Там гадавалася Беларушчына

Нарадзіўся я ў далёкім ужо 1920 годзе ў вёсцы Масьцішча былога Дзісенскага павету. Бацькі мае былі беларусамі праваслаўнага веравызнаньня; наагул, у нашых мясьцінах насельніцтва было спрэс беларускім, адно ў Дзісьне жылі жыды, а ўздоўж “мяжы з Саветамі” пракідваліся маёнткі польскіх асаднікаў.

Школы, аднак, паўсюль былі польскія. У нашай чатырохкляснай “szkole powszechnej”, дзе я вучыўся, усе прадметы, апроч закону Божага, выкладаліся па-польску. Самі настаўнікі ў сваёй бальшыні ў душы хіліліся да беларушчыны, але ўголас пра тое ніхто не казаў: баяліся згубіць працу. “Шкрабы” тады зараблялі прыкладна 150 злотых у месяц, пры гэтым гарнітур з найлепшага сукна каштаваў ня болей за 70 злотых, а харчы былі зусім танныя. Настаўнікаў у той час паважалі: сяляне пры сустрэчы з “панам наўчыцелем” зьлёгку кланяліся і прыўзьнімалі шапкі. Гэта ўжо потым, пры Саветах, аўтарытэт і заробкі настаўнікаў зьвялі на нішто.

Пасьля сканчэньня пачатковай школы лёсіла мне патрапіць у нашую пракаветную Вільню і паступіць у Віленскую беларускую гімназію. У Вільні жыў родны матчын брат, дзядзька Кузьма, — адукаваны чалавек і шчыры беларус. Усю германскую вайну дзядзька быў на фронце, да-служыўся да штабс-капітана, а калі ў Расеі пачаліся рэвалюцыйныя закалоты, перабраўся ў Вільню, дзе стаў працаваць у розных беларускіх арганізацыях. Прыяжджаючы ў адведкі, дзядзька заўсёды прывозіў стос беларускіх кніг і газэтаў, якія я з ахвотаю чытаў. Аднойчы, прыехаўшы чарговым разам, дзядзька запытаўся, ці чытаю я нашых беларускіх паэтаў? Я з натхненьнем прачытаў верш Якуба Коласа, і дзядзька Кузьма, уздыхнуўшы, прамовіў: “Трэба табе, Пятрок, у Вільню падавацца, у беларускую гімназію”.

Бацька мой такую прапанову ня надта ўхваліў. Але потым махнуў рукой: трэба было вучыцца. І вось верасьнёўскім днём 1931 г. мы з бацькам селі на калёсы й паехалі на чыгуначную станцыю. На станцыю прыехалі позьнім вечарам, бацька ўзяў квіток і, каб я яго не згубіў, узьдзеў на нітку ды павесіў мне на шыю.

У цягніку я сядзеў нерухома, з трывогай пазіраючы на цёмныя дрэвы, што плылі за вагоннай шыбай. Толькі пад раніцу зьвёў вочы і тут жа пачуў: “Panowie... Wilno!

Вылез зь цягніка і аслупянеў: навокал тлум, гармідар, паненкі ў чорных капелюшах... Дагэтуль даводзілася бываць толькі ў Дзісьне, а тут патрапіў у сапраўдны эўрапейскі горад — і, вядома ж, зьніякавеў. Дзядзька Кузьма сустрэў мяне на пэроне і перш-наперш завёў у кінэматограф, дзе я зазнаў сапраўднае ўзрушэньне. Калі на экране паказалі казакоў, якія ляцелі на конях, я нават зваліўся з крэсла: баяўся, што казакі й мяне пасякуць сваімі шаблямі.

Да дзядзькі — жыў ён на Віцебскай вуліцы — ехалі на рамізьніку. Я, вясковы падшыванец, глядзеў на віленскія гмахі, на гладкі брук і не даваў веры, што буду жыць і вучыцца ў гэтым тлумным і вялікім месьце.

А наступным ранкам было новае ўзрушэньне: дзядзька прывёў мяне ў беларускую гімназію. Адразу ж я сеў за парту. Як зараз памятаю — быў урок геаграфіі, які вёў настаўнік Пётра Шчасны. Вывучалі азіяцкія краіны. Настаўнік мне надта спадабаўся, асабліва спадабалася тое, што размаўляў ён не па-польску, а па-беларуску.

На перапынку да мяне падышлі хлопцы: два Янкі — Рагач ды Станкевіч — і два Лявоны — Кароль ды Луцкевіч. Паляпалі па плячы, сказаўшы, што ў першы дзень таксама хваляваліся. А на вялікім перапынку пазнаёміўся зь дзяўчатамі — Людай Сіглючонак ды Ленай Шырмай — дачкой славутага беларускага музыкі.

Гады, праведзеныя ў сьценах гімназіі, былі чароўнай парою. На ўсё астатняе жыцьцё запомніліся настаўнікі Мікола Анцукевіч, Вінцук Грышкевіч, Вольга Русак, Барыс Кіт, Алена Лекант-Сакалова (спадарыню Алену мы, вучні, вельмі любілі).

У першы год вучобы давялося не разгінаючыся сядзець за падручнікамі. Асабліва цяжка даваліся лаціна ды нямецкая мова. Але потым справы пайшлі лацьвей, і я стаў браць удзел у розных вучнёўскіх імпрэзах. Імпрэзаў такіх ладзілася шмат: у гімназіі дзеяў драмгурток, ладзіў рэпэтыцыі вучнёўскі хор, якім кіраваў непасрэдна Рыгор Шырма, быў у нас і духавы аркестар.

Жылі мы вельмі дружна, і за ўвесь час вучэньня я ніколі ня бачыў боек паміж вучнямі. Адпаведнай была і дысцыпліна. Перад тым як пайсьці з гімназіі, вучань мусіў адзначыцца ў адпаведным журнале, за парадкам уважліва сачылі выхавальнікі — Міхал Шчасны ды Мікола Мінкевіч.

Дзеяла ў гімназіі і камсамольская арганізацыя. Свойчас я ў яе таксама ўступіў і хадзіў на кансьпіратыўныя сходкі. Настаўнікі, праўда, увесь час засьцерагалі нас, прасілі ня браць удзелу ў вулічных дэманстрацыях, бо палякі толькі й шукалі нагоды, каб прычыніць гімназію. Добра памятаю наш гімназічны страйк, які мы, вучні, арганізавалі ўвосень 1936 году. Пэўнага дня не пайшлі на заняткі, пратэстуючы супраць таго, што некаторых нашых таварышаў, бацькі якіх ня здолелі заплаціць грошы за вучэньне, пазбавілі бясплатных абедаў. Неўзабаве ў гімназію прыехаў сам віленскі ваявода генэрал Бацянскі. Нас усіх сшыхтавалі ў гімназічнай залі, і ваявода сказаў наступнае: “Я ведаю, што вы, беларусы, паглядаеце ў бок Менску, але жывяце пакуль што ў польскай дзяржаве, а таму мусіце паважаць яе законы”. У адказ адзін з вучняў зачытаў нашую пэтыцыю. Там, у прыватнасьці, гаварылася, што на тэрыторыі Польшчы жывуць тры з паловаю мільёны беларусаў і ўсе яны акуратна плацяць падаткі. А польская дзяржава, у сваю чаргу, не знаходзіць магчымасьці пакарміць сотню маладых беларусаў, якія прагнуць ведаў, ды ня маюць грошай. Пасьля таго ўлады пайшлі на саступкі, але ж выправілі ў Лодзь дырэктара гімназіі Радаслава Астроўскага ды замянілі беларускіх выхавальнікаў палякамі, якія ня ведалі нашай мовы.

Зрэшты, ваявода Бацянскі меў рацыю, калі казаў, што мы “глядзім у бок Менску”. Я, напрыклад, ледзь ня кожнага дня бегаў у Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, які месьціўся поруч з гімназіяй. Музэй выпісваў савецкія газэты й часопісы, і ўсе тыя выданьні вучні прагна перачытвалі. Ну і, вядома ж, я шчыра верыў таму, што пісаў савецкі друк, і не даваў веры польскім газэтам, якія пісалі пра сталінскія рэпрэсіі, бядотнае калгаснае жыцьцё ды народнае бяспраўе. За тую веру шмат хто са шчырых беларусаў заплаціў вялікую цану, але гэта тэма асобнай гаворкі.

Шэсьцьдзесят чатыры гады таму скончыў я Беларускую гімназію, але й дагэтуль чую звонкія галасы маіх аднаклясьнікаў і ў снах часьцяком бачу нашу клясу пад высокімі скляпеньнямі — тую сьвятую мясьціну, дзе гадавалася і гартавалася Беларушчына.

Пятро Лаўрычонак, Наваполацак

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0