Дзень Волі 25 сакавіка
Гісторык Аляксандра Гесь знайшла ў нацыянальных архівах зьвесткі пра цікавы выпадак, зарэгістраваны ў 1924 г. Расейская сям’я Пустоціных, што прыехала ў Менск, узяла за дачку дзяўчынку-падкідыша, знойдзеную 24 сакавіка, даўшы ёй імя Воля. Самі яны гэтак патлумачылі ў заяве, напісанай па-расейску: “Просім даць дзяўчынцы імя Воля, бо яна была народжаная пры Дні Волі”.
Ад 1920-х гадоў 25 сакавіка сьвяткавалі ва Ўсходняй і Заходняй Беларусі. На камуністычным усходзе адкрытыя мерапрыемствы былі немагчымыя, і сьвята адзначалася падпольна, сямейна. На захадзе ж ладзілі вечарыны (“акадэміі”), канцэрты. Паваенная эміграцыя вывезла на чужыну заходнюю традыцыю сьвяткаваньня. У БССР сьвяткаваць у вялікіх памяшканьнях, у шматлікіх зборах нельга было. Тым ня менш, сьвята адзначалі паўсюль, былі б побач аднадумцы, якім дарагія ідэалы незалежнасьці краіны. Адзначалі скрозь, нават у ГУЛАГу. Васіль Супрун, які за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі трапіў у савецкі лягер, згадвае, як там адзначалі 25 сакавіка вязьні-беларусы: “Зьбіраліся разам, успаміналі сьвята, згадвалі тых, хто сядзеў у іншых лягерах. У кутку пад нарамі дзяліліся хлебам, назапашаным да гэтага дня. Наведвалі ў больніцы хворых нашых. Гэта былі для нас дні яднаньня. Мы чыталі вершы. Сьпявалі разам песьні: гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, яшчэ даўнейшы гімн на Купалавы словы “Не загаснуць зоркі ў небе”, песьню Новіка-Пеюна “Зорачкі”, рэлігійныя песьні... У нас у лягеры быў сьвятар-беларус зь Берасьцейшчыны — Прунін. Ён прыходзіў да нас, як мы запрашалі, і правіў службу за Бацькаўшчыну, за Волю”.
“Вялікая Беларусь” была не нашмат вальнейшай за сібірскія “зоны”. Мастак Аляксей Марачкін прыгадвае, што ён пачаў сьвяткаваць гэты дзень з 1975 г.: “Вандруючы сьцежкамі Язэпа Драздовіча, я выпадкова пазнаёміўся з Базылём Рабізам, былым карэспандэнтам “Нашай Нівы” пачатку стагодзьдзя. Ён працаваў аграномам, жыў на хутары, дзе ўсё гарышча было запоўненае літаратурай, выдадзенай у Заходняй Беларусі: Гарэцкі, Тарашкевіч, Ластоўскі... Ён мне сказаў: “Бяры гэтую літаратуру і давай яе людзям”. Дагэтуль памятаю, як я вёз на ровары той цяжкі мех з кніжкамі. А яшчэ ж ня ўсё за адзін раз і забраў... Сталі чытаць — усплыла гэтая дата. У тыя гады мы нейкіх такіх асаблівых імпрэзаў ня ладзілі: віншавалі адзін аднаго па тэлефоне, на “Паддашку” ў Куліка сустракаліся. Сьцяга там у нас не было — ручнік вышываны вісеў”.
Ёсьць усё ж нейкая найвышэйшая справядлівасьць у гэтай даце — 25 сакавіка. Менавіта ў такі вясновы дзень і мусіла быць абвешчаная беларуская незалежнасьць. Дык са сьвятам Волі!
Аркадзь Шанскі
Менск. Нацыянальны аргкамітэт па сьвяткаваньні Дня Волі вырашыў зрабіць сьвята сьпеўным. З 12-й гадзіны 24 сакавіка ў менскім парку імя Янкі Купалы зьбяруцца людзі, ускладуць кветкі да помніка Песьняру. У розных кутках парку будуць граць свае акустычныя праграмы беларускія рок-гурты “Уліс” ды NRM, сьпяваць барды, возьме ўдзел таксама хор “Адраджэньне”. Далучыцца можа любы сьпеўны калектыў. Кожны зможа выбраць на свой густ. Кульмінацыяй сьвяткаваньня станецца ўрачыстае выкананьне нацыянальнага гімну “Магутны Божа” а 13-й. Магчыма, яго будуць выконваць усе сьпевакі разам. Пасьля людзі маюць перайсьці ад помніка Янку Купалу да плошчы Якуба Коласа.
“Пагоня”. 24 сакавіка а 16.30 у Менску ўдзельнікі выставы суполкі “Пагоня” “Адраджэньне-2002”, прысьвечанай 84-й гадавіне БНР, запрашаюць гледачоў на сустрэчу ў Палац мастацтва.
Вільня. Беларусы зьбіраюцца на гары Гедыміна пад сьпеў нацыянальнага гімну ўзьняць над магілай Каліноўскага бел-чырвона-белы сьцяг.
Горадня. 24 сакавіка ў Горадні адбудуцца шэсьце і мітынг, прысьвечаныя 84-й гадавіне абвяшчэньня БНР. Урачыстасьці пачнуцца а 12-й у парку імя Жылібэра.
Гомель. Моладзевы цэнтар “Гарт” прапануе адзначыць Дзень Волі разам з гуртом “Стары Ольса” і клюбам “Сьцяг Алега Сьвятаславіча”. У праграме: сярэднявечныя танцы, творы беларускіх кампазытараў ХVI—ХVIIст., старажытны беларускі фальклёр, паказ дасьпехаў і строяў Х—ХІІІ ст. Вечарына адбудзецца 25 сакавіка ў памяшканьні Дому культуры па вул. Юбілейнай, 48. Пачатак а 18-й.
Баранавічы. У баранавіцкім Доме афіцэраў 23 сакавіка адбудзецца вечарына “Мая Радзіма – Беларусь!”, прысьвечаная 84-й гадавіне БНР. У праграме – гістарычны даклад, віктарына па гістарычных датах і канцэрт мастацкай самадзейнасьці. Пачатак а 14-й.
Мазыр. Дзень Волі будзе адзначаны вялікай бардаўскай вечарынай. Прыедуць Зьміцер Бартосік зь Менску, Зьміцер Вінаградаў з Гомелю, Валеры Жамойцін і Валеры Руселік з Горадні. Імпрэза адбудзецца 25 сакавіка ў памяшканьні Дому культуры “Ўсходні”. Ад мазырскага аўтавакзалу туды трэба ехаць аўтобусамі №4 і 23 да прыпынку “ДК “Усходні”. З аўта- і чыгуначнага вакзалу Калінкавічаў да Мазыра ходзіць аўтобус №101. Пачатак імпрэзы а 17-й.