калёнка Алеся Бяляцкага

Случай з пацаном

Паглядзеў гэтую стужку, і засталося дваістае пачуцьцё. З аднаго боку, сапраўды сучасны фільм, з тэкстам і падтэкстам, разнастайнымі падколкамі ў выглядзе дваровых песенек пра маскалёў, бабрамі-зубрамі, бясконцай рэклямаю “Аліварыі”, бусламі і ціхарамі. Усё натуральна і зразумела таму, хто варыцца ў нашай грамадзкай і палітычнай кухні. Да прыкладу, эпізод са скрадзеным сотавым тэлефонам на мінулым тыдні паўтарыўся ў нас, на “Вясьне”. Гэткім самым чынам нейкі Юра пацягнуў у нас дыктафон. Адзіны спраўны дыктафон, які ў нас быў, — крыўдна… А хлопцы-ціхары на лавачцы зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі ў руках выклікалі проста замілаваньне. Такія ж, выглядаючы здабычу, чародкамі кружляюць вакол кожнай акцыі. Зь іншага боку, зацягнутасьць некаторых эпізодаў (мой калега, зь якім я глядзеў гэты фільм, на другой палове папросту заснуў), непрафэсійна зьнятыя сцэны ды кепскі месцамі гук апускае фільм да ўзроўню аматаршчыны.

А другі такі “случай” у поўным аб’ёме можна было б сьфільмаваць на акцыі “статкевічаўцаў” у гонар Дня Канстытуцыі 15 сакавіка. Каля помніка Якубу Коласу сабраліся, з улікам пераапранутых ціхароў, каля чатырохсот асобаў. Узьнялі шэсьць сьцягоў і два транспаранты. Калёна на чале з правадыром рушыла ў бок Камароўкі. Звычайна колькасьць людзей у калёне павялічваецца: далучаюцца тыя, хто стаяў недзе побач. А тут наадварот, за час руху колькасьць дэманстрантаў скарацілася. За адсутнасьцю ўласных сацыял-дэмакратычных лёзунгаў разаграваліся нацыянал-дэмакратычным “Жыве Беларусь!”. Выратавалі безнадзейную сытуацыю байцы-касманаўты, якія перагарадзілі калёне шлях на скрыжаваньні Куйбышава і Варвашэні. Замацюгаўся народ, мясцовыя бабкі заплявалі ў бок “дармаедаў” са шчытамі. Апэратары і фотакарэспандэнты ўздыхнулі з палёгкаю: зьявіўся аб’ект для здымкаў. Статкевіч заклікаў народ разыходзіцца, “касманаўты” пачакалі, пакуль дэманстрантаў засталося чалавек трыццаць, а потым разблякавалі вуліцу і з грукатам залезьлі ў крытыя “газоны”.

З аднаго боку, усе атрыбуты традыцыйных у нас дэманстрацыяў былі навідавоку, зь іншага — чым праводзіць такія акцыі, лепей зусім іх не праводзіць. Не дапамаглі і ўлёткі з гладкім расейскамоўным тэкстам і вялікім партрэтам правадыра. І сямігадовы досьвед жыцьця за Лукашэнкам не навучыў, што пэрспэктыву маюць толькі акцыі, арганізаваныя супольна, што б гэта ні было — ці дэманстрацыі, ці выбары, ці перамовы. Усё ж астатняе ператвараецца у аб’ект для кпінаў. Нядобра, калі асабістае “Я” засьціць вочы палітыку і пераважае над супольнымі інтарэсамі. Гэтаксама нядобра, калі гэтае “Я” выпірае ў адной асобнай партыі, незважаючы на інтарэсы ўсяго грамадзтва. Ужо вядома, што абвясьціла пра стварэньне арганізацыйнага камітэту для правядзеньня маршу пратэсту ў красавіку адна няўрадавая арганізацыя. Ладзіць гэты марш яны зьбіраюцца зноў-такі самастойна. Лёзунгі іхныя перагукаюцца зь лёзунгамі акцыі, што адбылася 15 сакавіка, як па сэнсе, так і па мове. І “посьпех”, які яе чакае, будзе гэткі самы.

Нашыя “пацаны” ўсё ніяк ня могуць засвоіць народную ісьціну, што разам і бацьку біць лягчэй.

Алесь Бяляцкі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0