КУЛЬТУРА

 

Беларускі Хрэньнікаў

ХIII зьезд Беларускага саюзу кампазытараў — ужо трэці кампазытарскі зьезд, пачынаючы з 1991 г. Раз на тры гады нашыя кампазытары маюць гарантаваную магчымасьць паслухаць новыя творы адзін аднаго, а студэнты музыказнаўчага факультэту — атрымаць сьвежыя тэмы для курсавых і дыплёмных працаў. Падчас зьезду прагучала шмат таленавітых твораў, у тым ліку опэра Сяргея Картэса “Юбілей” і Дзясятая сымфонія Зьмітра Смольскага з сола-альтам.

 

Галоўнай падзеяй форуму сталіся выбары кампазытарскага кіраўніцтва, якія адбываліся ў савецкіх традыцыях. На 24 месцы ў праўленьні прэтэндавалі 28 кандыдатаў. Адзіным кандыдатам на пасаду старшыні быў Ігар Лучанок. Гэта ягоная шостая запар перамога ў безальтэрнатыўнай барацьбе за крэсла старшыні Саюзу кампазытараў. Лучанок узначальвае яго з 1980 г. Цікава, ці здолее ён пабіць рэкорд свайго настаўніка Ціхана Мікалаевіча Хрэньнікава, які быў старшынём Саюзу кампазытараў СССР з 1948 па 1991 г.?

На пачатку 90-х Лучанок напісаў песьню на верш Пазьняка “Авэ Марыя”, музыку да чатырохсэрыйнага дакумэнтальнага фільму “Невядомы Пазьняк”. Тады ж высьветліліся некаторыя новыя дэталі ягонай біяграфіі. Што нарадзіўся ён ня ў Мар’інай Горцы (як запісана ў афіцыйнай біяграфіі), а ў Менску, у доме №112 па Чэрвеньскiм тракце, што па маці ён нашчадак шляхецкага роду Жукоў, гербу Сьляпы воран, а ягоны бацька Міхась Лучанок быў скрыпачом у вандроўным тэатры Ўладзіслава Галубка. Што ён цудоўна валодае беларускай мовай...

Але з пачаткам лукашэнкаўскай эпохі ўсё памянялася. На паседжаньні парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі ён засьпяваў дэпутатам свой “расейска-беларускі вальс” на верш Мікалая Дабранравава:

Сохраним журавину и вербу,

И льняную небес синеву,

Не сломить нашу общую веру,

Не порушить ни Минск, ни Москву!

Перад выбарамі Лучанок падпісаў адозву ў падтрымку Лукашэнкі “Вместе мы победим”. Прычым не як прыватная асоба, а як старшыня Саюзу кампазытараў. Гэткім чынам кампазытарскі саюз апынуўся ў адным шэрагу з такімі арганізацыямі, як Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Паслы славянства”, Усебеларускае аб’яднанае казацтва, Саюз афіцэраў, грамадзкае аб’яднаньне “Русь”, Беларуска-расейскі грамадзкі камітэт “Саюз”, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці, Беларуская патрыятычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі і г.д. Аніводная іншая арганізацыя творчае інтэлігенцыі гэтага не падпісала.

Здавалася б, шараговыя сябры кампазытарскага саюзу мусілі неяк адрэагаваць на палітычныя гульні свайго старшыні. Аднак у грамадзкім сэнсе яны пасіўныя. Кампазытары ў значна большай ступені залежаць ад дзяржавы, чым мастакі, якія маюць магчымасьць прадаваць свае творы замежным калекцыянэрам. Адзіна магчымы заказчык для іх — дзяржава. Яшчэ жыве памяць пра часы, калі кампазытары атрымлівалі кватэры і пуцёўкі ў дамы творчасьці, вандравалі па сьвеце за дзяржаўныя грошы. Многія хацелі б вярнуць свае колішнія правы і прывілеі. Таму многія кампазытары імкнуцца ператварыць свой саюз у настырную арганізацыю прафсаюзнага тыпу, якая б выбівала зь дзяржавы ўсё, чаго ім не стае. Яны мараць пра сыстэму прапаганды іхнае творчасьці, пра дзяржаўнае нотнае выдавецтва і фірму гуказапісу, пра добрыя ганарары, бясплатныя кватэры, дом творчасьці ў Астрашыцкім Гарадку. І цяперашняе кіраўніцтва падтрымлівае ў іх ілюзію, што мінулае калі-небудзь вернецца.

Юлія Андрэева

 

Быў касьцёл — будзе царква

У Бялынічах (Магілёўшчына) згодна з рашэньнем райвыканкаму будзе збудаваная драўляная праваслаўная царква. Скончыць яе плянуюць да 2004 г. Будаўніцтвам апякуецца Ўладзімер Канаплёў, намесьнік старшыні палаты прадстаўнікоў і Лукашэнкаў зямляк. Каб сабраць на царкву грошы, адкрылі нават рахунак у банку, на якім ляжыць пакуль толькі 500 тыс. рублёў. Чым будаваць новы храм у райцэнтры, таньней было б адрэстаўраваць царкву ў Галоўчыне, што за некалькі кілямэтраў ад Бялынічаў. Сьцены там захаваліся, трэба толькі накрыць і расьпісаць. Але ж вырашана — у райцэнтры.

Царква будзе стаяць недалёка ад месца, дзе колісь знаходзіліся касьцёл Унебаўзяцьця найсьвяцейшай панны Марыі і кляштар кармэлітаў, закладзеныя ў 1624 г. Лявом Сапегам у гонар перамогі над Масквой. У касьцёле быў абраз Маці Божай Бялыніцкай (1634 г.), які ў 1761 г. урачыста каранаваў у Рыме папа Бэнэдыкт XІV. З таго часу касьцёл стаў эўрапейскай знакамітасьцю. У Бялынічы пацягнуліся пілігрымы. Тут стала жыў папскі нунцый. У 1876 г. з касьцёлу, аднаго з найпрыгажэйшых у Беларусі, зрабілі праваслаўную царкву. Абраз зьвезьлі ў Магілёў, дзё ён зьнік падчас другой сусьветнай вайны, як, дарэчы, і Крыж Эўфрасіньні Полацкай. У 1930-м царкву перарабілі ў склад, а ў 60-я ўвогуле зьнесьлі. А на тым месцы пабудавалі гандлёвы цэнтар.

Гадоў 10 таму ў Бялынічы прыяжджаў ксёндз з Магілёва, нібыта меліся ўзнаўляць касьцёл. Але далей за праект справа не пайшла: грошай трэба многа, а каталіцкая суполка ў Бялынічах маленькая.

Э.Л.

Аднавіўся “Беларус”

Днямі выйшаў з друку нумар нью-ёрскага “Беларуса”. Газэта была заснаваная ў 1950 г., але ў 2000 г. часова прыпыніла існаваньне. Цяпер газэта адноўленая, прычым маладымі эмігрантамі.

 

У першым нумары друкуюцца лісты Івонкі Сурвіллы й Зянона Пазьняка, артыкул Андрэя Катлярчука пра беларусаў у Швэцыі, цэлая бачына адведзеная пад лютаўскія навіны зь Беларусі. У разьдзеле “Весткі і паведамленьні” можна прачытаць пра сустрэчы з Іосіфам Сярэдзічам і Міколам Маркевічам у ЗША. Ёсьць эксклюзіўныя здымкі хлопцаў, што віталі бел-чырвона-белым сьцягам беларускую хакейную зборную на лядовых арэнах Солт-Лэйк-Сыты. Газэта мае 8 старонак і будзе выходзіць раз на месяц. Значная частка накладу будзе распаўсюджвацца і ў Беларусі.

Э.Л.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0