казкі жыцьця

Семкі ў пераходах

Позьні вечар. Вяртаюся з працы. Гэтак ня хочацца спускацца ўніз у падземны пераход. Скляпеньне халоднае й гулкае, падобнае да вялікага павука з шасьцю лапамі — вузкімі выхадамі наверх у розныя бакі… Потым павук зьнікае і я апынаюся ў сярэдзіне вялікай залі зь белага мармуру. Тут, ля калёнаў, што падтрымліваюць па цэнтры ейную столь, стаяць чатыры гандляркі семкамі — чатыры карыятыды. Бо як іначай назваць гэтых гераічных жанчынаў, якія ў такі цёмны, неспрыяльны час на сваіх плячах трымаюць сямейную эканоміку, ведучы свой маленькі, небясьпечны, архаічны бізнэс?..

Гадоў 10—15 таму семкі ў нас прадаваліся паўсюдна: у пераходах, ля крамаў, на вакзалах. Кішэні дзяцей і моладзі былі засьмечаныя ломкай чорнай лузгой падсмажаных семак. Бывала, ідзе якая маладзіца — уся зь сябе! — з залатымі ўпрыгожаньнямі, нібы арыстакратка… і па-простаму лузгае семкі… Мала хто зважаў, што пры гэтым лузганьні мы смакталі пальцы. Як малыя дзеці.

Расейскі “Энцыкляпэдычны слоўнік” ХІХ ст. вызначыў семкі як “танны народны ласунак”. О! Гэта быў элемэнт культуры! Семкі, балалайка, гармонік, “частушкі”, чаромха і бэз… Народ адчуваў сябе “дзіцём” ці “недаросткам” за бацюхнам-царом…

Мой дзесяцігадовы пляменьнік з Рыгі, які прыяжджаў у Менск на летнія канікулы, так і ня здолеў паласавацца семкамі — не знайшоў у продажы лузаных, у пакеціку, да якіх прывык. Семкі — індыкатары пераходу…

А радзіма сланечнікаў — Паўночная Амэрыка з Мэксыкаю (там іх 50 відаў). Гэта расьліна-воін, Кветка Сонца. Наша кветка.

Людка Сільнова

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0