З усёй краіны

 

Сам сабе мытня

У Баранавічах затрыманы бізнэсовец, які займаўся падробкаю дакумэнтаў. У яго выявілі дзясяткі розных пячатак і штэмпэляў, формы пасьведчаньняў аб рэгістрацыі транспарту, дыплёмы аб вышэйшай адукацыі, сэртыфікаты якасьці і шмат іншых дакумэнтаў. Афіцыйна фірма гэтага бізнэсоўца займалася рэклямай, але, як сьцьвярджаюць сьледчыя, нелегальна тамака ставілі пячаткі МУС, транспарту, мытні, мэдустановаў і наагул гандлявалі гатовымі дакумэнтамі.

Руслан Равяка, Баранавічы

Прусакі  ў лазьні 

Сапраўднае нашэсьце прусакоў назіраецца ў саўне на вул.Гогаля, 65 у Берасьці. Улюбёнае іхнае месца — жаночая пераапранальня. Яны ня толькі сядзяць у шафках, але й залазяць у адзеньне й касмэтычкі.

І.Хведаровіч, Берасьце

Затрымка пэнсіяў

Да таго, што заробкі ў Сьветлагорску выплачваюцца зь месячным спазьненьнем, люд нашага гораду прызвычаіўся. Нават самыя рашучыя кабеты зь ліку мэдыкаў ды настаўніц, якім да 8 сакавіка ня выдалі грошай, не абураліся. І вось 9 сакавіка сваіх пэнсіяў не атрымалі сьветлагорскія пэнсіянэры. Грошы ім выплацілі толькі 14-га, з затрымкаю на пяць дзён. Людзі забыліся ўжо, калі такое было. Усе апошнія гады пэнсіі выплачваліся спраўна. І раптам затрымка на цэлых пяць дзён.

Вадзім Болбас, Сьветлагорск

Выдавецтва ў Ашмяне

Выданьнем кніг і часопісаў па гісторыі і культуры будзе займацца “Выдавецкая ініцыятыва Пятра Явідовіча”, якая паўстала ў Ашмяне. Ужо падрыхтавана да выпуску выданьне пра Эдуарда Корзуна — краязнаўцу-настаўніка, які прысьвяціў жыцьцё Гальшанам. Гэтаму ж мястэчку будзе прысьвечаная наступная кніга “Выдавецкай ініцыятывы”.

Вітаўт Руднік, Горадня

Школа разьбяроў

У Аршанскім музэі Сямёна Шаўрова дзяцей ізноў вучаць майстэрству разьбы па дрэве. Музэй быў адчынены ў 1992 г., яшчэ пры жыцьці народнага майстра, у былым ягоным доме. Там была ня толькі экспазыцыя твораў, але й майстэрня. Два гады таму майстар памёр, і майстэрня пэўны час пуставала. А цяпер дзейнасьць гуртка аднавілася. Заняткі вядзе вучань Шаўрова Ігар Балаханаў. Пакуль у гуртку займаецца шасьцёра дзяцей, заняткі адбываюцца ў аўторкі з 14-й да 17-й. Запісацца ў гурток можна па т. 6-24-36 у Воршы.

Творы пра Віцебшчыну

На Віцебшчыне абвешчаны конкурс літаратурных зборнікаў, прысьвечаных роднаму краю. Літаратурныя творы павінны быць прысьвечаныя раёну або гораду. Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца таксама песьні ў аўдыёзапісах. Укладальнікі трох найлепшых зборнікаў атрымаюць каштоўныя падарункі ад віцебскага аддзяленьня Фонду Сапегі і граматы ад Віцебскага абласнога аб’яднаньня пазашкольнай працы, а найлепшыя матэрыялы ўвойдуць у зборнік. Творы на конкурс можна дасылаць да 1 лістапада на адрас аддзелу беларусазнаўства Віцебскага абласнога аб’яднаньня пазашкольнай працы: Віцебск, пр.Фрунзэ, 94, п.328-329.

Міхал Чарвінскі, Віцебск

Маркевіча канфіскуюць

Кастрычніцкі суд Горадні прызначыў на 11-ю раніцы 21 сакавіка прымусовую канфіскацыю маёмасьці Міколы Маркевіча, галоўнага рэдактара “Пагоні”. Судзьдзя Жук матывавала гэта тым, што тэрмін уплаты 500 тыс. рублёў штрафу за ўдзел у несанкцыяваным пікеце скончыўся. 11 лютага судовы выканаўца Мельнікава апiсала ў кватэры Маркевiча мiкрахвалевую печку, пральную машыну, прас, пыласос, манiтор, клявiятуру і прынтэр. Гэта і плянуюць забраць 21 сакавіка. “Сілавую падтрымку” мусіць забясьпечыць нарад міліцыі, а ЖЭС №20 прышле сваіх людзей, каб, пры патрэбе, адамкнуць дзьверы.

Паводле www.pahonia.com

Зьбіўся з курсу “XVI партзьезд”

Нават у лепшыя гады нацыянальнага Адраджэньня ў случчан-вяскоўцаў ня высьпела жаданьня памяняць назвы сваіх калгасаў і саўгасаў з імёнамі Леніна, Кірава, Арджанікідзэ, Дзяржынскага. У апошнім перад канторай дагэтуль высіцца васьмімэтровы гіпсавы “жалезны Фэлікс”. Калі й зьнікае якая назва, дык з эканамічных прычынаў. Так, нядаўна лядашчы калгас “XVI партзьезд” (зь якога пачалася масавая калектывізацыя), быў далучаны да эканамічна трывалага саўгасу “Слуцкі”, што спэцыялізуецца на адкорме буйной рагатай жывёлы. Калгас-няўдачнік “МОПР” (пазьней — “Перамога”) гадоў дзесяць таму перадалі калгасу “Белічы”, што за 40 км ад яго. Ад такога “шлюбу” мопраўцы жыць лепей ня сталі.

Міхась Тычына, Слуцак

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0