Ільготам капут
У Беларусі пачнецца рэформа льготаў. Частку іх заменяць на грашовыя кампэнсацыі, а частку ўвогуле скасуюць. Ва ўрадзе сьцьвярджаюць, што гэткі крок вымушаны. Грошай на фінансаваньне ўсіх сацыяльных праграмаў, распачатых папулісцкім урадам Кебіча, няма.
Сёньня тыя ці іншыя льготы маюць амаль 5 млн. беларусаў. Пэнсіянэры, інваліды, шматдзетныя сем’і, вайскоўцы, міліцыянты, частка дзяржаўных службоўцаў і г.д. маюць зьніжкі на камунальныя паслугі, аплату тэлефону і праезд у транспарце, карыстаюцца шматлікімі дапамогамі ці субсыдыямі. Агулам дзяржаўныя выдаткі на сацыяльную сфэру амаль у паўтара разу пераўзыходзяць сярэдні эўрапейскі паказьнік і складаюць 14% ад валавога ўнутранага прадукту краіны. Гэта пры тым, што па памеры ВУП на душу насельніцтва Беларусь саступае нават найбяднейшай у Эўропе Партугаліі.
Дый выніку ад таго няма. Статыстыка сьведчыць, што ўзровень жыцьця ў Беларусі застаецца па-ранейшаму нізкі. Пры канцы мінулага году амаль кожны чацьверты беларус ня меў грошай, каб нармальна харчавацца, набываць вопратку і лекі.
У чым тут справа, тлумачыць новая міністарка працы Антаніна Морава: у краіне склалася дзіўная практыка пераразьмеркаваньня сацыяльных трансфэртаў. Дзяржава мела на мэце падтрымаць як мага большую колькасьць беларусаў і ў выніку падзяліла падтрымку на ўсіх настолькі дробнымі часткамі, што яе цяжка заўважыць. Прынцып “хоць патроху, але ўсім” прывёў да таго, што толькі 30% сацыяльных выдаткаў трапляюць да грамадзянаў з насамрэч малымі даходамі, а 70% — да іхных сямейнікаў ці сваякоў.
Ільготны цяжар паступова цягне ўніз эканоміку краіны. Вытворцы ў адзін голас кажуць, што яны ня ў стане надалей утрымліваць сацыяльную сыстэму. Прадпрыемствы вымушаныя аплачваць яе за кошт заробкаў сваіх працаўнікоў і эканоміі на абсталяваньні. Асабліва церпяць камунальнікі і транспартнікі. Першыя ня могуць выкараскацца з запазычанасьцяў за паліва ды электрычнасьць, другім трэба сьпісваць 80% старых аўтобусаў, а набыць новыя няма за што.
Цяперашні плян рэформаў сацыяльнай сфэры досыць радыкальны. Ільготы захаваюць толькі вэтэранам і інвалідам вайны, а таксама “чарнобыльцам”. Вайскоўцам, міліцыянтам і судзьдзям прывілеі заменяць на адмысловыя грашовыя кампэнсацыі. Астатнім ільготы скасуюць, замест іх прапануюць адрасную падтрымку. Гэткім чынам выдаткі дзяржавы і прадпрыемстваў будуць скіраваныя ня пэўным сацыяльным групам, як цяпер, а найперш самым бедным грамадзянам краіны.
Сэнс адраснай падтрымкі такі. Незаможная сям’я ці адзінокі чалавек мусіць атрымліваць розьніцу паміж гарантаванай дзяржавай сумай і сваім сапраўдным даходам. Прыкладам, муж-электрык і жонка-гандлярка маюць траіх дзяцей. Ён зарабляе ў калгасе 30 тыс., а яна ў краме — 100 тыс., на сям’ю разам атрымліваецца 130 тысячаў. Гарантаваная ж сума даходаў мусіць складаць 60% ад бюджэту пражыцьцёвага мінімуму. На аднаго чалавека сёньня гэта 37500, на сям’ю зь пяці чалавек — 187500 рублёў. Таму такой сям’і дзяржава мусіць даплачваць 57500 рублёў у месяц.
Экспэрымэнтаваць са скасаваньнем ільготаў і заменай іх на адрасную падтрымку будуць цягам гэтага году ў Асіповіцкім раёне. Калі спроба ўдасца, налета новая мадэль запрацуе ва ўсёй Беларусі. Праўда, рэформу ўжо крытыкуюць. Галоўны аргумэнт супраць яе — нізкі паказьнік гарантаванай сумы даплатаў. 60% ад бюджэту пражыцьцёвага мінімуму прымальныя адно для сем’яў, у якіх шмат дзяцей. Такім чынам, дзяржава фактычна будзе гарантаваць падтрымку толькі сем’ям зь дзецьмі, каб будучыя грамадзяне Беларусі мелі больш-менш роўныя ўмовы для жыцьцёвага старту. Іншыя застаюцца “па-за гульнёй”, бо і заробкі, і пэнсіі ў краіне зазвычый большыя за 37500 рублёў.
Аднак распачынаць, мяркуе спн.Морава, давядзецца з тымі ўмовамі, якія ёсьць. І пратрымаць гарантаваную суму даплатаў бязь зьменаў трэ будзе 12—15 месяцаў. За гэты час прадпрыемствы, што вызваляцца ад залішніх сацыяльных выдаткаў, здолеюць падвысіць адлічэньні ў бюджэт, і планку даплатаў будзе можна ўзьняць на вышэйшы ўзровень.
Ян Рафальскі
што ў суседзяў?
Праблему “непад’ёмных” для эканомікі льготаў, якія засталіся ў спадчыну ад колішняга СССР, зьведалі ўсе постсавецкія дзяржавы. Вырашалі яны яе па-рознаму.
У краінах Балтыі ліквідавалі большасьць ільготаў адразу пасьля аднаўленьня незалежнасьці. Аднак хутка сталася зразумелым, што нават пры досыць высокіх заробках, пэнсіях і дапамогах беспрацоўным частка насельніцтва без сацыяльных трансфэртаў дзяржавы ўсё адно ня вытрывае. Таму, прыкладам, у Літве стварылі сыстэму сацыяльнай падтрымкі сем’яў зь дзецьмі.
Расея, дзе сацыяльнымі трансфэртамі сёньня карыстаецца пад 70% насельніцтва, мае распачаць рэформу льготаў сёлета. Яна будзе паступовая. Напачатку рэформа закране вайскоўцаў, якім ці не ўдвая падвысяць заробкі, але забяруць прывілеі. Налета тое самае зробяць зь міліцыянтамі, судзьдзямі, супрацоўнікамі пракуратураў. Надалей ільготы на жыльлёва-камунальныя паслугі, транспарт і сувязь зьменяць грашовымі кампэнсацыямі амаль што для ўсіх. Супраць гэтага варыянту змагаецца “левая” апазыцыя.
У Малдове праблема льготаў сканала натуральным шляхам: савецкую сацыяльную сыстэму там пакінулі бязь зьменаў, але справы ў нацыянальнай гаспадарцы пайшлі так кепска, што хутка дзяржава выявілася проста ня ў стане фінансаваць ільготы й фактычна кінула гэта рабіць. Сёньня да жыцьця без ільготаў малдаване ўжо пэўна што і звыкліся.