскі цырк, што прыяжджаў сюды на гастролі. Але лясьнік кажа, што з дапамогай ягоных выхаванцаў можна было б аднавіць папуляцыю ваўкоў у Англіі, дзе апошні зьвер быў забіты 170 год таму.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Сувораў на адну ноч

У нядаўна адчыненым гатэлі “Сувораў” у Кобрыні прапануюцца нумары-“люкс” у сьвяточным убраньні для маладых, што рэгіструюць шлюбы. Ахвочых скарыстацца з паслугі ня дужа багата.

Белую вежу падновяць

Сёлета на рэстаўрацыю Камянецкае вежы будзе дадаткова накіравана зь дзяржаўнага бюджэту каля 90 млн. рублёў. Рэстаўрацыя цягнецца ўжо некалькі год. Вежа пакуль зачыненая для наведнікаў.

Скралі бутсы

Пасьля апошняе гульні берасьцейскае футбольнае каманды “Дынама” са “Зьвяздой-ВА-БДУ” (Менск) у гульца-берасьцейца Зьмітра Страчкі скралі бутсы. Магчыма, да спартовага абутку футбаліста “дабег” нехта з фанаў.

Законьнікі б’юцца

У Кобрыні ў працоўны час пабіліся работнікі міжрайпракуратуры. Інцыдэнт адбыўся з-за таго, што памочнік пракурора адмовіўся пакінуць кабінэт, калі там ішоў прагляд відэазапісу сьледчага экспэрыменту крымінальнае справы, да якой ён ня меў дачыненьня. Памочнік пракурора, які ўдарыў старшага сьледчага кулаком па твары, звольнены з органаў.

Алені на экспарт

Кобрынскі лясгас прадаў сёлета 10 аленяў у Калугу (Расея). У сярэднім кожны зь іх каштуе 200—250 даляраў. Гадуюць аленяў на адмысловай фэрме ў Брашэвіцкім лясьніцтве, што на Дарагічыншчыне.

Выйграў кватэру

Аднапакаёўку ў абласным цэнтры плошчай 54 кв.м. і коштам 16 млн. рублёў выйграў у рэгіянальную лятарэю “Берасьце” бацька пяцярых дарослых дзяцей Рыгор Налівончык. Жыве ён у вёсцы Ботава, што пад Пінскам. Разам з жонкай-даяркай працуе на фэрме.

Інтэрнэт зачынены

Адзіны ў Берасьці інтэрнэт-клюб, што месьціўся па вул.Наганава, 10, часова зачыніўся. Ягоная гаспадыня Натальля Шаўчук кажа, што шукае памяшканьне ў цэнтры гораду, дзе наведнікаў будзе болей.

І.Хведаровіч, Берасьце

Сьмерць на мітынгу

1 сакавіка падчас мітынгу, прысьвечанага Дню гарадзенскай міліцыі, памёр пэнсіянэр Міхась Платонаў, старшыня Рады вэтэранаў МУС. Ён выйшаў, каб павіншаваць маладых міліцыянтаў, што прынялі прысягу, сказаў колькі словаў, страціў прытомнасьць і паваліўся каля помніка воінам-вызваліцелям. Начальства працягвала прамаўляць, каб не спыняць урачыстасьці. Хуткая, што прыехала праз 12 хвілінаў, канстатавала сьмерць.

Андрэй Мялешка, Горадня

Хто ня курыць і ня п’е

Па прапанове старшыні праўленьня калгасу “Радзіма” Аляксандра Лапацентава сход калгасьнікаў гэтай гаспадаркі прыняў адмысловую пастанову. Кожны працаўнік “Радзімы”, які ня паліць, будзе атрымліваць 10%-ю надбаўку да заробку. А той, хто ўвогуле трымаецца здаровага ладу жыцця, можа прэтэндаваць і на 15%.

Надбаўкі абыдуцца гаспадарцы прыкладна ў 40 бычкоў штогод. “Радзіма”, якая сярод бялыніцкіх калгасаў вылучаецца адноснай стабільнасьцю, пакуль можа сабе дазволіць такое заахвочаньне.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Сямейнае захапленьне

У Баранавічах на ўліку цяперака знаходзяцца 174 наркаманы. Зь іх 139 — мужчыны. Век вагаецца ад 13 да 68 гадоў. Самае жахлівае, што 9 сямейных параў разам спажываюць наркотыкі.

Руслан Равяка, Баранавічы

Ляўрэаты “Pszeglądu Wschodniego”

9 сакавіка ў Варшаве ўручалі ўзнагароды, заснаваныя часопісам “Przegląd Wschodni”. Паводле традыцыі, урачыстасьць адбываецца ў першую суботу пасьля дня сьв.Казімера (4 сакавіка) у Залатой залі Казімераўскага палацу Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Сярод ляўрэатаў прэміі ажно трое беларусаў. Анатоль Кулагін атрымаў дыплём за кнігі “Каталіцкія храмы ў Беларусі” і “Праваслаўныя храмы ў Беларусі”. Гісторык, урбаніст і рэдактар “Спадчыны” Захар Шыбека ўганараваны за “Нарыс гісторыі Беларусі (1795-2000)”, а Генадзь Сагановіч — за “Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да 1795 г.”, якія выйшлі па-польску раней, чым па-беларуску.

Ул.інф.

 

Чысьціня крыві

Я паслужыў бы трохі пад бел-чырвона-белым сьцягам, калі б пасьля школы пайшоў церабіць не студэнцкія, а жаўнерскія сьцежкі. Дзякуючы адтэрміноўцы давялося служыць зусім пад іншым штандарам ды насіць на галаўным уборы цэшку з гербам. Спадзеваў сутыкнуцца ў войску зь беларушчынай было вобмаль, таму кожная драбнюткая сустрэча была падставаю для ўцехі.

Баранавічы. 8-ы канвойны батальён. Нас, маладняк, выгналі прыбіраць сьнег. Я апынуўся ля гаражоў. Палова варотаў была прачыненая, і на ёй з унутранага боку вісеў чырвоны вараскі шчыт з выяваю “мужа збройнага мечам на белым кані”. У Ваўкавыску ж, дзе я працягваў службу, эталённая выява “Пагоні” вісела на бакавой сьценцы шафы ў капцёрцы старшыні. Дзеля чаго тыя пераховы? Маглі ж без цырымоніяў “утылізаваць”. Трымаюць, аднак.

Пра апазыцыю нам нагадвалі яшчэ ў баранавіцкай “вучэбцы”. Неяк сярод ночы далі каманду “Пад’ём!” Гэта была не трывога, проста п’яны таварыш маёр надумаўся пагутарыць з “маладымі”. Сьпіч быў бязладны. Куламеса словаў круцілася вакол аднаго спалучэньня — “Маршу Свабоды”. Першы Марш нарабіў ва ўнутраных войсках шоргату. Адчувалася жаданьне камандзіраў узяць рэванш. На пляцы “дзяды” й “чарапы” адпрацоўвалі практыкаваньні па разгоне “скоплений людей”: адны ў шаломах, са шчытамі ды гумавымі “рэгулятарамі”, другія — у штодзённай форме са сьнежкамі замест камянёў.

Сутыкаючыся ў войску з лукашэнкаўскай сымболікай, я адцеміў дзіўную неаднастайнасьць абрысаў Беларусі на розных выявах гербу — тут табе й контуры Аўстраліі, Антарктыды, Грэнляндыі ў цярновым вянку з чырвона-зялёнай стужкай. Зрэдку на вока траплялі экзэмпляры з мапай Беларусі ў межах то 1925, то 1939 г., а то і ў адпаведнасьці з картаю Яўхіма Карскага. У кожнай роце быў стэнд “Беларусь — мая Айчына”, аформлены па-свойму. У баранавіцкай вучэбцы вісела мапа нашай краіны (несамаробная!), на якой вёскі былі падпісаныя, а гарады — не. Нібыта чакалі вяртаньня спрадвечных імёнаў. У ваўкавыскай вайсковай часьці на гэткім стэндзе быў шыкоўны каляж: менская Катэдра на фоне абрысаў Беларусі ды шчыты-гербы беларускіх гарадоў. Побач туліўся саплівы вершык:

Я ловлю эти песни и думы, и снова

Будто пью из крыниц и в озёра гляжусь.

Ты навеки вошла в моё сердце и слово,

Беларуссия, песня, сестра Беларусь!

Дзень унутраных войскаў — 18 сакавіка. У гэты дзень у 1918 г. утварыўся атрад, які стаўся асноваю Беларускага палка — канвойнага падразьдзелу ў БССР. Тая дата зьвязваецца і зь Менскам, у якім на той час стаялі немцы й рабілі спробы дзяржаўнага будаўніцтва БНР. Але пра немцаў і БНР палітрукі нам сказаць забыліся. Можа, самі нядобра ведалі беларускую гісторыю. “Таварышы афіцэры і прапаршчыкі, зірніце на Беларусь інакш!” Добры быў бы заклік, каб не перавага алькаголю ў крыві многіх зь іх. То ж ёсьць падстава змагацца за чысьціню крыві. А там — залунае наш штандар, дайце веры.

Сяргей Балахонаў, Гомель

 

in memoriam

Памёр зарана

Памёр Васіль Даўгалёў, журналіст, рэдактар газэты “Беларускі Ўсход”, якая была найвялікшай справаю ягонага жыцьця. Больш за 10 гадоў сп.Васіль выдаваў сваю газэту у вёсцы Маркаўка, што пад Хоцімскам, баронячы найсьвяцейшыя незалежніцкія ідэалы. Сьмерць засьпела яго раптоўна, і хаўтуры былі да звычайнага прыкрымі. Так хавалі тысячы беларускіх патрыётаў: побач з труною былі толькі родныя.

С.Г., Магілёў

 

Стомленасьць Алiмпiядай

Як каго, а мяне дык стамiла гэтая скандальная Алiмпiяда ў Солт-Лэйк-Сыты.

Аж да таго, што апошнiя хакейныя матчы нашай каманды даверыў глядзець дачцэ (яна асаблiва ўпадабала Дудзiка i раз-пораз крычала на ўсю кватэру: “Дудзiк! Дудзiк!”), а сам падыходзiў толькi на вострыя моманты ды закiнутыя шайбы. Рэглямэнт хакейнага турнiру прадугледжваў, што каманды правядуць сама болей па сем сустрэчаў. Хто ж ведаў, што пасьля чвэрцьфiналу застанецца гуляць каманда, якая прыняла старт з квалiфiкацыi. Цяпер, магчыма, будзе зьменены фармат хакейных спаборнiцтваў.

Праграма зiмовых Алiмпiядаў выглядае перагружанай. Гэта адчуваюць ня толькi гледачы й спартовыя журналiсты. З-за вялiкай колькасьцi скандалаў i апэляцыяў кiраўнiк Мiжнароднага антыдопiнгавага агенцтва Рычард Паўнд, былы вiцэ-прэзыдэнт МAK, атрымаў заданьне распрацаваць рэформы, якiя, магчыма, прывядуць да таго, што вiды спорту, дзе выстаўляюцца суб’ектыўныя ацэнкi (фiгурнае катаньне, сынхроннае плаваньне, скачкi з трамплiну i г.д.), будуць выключаныя з праграмы Алiмпiядаў. У гэтую групу можа трапіць і фрыстайл, хоць гэтым разам нейкiх прэтэнзiяў да працы судзьдзяў менавiта ў фрыстайле не было.

...А тым часам адбылася вельмi значная для нас падзея у лёгкай атлетыцы.

На чэмпiянаце Эўропы ў памяшканьнi (Вена, 1—3 сакавiка) нашыя Кацярына Станкевiч, Iрына Хлюстава, Ганна Козак ды Сьвятлана Ўсовiч здабылi “золата” ў эстафэце 4х400 мэтраў. Нiколi раней мы ня мелi афiцыйных перамог у эстафэтным бегу! Магчыма, крышачку ставiць пад сумнеў вартасьць гэтай перамогi тое, што ў рэглямэнце гэтых спаборнiцтваў была выстаўленая адна досыць экзатычная умова: у заяўцы эстафэтных камандаў абавязкова павiнны былi прысутнiчаць дзьве найлепшыя бягухi краiны па вынiках мiнулага году. Праз гэта ня выступiла каманда Расеi, якая магла б быць фаварытам. Але ж — чытайце рэглямэнт, ён аднолькавы для ўсiх i даступны загадзя! А каб нiхто не сумняваўся, нашыя слаўныя дзяўчаты ўстанавілi рэкорд чэмпiянатаў Эўропы — 3,32.24 хвіліны. Яны пераўзышлi рэкорд расейскай каманды, якi тая ўстанавіла два гады таму ў Генце. Яшчэ мы маем дзьве бронзы — Алесi Туравай у бегу на 1500 мэтраў ды Аляксандра Главацкага ў трайным скачку. Такiм чынам, па мэдалях мы занялi 10-е месца. Цiкава, што ў Вену выправiліся 12 чалавек, i роўна палавiна з гэтага складу атрымалi мэдалi.

A.U.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0